Мінск 17:43

Сахашчык заявіў аб выхадзе з АПК

Архіўнае фота: АПК

1 жніўня, Позірк. Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) па абароне і нацыянальнай бяспецы Валерый Сахашчык пакінуў сваю пасаду ў АПК.

Заяву ў відэафармаце ён апублікаваў у сваім тэлеграм-канале.

“Я прыняў рашэнне засяродзіцца на развіцці свайго бізнесу, на дапамозе беларусам, якія маюць у ёй патрэбу, на развіцці Канцэпцыі нацыянальнага прымірэння, грамадзянскага дыялога, без якога, я ўпэўнены, у нашай краіны будучыні няма”, — сказаў Сахашчык.

Ён згадаў, што звяртаўся да кіраўніцы АПК Святланы Ціханоўскай з вуснай заявай аб тым, што гатовы працаваць у “кааліцыйным урадзе”, які будзе валодаць “дастатковым узроўнем самастойнасці і сур’ёзным узроўнем прыняцця рашэнняў”, з чым, як сцвярджаецца, тая пагадзілася.

Аднак у “Святланы Ціханоўскай няма разумення спецыфікі працы, і ў прынцыпе ўвядзенне пасады па абароне і нацыянальнай бяспецы паслужыла данінай нейкаму палітычнаму моманту”, заявіў палітык.

У АПК “з часам адбылося аддаленне ад дасягнутых дамоўленасцей, ад кааліцыі”, лічыць ён: “Я быў моцна расчараваны, назіраючы, як людзі, з якімі яшчэ ўчора мы спакойна дамаўляліся, седзячы за адным сталом, раптам сталі канкурэнтамі і практычна ворагамі”.

Адзначыўшы, што ён не атрымліваў ніякай дапамогі ад Кабінета за выключэннем інфармацыйнай падтрымкі, Сахашчык выказаў меркаванне, што праблемы ў АПК звязаны “з абмежаванасцю фінансавых рэсурсаў, якія цяжка падзяліць на ўсіх”.

Калі яму стала зразумела, што АПК ідзе “некуды не туды”, ён некалькі разоў звярнуўся да Ціханоўскай з прапановай аб рэфармаванні працы Кабінета.

Паводле слоў Сахашчыка, чарговую прапанову ён падаў некалькі тыдняў таму з умовай, што калі яна не будзе “належным чынам разгледжана”, то выйдзе са складу.

Сахашчык сцвярджае, што была прызначаная ягоная сустрэча з Ціханоўскай, але да яе офіс палітыка “праз падкантрольныя СМІ” нібыта пачаў кампанію па яго дыскрэдытацыі, пасля чаго ён адклікаў згоду на сустрэчу, бо “не бачыць у ёй асаблівага сэнсу”.

“Я не думаю, што інтрыгі і паддывановыя гульні патрабуюць такога розуму і кемлівасці. Я не ў стане асвоіць гэты від дзейнасці. Мне гэта не цікава, мне дастаткова шмат гадоў. Я шмат добрага зрабіў у жыцці да таго, як стаў чальцом Кабінета і спадзяюся, што яшчэ больш зраблю пасля таго, як перастану быць чальцом Кабінета. Я дзякую калегам за два гады сумеснай працы і паважанай Святлане Георгіеўне. Жадаю ўсім ім удачы”, — сказаў Сахашчык.

На Усебеларускім народным сходзе 25 красавіка старшыня КДБ Іван Церцель заявіў, што спецслужба нібыта папярэдзіла ўдары з тэрыторыі Літвы баявымі дронамі па аб’ектах у Мінску і наваколлях. Літоўскі сілавы блок назваў гэта дэзінфармацыяй, МЗС уручыла часоваму паверанаму ў справах Беларусі Яраславу Хмылю дыпламатычную ноту з патрабаваннем “неадкладна абвергнуць дэзінфармацыю”.

На наступны дзень тэлеканал “Белсат” паведаміў, што ў ягоным распараджэнні аказаўся падпісаны Сахашчыкам ліст з папярэджаннем аб “падрыхтоўцы акту агрэсіі”. Палітык пацвердзіў сапраўднасць дакумента, але “вельмі прасіў яго не публікаваць” і ад далейшых каментароў адмовіўся.

28 красавіка фотакопія дакумента з’явілася ў адкрытым доступе. У ім выканаўцамі патэнцыйнага нападу на энергааб’ект названа “група асоб з ліку грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія пражываюць на тэрыторыі краін ЕС”, якая нібыта “афіляваная з адным з ваенна-патрыятычных клубаў беларускіх апазіцыйных ініцыятыў у Польшчы і Літве. Прадстаўнікі абедзвюх згаданых у лісце структур абверглі дачыненне да такіх планаў.

Ліст аб “магчымай правакацыі з атакай на беларускія аб’екты крытычнай энергетычнай інфраструктуры” быў накіраваны на “прадухіленне гэтай пагрозы”, заявіў Сахашчык.

59-гадовы Сахашчык — былы камандзір 38-ай асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады ў Брэсце.

26 чэрвеня аб зняцці з сябе паўнамоцтваў прадстаўніка АПК па міжнародных справах заявіў Валерый Кавалеўскі.

У жніўні 2023 года Ціханоўская вызваліла ад пасады па аднаўленні законнасці Аляксандра Азарава.

У лістападзе 2022 года аб сыходзе з пасады прадстаўніка АПК па фінансах і эканоміцы аб’явіла Таццяна Зарэцкая.

Падзяліцца: