Мінск 09:22

Лаўроў у Мінску абмяркуе “фармаванне новай архітэктуры еўразійскай бяспекі” — МЗС РФ

Скрыншот: архіўны відэазапіс прэс-канферэнцыі Лаўрова

19 чэрвеня, Позірк. Падчас візіту ў Мінск 24–25 чэрвеня міністр замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў сустрэнецца з Аляксандрам Лукашэнкам, заявіла на брыфінгу 19 чэрвеня афіцыйны прадстаўнік расійскага знешнепалітычнага ведамства Марыя Захарава.

Паводле яе слоў, запланаваныя таксама сустрэчы кіраўніком МЗС Беларусі Сяргеем Алейнікам, старшынямі абедзвюх палат парламента — Ігарам Сяргеенкам (Палата прадстаўнікоў) і Наталляй Качанавай (Савет Рэспублікі).

Акрамя таго, паведаміла Захарава, Лаўроў мае намер выступіць у Акадэміі кіравання пры прэзідэнце.

Візіт прымеркаваны да 32-й гадавіны ўсталявання дыпламатычных стасункаў паміж Беларуссю і Расіяй.

“Асаблівая ўвага будзе нададзена працы па дыпламатычным суправаджэнні інтэграцыйных працэсаў у рамках Саюзнай дзяржавы, тэматыцы фармавання новай архітэктуры еўразійскай бяспекі”, — заявіла прадстаўнік МЗС РФ.

У чацвёртым квартале ў Мінску пройдзе сумеснае пасяджэнне калегій знешнепалітычных ведамстваў дзвюх краін.

Афіцыйны Мінск падтрымлівае Маскву ў яе вайне ва Украіне. 21 ліпеня 2022 года ў інтэрв’ю французскаму інфармацыйнаму агенцтву “Франс Прэс” Лукашэнка паведаміў, што з Беларусі ва Украіну была ўведзена 20-тысячная групоўка расійскіх войскаў. Пасля паўночныя тэрыторыі былі вызваленыя.

2 красавіка 1996 года першы прэзідэнт РФ Барыс Ельцын і Аляксандр Лукашэнка падпісалі дагавор аб стварэнні супольнасці Беларусі і Расіі, а 2 красавіка 1997-га — дагавор аб Саюзе Беларусі і Расіі. 23 траўня 1997 года быў прыняты статут саюза. 8 снежня 1999 года падпісаны дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы, які набыў моц 26 студзеня 2000 года.

Расія пачала фарсіраваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Дзмітрый Мядзведзеў, які на той момант займаў пасаду прэм’ер-міністра РФ, фактычна ўвязаў максімальнае збліжэнне дзвюх краін з далейшай падтрымкай Мінска з боку Масквы.

На пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы ў лістападзе 2021 года Лукашэнка і Пуцін падпісалі дэкрэт, якім зацвердзілі 28 саюзных праграм інтэграцыі. З таго часу беларускія і расійскія чыноўнікі рэгулярна справаздачацца пра паспяховае выкананне гэтых дакументаў.

Падзяліцца: