Мінск 20:31

ЕАБР: Паскарэнне рэальнага заробку падвышае праінфляцыйны ціск

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

27 траўня, Позірк. У Беларусі паскорыўся рост рэальнага заробку — у красавіку, паводле папярэдніх даных, ён павялічыўся на 15,3% (тут і далей у гадавым выражэнні) пасля 12,8% у сакавіку, гаворыцца ў штотыднёвым макраэканамічным аглядзе Еўразійскага банка развіцця.

Эксперты звяртаюць увагу, што паскарэнне адбываецца на фоне падвышэння тэмпаў росту намінальных налічаных заробкаў (21,8% у красавіку пасля 19,1% у сакавіку) пры захаванні інфляцыі на ўзроўні 5,6%.

Гэты фактар, падкрэслівае ЕАБР, “падвышае праінфляцыйны ціск”.

Намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў Беларусі сёлета ў красавіку склаў 2.182,5 рубля — на 21,4 рубля больш (+0,99%), чым у сакавіку, вынікае з інфармацыі Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

У красавіку 2023 года гэты паказчык складаў 1.795,9 рубля (рост за год — 21,53%).

Паводле ўзроўню намінальнага заробку традыцыйна лідзіруе Мінск — 2.942,7 рубля (у сакавіку — 3.005,4; -2,09%). У Мінскай вобласці ён склаў 2.165,1 (2.160,8; +0,2%), Гродзенскай — 1.999,6 (1.905,7; +13,39%), Гомельскай — 1.981,5 (1.938,9; +2,2%), Брэсцкай — 1.917,6 (1.877,5; +2,14%), Віцебскай — 1.840,7 (1.782,8; +3,25%), Магілёўскай — 1.815,7 (1.774,3; +2 ,33%).

BEROC чакае, што рост цэн па выніках года складзе 6,1%, Міжнародны валютны фонд прагназуе 6,3%, Еўразійскі банк развіцця прадбачыць 8%.

Згодна з важнейшымі прагнознымі (дэ-факта планавымі) параметрамі развіцця краіны на 2024 год, рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва павінны вырасці на 3,5%, рэальныя зарплаты — на 3,9%, намінальны сярэднямесячны заробак павінен узрасці да 2.087 рублёў (у бюджэтным сектары — да 1.634); інфляцыя не павінна перавысіць 6%.

Падзяліцца: