Мінск 07:18

Кіраўнік расійскіх камуністаў запрасіў Лукашэнку на антыфашысцкі форум у Мінску

30 ліпеня, Позірк. Супрацоўніцтва камуністычных партый Беларусі і Расіі абмеркавалі па тэлефоне 30 ліпеня Аляксандр Лукашэнка і старшыня ЦК КПРФ Генадзь Зюганаў.

Адной з тэм перамоваў, паводле інфармацыі прэс-службы Лукашэнкі, стала правядзенне “другога міжнароднага антыфашысцкага форуму” сёлета ўвосень. З паведамлення вынікае, што кіраўнік расійскіх камуністаў запрасіў суразмоўцу на мерапрыемства, якое задумана правесці ў Мінску. У ім, як чакаецца, возьме удзел “больш за сотню гасцей з усяго свету”.

На сайце КПРФ пра размову не паведамляецца.

Першы форум адбыўся 22 красавіка 2023 года ў мінскім музеі Вялікай Айчыннай вайны. У ім удзельнічалі камуністы з шэрагу краінаў Еўропы і Сярэдняй Азіі. У адрасаваным удзельнікам сустрэчы прывітальным слове Лукашэнка адзначыў, што “голас прыхільнікаў камуністычных ідэй у барацьбе за права кожнага чалавека на свет і стваральную працу павінен гучаць настойліва і бескампрамісна”.

На пачатку гэтага года Зюганаў паведаміў журналістам, што скіраваў Лукашэнку ліст з просьбай правесці ў Мінску і наступны форум — “у верасні ці напачатку кастрычніка”.

Адметна, што мерапрыемстве, якое заяўлена як антыфашысцкае, абмяркоўваецца прадстаўніком Расіі, якая развязала поўнамаштабную вайну супраць Украіны, і афіцыйнага Мінска, які падтрымаў дзеянні Крамля. У многім гэтая агрэсія ідэалагічна звязаная з адмаўленнем украінскай дзяржаўнасці і ўкраінцаў як асобнага народа з боку расійскага кіраўніцтва.

Падзяліцца: