Мінск 17:26

Вернікі просяць аднавіць Завальнюка на пасадзе пробашча парафіі Чырвонага касцёла

Архіўнае фота: catholic.by

27 ліпеня, Позірк. Каталіцкія вернікі просяць аднавіць ксяндза Уладзіслава Завальнюка на пасадзе пробашча сталічнай парафіі св. Сымона і Алены (Чырвоны касцёл), вынікае з адкрытага ліста на парафіяльным сайце, адрасаванага да мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага.

“Мы ўсе разумеем, што жывём у часы ганенняў каталіцкага касцёла, разумеем, што вам як пастыру няпроста”, — такім чынам у дакуменце, падпісаным ад імя “вернікаў Мінска”, пракаментавана абвешчанае 26 ліпеня рашэнне іерарха звольніць Завальнюка з пасады пробашча.

Завальнюк, звярнулі ўвагу аўтары ліста, 50 гадоў “нястомна і шчыра служыў Госпаду і людзям у розныя часы”, больш за 40 гадоў “служыў у Беларусі, прыкладаў усе намаганні, каб усе людзі мелі магчымасць пазнаць Бога”, і ніколі не казаў, “што стаміўся, што яму цяжка, нягледзячы на сапраўды нялёгкія ўмовы, асабліва ў апошнія два гады, калі быў закрыты касцёл, калі ў плябаніі былі адключаны вада, свет і ацяпленне”.

“Таму нам вельмі цяжка паверыць, што пробашч прасіў аб звальненні, і таму мы вельмі занепакоеныя далейшым лёсам сапраўды вялікага святара, — гаворыцца ў дакуменце. — Раней мы ніколі не чулі, каб на нашых тэрыторыях святароў, якія маюць паўнату сіл, звальнялі на пенсію, але кожны святар служыў, пакуль меў фізічныя сілы. Няўжо зараз ў нашай архідыяцэзіі так многа ці дастаткова святароў, што прымаюцца такія рашэнні”.

Парафіяне выказалі спадзеў на тое, што Станеўскі паспрыяе вяртанню вернікам Чырвонага касцёла і ксяндза Завальнюка.

У дадатак да адкрытага ліста сайт апублікаваў фрагмент асобнага звароту, верагодна, таксама да Станеўскага — непасрэдна ад вернікаў з парафіі св. Сымона і Алены, у якім тыя просяць апублікаваць прашэнне Завальнюка аб адстаўцы.

“Калі ён яго напісаў, тады надзея ў нас застаецца толькі на вас, Ваша Экселенцыя, — адзначана ў дакуменце. — Мы жадаем прасіць вас і верым, што вы зможаце пераканаць кс. прэлата Уладзіслава Завальнюка забраць сваё прашэнне аб адстаўцы і застацца са сваёй паствай, гэта значыць з намі. Упэўненыя, што вы таксама да глыбіні душы засмучаныя гэтай акалічнасцю і таксама прасілі яго не сыходзіць”.

“Упэўненыя, ён прыняў гэтае рашэнне не зусім глыбока абдумаўшы. Верым, што агульнымі намаганнямі, з вашай дапамогай, з вашым аўтарытэтам мы пераканаем нашага пастыра не пакідаць сваю паству”, — адзначылі вернікі. Калі Завальнюка “не атрымаецца пераканаць”, яны просяць, каб святар заявіў пра сыход публічна.

26 ліпеня Мінска-Магілёўская архідыяцэзія абвясціла, што арцыбіскуп Станеўскі задаволіў прашэнне Завальнюка аб звальненні ў сувязі з дасягненнем 75-годдзя. Святар быў пробашчам парафіі Чырвонага касцёла больш за 30 гадоў. На яго месца іерарх прызначыў ксяндза Франца Рудзя.

Сёлета ў траўні папа рымскі Францішак надаў Завальнюку тытул Капелана Яго Святасці — з нагоды 50-годдзя святарства.

26 верасня 2022 года Чырвоны касцёл быў зачынены (паводле афіцыйнай версіі — на рамонт пасля пажару) і дагэтуль не аднавіў працу. 6 кастрычніка таго ж года з парафіяй скасавалі дамову бязвыплатнага карыстання будынкам касцёла; 14-га стала вядома, што ўлады забаранілі праводзіць набажэнствы ў плябаніі, а 9 лістапада — у асобных памяшканнях і дворыку касцёла.

У сакавіку 2023 года ініцыятыва “Хрысціянская візія” са спасылкай на ўласныя крыніцы паведаміла, што адстаўка Завальнюка можа быць адной з умоў, пасля выканання якіх улады згодныя вярнуць Чырвоны касцёл вернікам.

Сёлета 12 ліпеня вернікі звярнуліся да першай намесніцы кіраўніка адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Наталлі Пяткевіч з просьбай “паспрыяць вяртанню” касцёла.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года стасункі дзяржавы і касцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі ўслед за масавымі пратэстамі. Некаторыя святары прайшлі праз затрыманні, суды і арышты з палітычных матываў, асобныя былі вымушаныя пакінуць Беларусь.

Цяпер мінскую кафедру і Канферэнцыю каталіцкіх біскупаў Беларусі ачольвае арцыбіскуп Станеўскі, які ў стасунках з уладамі паводзіцца стрымана. У сваю чаргу рэжым Лукашэнкі актыўна прыцягвае іерарха да праўладных мерапрыемстваў і імкнецца прадэманстраваць нармалізацыю стасункаў. Разам з тым у краіне працягваюцца рэпрэсіі ў дачыненні да каталіцкіх святароў.

Падзяліцца: