Мінск 02:37

Абарона мяжы з Беларуссю нарошчваецца, але правакацыі ў гэтым няма — памежная служба Украіны

Архіўнае фота: камандаванне Аб'яднаных сіл УСУ

21 чэрвеня, Позірк. Украіна сапраўды нарошчвае абарончыя фартыфікацыі на мяжы з Беларуссю, але правакацыі ў гэтым няма, заявіў 20 чэрвеня сайту навін New Voice спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны (ДПСУ) Андрэй Дземчанка.

Такім чынам прадстаўнік ведамства пракаментаваў абнародаваную ў той жа дзень заяву Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Беларусі пра сітуацыю ў прыграніччы.

Паводле слоў Дземчанкі, адсутнасць правакацый і адрознівае Кіеў ад Мінска. Беларусь, адзначыў ён, “нягледзячы на се запэўненні, падтрымала краіну-тэрарыстку ў нічым не справакаванай вайне і 24 лютага 2022 года ўчыніла самую галоўную правакацыю, дазволіўшы войскам Расіі зайсці ва Украіну са сваёй тэрыторыі”.

“Пакуль Беларусь будзе падыгрываць злачынным дзеянням Крамля, гэты кірунак будзе заставацца для нас пагрозлівым, і мы будзем рабіць усё, што ад нас залежыць, усё неабходнае, каб узмацняць нашу абарону”, — заявіў спікер ДПСУ.

“Добра, што памежны камітэт Беларусі знаёмы з тым, што Украіна абараняе і будзе абараняць свае тэрыторыі ад нападаў ворагаў. І гэта, уласна, забяспечваецца сіламі абароны Украіны з розных падраздзяленняў і з ужываннем усяго наяўнага ўзбраення”, — дадаў ён.

20 чэрвеня Дзяржпагранкамітэт заявіў, што на мяжы з Беларуссю зафіксавана “павелічэнне групоўкі ўкраінскіх узброеных фарміраванняў, у тым ліку сіл спецыяльных аперацый і спецпадраздзяленняў Галоўнага ўпраўлення выведкі”.

Паводле сцвярджэння ведамства, “на сумежнай тэрыторыі канцэнтруюцца розныя падраздзяленні, у тым ліку з цяжкім узбраеннем”.

Заяўлялася, што ў склад узбраенняў уваходзяць баявыя машыны МТЛБ, БМП, “уключаючы амерыканскія “Брэдлі”, а таксама рэактыўныя сістэмы залпавага агню HIMARS (ЗША), гаўбіцы М777, зенітныя самаходныя ўстаноўкі “Гепард” нямецкай вытворчасці ды інш.

“Пагранічная служба Рэспублікі Беларусь на мяжы з Украінай нясе службу ва ўзмоцненым рэжыме і сумесна з Міністэрствам абароны рэагуе на змяненне абстаноўкі шляхам павелічэння шчыльнасці прыкрыцця дзяржаўнай мяжы, у тым ліку за кошт магчымасцей аснашчаных сучасным узбраеннем і вайсковай тэхнікай манеўраных груп паўднёвага напрамку”, — гаварылася ў паведамленні.

Гарантаванне бяспекі на мяжы, паводле інфармацыі ведамства, ажыццяўляецца “ў шчыльным узаемадзеянні з часткамі і злучэннямі Узброеных сіл” і “скіраванае на недапушчэнне нагнятання абстаноўкі <…> і прадухілення правакацый”.

Дзяржпагранкамітэт папярэдзіў, што правакацыі “будуць неадкладна спыняцца суб’ектамі забеспячэння нацыянальнай бяспекі”.

У канцы снежня 2023 года паведамлялася, што Украіна працягвае ўладкоўваць абарончыя пазіцыі на мяжы з Беларуссю. Адзначалася, што ўкраінскія войскі фармуюць камандныя вышыні, ствараюцца “батальённыя рубяжы абароны, якія складаюцца з ротных і ўзводных апорных пунктаў”. На палях вайсковыя інжынеры пракопваюць траншэі, супрацьтанкавыя равы, усталёўваюць загараджальныя тэтраэдры і расцягваюць калючы дрот.

У канцы кастрычніка 2023 года паведамлялася, што ў прыграніччы з Украінай знаходзіцца 1,8 тыс. беларускіх вайскоўцаў.

Падзяліцца: