Мінск 18:35

МУС склала спіс незанятых сельскіх жыхароў — у ім больш за 70 тыс. чалавек, сярод іх “хатнія скандалісты” і судзімыя

Крыніца: vgr.by

19 траўня, Позірк. У рамках “работы па забеспячэнні дысцыпліны і грамадскага парадку на аб’ектах аграпрамысловага комплексу і ў сельскай мясцовасці ў цэлым“ Міністэрствам унутраных спраў сфарміраваны спіс незанятых у эканоміцы вяскоўцаў працаздольнага ўзросту, паведаміла 19 траўня прэс-служба ведамства.

“Такіх у краіне звыш 70 тыс. чалавек. З іх больш за 3 тыс. стаяць на ўліку як хатнія скандалісты, звыш 6 тыс. — раней судзімыя. З гэтымі катэгорыямі праводзіцца адрасная прафілактычная праца, у якую ўцягнутыя не толькі супрацоўнікі міліцыі, але і іншыя зацікаўленыя”, — адзначае МУС.

Падкрэсліваецца, што “асаблівая ўвага” ў гэтай працы надаецца “сем’ям дармаедаў, у якіх выхоўваюцца непаўналетнія дзеці альбо пражываюць асобы сталага ўзросту”.

“За месяц міліцыянты наведалі больш за 700 такіх адрасоў. У дачыненні да больш за тысячу грамадзян накіраваная пісьмовая інфармацыя ў камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва. Як вынік — працаўладкаваныя 250 чалавек”, — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя гэтага, супрацоўнікі МУС займаюцца “прыцягненнем да працы асоб, падвергнутых адміністрацыйнаму арышту (па іх жаданні)”. “Заключана больш за 50 дагавораў з аб’ектамі АПК, у адпаведнасці з якімі ўжо звыш 400 такіх грамадзян атрымалі часовую працу”, — заявілі ў ведамстве.

“Укаранёнай навацыяй” у МУС назвалі “патруляванне сельскіх населеных пунктаў мабільнымі групамі страявых падраздзяленняў міліцыі”. Сцвярджаецца, што “такімі сіламі ўжо адпрацавана больш за 400 вёсак і аграгарадкоў”.

16 красавіка на нарадзе аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны Аляксандр Лукашэнка, гаворачы аб злачынствах у сферы АПК, заявіў, што ў 2023 годзе па лініі барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі кожнае пятае злачынства тычылася вёскі.

Паводле яго слоў, ужо ў 2024 годзе “пры кантролі за рухам жывёлы распачатыя больш за сто крымінальных спраў, выяўленыя прыпіскі амаль дзвюх тысяч галоў жывёл”, і “такая карціна па ўсіх абласцях”.

У якасці “акту абуральнага вандалізму” Лукашэнка прывёў прыклад “па Любані” (Мінская вобласць), дзе “дайшлі да таго, што канфіскоўвалі з жывёльных могільнікаў тушы паўшай буйной рагатай жывёлы, раскрыжоўвалі іх і прадавалі на мяса насельніцтву”. Прычым, паводле яго слоў, “гэтым святатацтвам займаліся і ветэрынарныя лекары, і брыгадзіры сельгасарганізацый”.

Падняўшы тэму п’янства, Лукашэнка паведаміў, што ў сельскіх раёнах зафіксаваныя факты “з’яўлення на працы ў стане ап’янення, а ў выніку ўзрасла колькасць траўмаваных работнікаў і колькасць пажараў”. “Такія абуральныя безадказнасць, халатнасць і бязладнасць пры выкананні службовых абавязкаў патрабуюць самых суровых мер рэагавання”, — сказаў ён.

18 красавіка МУС анансавала комплекс мер па забеспячэнні дысцыпліны на вёсцы.

Сярод іншага ў ведамстве паведамілі аб неабходнасці патрулявання населеных пунктаў “з прыцягненнем страявых падраздзяленняў міліцыі з раённых і абласных цэнтраў”.

“Асноўнымі прычынамі супрацьпраўных паводзін вяскоўцаў працаздольнага ўзросту з’яўляюцца п’янства, незанятасць у эканоміцы, а таксама парушэнне працоўнай дысцыпліны, — заявіў начальнік галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі МУС Аляксандр Купчэня. — На змяненне сітуацыі накіраваны комплекс мер, рэалізацыя якога запланаваная сумесна са старшынямі сельскіх саветаў, урачамі-нарколагамі, прадстаўнікамі органаў занятасці і сацыяльнай абароны”.

Асаблівую ўвагу, паводле слоў Купчэні, супрацоўнікі МУС нададуць “беспрацоўным, якія злоўжываюць алкаголем, знаходзяцца на ўліках у органах унутраных спраў, пражываюць сумесна з пажылымі бацькамі, або выхоўваюць непаўналетніх дзяцей”.

Паводле задумы, такія грамадзяне “на групавых прафілактычных мерапрыемствах” змогуць “азнаёміцца з вакансіямі і працаўладкавацца”.

“Тыя ж, хто сістэматычна здзяйсняе правапарушэнні ў стане ап’янення і не імкнецца працаваць, будуць накіраваныя ў лячэбна-працоўныя прафілакторыі”, — падкрэслілі ў ведамстве.

Падзяліцца: