Мінск 22:10

За год пагалоўе буйной рагатай жывёлы скарацілася больш чым на 70 тыс.

Крыніца: pixabay.com

16 траўня, Позірк. На 1 траўня 2024 года ў Беларусі налічвалася 4 млн 92,1 тыс. галоў буйной рагатай жывёлы (БРЖ: каровы, быкі, цяляты і інш.) — на 1,7% менш, чым на тую ж дату 2023-га (-71,8 тыс.), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У параўнанні з 1 траўня 2019 года пагалоўе БРЖ зменшылася на 171,6 тыс. (-4%).

На канец красавіка 2024-га ў краіне было 1 млн 393,2 тыс. кароў. У гадавым вымярэнні іх пагалоўе знізілася на 5,6 тыс., або 0,4%, у пяцігадовым — на 37 тыс. (-2,6%).

Свіней налічвалася 2 млн 303,2 тыс. (-22,7 тыс., -1%; -186 тыс., -7,5% адпаведна), птушкі — 48 млн 557,4 тыс. (+2 млн 167,5 тыс., +4,7%; +353,1 тыс., +0,7%).

На семінары-нарадзе аб развіцці жывёлагадоўлі 22 верасня 2023 года ў Салігорску (Мінская вобласць) Аляксандр Лукашэнка заявіў, што падзеж вырас у 53 раёнах, у 14 перавысіў узровень у 1,5 раза. У Чашніцкім раёне Віцебскай вобласці, сказаў ён, падзеж павялічыўся амаль у 3 разы, у Краснапольскім раёне Магілёўскай вобласці — у 4.

У асобных сельгасарганізацыях жывёлу ўтрымліваюць у антысанітарных умовах, адсутнічае падсцілачны матэрыял, не своечасова прыбіраецца гной, не выконваюцца рацыёны кармлення і тэмпературны рэжым, канстатаваў Лукашэнка. Тады ён падкрэсліў, што гэта “апошняе папярэджанне”: “Прымайце рашэнні і дзейнічайце. Дзе старшыні райвыканкамаў? Да гэтага звяна мы вернемся прынцыпова і сур’ёзна. Старшыняў райвыканкамаў за губернатарамі наогул не відаць”.

У сакавіку 2019 года ён зладзіў “кадравую чыстку” падчас наведвання аграхолдынга “Купалаўскі” ў Магілёўскай вобласці. Умовы ўтрымання жывёлы ён параўнаў з Асвенцымам — нацысцкім лагерам смерці на тэрыторыі Польшчы ў гады Другой сусветнай вайны.

У 2022 годзе, паводле інфармацыі МУС, было ўзбуджана 480 крымінальных спраў, звязаных з утойваннем падзяжу, на 1 снежня 2023-га — 205, што склала траціну агульнай колькасці эканамічных злачынстваў у аграрнай сферы.

Падзяліцца: