Палітыкі і палітолагі пра Станіслава Шушкевіча
4 траўня, BPN. На просьбу BPN беларускія палітыкі і палітолагі падзяліліся ўспамінамі аб палітыку і вучоным, старшыні Вярхоўнага Савета 12-га склікання (1991—1994), былым старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады Станіславе Шушкевічы, які памёр 4 траўня ва ўзросце 87 гадоў ад наступстваў каранавірусу.
Анатоль Лябедзька (дэпутат ВС 12-га і 13-га скліканняў): “Казалі Беларусь, а мелі на ўвазе Шушкевіч”:
– Без усялякага перабольшвання скажу, што да сённяшняга дня Станіслаў Шушкевіч заставаўся самым вядомым з жывых беларусаў. Дастаткова было б Белавежскіх пагадненняў, каб ён увайшоў не толькі ў беларускую і еўрапейскую, а нават у сусветную гісторыю. Многія замежныя палітыкі, пачуўшы “Беларусь”, казалі “Шушкевіч”.
Але ён таксама першы кіраўнік незалежнай Беларусі і “дэпутат незалежнасці”, які прымаў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце і надаваў яму моц канстытуцыйнага закона. Адначасова Шушкевіч — дэпутат апошняга дэмакратычнага парламенту і адзін з тых, хто ініцыяваў гістарычны імпічмент Лукашэнку.
Мне, маладому дэпутату, пашчасціла працаваць пад кіраўніцтвам Шушкевіча і бачыць яго ў вельмі розных сітуацыях. Ён меў стрыжань, ідэалогію, прынцыпы, якім ніколі не здраджваў.
Яго можна крытыкаваць па вузкіх пытаннях. Але гэта быў маналіт. Беларускі дуб, які моцна стаіць на нагах, нягледзячы на вецер. Зламаць яго па прынцыповых пытаннях было немагчыма.
Да таго ж вельмі адукаваны, разумны, інтэлігентны, але ў той жа час даступны, у крокавай дасягальнасці. Яму заўсёды можна было патэлефанаваць, сустрэцца.
Станіслаў Шушкевіч пражыў яркае жыццё. Я ўпэўнены, што пройдзе час і ў кнігарнях мы пабачым яго ўспаміны і публіцыстыку, якую пра яго напішуць гісторыкі і палітычныя аналітыкі. Перакананы, што ў яго гонар будзе названа вуліца.
Валер Карбалевіч (палітолаг): “Быў адлюстраваннем сваёй эпохі”:
– Асаблівасць палітычнага лёсу Станіслава Шушкевіча ў тым, што ён быў адлюстраваннем сваёй эпохі. Эпохі пачатку 1990-х гадоў, краху камуністычнай сістэмы, першых крокаў будавання беларускай дзяржаўнасці.
Як кіраўніка парламенту людзі кожны дзень бачылі яго па тэлебачанні і асацыявалі з першай асобай у краіне. Ён быў вельмі папулярным і меў высокія рэйтынгі. З’яўляўся неаспрэчным лідарам у сацыялагічных апытаннях.
Аднак ён не меў рэальнай выканаўчай улады. З цягам нарастання крызісу ў грамадстве яго папулярнасць стала зніжацца. Усе шышкі валіліся на его, хаця рэальнай палітычнай улады спікер парламенту не меў.
У Вярхоўным Савеце дамінавала савецкая наменклатура, якая выступала супраць рэформаў. Простым людзям цяжка было растлумачыць, што спікер парламенту не можа адказваць за рост цэн, зніжэнне заробкаў, спыненне прадпрыемстваў. У выніку уся адказнасць у краіне суадносілася з ім.
У выніку рэйтынг Станіслава Шушкевіча знізіўся, ён быў зняты з пасады ў студзені 1994 года, каб не перашкаджаў іншым змагацца за пасаду прэзідэнта. У той момант ён быў асноўным канкурэнтам для Вячаслава Кебіча.
На жаль, гэта лёс многіх палітыкаў той эпохі. Не толькі Станіслава Шушкевіча, а прынамсі Міхаіла Гарбачова.
Аляксандр Фрыдман (гісторык, палітолаг): “Магчыма, гэта ключавая гістарычная фігура для Беларусі ХХ стагоддзя”:
– Станіслаў Шушкевіч — наймаштабнейшая і, безумоўна, гістарычная фігура для сучаснай Беларусі.
Прыемнае ўражанне пакідала ўжо тое, што на чале краіны знаходзіўся цывілізаваны, прыстойны, інтэлігентны чалавек. Які прыгожа вёў паседжанні Вярхоўнага Савета на беларускай мове. Сын паэта, інтэлектуал. Паводле водгукаў людзей, якія яго ведалі, ветлівы, просты ў зносінах.
Магчыма, гэта адна з ключавых ці нават ключавая фігура для беларускага ХХ стагоддзя. Бо менавіта з гэтым чалавекам звязана набыццё нашай краінай незалежнасці. Менавіта ён узначальваў дзяржаву ў перыяд, калі Беларусь стала суверэннай.
Акрамя таго, Шушкевіч прыняў непасрэдны — можна спрачацца, наколькі актыўны — удзел і ў распадзе Савецкага Саюза. Канешне, ён не быў рухаючай сілай тых працэсаў, але так ці інакш СССР фактычна спыніў сваё існаванне на тэрыторыі Беларусі ў 1991 годзе. Гэта была адной з ключавых падзей у сусветнай гісторыі ХХ стагоддзя, і Шушкевіч паўплываў на яе хаду як удзельнік.
Сёння мы можам доўга разважаць, чаму палітычная кар’ера Станіслава Шушкевіча не сталася доўгай. Меркаваць, што было б, каб на выбарах 1994 года не з’явілася такая фігура, як Лукашэнка. Фігура папуліста, які шмат у чым адлюстроўваў спадзяванні народа — тады яшчэ вельмі савецкіх беларусаў.
Шушкевіч гэтым уяўленням не адпавядаў. Ён лічыўся палітыкам мяккім, надта інтэлігентным. Яго звязвалі якраз з 91-м годам, а тады значная частка беларускага насельніцтва не выступала за развал Саюза і бачыла сваю будучыню ў СССР. Пагатоў з Шушкевічам звязвалі вельмі складаную эканамічную сітуацыю.
Нямногія з плеяды постсавецкіх палітыкаў тады ацалелі. Добра, Ельцын — гэта асаблівая гісторыя з яго выбарамі 1996 года. А Краўчук? Прайграў выбары ва Украіне. У Прыбалтыцы таксама змянілася кіраўніцтва — людзі, якія прывялі свае краіны да незалежнасці, сышлі. І прыкладна па адных і тых жа прычынах.
Так і Шушкевіч. Ягоная палітычная кар’ера рана скончылася, а другога шанцу, у другой палове 90-х, ён ужо не атрымаў. Бо ў краіне былі знішчаныя ўсе парасткі дэмакратыі.
Шушкевіч быў для Беларусі 1991 года і поспехам, і шанцам. Шанцам на развіццё краіны ў дэмакратычным рэчышчы. Не так шмат такіх прыкладаў было ва Усходняй Еўропе: філосаф Жэлеў у Балгарыі, драматург Гавел у Чэхаславакіі. І Станіслаў Шушкевіч у Беларусі — чалавек з акадэмічнага асяроддзя, які трапіў у палітыку на перабудоўнай хвалі.
Вядома, ён абсалютна дысанаваў з партыйнай наменклатурай кшталту Кебіча, Малафеева ды іншых. Гэта быў шанец, але Беларусь да яго аказалася не гатовая.
Можа, не да месца зараз казаць, але Шушкевіча падвяла схільнасць да кампрамісаў. Гэта вельмі добрая палітычная якасць — выступаць супраць канфрантацыі і імкнуцца да згоды. Але зараз можна сказаць, што ён спрабаваў аб’яднаць тое, што не аб’ядноўвалася: былыя камуністычныя эліты — з новай дэмакратычнай грамадзянскай супольнасцю. Не атрымалася. Што шмат у чым і абумовіла сыход Шушкевіча з палітычнай арэны.
Пра гэта ўжо шмат пісалі, той жа Сяргей Навумчык: трэба было дзейнічаць больш рашуча і напорыста, каб паставіць Беларусь на дэмакратычныя рэйкі, менш шукаць кампрамісы. У гэтым сэнсе Шушкевіч увасабляў сабой беларускую “памяркоўнасць”, і ў выніку ў 1994 годзе адбылося тое, што адбылося.
Зрэшты, зараз пра гэта лёгка казаць. І гэта ніяк не прымяншае маштаб фігуры Станіслава Шушкевіча і ягоную ролю ў гісторыі Беларусі.
Аляксандр Дабравольскі (народны дэпутат СССР, дэпутат ВС РБ 13-га склікання): “Усе дзяржаўныя дзеячы, якія кіравалі Беларуссю, недацягваюць да такіх людзей”:
– Адзін з заснавальнікаў кампаніі EPAM Леанід Лознер да Дня фізіка ў “Фэйсбуку” напісаў пост аб тым, з якой цеплынёй успамінае вучобу на фізфаку Белдзяржуніверсітэта і цудоўнага выкладчыка Станіслава Шушкевіча. Мне вельмі імпануюць гэтыя словы.
Гэта быў вельмі эрудзіраваны, чалавек, які матываваў. Ён заўсёды прытрымліваўся сваіх жыццёвых прынцыпаў. Сапраўдны патрыёт Беларусі, які стаў знакавай фігурай у барацьбе за незалежнасць краіны. Магчыма, ён быў недастаткова радыкальным, як лічаць многія. Але гэта чалавек, які сумленна і паслядоўна выступаў за дэмакратыю і Беларусь.
На жаль, ягоная барацьба за дэмакратыю не прывяла да вялікага поспеху. Але думаю, што Беларусь стане дэмакратычнай краінай і ў гэтым будзе вялізная заслуга Станіслава Шушкевіча.
У нас склаліся добрыя асабістыя адносіны. Мы былі дэпутатамі ў Вярхоўным Савеце СССР з 1989 па 1991 год. Потым працавалі разам у парламенце 13-га склікання. Я ведаю, што ён заўсёды займаў паслядоўную пазіцыю і шмат зрабіў для краіны. Думаю, усе дзяржаўныя дзеячы, якія кіравалі Беларуссю, недацягвалі і недацягваюць да такіх людзей, як Станіслаў Шушкевіч.
Сяргей Чэрачань (пераемнік Станіслава Шушкевіча на пасадзе старшыні БСДГ): “Асноўная фігура для Беларусі”:
– Мы дастаткова шчыльна размаўлялі са Станіславам Станіслававічам, і магу сказаць, што адным з асноўных аспектаў, якія вылучалі яго асобу, быў падыход да працы. Ён заўсёды быў сапраўдным лібералам, дэмакратам, ніколі не цягнуў коўдру на сябе. Цалкам аддаваўся сваёй справе, сваёй прафесіі, людзям. І вельмі сумна, што краіна гэта не ацаніла. Зразумела, што краіна ў асобе пэўных дзеячоў, але тым не менш.
Станіслаў Шушкевіч пайшоў з жыцця ў дастаткова простай, жыццёвай атмасферы. Ён жыў у абсалютна звычайнай кватэры, атрыманай яшчэ ў савецкія часы, абстаўленай зусім простай мэбляй. Хоць як любы кіраўнік краіны павінен быў атрымліваць пэўныя прэферэнцыі, якія належалі былым лідарам у іншых дзяржавах — у тых жа Украіне, Расіі. Гаворка хаця б аб пенсіі, не кажучы ўжо пра іншыя выгоды.
Станіслаў Станіслававіч ніколі не быў заўважаны асабіста мной — у зносінах, у паводзінах — у тым, што спрабаваў нешта зрабіць для сябе. Ён заўсёды выконваў сваю працу і паступаў толькі па сумленні. Для палітыка гэтая вельмі рэдкая якасць.
Гэта асноватворная фігура для Беларусі. Чалавек, які прынёс нашай краіне сувэрэнітэт. Бо Белавежскія пагадненні, якія былі падпісаныя ў 1991 годзе, паклалі пачатак нашай сучаснай, найноўшай гісторыі. Без Станіслава Станіслававіча, без збегу абставін усяго гэтага магло і не быць.
Ізноў жа вывад ядзерных узбраенняў з беларускай тэрыторыі — гэта таксама заслуга Шушкевіча.
Ён спрабаваў зрабіць з Беларусі дэмакратычную краіну — са свабодамі, гарантыямі, правамі. З гэтым пайшоў на прэзідэнцкія выбары ў 1994 годзе.
Чаму ён з часам сышоў з актыўнай палітыкі? Уада планамерна прыбірала канкурэнтаў, і сёння ў краіне не засталося апазіцыі. Няма сілы, якая магла б сказаць нешта супраць і быць пачутай ня толькі людзьмі, але і самой уладай. І атрымалася так, што, нягледзячы на аўтарытэт, на сур’ёзнасць постаці, Станіслаў Шушкевіч быў выціснуты з палітычнага поля.
Што да нашай партыі і яе далейшай дзейнасці, то Станіслаў Станіслававіч зрабіў для яе вельмі шмат. Арганізаваў яе, сабраў людзей. І, нягледзячы на складаны час, на расправы з палітычнымі прадстаўнікамі, утрымаў, захаваў.
У 2019 годзе стырно кіравання БСДГ прынялі мы. Папярэдне шмат кансультаваліся, раіліся са Станіславам Шушкевічам. Але зараз дзейнічаем самастойна і вельмі спадзяемся, што заснавальніку партыі не будзе сорамна за нашу працу.
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 20 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Выбары, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаІнвестыцыі ў асноўны капітал за 11 месяцаў 2024 года выраслі на 23,7% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаШосты дзень запар актыўнасць нелегальных мігрантаў фіксуецца толькі на польскім напрамкуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 19 снежня 2024 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка