Мінск 16:01

Ціханоўская заклікала нямецкіх “зялёных” падтрымаць еўрапейскую перспектыву для Беларусі

Святлана Ціханоўская на з'ездзе нямецкіх зялёных
Фота: офіс Святланы Ціханоўскай

25 лістапада, Позірк. Падтрымаць “еўрапейскія памкненні беларусаў” папрасіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 25 лістапада ў Карлсруэ на кангрэсе нямецкай партыі “Саюз 90/Зялёныя”.

Галоўны дарадца палітыка Франак Вячорка паведаміў “Позірку”, што кангрэс сабраў каля 5 тыс. удзельнікаў (у залі на момант выступу — каля 2 тыс.), сярод якіх былі віцэ-канцлер ФРГ Роберт Хабек, міністр замежных спраў Аналена Бербок, міністр культуры Клаўдыя Рот, лідары партый, еўрапарламентарыі ды інш. Ціханоўская была адзіным замежным выступоўцам.

“Беларусы хочуць пачуць ад вас, што наша будучыня ў Еўропе, і дзверы Еўропы адчыненыя”, — звярнулася дэмлідар да ўдзельнікаў форуму. Яна падкрэсліла, што падтрымка еўрапейскай будучыні Беларусі — “не дабрачыннасць, а інвестыцыі ў мірную і бяспечную Еўропу”.

Палітык назвала нямецкіх “зялёных” сябрамі, якія “падзяляюць тыя ж каштоўнасці і тое ж бачанне дэмакратычнай, квітнеючай і ўстойлівай Еўропы”. Яна падзякавала за запрашэнне на кангрэс і за тое, што “зялёныя” Германіі былі аднымі з першых, хто падтрымаў прыхільнікаў перамен у 2020 годзе.

“З дапамогай “зялёных” у бундэстагу была сфармаваная група “За дэмакратычную Беларусь”, — нагадала яна. — У яе ўвайшлі як кааліцыйныя, так і апазіцыйныя партыі. Я рада, што беларуская тэматыка аб’ядноўвае прыхільнікаў любых палітычных поглядаў. Такія групы маюцца ўжо ў 23 парламентах, і нямецкая — самая вялікая”.

Ціханоўская адзначыла, у якой цяжкай сітуацыі знаходзяцца палітвязні ў Беларусі. Рэжым Аляксандра Лукашэнкі, сказала яна, трымае многіх з іх у інфармацыйнай ізаляцыі. Сваякі месяцамі не атрымліваюць ад іх ніякіх вестак.

“Турмы КДБ нічым не адрозніваюцца ад цёмных камер Штазі (спецслужба ГДР. — “Позірк”.). Пра гэта мы ведаем са страшэнных аповедаў тых, хто ўжо адбыў свой тэрмін, — заявіла палітык. — Людзі зламаныя псіхічна і фізічна. Яны маюць патрэбу ў медыцынскай дапамозе і рэабілітацыі. Я бясконца ўдзячна МЗС Германіі і [нямецка-швейцарскай праваабарончай арганізацыі] Libereco, якія ўжо аказалі такую дапамогу сотням палітвязняў. Аднак неўзабаве такая дапамога спатрэбіцца тысячам іншых пацярпелых”.

Нават ў эміграцыі беларусы, вымушаныя збегчы з краіны, “становяцца аб’ектамі рэпрэсій”, канстатавала Ціханоўская. “Рэжым заяўляе на іх у Інтэрпол, захоплівае ў закладнікі іх сем’і на радзіме. Нядаўні ўказ дыктатара пазбаўляе беларускіх выгнаннікаў пашпартоў і дакументаў, робячы іх дэ-факта апатрыдамі”, — адзначыла дэмлідар.

“Вось чаму так важнае прыняцце рэзалюцыі бундэстага па Беларусі. <…> Я спадзяюся, што яна спросціць працэдуру легалізацыі беларусаў у Германіі. Гэта таксама пасылае вельмі выразны сігнал беларусам: вы не самотныя, мы разам вядзем гэтую барацьбу”, — дадала яна.

“Мы ўсе спадзяваліся, што нашая перамога прыйдзе хутчэй. Цяпер мы разумеем, што гэта не спрынт, а марафон, — сказала палітык. — Сёння пад пагрозай не толькі наша свабода, але і само існаванне нашай краіны. У абмен на палітычную падтрымку дыктатар прадае нашу краіну Расіі. Кавалак за кавалкам. Ён дазволіў Расіі размясціць на нашай тэрыторыі свае войскі і ядзерную зброю. Яны сціраюць нашу нацыянальную ідэнтычнасць, мову, знішчаюць грамадзянскую супольнасць”.

Паводле слоў Ціханоўскай, Расія “не ўспрымае ні Украіну, ані Беларусь як незалежныя дзяржавы”. Для РФ, перакананая дэмлідар, гэтыя краіны — “проста калоніі, якія павінны быць вернутыя”, яна “спрабуе любой цаной адрадзіць імперыю”.

“Дапамажыце нам вырваць Беларусь з кіпцюроў Расіі і прывесці яе ў Еўропу, — заклікала палітык. — Еўрапейская будучыня — гэта неабходнасць для нас, а не проста варыянт. Калі Беларусь хоча выжыць як незалежная краіна, то Еўрапейскі саюз — адзінае жыццяздольнае рашэнне”.

Яна папрасіла дапамагчы тым, хто змагаецца за свабоду Беларусі: “Мы маем рэсурсы на падтрымку, але нам патрэбныя рэсурсы для перамогі. Падтрымлівайце СМІ, грамадзянскую супольнасць, палітычных зняволеных”.

Ціханоўская таксама папрасіла надаваць больш увагі Беларусі, зрабіць яе “неад’емнай часткай праграмы выбараў у Еўрапарламент”. “Гэтым вы прадэманструеце сваю прыхільнасць дэмакратыі не толькі ў Еўрасаюзе, але і паўсюль, дзе яна знаходзіцца пад пагрозай”, — лічыць палітык.

Яна папрасіла дапамогі ў тым, каб “прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці” — “за злачынствы супраць чалавечнасці, выкраданне ўкраінскіх дзяцей, саўдзел у злачыннай вайне Расіі”.

“І ў рэшце давайце дапаможам Украіне перамагчы ў гэтай вайне. Перамога Украіны будзе канчатковай паразай Пуціна і Лукашэнкі, — перакананая дэмлідар. — Цяпер за свабоду Украіны змагаюцца многія беларусы. Шмат хто з іх аддаў свае жыцці ў гэтай барацьбе, таму што мы разумеем, што гэта не толькі іх барацьба, гэта наша агульная барацьба за свабоду”.

“Як паказала падзенне Берлінскай сцяны, дыктатура разбураецца хутка і тады, калі гэтага ніхто не чакае. Дапамажыце нам не толькі наблізіць гэтыя перамены, але і падрыхтавацца да іх. З вашай падтрымкай мара пра суверэнную, дэмакратычную і еўрапейскую Беларусь стане рэальнасцю. Разам мы зможам пабудаваць Еўропу, якая будзе больш моцнай, устойлівай і адзінай, чым калі-небудзь. Шлях можа быць яшчэ доўгім. Але з такімі саюзнікамі, як нямецкія “зялёныя”, я ўпэўнена, што мы зможам ператварыць нашу мару ў жыццё”, — падсумавала Ціханоўская.

Падзяліцца: