Мінск 00:27

Урад прапануе Лукашэнку стварыць рэестр легальных перавозчыкаў пасажыраў на аўтатранспарце

14 лістапада, Позірк. Урад пры ўдзеле Камітэта дзяржаўнага кантролю і Камітэта дзяржаўнай бяспекі падрыхтаваў праект указа, які рэгулюе адносіны ў сферы аўтамабільных перавозак пасажыраў, паведаміла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Магчымыя навацыі ў гэтай сферы сталі тэмай абмеркавання ў яго на нарадзе 14 лістапада.

Прапануецца стварыць рэестр легальных перавозчыкаў, дыспетчараў і іншых удзельнікаў працэсу.

“Хто не ўключаны ў гэты рэестр, аказваецца па-за законам, яго дзейнасць будзе выяўляцца і спыняцца кантралюючымі органамі, — сказаў Лукашэнка. — Гэта значыць табе дазволілі перавозіць людзей таксі і маршруткамі, ты ў рэестры — ідзі і вазі. Правілы будуць таксама ўстаноўлены”.

У выпадку перавозкі пасажыраў перавозчыкам, не ўключаным у рэестр, “крок налева, крок направа — вельмі жорсткае пакаранне”, заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, за 9 месяцаў 2023 года праверана больш за 10 тыс. аўтамабіляў, якія перавозілі людзей. Выяўлена каля 9 тыс. парушэнняў. Меліся выпадкі, калі ў маршрутных таксі, што курсуюць паміж гарадамі, пасажыраў перавозілі кіроўцы без неабходнай катэгорыі і допуску, без выканання рэжыму працы і адпачынку, тэхагляду аўтамабіля.

“У дзяржавы да гэтай сферы ёсць два простыя патрабаванні. Першае — бяспека людзей. Такім відам транспарту карыстаюцца многія нашы грамадзяне і госці краіны. Другое — легальная праца перавозчыкаў. Таму што выручку заніжаюць, хаваюць, у канвертах зарплаты плацяць, падаткі не плацяць у шалёных памерах. Гэтым займаюцца праваахоўныя органы. Хацелася б, каб [міністр унутраных спраў Іван] Кубракоў разам з [старшынём КДБ Іванам] Церцелем мне далажылі да Новага года для прыняцця рашэнняў. Няма чаго з імі размаўляць. Падатак не заплаціў — туды (прыцягненне да адказнасці. — “Позірк”.)”, — сказаў Лукашэнка.

Звяртаючыся да прэм’ер-міністра Рамана Галоўчанкі, ён выказаўся за ўзмацненне жорсткасці парушэнняў заканадаўства аб выплаце падаткаў: “Нам, Раман Аляксандравіч, трэба зрабіць больш жорсткім пакаранне па рэальных рэчах: раздрабніў бізнес-адказвай. Не заплаціў падаткі… слухайце, хто нас папракне: у Амерыцы пажыццёвае зняволенне можна атрымаць за нявыплату падаткаў — дэмакратычная краіна”.

Лукашэнка адзначыў, што ў выніку працы нелегалаў, невыканання падатковага заканадаўства і правілаў перавозак ствараюцца няроўныя ўмовы вядзення бізнэсу, аўтобусныя перавозчыкі не могуць канкураваць з маршрутнымі таксі, дзяржава нясе страты “сумай дзясяткаў мільёнаў рублёў”, а добрасумленныя перавозчыкі “вымушаныя закрываць свой бізнэс, звальняць людзей”.

Ён таксама выказаўся адносна інтэрнэт-агрэгатараў: “відавочна, што ўсім, хто хоча працаваць у Беларусі, неабходна размясціць свае інфармацыйныя сістэмы на нашай тэрыторыі. Да новага года гэтая норма павінна працаваць. Ніякіх польскіх, нямецкіх, галандскіх фірмаў. Гэта няўхільныя патрабаванні дзяржавы як гаранта забеспячэння бяспекі, абароны персанальных даных, спынення супрацьпраўных дзеянняў”.

Намеснік прэм’ер-міністра Анатоль Сівак, міністр транспарта ў 2012-2018 гадах, заявіў, што ў большасці выпадкаў працу ў нерэгулярных зносінах (асноўная доля — таксі) арганізуюць замежныя суб’екты, так званыя дыспетчары. Іх інфармацыйныя сістэмы і рэсурсы часцяком знаходзяцца за межамі Беларусі. Абмежаванняў для дзейнасці нерэзідэнтаў у якасці арганізатараў перавозак (дыспетчараў) няма, таксама не патрабуецца атрыманне якіх-небудзь дазволаў. “Інфармацыя аб выкананых замовах і звесткі аб заказчыках перавозак захоўваюцца на серверах, якія знаходзяцца за межамі Беларусі, што наўпрост уплывае на забеспячэнне нацыянальнай бяспекі”, — лічыць чыноўнік.

“Грошы чалавека і інфармацыя аб гэтай перавозцы сыходзіла за мяжу. У дадзеным выпадку ў Галандыю. Калі пачаліся санкцыі, гэтая карціна змянілася: грошы пачалі сыходзіць у Расію”, — заявіў Сівак. Назва фірмы-перавозчыка ў паведамленні прэс-службы Лукашэнкі не прыводзіцца.

Падзяліцца: