Мінск 10:19

Жыхары Беларусі не спяшаюцца з легалізацыяй самавольна занятых земляў

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com

9 ліпеня, Позірк. У Беларусі выяўлена 79 тыс. фактаў самавольнага заняцця часткі зямель, аднак толькі па 14% з іх зроблена спроба легалізацыі, вынікае са слоў афіцыйнага прадстаўніка Генеральнай пракуратуры Дзмітрыя Брылёва.

“За няпоўныя два гады дзеяння “зямельнай амністыі” пададзена толькі 11 тысяч заяў аб выдзяленні дадатковых участкаў”, — канстатаваў ён (на падставе відэакаментарыя ў тэлеграм-канале нагляднага органа).

Паводле слоў чыноўніка, “зямельная амністыя”, якая дае магчымасць аформіць самавольна занятыя ўчасткі, дзейнічае з 1 верасня 2022 года па 1 верасня 2025-га.

“Раней ад карыстальнікаў такіх участкаў патрабавалі ў безумоўным парадку вызваліць іх, — сказаў Брылёў. — Гэта значыла перанос дарагіх платоў і знос будынкаў — ад невялікага гаспадарчага блока ці хлява аж да жылых дамоў”.

Легалізаваць нерухомасць, адзначыў ён, можна ў выпадку “адсутнасці істотных парушэнняў горадабудаўнічых і будаўнічых норм і правілаў” і пасля выплаты кадастравага кошту ўчастка. “Прапанаваны грамадзянам прававы механізм дае магчымасць атрымаць растэрміноўку для ўнясення плацяжоў, а таксама прадугледжвае непрыцягненне вінаватых да адказнасці за невыкананне зямельнага заканадаўства”, — сказаў прадстаўнік ведамства.

Рашэнні па землях, якія толькі часткова самавольна занятыя, прымаюць мясцовыя ўлады. Менавіта выканкамы, паводле слоў Брылёва, выявілі дзясяткі тысяч парушэнняў.

Пасля заканчэння тэрміну “зямельнай амністыі”, папярэдзіў ён, пытанне з самавольна занятымі землямі “будзе вырашацца ў агульным парадку” ў адпаведнасці з нормамі Грамадзянскага кодэкса, якія прадугледжваюць “знос будынкаў і вызваленне зямель”.

“Арыентуем грамадзян і просім улічыць, што па кожным факце самавольнага заняцця ўчастка перад землекарыстальнікамі непазбежна будзе пастаўлена пытанне аб легалізацыі або прывядзенні зямель у адпаведнасць з вызначанымі межамі, што ў апошнім выпадку будзе спалучана са зносам будынкаў”, — падкрэсліў Брылёў.

Падзяліцца: