Мінск 04:53

У Віцебскай вобласці за суткі патанулі два чалавекі

Месца гібелі мужчыны ў Полацкім раёне
Фота: МНС

2 чэрвеня, Позірк. Два чалавекі патанулі ў Віцебскай вобласці 1 чэрвеня, паведамляе прэс-служба Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Адзначаецца, што ў 20:42 ратавальнікам паступіла інфармацыя аб утапленні мужчыны ў рацэ Тураўлянка каля вёскі Емяльянікі Полацкага раёна.

“Адпачывальнікамі на беразе ракі было выяўлена і вынята з вады цела патанулага мужчыны 1971 года нараджэння. Як высветлілася пазней, мужчына прыехаў на байкерскі фестываль “Вальхалла фэст-2024”, які праходзіў на процілеглым беразе на тэрыторыі дзіцячага аздараўленчага лагера “Космас”. Абставіны ўтаплення высвятляюцца следчымі органамі”, — гаворыцца ў паведамленні МНС.

У гэты ж дзень у 16:07 супрацоўнікі ведамства атрымалі выклік з вёскі Берасценава Аршанскага раёна.

Прадстаўнікі мясцовага аддзялення МНС сумесна з ратавальнікамі Таварыства ратавання на водах (ТРВОД) выявілі ў рацэ Днепр цела мужчыны 1967 года нараджэння.

МНС у рэлізе нагадала, што “купанне ў неўстаноўленых месцах можа прывесці да трагедыі” і заклікала грамадзян выконваць “правілы паводзін на вадзе і пры адпачынку каля яе”.

У траўні ў вадаёмах Беларусі патанула 34 чалавекі, вынікае з праведзенага Позіркам аналізу статыстыкі ТРВОД.

Паводле звестак арганізацыі, у 2023 годзе ў Беларусі патанула 339 чалавек — на 12,2% менш, чым у 2022-м. Непаўналетніх загінула на вадзе 21 — годам раней 25 (-16%).

Паведамлялася, што 55,2% загінулых (187 чалавек, у тым ліку два падлеткі) знаходзілася ў стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення.

Падзяліцца: