Алейнік заклікаў краіны БРІКС+ “аб’яднаць намаганні” ў супрацьстаянні санкцыям

11 чэрвеня, Позірк. “Слова “Мінск” з 2014 года стала сімвалам зацятых спробаў знайсці мірнае вырашэнне ўкраінскага канфлікту і абнавіць сістэму еўрапейскай бяспекі”, — заявіў міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Алейнік 11 чэрвеня на пасяджэнні кіраўнікоў МЗС краін БРІКС+ у Ніжнім Ноўгарадзе (РФ).
У выступе, апублікаваным прэс-службай знешнепалітычнага ведамства, кіраўнік беларускай дыпламатыі абвінаваціў “асобныя краіны” ў “разбалансаванні” сістэмы міжнароднай бяспекі і падкрэсліў “надзённую патрэбу ў новай архітэктуры [бяспекі] на рэгіянальным і глабальным узроўнях”.
Мэтай такой рэформы, паводле слоў Алейніка, можа стаць “мадэль пабудовы глабальнай бяспекі на прынцыпах яе непадзельнасці, шматпалярнасці, узаемнай павагі, раўнапраўя суверэнных дзяржаў, вяршэнства міжнароднага права”.
Кіраўнік МЗС чарговым разам раскрытыкаваў санкцыі, назваўшы іх “аднабаковымі прымусовымі захадамі”, уведзенымі супраць Беларусі “пад ілжывымі падставамі” і ў выніку “палітызацыі дзейнасці міжнародных эканамічных арганізацый”.
“Кожная дзяржава мае суверэннае права выбіраць свой уласны ўнікальны шлях развіцця, прытрымліваючыся сваіх традыцый, памкненняў і нацыянальных інтарэсаў, пры гэтым дамагаючыся ўстойлівых эканамічных вынікаў”, — сказаў ён.
Алейнік заклікаў краіны БРІКС+ “аб’яднаць намаганні” ў супрацьстаянні санкцыям.
Паводле яго сцвярджэння, Беларусь “цалкам падзяляе” падыходы БРІКС+ “адносна фарміравання новага справядлівага, сапраўды шматпалярнага сусветнага парадку” і разлічвае, што рашэнні саміту ў Казані дазволяць Мінску “здабыць новы статус у аб’яднанні”.
Саміт БРІКС+ пройдзе ў Казані 22–24 кастрычніка 2024 года.
Улетку 2006 года Бразілія, Расія, Індыя і Кітай пачалі працэс фарміравання БРІК — садружнасці дзяржаў, заснаванай на прынцыпах эканамічнага супрацоўніцтва. Першы саміт БРІК, які азнаменаваў стварэнне аб’яднання, адбыўся ў чэрвені 2009 года.
У 2011-м садружнасць БРІК была перайменаваная ў БРІКС, паколькі да яго далучылася Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка (Republic of South Africa).
З пачатку 2024 года арганізацыя ператварылася ў БРІКС+, паколькі да яе афіцыйна далучыліся Іран, Саудаўская Аравія, Егіпет, Эфіопія і ААЭ. Аргенціна, якая атрымала афіцыйнае запрашэнне, адмовілася ад уступлення пасля прыходу да ўлады ў снежні 2023 года прэзідэнта Хаўера Мілея.
Беларусь падала заяўку на ўступленне ў арганізацыю летась.
У 2020-х заяўкі на ўступленне ў БРІКС падалі Алжыр, Бангладэш, Бахрэйн, Інданезія. Цікавасць да патэнцыйнага далучэння праявілі Ангола, Афганістан, Венесуэла, Габон, Гвінея-Бісаў, Гандурас, Дэмакратычная Рэспубліка Конга, Зімбабвэ, Казахстан, Каморы, Куба, Мексіка, Нігерыя, Нікарагуа, Пакістан, Сенегал, Сірыя, Судан, Тайланд, Туніс, Турцыя, Уганда і Уругвай.
24 лютага 2022 года Расія пачала поўнамаштабную вайну супраць Украіны. На першапачатковым этапе ўварвання беларуская тэрыторыя актыўна выкарыстоўвалася для ўводу войскаў, а таксама абстрэлу ўкраінскай тэрыторыі. Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што падтрымлівае Расію ў яе дзеяннях.

- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 13 сакавіка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- ЭканомікаУ студзені 2026 года адмоўнае сальда знешняга гандлю інвестыцыйнымі таварамі склала амаль 60 млн долараўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
