Мінск 22:57

Ex-press.livе стаў 20-м СМІ ў спісе “экстрэмісцкіх фармаванняў”

Фота: скрыншот сайта ex-press.live

Фота: скрыншот сайта ex-press.live

8 лістапада, Позірк. У Беларусі яшчэ два інтэрнэт-рэсурсы прызнаныя “экстрэмісцкімі фармаваннямі” — барысаўскі рэгіянальны сайт ex-press.livе (з усімі старонкамі ў сацыяльных сетках) і тэлеграм-чат “Гомель за Мікіту Залатарова”. Такое рашэнне 24 кастрычніка прыняў Камітэт дзяржбяспекі.

Датычнымі да названага СМІ названы “ўраджэнцы Расіі” Міла Поляк (“галоўны рэдактар і адміністратар”), Анастасія Баброўская, Алег Мацкевіч, а таксама грамадзяне Беларусі Павел Сляпухін і Алена Кульбякіна.

Ex-press.live (ён жа ex-press.by) стварылі журналісты недзяржаўнай газеты “Барысаўскі кур’ер” (затым “Кур’ер з Барысава”), якая выходзіла з 1996-га па 2005 год і была зачынена пасля іску Мінскага аблвыканкама ў Гаспадарчы суд Мінскай вобласці. Тагачасны кіраўнік вобласці Мікалай Дамашкевіч назваў у пазове дзейнасць заснавальніка газеты такой, што “супярэчыць дзяржаўным і грамадскім інтарэсам”. Заснавальнік газеты Анатоль Удавічэнка памёр у 2014 годзе ва ўзросце 55 гадоў.

У жніўні 2021 года сайт быў заблакаваны на тэрыторыі Беларусі. Суд Барысаўскага раёна двойчы — у кастрычніку 2021 года і ў лютым 2023-га — прызнаў кантэнт сайта “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. У красавіку 2023 года стала вядома, што сайт пазбаўлены дамена .by.

Паводле звестак “Позірку”, пасля пачатку пераследу рэдакцыя з’ехала з краіны і працягнула працу за мяжой.

Да тэлеграм-чата “Гомель за Мікіту Залатарова” нібыта мае дачыненне бацька палітвязня Мікіты Залатарова Міхаіл Лапуноў, які быў затрыманы 8 жніўня і з таго часу бесперапынна знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання, атрымаўшы сёмы запар 15-сутачны арышт за “распаўсюджванне экстрэмісцкіх матэрыялаў” (арт. 19.11 КаАП).

Цяпер у спісе “экстрэмісцкіх фармаванняў” 157 пазіцый, у тым ліку 20 СМІ:

— інфармацыйная кампанія БелаПАН (№ 10, рашэнне аб уключэнні прынята 1 лістапада 2021 года),

— тэлеканал “Белсат” (№ 12; 3 лістапада 2021 года),

— “Радыё Свабода” (№ 24; 23 снежня 2021 года),

— “Наша Ніва” (№ 31; 14 студзеня 2022 года),

— тэлеграм-канал “Бабруйск Online” (№ 38; 22 лютага 2022 года),

— сайт “Флагшток” (№ 54; 29 красавіка 2022 года),

— інтэрнет-часопіс kyky.org (№ 56; 6 траўня 2022 года),

— “Честная газета” (№ 59; 20 траўня 2022 года),

—”Еўрарадыё” (№ 75; 20 ліпеня 2022 года),

— сайт “Хартыя’97” (№ 84; 30 жніўня 2022 года),

— сайт Hrodna.life (№ 99; 11 лістапада 2022 года),

— самвыдат “Веснікі” (№ 107; 9 снежня 2022 года),

— “Маланка Медыя” (№ 116; 15 лютага 2023 года),

— “Брэсцкая газета” (№ 120, 28 лютага 2023 года),

— сайт “MOST” (№ 128, 17 траўня 2023 года),

— сайт homeldays.org (“Штодзень Гомель”) (№ 131, 23 траўня 2023 года),

— тэлеграм-канал “Інсайдэр” (№ 132, 29 траўня 2023 года),

— сайт zerkalo.io (“Люстэрка”) (№ 135, 9 чэрвеня 2023 года),

— тэлекампанія “Ранак”, Светлагорск (№ 146, 5 верасня 2023 года),

— сайт ex-press.live, Барысаў (№156, 24 кастрычніка 2023 года).

Падзяліцца:
be