Мінск 12:30

Барэль: ЕС будзе ціснуць на рэжым і падтрымліваць беларусаў на шляху да дэмакратыі столькі, колькі неабходна

8 жніўня, Позірк. Еўрапейскі саюз будзе працягваць ціснуць на рэжым Аляксандра Лукашэнкі і “падтрымліваць беларусаў на іх шляху да пабудовы незалежнай, дэмакратычнай і квітнеючай краіны, якая з’яўлялася б часткай мірнай Еўропы, столькі, колькі неабходна”, гаворыцца ў заяве высокага прадстаўніка Еўрапейскага саюза Жазэпа Барэля з нагоды трэцяй гадавіны сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 9 жніўня.

“ЕС высока ацэньвае і падтрымлівае намаганні беларускага дэмакратычнага руху. Рашучасць беларускага народа, які з высокай рызыкай для сябе працягвае адстойваць дэмакратыю, з’яўляецца фактарам, які ўсяляе вялікую надзею. ЕС аказвае падтрымку ахвярам рэпрэсій, праваабаронцам, арганізацыям грамадзянскай супольнасці, незалежным СМІ і журналістам, студэнтам і кампаніям у выгнанні, а таксама ініцыятывам, накіраваным на захаванне беларускай ідэнтычнасці, культуры і мовы”, — гаворыцца ў заяве.

ЕС заклікае ўлады Беларусі ўступіць у сапраўдны і інклюзіўны дыялог з усімі слаямі грамадства, які б вёў да свабодных і справядлівых выбараў. Пры гэтым ЕС “абавязваецца дапамагчы Беларусі стабілізаваць сваю эканоміку і рэфармаваць свае інстытуты, калі Беларусь стане на шлях пераходу да дэмакратыі”.

Фінансаванне плана эканамічнай падтрымкі дэмакратычнай Беларусі прадугледжана ў памеры да 3 мільярдаў еўра.

Адзначаецца, што 9 жніўня 2020 года “сотні тысяч беларусаў выйшлі на вуліцы, каб мірна абараніць сваё права на выбар уласнай будучыні”. Гэтыя спантанныя дэманстрацыі “былі з надзвычайнай жорсткасцю падаўлены рэжымам Лукашэнкі”.

Барэль падкрэсліў, што сёння для тых, хто адважваецца выказваць любую крытыку сістэмы, сітуацыя горшая, чым калі-небудзь раней.

“Мы глыбока занепакоены станам правоў чалавека ў Беларусі. У цяперашні час каля 1,5 тыс. палітычных зняволеных утрымліваюцца ў жахлівых умовах, падвяргаюцца жорсткаму абыходжанню і катаванням, не маючы доступу да базавых медыцынскіх паслуг. Многія з гэтых зняволеных на працягу месяцаў пазбаўлены сувязі са сваімі адвакатамі і сваякамі, якія не ведаюць аб іх цяперашнім месцазнаходжанні і стане здароўя”, — адзначыў ён.

Барэль падкрэсліў, што рэжым Лукашэнкі стаў пагрозай рэгіянальнай і міжнароднай бяспецы з-за такіх дзеянняў, як прымусовая пасадка грамадзянскага самалёта ў траўні 2021 года і выкарыстанне ў якасці інструменту нелегальнай міграцыі на ўсходніх межах ЕС З 24 лютага 2022 года стаў саўдзельнікам вайны Расіі супраць Украіны, “паставіўшы пад пагрозу ўласны суверэнітэт і незалежнасць Беларусі, каб падтрымліваць злачынствы Расіі ва Украіне”. Гэты саўдзел даў магчымасць Расіі незаконна дэпартаваць украінскіх дзяцей на беларускую тэрыторыю, дадаў ён.

26 траўня 2023 года Расія і Беларусь “зрабілі яшчэ адзін крок да эскалацыі, падпісаўшы пагадненне, якое дазваляе размяшчэнне расійскіх ядзерных боегаловак на беларускай тэрыторыі”, гаворыцца ў заяве.

ЕС таксама занепакоены нядаўнім размяшчэннем у Беларусі наймітаў ПВК “Вагнер”.

Падзяліцца: