Мінск 01:51

Сетка магазінаў “Востраў чысціні і густу” абвясціла аб аднаўленні работы

Крыніца: outleto.by

6 кастрычніка, Позірк. Сетка крам “Востраў чысціні і густу” — адзін з найбуйнейшых рытэйлераў бытавой хіміі ў Беларусі — абвясціла на сваёй старонцы ў “Інстаграме” аб аднаўленні працы.

У паведамленні таксама гаворыцца аб адкрыцці 15 новых крам: у Мінску і Гомелі (па тры), Барысаве, Стоўбцах, Брэсце, Оршы, Паставах, пасёлку Відзы (Браслаўскі раён), Жлобіне, Іўі і Дзятлаве.

Анансаванае адкрыццё новага гандлёвага аб’екта ў Магілёве.

24 ліпеня гэтага года кіраўнік Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю (МАРГ) Аляксей Багданаў заявіў на прэс-канферэнцыі, што ў ведамстве не бачаць “вялікіх праблем з банкруцтвам гэтай сеткі”, бо гандлёвых аб’ектаў з аналагічным асартыментам у Беларусі дастаткова.

“Чаму гэтая сітуацыя ўзнікла? — сказаў чыноўнік. — Гэта даўняя гісторыя, яны досыць даўно ішлі да гэтага няўдалага завяршэння. Калі мы даведаліся пра гэта, узялі працэс пад свой кантроль, спрабавалі ўсімі сіламі неяк дапамагчы ў рамках нашай кампетэнцыі, але ў іх сфарміраваўся за апошнія пяць гадоў сапраўдны ком праблем. Гэта не імгненныя цяжкасці, праблемы спелі доўга. Гэта і няўдалыя фінансавыя ўкладанні, і стратэгія развіцця бізнесу — ён рос у іх вельмі хутка, і не кожная кампанія пры такім вялікім росце здольная справіцца”.

“Таму, — дадаў кіраўнік МАРГ, — вельмі важна мець кваліфікаваны персанал, які можа кіраваць маштабаваннем гандлёвай сеткі, не ствараючы фінансавых праблем і іншых пытанняў”.

Паводле слоў Багданава, улады рабілі розныя спробы выправіць сітуацыю з дапамогай банкаўскіх крэдытаў і растэрміноўкі плацяжоў, аднак гэта не ўвянчалася поспехам. На прэс-канферэнцыі міністр заявіў, што гандлёвая сетка практычна ліквідаваная.

1 жніўня МАРГ паведаміў аб сустрэчы Багданава з Віктарам Рамуком — асноўным уласнікам групы кампаній “Ромакс”, у якую ўваходзіць “Востраў чысціні і густу”.

На сустрэчы прысутнічаў Андрэй Мацюк — дырэктар кампаніі “Партнёр-Кансультант”, якая спецыялізуецца ў пытаннях банкруцтваў і ліквідацыі юрыдычных асоб.

На сустрэчы размова ішла аб захаванні бізнесу і “працы па развіцці абноўленай гандлёвай сеткі”.

5 жніўня партал sputnik.by звярнуў увагу, што сетка крам “Востраў чысціні і густу” перавяла каля 150 крам на іншую юрыдычную асобу. Паводле даных Гандлёвага рэестра, гаворка ішла аб кампаніі “ПродХімМаркет”. Да 23 красавіка юрыдычная асоба называлася “ВостраўФармГандаль” і ўваходзіла ў групу кампаній “Ромакс”.

Незадоўга да гэтага Рамук заяўляў, што на працягу трох-чатырох тыдняў будзе закрытая здзелка па продажы аптэк “Востраў здароўя”. Таксама ён казаў пра “нейкага інвестара з Расіі”.

Праблемы “Вострава чысціні і густу” пачаліся ў 2022 годзе, а абвастрыліся ў канцы 2023-га. Сетка прыпыняла працу сэрвісу дастаўкі, СМІ паведамлялі аб пустых паліцах у асобных крамах.

У лютым 2024 года Рамук заяўляў аб жаданні пашырыць сетку крам да ранейшай колькасці — 600 аб’ектаў. На той момант іх было каля 480, пазней выданне Office Life звярнула ўвагу, што колькасць аб’ектаў зменшылася да 109.

У верасні 2022-га СМІ паведамілі пра затрыманне Рамука разам з жонкай у мінскім аэрапорце. У адным з офісаў кампаніі быў праведзены ператрус. Праз некалькі дзён прадпрымальнік выйшаў на волю.

Паводле даных партала Tochka.by, супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю выявілі ў працы сеткі “нязначныя парушэнні ў бягучай аператыўнай дзейнасці службовых асоб рытэйлера”. Уласнікам групы кампаній у поўным аб’ёме быў выплачаны штраф.

Пры гэтым паводле інфармацыі выдання “Наша Ніва”, Рамук быў вызвалены за “велізарны выкуп”, “пагадзіўшыся выплаціць лукашыстам налічаныя штрафы”. “Знялі з яго неслаба”, — паведамілі крыніцы медыя, назваўшы суму ў 7 млн даляраў.

Падзяліцца: