Мінск 19:41

СК абмеркаваў з МУС Беларусі і РФ новыя эпізоды па “справе кол-цэнтраў”

7 жніўня, Позірк. Новыя эпізоды злачыннай дзейнасці арганізаванай групы, якая мае дачыненне да так званай “справы кол-цэнтраў”, абмеркаваны на рабочай сустрэчы кіраўніцтва і супрацоўнікаў галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця папярэдняга следства цэнтральнага апарата Следчага камітэта з прадстаўнікамі МУС Расіі і Беларусі.

СК прадстаўляў начальнік упраўлення па расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі і інтэлектуальнай уласнасці галоўнага следчага ўпраўлення цэнтральнага апарата Сяргей Гамко.

Паводле інфармацыі прэс-службы СК, зараз у рамках расследавання крымінальных спраў па абвінавачанні арганізатараў і ўдзельнікаў ашуканскіх кол-цэнтраў, якія дзейнічалі на працягу чатырох гадоў на тэрыторыі Беларусі, Расіі і іншых краін, “ажыццяўляецца цеснае ўзаемадзеянне праваахоўных органаў дзвюх дзяржаў”.

У час расследавання былі таксама “ўстаноўлены новыя эпізоды злачыннай дзейнасці арганізаванай групы, прававая ацэнка якім будзе дадзена ў ходзе сумеснага расследавання”.

“Праваахоўнікам удалося выявіць і выключыць маёмасць абвінавачаных і падазраваных асоб, на якую ў мэтах кампенсацыі прычыненага злачынствамі ўрону накладзены арышт, а таксама ўстанавіць дакладны памер урону і асобы асоб, якія пацярпелі ў выніку злачыннай дзейнасці”, — паведаміла ведамства.

Па крымінальных справах, якія знаходзяцца ў вытворчасці СК Беларусі і Следчага дэпартамента МУС Расіі, “створана і функцыянуе сумесная следча-аператыўная група, у склад якой увайшлі супрацоўнікі следчых і аператыўных падраздзяленняў дзвюх дзяржаў”, гаворыцца ў рэлізе.

Бакі “выпрацавалі адзіныя падыходы па зборы і праверцы доказаў, вызначылі комплекс далейшых сумесных следчых дзеянняў і аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, накіраваных на ўстанаўленне і затрыманне іншых асоб, якія маюць дачыненне да ўчынення супрацьпраўных дзеянняў у інтарэсах міжнароднай арганізаванай групы”.

1 лютага начальнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС Андрэй Ананенка паведаміў, што супрацоўнікі міліцыі затрымалі ў Мінску 48 чалавек, якіх абвінавачваюць у махлярстве арганізаванай групай. У яе ўваходзілі дзясяткі чалавек, іншых фігурантаў затрымлівалі па-за Беларуссю.

Па факце затрымання групы была ўзбуджаная крымінальная справа паводле ч. 4 арт. 209 КК (махлярства).

“Кол-цэнтры гэтай міжнароднай злачыннай групы знаходзіліся ў Мінску, Маскве, а таксама ў іншых гарадах іншых краін”, — у сваю чаргу паведаміў на прэс-канферэнцыі начальнік галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця СК Андрэй Матолька.

Следствам устаноўлена, што “злачынцы размяшчалі ў сетцы інтэрнэт розныя інфармацыйныя рэсурсы, з дапамогай якіх прыцягвалі грамадзян для нібыта інвеставання ў нейкія фінансавыя кампаніі”.

У месяц міжнародная арганізаваная злачынная група зарабляла на махлярстве ад 1 да 1,5 млн рублёў, сцвярджае МУС.

Падзяліцца: