Мінск 15:58

“Люстэрка”: Улады бесчалавечна помсцяць непажаданым праз іх родных

Лагатып "Люстэрка"
Крыніца: сацсеткі медыя

23 ліпеня, Позірк. У “бесчалавечным падыходзе, калі непажаданым улады помсцяць праз іх родных, няма нічога новага”, адзначыў у сваім тэлеграм-канале партал “Люстэрка” ў адказ на публікацыю праўладнымі рэсурсамі відэазапісу з затрыманымі сваякамі супрацоўнікаў гэтага медыя.

“Саша, Насця, Наташа, мы ганарымся быць з вамі ў адной камандзе, — гаворыцца ў каментарыі. — Кожнаму ў “Люстэрку” балюча праз тое, што адбываецца з вашымі сем’ямі. На жаль, гэты выпадак — толькі адзін з тысяч і тысяч тых, калі рэжым страхам і сілай спрабуе змагацца з тымі, хто адважыўся мець альтэрнатыўны прапагандзе пункт гледжання на тое, што адбываецца ў Беларусі”.

З апублікаванага відэазапісу вынікае, што сілавікі прыйшлі да бацькоў вядучых акаўнта медыя ў “ЦікТоку”, праведзены вобшукі, накладзены арышт на маёмасць. Бацькоў журналістаў вымусілі сказаць на камеру, што яны асуджаюць дзейнасьць сваіх дзяцей, “праз якіх маюць вялікія непрыемнасці”.

Сцвярджаецца, што “шэраг дадатковых крымінальных спраў узбуджаны ў дачыненні да цік-ток вядучых экстрэмісцкага фарміравання Люстэрка”.

Найбуйнейшы недзяржаўны інтэрнет-партал Беларусі tut.by быў разгромлены ўладамі ў траўні 2021 года. Частка каманды, якая засталася на волі, пакінула краіну і ў ліпені таго ж года стварыла праект “Люстэрка”, які ў асноўным трымаецца традыцый tut.by. У Беларусі і Расіі доступ да сайта заблакаваны. Кантэнт сайта ў Беларусі прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі”.

17 сакавіка 2023 года галоўны рэдактар tut.by Марына Золатава і гендырэктар “ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” Людміла Чэкіна былі прыгавораныя да 12 гадоў пазбаўлення волі.

Іншыя абвінавачаныя па справе — рэдактар палітыка-эканамічнага блока Вольга Лойка, журналістка Алена Талкачова і юрысконсульт Кацярына Ткачэнка — на працэс не з’явіліся, паколькі пасля вызвалення з-пад варты пакінулі краіну. Яны былі абвешчаныя ў вышук. Цяпер ідзе завочны суд па іх справе.

Чэкінай, Золатавай, Лойка і Талкачовай па справе былі інкрымінаваныя арт. 243, арт. 130, арт. 361 КК. Ткачэнка абвінавачвалі паводле арт. 243 і 342 КК.

У кастрычніку 2022 года Золатаву, Чэкіну, Лойка і Талкачову КДБ унёс у пералік асоб, “датычных да тэрарыстычнай дзейнасці”.

Агулам па “справе tut.by” было затрымана 15 чалавек. З цягам часу агульная колькасць абвінавачаных скарацілася да пяці (Золатава, Чэкіна, Лойка, Талкачова, Ткачэнка), пазней у няволі засталіся два чалавекі (Золатава і Чэкіна).

3 снежня 2020 года Эканамічны суд Мінска пазбавіў партал tut.by статусу СМІ, 14 чэрвеня 2022 года — прызнаў ТАА “ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” “экстрэмісцкай арганізацыяй”.

У чэрвені 2023 года Лойка заснавала ў эміграцыі аўтарскі медыяпраект Plan B, які асвятляе падзеі ў Беларусі.

Падзяліцца: