Мінск 09:59

Пуцін назваў “пытаннем часу” стварэнне агульнага парламента і адзінай валюты Саюзнай дзяржавы

Крыніца: e-cis.info

4 ліпеня, Позірк. Стварэнне адзінага парламента Саюзнай дзяржавы з’яўляецца “пытаннем часу”, заявіў 4 ліпеня прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін, адказваючы на пытанні журналістаў пасля саміту Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), які прайшоў у Астане (Казахстан).

“І тое ж самае тычыцца фінансаў і адзінай валюты”, — цытуе Пуціна ТАСС.

“У цэлым ніхто не кажа, што гэта немагчыма ці нельга, ці не трэба рабіць. Трэба ж, каб мы для гэтага паспелі эканамічна”, — удакладніў ён.

Паводле слоў прэзідэнта РФ, яны з Лукашэнкам вырашылі, што “на першым этапе трэба вырашаць перш за ўсё пытанні не палітычнага, а эканамічнага характару”.

Пуцін і Лукашэнка не праводзілі двухбаковых перамоваў падчас саміту ШАС.

Разам з тым, як заявіў неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Лукашэнкі “Пул Першага”, на працягу двух дзён саміту “лідары перагаварылі разоў пяць” і знаходзяцца ў “пастаянным кантакце”.

29 студзеня гэтага года ў відэакаментары life.ru міністр фінансаў РФ Антон Сілуанаў заявіў, што для Расіі “будзе выгадна, калі ў Саюзнай дзяржаве з’явіцца адзіная валюта”.

Чыноўнік падкрэсліў, што “ў дамове 1999 года такая опцыя ёсць”. Разам з тым, паводле яго слоў, да гэтага рашэння “трэба яшчэ дайсці з пункту гледжання інтэграцыі <…> эканомік” Расіі і Беларусі.

“Як мэта яна пазначаная, але гэта вышэйшая ступень інтэграцыі”, — падкрэсліў ён.

У чэрвені 2023 года амбсадар Беларусі ў РФ Дзмітрый Круты (цяпер кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі) у інтэрв’ю расійскаму агенцтву “РІА Навіны” заявіў, што ў парадку беларуска-расійскіх адносін тэмы адзінай валюты няма: “Гэта палітычнае пытанне, якое існавала ў момант падпісання нашай саюзнай дамовы ў 1999 годзе. Але сёння гэтай тэмы няма. І два прэзідэнты адмовіліся ад яе абмеркавання”.

Лукашэнка на сустрэчы з кіраўніком Цэнтральнага банка РФ Эльвірай Набіулінай 29 траўня таго ж года ў Мінску заявіў, што стварэнне адзінай валюты Саюзнай дзяржавы — “працэс няпросты і, напэўна, не сённяшняга дня”.

18 жніўня мінулага года намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка звярнуў увагу на тое, што ў працэсе перафарматавання партыйнага поля Беларусі рэжым Лукашэнкі фактычна капіюе структуру ніжняй палаты расійскага парламента. “Белую Русь” ён параўнаў з “Адзінай Расіяй”, а Камуністычную партыю Беларусі, Ліберальна-дэмакратычную партыю і Рэспубліканскую партыю працы і справядлівасці — з Камуністычнай партыяй РФ, Ліберальна-дэмакратычнай партыяй Расіі і партыяй “Справядлівая Расія — Патрыёты — За праўду” адпаведна.

На думку палітыка, “абсалютнае паўтарэнне партыйнай сістэмы” РФ закліканае “аб’яднаць усе гэтыя партыі пад адным парасонам, пад адным покрывам, якое мае назву “саюзны парламент”, каб “праз партыі ў наступным ажыццявіць паглынанне” Беларусі Расіяй.

Створаная летась у падтрымку Лукашэнкі партыя “Белая Русь” і расійская партыя ўлады “Адзіная Расія” 15 лютага гэтага года падпісалі пагадненне “Аб узаемадзеянні і супрацоўніцтве”.

Падзяліцца: