Мінск 23:34

Экс-журналіст Глушкоў затрыманы на пачатку студзеня — СМІ

Фота: "Палітрынг"

15 студзеня, Позірк. Былы магілёўскі журналіст і відэааператар Яўген Глушкоў “затрыманы 4 ці 5 студзеня” і цяпер знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання, паведамляе “Медыязона” са спасылкай на дзве ўласныя крыніцы.

Паводле інфармацыі адной крыніцы, Глушкоў жыў адзін, з жонкай і сынам кантакт апошнім часам не падтрымліваў. Суседзі мужчыны бачылі, як сілавікі выводзілі яго з кватэры.

Іншая крыніца паведаміла, што Глушкоў зараз “пад следствам”, пра што жонцы затрыманага паведаміў следчы. У рамках якой канкрэтнай справы і паводле якога артыкула, невядома.

Раней каманда праваабаронцаў MAYDAY TEAM паведаміла, што экс-журналіст “доўгі час не выходзіць на сувязь” і можа знаходзіцца ў ізалятары.

Яўген Глушкоў у 1990-я і 2000-я працаваў на гарадскім тэлебачанні, пасля гэтага супрацоўнічаў з некалькімі гарадскімі парталамі. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года беларускія ўлады распачалі кампанію па ліквідацыі і крыміналізацыі незалежных СМІ, якая працягваецца дагэтуль.

Магчымасці працаваць у нацыянальнай юрысдыкцыі былі пазбаўленыя дзясяткі рэспубліканскіх і рэгіянальных медыя. Многія з іх зараз працуюць на эміграцыі.

Паводле даных Беларускай асацыяцыі журналістаў, цяпер ў няволі 34 прадстаўнікі СМІ.

Падзяліцца: