Мінск 04:57

МНС мае ўсё, каб аператыўна рэагаваць на прыродныя і тэхнагенныя пагрозы, сцвярджае Лукашэнка

Крыніца: МНС

25 ліпеня, Позірк. Органы і падраздзяленні Міністэрства па надзвычайных сітуацыях “маюць усё неабходнае, каб аператыўна рэагаваць на любыя пагрозы тэхнагеннага і прыроднага характару, якія ўзнікаюць”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 25 ліпеня работнікаў і ветэранаў МНС з Днём пажарнай службы.

Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба, у МНС ёсць усё, каб “на належным узроўні вырашаць пастаўленыя задачы, забяспечваючы мір і спакой” у краіне.

Лукашэнка падкрэсліў, што ад аператыўнасці і зладжанасці каманднай працы “залежыць не толькі захаванасць матэрыяльных каштоўнасцяў, але і самае галоўнае — жыцці людзей”.

Непагадзь 13 і 14 ліпеня ў Беларусі прывяла да маштабных пашкоджанняў у сістэме электраперадачы, парушэнняў водазабеспячэння, разбурэнняў.

На нарадзе ў Лукашэнкі 19 ліпеня кіраўнік МНС Вадзім Сіняўскі паведаміў, што ад паваленых дрэў і элементаў даху загінулі 6 чалавек, з іх двое дзяцей. Траўмы атрымалі 72 чалавекі, з іх трое дзяцей. На той момант 24 пацярпелых заставаліся ў шпіталях, уключаючы 7 дзяцей. Пяць чалавек былі ў цяжкім стане.

На гэта Лукашэнка сказаў, што калі такая колькасць пацярпелых, то “дзесьці МНС недапрацавала загадзя ў плане папярэджання грамадзян аб ступені небяспекі маючых адбыцца з’яў надвор’я”.

23 ліпеня начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўнай сістэмы папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый і грамадзянскай абароны МНС Ігар Хадановіч заявіў, што ахвярамі ўрагану ў Беларусі сталі сем чалавек, 75 атрымалі траўмы. Паводле яго слоў, 13 чалавек у той дзень заставаліся ў шпіталях, трое — у цяжкім стане.

На нарадзе па пытаннях дзейнасці сілавога блока 20 лютага Лукашэнка паставіў задачу МУС і МНС: “Людзі павінны адчуваць сябе ў бяспецы дома, на працы, на вуліцы ў любы час сутак”.

Што датычыцца абароненасці насельніцтва ад стыхійных бедстваў, то Лукашэнка адзначыў зніжэнне колькасць пажараў і колькасці загінуўшых на іх: “Мы павінны імкнуцца да нулявых паказчыкаў. Гінуць і дзеці, што патрабуе прынцыповых мер па прадухіленні такіх трагедый”.

Паводле яго слоў, не да канца вырашанае пытанне па абсталяванні інтэрнатаў і аб’ектаў з масавым знаходжаннем людзей сістэмамі аўтаматычнай пажарнай сігналізацыі і апавяшчэння аб пажары.

“Што, гэта праблема? Ці хтосьці не хоча гэтым займацца? — спытаў ён. — Толькі давайце без перабору, каб заўтра эканоміка не спынілася, а то ў нас “умеюць” гэта рабіць у МНС”.

Паводле даных на 6 гадзін раніцы 25 ліпеня, з пачатку года на тэрыторыі Беларусі адбылося 3.355 пажараў (за аналагічны перыяд 2023-га — 3.423; -1,99%), у выніку якіх загінула 308 чалавек (276; +11,59%).

Падзяліцца: