Мінск 20:20

ЕС можа забараніць экспарт у Беларусь аўтамабіляў прэміум-класа і тавараў падвойнага прызначэння

Крыніца: pexels.com

23 траўня, Позірк. Еўрасаюз рыхтуецца зрабіць больш жорсткімі санкцыі супраць Беларусі і закрыць шчыліну, якая дазваляе Расіі імпартаваць аўтамабілі прэміум-класа, паведамляе Financial Times.

Чакаецца, што новыя санкцыі забароняць таксама экспарт у Беларусь тэхналогій і тавараў, якія могуць мець ваеннае прызначэнне, і звадкаванага прыроднага газу.

Акрамя гэтага, плануецца забараніць імпарт у ЕС алмазаў з Беларусі, што стане, як адзначаецца, аналагам ужо ўведзенай забароны на пастаўкі каштоўных камянёў з Расіі.

Выданне адзначае, што Еўрасаюз раней увёў некалькі пакетаў санкцый супраць Мінска за падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне. Аднак, як удакладняецца, абмежаванні ў дачыненні да Беларусі былі слабейшыя, чым у дачыненні да РФ, што дазволіла Маскве выкарыстоўваць саюзніка ў якасці “чорнага ходу” для заходніх тавараў, прызначаных для выкарыстання ў вайсковых мэтах, а таксама прадметаў раскошы.

“Людзі з атачэння Лукашэнкі, якія мелі сувязі з Расіяй, былі вялікімі бенефіцыярамі гэтага. Яны ўзбагаціліся. Мы таксама ведаем, што менавіта так прадметы раскошы трапляюць у Расію — праз Беларусь”, — цытуе Financial Times Віціса Юрконіса, дырэктара аналітычнага цэнтра Freedom House ў Вільнюсе.

Паводле інфармацыі выдання, штомесячная плынь аўтамабіляў і запчастак з краін ЕС у Беларусь вырасла з 50 млн долараў у студзені 2022 года да 268 млн у студзені 2024-га. Цяпер гэта найбуйнейшы артыкул экспарту з ЕС у Беларусь, куды аўто ў асноўным паступаюць з Германіі і Польшчы.

Найбольшы рост экспарту быў зафіксаваны ў самых дарагіх катэгорыях аўтамабіляў — тых, на якія распаўсюджваюцца санкцыі ЕС у дачыненні да Расіі. Мытнікі ЕС мяркуюць, што беларускія кампаніі сталі ключавым складнікам расійскіх кантрабандных ланцужкоў, якія пастаўляюць у РФ найноўшыя заходнія аўтамабілі.

Паводле расійскіх дакументаў, адзін з Rolls-Royce Cullinan Black Badge, выпушчаны ў канцы 2022 году, быў зарэгістраваны у Расіі, як такі, што паступіў праз беларускага пасярэдніка. Указаны яго кошт — 630 тыс. долараў. У РФ аўтамабіль прыбыў праз дзевяць месяцаў пасля сходу з канвеера.

З тых жа гандлёвых звестак вынікае, што ў 2023 годзе праз беларускіх пастаўшчыкоў у Расію паступіла не менш за 28 Maybach, люксавага брэнда, які належыць Mercedes-Benz. Сярэдняя цана гэтых аўтамабіляў складае 217 тыс. долараў.

Аб планаваным пашырэнні санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі стала вядома 8 траўня. Паведамлялася, што Еўракамісія прапануе абмежаваць беларускі экспарт золата, нафты, газу і алмазаў, а кампаніям з краін ЕС можа быць забаронена прадаваць Беларусі прадметы раскошы, марское навігацыйнае абсталяванне, а таксама тавары і тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца ў нафтагазавай прамысловасці.

У канцы сакавіка Польшча, Латвія і Літва перасталі пускаць у Беларусь аўтамабілі на транзітных нумарах з аб’ёмам рухавіка больш за 1,9 літра коштам звыш 50 тыс. еўра.

У красавіку Міністэрства фінансаў Польшчы назвала ўведзеныя абмежаванні “эфектыўнай мерай па выкараненні практыкі абыходу санкцый”.

Падзяліцца: