Мінск 05:19

Прэзідэнт Латвіі: Новыя санкцыі супраць Беларусі і РФ — адзін з крокаў да заканчэння вайны ва Украіне

Скрыншот: відэаматэрыял НАТО

12 ліпеня, Позірк. Далейшае ўвядзенне санкцый супраць Беларусі і Расіі з’яўляецца адным з крокаў да заканчэння вайны ва Украіне, такое меркаванне выказаў прэзідэнт Латвіі Эдгарс Рынкевічс у інтэрв’ю “Голасу Амерыкі” на палях нядаўняга саміту НАТО ў Вашынгтоне.

Іншымі накіраванымі на гэта крокамі палітык назваў перадачу Украіне “ўсёй неабходнай зброі”, “зняцце любых абмежаванняў на яе выкарыстанне”, а таксама “юрыдычныя абавязацельствы ў дачыненні да Украіны, што тычыцца злачынства агрэсіі”.

“І калі Расія ўбачыць, што мы маем [у гэтай справе] поспех, яна будзе шукаць міру”, — лічыць Рынкевічс. Зараз Расія ў гэтым “не зацікаўленая”, таму любыя здзелкі “не з’яўляюцца магчымымі”.

“Нягледзячы на ўсе спробы Расіі разарваць нашае адзінства, мы адзіныя. Мы ўспрымаем расійскую пагрозу сур’ёзна і прымаем яе як доўгатэрміновую пагрозу. І я думаю, так, гэта можа выглядаць як павольная мабілізацыя [краін НАТО], але яна ёсць”, — сказаў латвійскі прэзідэнт.

За апошнія гады дэмакратычныя краіны ўвялі ў дачыненні да Беларусі мноства абмежавальных мер. Санкцыі ўводзіліся за фальсіфікацыю прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе і жорсткае задушэнне пратэстаў, якія пачаліся пасля іх, прымусовую пасадку самалёта Ryanair, штучна створаны міграцыйны крызіс на мяжы з краінамі ЕС, дапамогу Расіі ў ваеннай агрэсіі супраць Украіны.

Афіцыйны Мінск падтрымлівае расійскую агрэсію ва Украіне, якая з’яўляецца найбуйнейшым ваенным канфліктам у Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны. Беларускія ўлады далі арміі РФ тэрыторыю для нападу на суседнюю краіну ўзімку і ўвесну 2022 года, а затым на працягу многіх месяцаў з Беларусі вяліся абстрэлы ўкраінскіх гарадоў. На тэрыторыі краіны таксама лячылі расійскіх вайскоўцаў.

На цяперашнім этапе рэжым Лукашэнкі ўцягнуты ў працэс перамяшчэння дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны. Акрамя таго, абмяркоўваецца магчымасць рэабілітацыі ў Беларусі пацярпелых на ўкраінскай тэрыторыі расіян.

Падзяліцца: