Мінск 16:58

Польшча, Чэхія і краіны Балтыі рыхтуюць баевікоў і сцэнары дзяржперавароту ў Беларусі, сцвярджае МЗС

Крыніца: ua.news

22 траўня, Позірк. Лінія Польшчы, Чэхіі і краін Балтыі на “разбурэнне дружалюбных сувязяў паміж народамі”, іх “бесперапыннае вынаходніцтва новых абмежаванняў, распаўсюджванне дэзінфармацыі аб рэальнай сітуацыі ў Беларусі не паддаюцца тлумачэнню”, заявіла Міністэрства замежных спраў наўздагон прынятым 21 траўня ўрадам контрсанкцыям у дачыненні да гэтых еўрапейскіх краін.

У заяве адзначаецца, што гэтыя “недружалюбныя краіны” “абмяжоўваюць свабоду перамяшчэння людзей і тавараў”, уводзяць забароны “на выплаты пенсій і аліментаў”, праводзяць “незаконную канфіскацыю грузаў і замарозку актываў за кошт пашыральнага тлумачэння санкцый”, пагражаюць “нацыяналізацыяй беларускай дзяржуласнасці”.

Акрамя гэтага, сцвярджае знешнепалітычнае ведамства, згаданыя краіны ЕС вядуць падрыхтоўку “баевікоў і сілавых сцэнарыяў неканстытуцыйнага перавароту” ў Беларусі, уводзяць “абмежаванні на вяшчанне беларускіх СМІ”, узбуджаюць “крымінальныя справы супраць уласных грамадзян, якія станоўча адклікаюцца пра Беларусь”.

Апісаныя дзеянні ў Мінску назвалі “вакханаліяй”, якая адбываецца пры “маўклівай згодзе большасці краін ЕС”, прадстаўнікі якіх “проста падпісваюць чарговыя антыбеларускія дэмаршы”, падрыхтаваныя “прызнанымі спецыялістамі па Беларусі” з Вільнюса і Варшавы, да якіх дадаліся “эксперты” з Рыгі, Прагі і Таліна”.

Усё гэта, гаворыцца ў заяве, “падаецца пад сурдзінку барацьбы за дэмакратыю і падтрымкі беларускіх псеўдадэмакратычных сіл”, якія на практыцы “ўжо даўно выклікаюць алергію ў беларускім грамадстве”.

Санкцыі, якія ўводзяцца, на думку МЗС, не адпавядаюць інтарэсам саміх краін — членаў ЕС.

“У чарговы раз адзначаем бесперспектыўнасць любых санкцыйных мер. Разлічваем, што краіны ЕС надалей будуць цвяроза і ўзважана ацэньваць інфармацыю сваіх партнёраў пра нібыта пагрозы, якія зыходзяць ад Беларусі, і прыйдуць да разумення безальтэрнатыўнасці вяртання да дыялогу з Мінскам у інтарэсах стабільнасці і бяспекі ўсяго рэгіёну”, — падкрэсліваецца ў каментары.

21 траўня ўрад паведаміў аб пашырэнні пераліку тавараў, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі.

Сярод іншага ў спіс забароненых тавараў уключана вада пітная, уключаючы мінеральную і газаваную, з недружалюбных краін.

Таксама ў названы пералік унесены “асобныя тавары, якія паходзяць з Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі і Эстоніі: піва, сброджаныя напоі, сродкі для догляду за скурай, для валасоў, для галення, для гігіены паласкання рота і зубоў, дэзадаранты, саставы для ваннаў, мыла, чысцячыя сродкі, дываны падлогавыя, Мужчынскае тэкстыльнае адзенне, абутак з верхам з натуральнай скуры, галаўныя ўборы, пасцельныя прыналежнасці, посуд сталовы, кухонны з фарфору і шкляная, асновы матрацныя, лакі, фарбы, пліты, лісты, плёнкі з пластмас, цэтлікі і этыкеткі з паперы, кардона”, гаворыцца ў паведамленні.

Змены ўнесеныя ў пастанову Саўміна ад 6 снежня 2021 года № 700. Дакумент устанаўлівае пералік тавараў вытворчасці краін ЕС, ЗША, Канады, Вялікабрытаніі, Нарвегіі, Албаніі, Ісландыі, Паўночнай Македоніі, Паўночнай Ірландыі, Чарнагорыі, Швейцарыі, забароненых да ўвозу і рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі.

Раней новыя пазіцыі ў пералік уключаліся ў сувязі з закрыццём суседнімі краінамі ЕС пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю.

Падзяліцца: