Мінск 21:04

Праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ шэсць чалавек

Ілюстрацыйнае фота: Marco Chilese / unsplash.com

31 ліпеня, Позірк. Беларуская праваабарончая супольнасць 31 ліпеня прызнала палітычнымі зняволенымі яшчэ шэсць чалавек, вынікае з сумеснай заявы на сайце цэнтра “Вясна”.

Цяпер адпаведны статус мае 1.391 чалавек.

Палітвязнямі прызнаныя прыгавораныя да пазбаўлення волі паводле арт. 368 КК (абраза прэзідэнта) Сяргей Лашчанка і Станіслаў Швайкоўскі, паводле арт. 368 і арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады) — Сяргей Харытановіч і Ігар Мезін. Тэрміны, на якія іх асудзілі, невядомыя.

Аналагічны статус атрымалі Уладзімір Нікіцін, прыгавораны да 3 гадоў зняволення паводле арт. 361 (заклікі да мераў абмежавальнага характару (санкцый), іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацбяспецы Беларусі), а таксама мастачка Нэлі Алфёрава з Полацка (Віцебская вобласць), асуджаная паводле арт. 369 і накіраваная на прымусовае лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.

19 ліпеня МУС унёс Алфёраву ў спіс “асоб, якія маюць дачыненне да экстрэмісцкай дзейнасці”. Паводле інфармацыі “Вясны”, у 2020 годзе яна была назіральніцай на прэзідэнцкіх выбарах. Напрыканцы 2021 года жанчына пакінула Беларусь, аднак пазней вярнулася на радзіму.

Праваабаронцы патрабуюць неадкладна вызваліць усіх палітычных вязняў і спыніць палітычныя рэпрэсіі супраць грамадзян краіны.

Апрача “Вясны” заяву падпісалі “Прававая ініцыятыва”, Беларускі ПЭН, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Lawtrend.

Падзяліцца: