Мінск 22:14

Блогер Пятрухін пра сваю эміграцыю: Страх — вельмі адмоўная эмоцыя, ён цябе проста зжырае

Сяргей Пятрухін
Фота: тэлеграм-канал Андрэя Стрыжака

15 лютага, Позірк. Былы палітвязень, блогер, адзін з аўтараў ютуб-каналу “Народны рэпарцёр” Сяргей Пятрухін вырашыў з’ехаць з Беларусі, таму што стаміўся чакаць змянення сітуацыі. Пра гэта ён паведаміў у каментары “Позірку” з нагоды сваёй эміграцыі.

Паводле слоў блогера, калі ў снежні 2022 года ён выйшаў з турмы, то “на фоне пазітыўнага настрою, які панаваў у інтэрнэце наконт контрнаступу, поспехаў Украіны на фронце”, планаваў заставацца ў Беларусі.

“Для мяне было важна, каб людзі бачылі, што я не з’ехаў, — адзначыў Пятрухін. — Неістотна, што я маўчу. Але я побач, хаджу ў крамы , хоць і не актыўнічаю, бо ўсе разумеюць, што актыўнічаць нельга”.

Блогер паведаміў, што падставай для прыняцця рашэння аб эвакуацыі сталі масавыя арышты “за “Е-дастаўку” 23 і 24 студзеня”. Былога палітвязня выклікалі ў міліцыю “ў пятніцу [26 студзеня] пасля абеду”.

“Я падумаў, што ўсё — “на падвал”, то бок “на ІЧУ” (у ізалятар часовага ўтрымання. — “Позірк”.), але — не. Мяне адпусцілі. Узялі тэст ДНК, адбіткі пальцаў, сфатаграфавалі: роўна праз год паўтарылі працэдуру, якую яны зрабілі, калі я выйшаў з турмы”, — адзначыў Пятрухін.

Суразмоўца прызнаўся, што ў той момант “вельмі шкадаваў, што не з’ехаў”. “Мне стала вельмі страшна. Я тады ўсвядоміў, што нічога не змянілася. Ці я ў турме, ці хаджу па вуліцы — я абсалютна бездапаможная істота, ад якой нічога не залежыць і якую могуць за адну хвіліну проста растаптаць”, — падзяліўся блогер.

“Калі раней у мяне былі думкі, што я такі герой і няхай мяне забяруць у турму і я там памру, але застануся такім “чоткім беларусам”, у той момант я рэзка стаў думаць інакш, — сказаў Пятрухін. — Што я памру ў турме, сярод чужых, абыякавых людзей, з гэтымі бяздушнымі садыстамі-лекарамі. Мяне “трыгернула”, і, ужо калі я ішоў ад мянтоў, ведаў, што буду звяртацца да людзей, якія могуць дапамагчы [з эвакуацыяй]”.

Пятрухін падкрэсліў, што “паветра свабоды” — зусім не вобразны выраз для таго, хто эвакуюецца з сённяшняй Беларусі.

“Калі я выйшаў з цягніка, як бы гэта пафасна ні гучала, я адчуў зусім іншае паветра, — адзначыў ён. — Калі табе не трэба чысціць тэлефон, думаць, каго глядзець, а каго — не, — такая палёгка. Гэты страх, вельмі адмоўная эмоцыя, цябе проста зжырае і ты трасешся. Вельмі дрэнныя адчуванні. І тут (за мяжой. — “Позірк”.), канешне, усё па-іншаму”.

Былы палітзняволены паведаміў, што не збіраецца пакідаць сферу медыя. Але ў плане далейшай працы “ёсць вялікая праблема пад назвай “кантэнт” і паўстае пытанне: што рабіць далей?”

“Адна справа — быць блогерам і дапамагаць людзям, як мы рабілі раней [з Александрам Кабанавым], калі прыходзілі да нас людзі і не баяліся выказаць свае праблемы. Зусім іншая справа — быць на тэрыторыі іншай дзяржавы, і нават калі атрымаеш інфармацыю “з-за парэбрыка”, паўстае пытанне, як яе ўжыць, каб ніхто не пацярпеў. Пакуль што я ў цяжкім становішчы, бо трэба цалкам перафарматавацца. Будзе вельмі крыўдна, калі ў нас з Сашам не атрымаецца, бо жаданне ёсць, сілы — таксама. Ці хопіць нам крэатыву — пытанне”, — сказаў Пятрухін.

Найвялікшае жаданне блогера — “даносіць інфармацыю аб антычалавечым рэжыме Лукашэнкі да людзей, якія жывуць паводле прынцыпу “Мая хата з краю”.

“Адкрываць ім вочы, каб тое, што здарылася ў Беларусі ў XXI стагоддзі не мела шанцаў на паўтор, — падкрэсліў суразмоўца. — Таму што абраць такога звера ў Еўропе такому працавітаму, сумленнаму і годнаму народу, як беларусы, і мець такое жыццё — часам думаеш, за што караеш, Божа”.

Пятрухіну “важна данесці” да “ватных” (прасавецкіх, праімперскіх. — “Позірк”.) людзей, што ўлада — гэта “крыважэрныя звяры, злачынцы, якім не месца ў грамадстве”, і патлумачыць, што “гэтая дзяржава зараз мафіёзная, улада рабуе людзей, а потым з нарабаванага выдае ім заробкі”.

“Гэта не нармальныя дзяржынстытуты, а бандыты. Мэта працы — без агрэсіі тлумачыць і тлумачыць. Люді стаміліся ад адмоўных навінаў, ад мянтоў, іх шэўронаў і тупых абліччаў. Трэба знайсці нейкія прыёмы, каб зацікавіць людзей”, — падсумаваў Пятрухін.

Аб паспяховай эвакуацыі блогера з Беларусі паведаміў сузаснавальнік фонду салідарнасці BySol праваабаронца Андрэй Стрыжак. Эвакуацыя адбылася 10 лютага.

Аўтары ютуб-канала “Народны рэпарцёр” жыхары Брэста Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў былі затрыманыя ў чэрвені 2020 года. Фармальныя прычыны былі розныя, аднак пазней абодвух звязалі з падзеямі 29 траўня ў Гродне, калі былі затрыманыя відэаблогер, прэтэндэнт на прэзідэнцкую пасаду Сяргей Ціханоўскі і прадстаўнікі яго каманды.

14 красавіка 2021 года суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прызнаў Пятрухіна і Кабанава вінаватымі паводле арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і 369 (абраза прадстаўніка ўлады) Крымінальнага кодэкса. Пятрухіна дадаткова прызналі вінаватым паводле арт. 391 (абраза суддзі). Абодвух прыгаварылі да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Пятрухін адбываў пакаранне ў віцебскай калоніі № 3. Кабанаў першапачаткова быў у наваполацкай калоніі № 1, але пазней яму зрабілі больш жорсткім рэжым. Апошнюю частку тэрміну ён утрымліваўся ў магілёўскай турме № 4.

Блогеры выйшлі на волю 17 снежня 2022 года. Неўзабаве пасля гэтага Кабанаў пакінуў Беларусь, цяпер ён працуе ў аб’яднанні былых сілавікоў BelPol.

Як адзначае фонд BySol, Пятрухін пачынае жыццё на новым месцы і звяртаецца да ўсіх па дапамогу. На раніцу 15 лютага сабрана 1.794 з 3.000 еўра.

Падзяліцца: