Краіны Балтыі пацвердзілі гатоўнасць адлучыцца ад энергасістэм Беларусі і РФ у лютым 2025 года

11 ліпеня, Позірк. Краіны Балтыі цалкам гатовыя адлучыцца ад энэргасістэм Беларусі і Расіі і сінхранізавацца з еўрапейскай кантынентальнай сеткай ENTSO-E, канстатавалі 10 ліпеня на сустрэчы ў Юрмале міністры Літвы, Латвіі і Эстоніі, якія адказваюць за сферу энэргетыкі.
Паводле інфармацыі літоўскага Міністэрства энергетыкі, чыноўнікі ацанілі праведзеную працу і прыйшлі да высновы, што “падрыхтоўка да сінхранізацыі Балтыйскай энергасістэмы ажыццяўляецца адпаведна плану”.
“У бліжэйшыя тыдні балтыйскія аператары сістэм перадачы электраэнергіі праінфармуюць іншыя дагаворныя бакі аб сваім сумесным рашэнні не працягваць дагавор аб БРЭЛЛ і выйсці з гэтай сістэмы ў лютым 2025 года”, — гаворыцца ў паведамленні.
Электракола БРЭЛЛ злучае энергасістэмы краін Балтыі з сеткамі Беларусі і Расіі. Згодна з адпаведнай дамовай, бок-падпісант, які больш не жадае ў ёй удзельнічаць, павінен папярэдзіць пра гэта за паўгода да тэрміну падаўжэння дакумента. Такім чынам, краіны Балтыі павінны афіцыйна паведаміць Беларусі і РФ пра намер пакінуць БРЭЛЛ да 7 жніўня.
У жніўні 2023 года аператары сістэмы перадачы электраэнергіі Litgrid (Літва), AST (Латвія) і Elering (Эстонія) падпісалі пагадненне, згодна з якім адключэнне ад БРЭЛЛ і падключэнне да сеткі кантынентальнай Еўропы адбудзецца ў лютым 2025 года.
Раней Вільнюс спрабаваў пераканаць Рыгу і Талін адлучыцца ад Беларусі і РФ на пачатку 2024 года. Яны заявілі, што гэта немагчыма, у тым ліку з-за эканамічных выдаткаў.
22 красавіка 2023 года Літва паспяхова пратэставала працу нацыянальнай энергасістэмы ў адрыве ад сістэм Беларусі і РФ. Упершыню за ўсю гісторыю незалежнасці краіна самастойна кантралявала частату току і рэгулявала вытворчасць электраэнергіі.
З-за развязанай Расіяй вайны супраць Украіны Кіеў радыкальна змяніў планы па адключэнні сваёй энергасістэмы ад Мінска і Масквы.
Украінскія ўлады мелі намер адключыцца ад паралельнай працы з энергасістэмамі Беларусі і РФ і сінхранізавацца з еўрапейскай кантынентальнай сеткай ENTSO-E ў 2023 годзе. 23 лютага 2022 года энергасістэма Украіны была ізаляваная ад Беларусі і Расіі — для тэставых выпрабаванняў. Назад яе павінны былі далучыць 27 лютага. Аднак праз напад войскаў РФ Мінэнэрга Украіны прыняло пастанову не вяртаць энэргасістэму ў паралельную працу з беларускай і расійскай сеткамі.
Пазней украінская энергасістэма цалкам сінхранізавалася з ENTSO-E.

- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаУ апошні дзень 2025 года Літва зафіксавала 3 спробы незаконнай міграцыі з тэрыторыі БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 30–31 снежня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка


