Мінск 21:56

“Ляцеў у добразычлівы Сакартвэла, а прыляцеў у Грузінскую ССР”. Андрэй Мялешка пра нядопуск у краіну, якая падзяліла яго сям’ю

Андрэй Мялешка з дачкой у самалёце на Варшаву
Фота прадастаўлена Андрэем Мялешкам

Журналіст і актывіст Андрэй Мялешка пасля эвакуацыі з Беларусі тры гады пражыў у Грузіі. Але 16 верасня грузінскія памежнікі не пусцілі яго з малодшай дачкой ў краіну, падзяліўшы такім чынам сям’ю роўна напалову — у Батумі засталіся старэйшая дачка і жонка.

“Позірк” паразмаўляў з Андрэем Мялешкам, які цяпер спрабуе наладзіць жыццё ў польскім Беластоку, пра гэтую сітуацыю, бяспечныя варыянты для беларусаў з улікам турбулентнасці ў Грузіі і яго далейшыя планы.

“Я спадзяваўся, што буду апошнім, хто будзе выключаць святло ў Грузіі”

— Распавядзі, калі ласка, чым займаўся ў Беларусі, чаму і як трапіў у Грузію.

— У Беларусі быў грамадскім актывістам, журналістам, у сваім горадзе Гродна — намеснікам старшыні мясцовай філіі “экстрэмісцкай арганізацыі”, якая называецца Беларуская асацыяцыя журналістаў. Дапамагаў хлопцам усталёўваць крыжы на Гарадзеншчыне ў памяць аб паўстанцах [Каліноўскага]. Падчас кавіду ўдзельнічаў ва ўсіх акцыях грамадзянскай кампаніі ByCovid19. Апошнія 15 год працую журналістам у розных беларускіх СМІ.

У 2021 годзе мяне эвакуявалі з Беларусі дзякуючы кампаніі Mediasol. 21 жніўня я апынуўся ў Грузіі, у Сакартвэла. З таго часу я жыў у гэтай краіне.

— Чым ты там займаўся?

— Быў актывістам арганізацыі “Беларуская дыяспара ў Аджарыі”, займаўся рознымі культурнымі рэчамі: арганізацыяй канцэртаў, імпрэзаў. Вёў “Беларускі гістарычны клуб” у прасторы “аКсяродак” у Батумі. Апроч гэтага як журналіст асвятляў культурныя, грамадскія падзеі, жыццё беларускай і ўкраінскай дыяспары ў Грузіі.

— Вось ты пражыў там тры гады і, напэўна, меў магчымасць паехаць далей. Чаму заставаўся?

— Я спадзяваўся, што буду апошнім, хто будзе выключаць святло ў Грузіі. Была такая штука, што я аптымістычна глядзеў на тое, што адбываецца ў той краіне, што сітуацыя зменіцца на лепшае, чакаў зменаў у кастрычніку.

— Маеш на ўвазе парламенцкія выбары 26-га?

— Так. Я кантактаваў з прадстаўнікамі розных палітычных партый у Батумі, у Тбілісі, перыядычна рабіў з імі інтэрв’ю. Не сказаць, каб я там неяк удзельнічаў у палітычным жыцці гэтай краіны — я быў назіральнікам збоку.

— За гэты час атрымалася пусціць там, як кажуць, карані?

— Мы ўжо прызвычаіліся жыць у Батумі. Не сказаць, каб ужо пусцілі карані, але жонка мае там вельмі добрую працу. Малодшая дачка сябруе як з грузінскімі, так і з украінскімі, беларускімі і расійскімі дзеткамі. Была невялікая крама беларускай і ўкраінскай сімволікі, яна ёсць і цяпер. Мы не куплялі ніякую маёмасць. На гэта асабліва не было грошай, і мы не былі ўпэўненыя, што трэба пускаць карані, набываць кватэру ці нешта іншае.

Крыніца: фэйсбук-акаўнт Андрэя Мялешкі

“У нейтральнай зоне аэрапорта знаходзіліся амаль 20 гадзін”

— Распавядзі пра сітуацыю з дэпартацыяй, як усё адбылося, як трымалі сябе грузінскія памежнікі.

— Адразу зазначу: мы лічым, што тэрмін “дэпартацыя” нас не тычыцца. У нас ёсць іншы тэрмін, які называецца “нядопуск у краіну”. Нас проста не пусцілі ў краіну, якая называецца Грузія. Нам нават не паставілі пячаткі, што мы туды ўехалі. Дакладней, Сашы (малодшай дачцэ, якая вандравала з бацькам. — “Позірк”.) паставілі пячатку, але потым анулявалі. Гэта значыць, што нас проста не пусцілі на тэрыторыю Грузіі.

Мы знаходзіліся ў нейтральнай зоне аэрапорта Кутаісі ўвесь гэты час, амаль 20 гадзін. Палову гэтага часу мы не маглі нармальна кантачыць ні з памежнікамі, ні з іншымі прадстаўнікамі ўлады, ні з адвакатам, якая прыязджала да нас убачыцца. З жонкай таксама не мог убачыцца, таму што яе да нас не пусцілі.

Стаўленне памежнікаў да нас было, так бы мовіць, індыферэнтнае. Не сказаць, што адмоўнае, і не сказаць, што станоўчае. Палова з іх рабіла выгляд, што не разумее па-расейску. Калі спрабаваў па-ангельску, яны ўключалі такі выгляд, што было незразумела, на якой мове з імі размаўляць. Чалавек на секунду адыходзіў у бок і размаўляў па-расейску, а калі вяртаўся, то ён нібыта па-расейску не разумеў.

Мы ўвесь час знаходзіліся ў гэтай “камеры”. Прастора для перасоўвання была дзесьці метраў дзесяць у адзін бок і потым па калідоры — агульным калідоры з іх пакоем — метраў пятнаццаць. Маглі хадзіць, маглі ляжаць на матрацах, схадзіць у прыбіральню. Вось і ўсё, у прынцыпе. І да, яшчэ глядзець у вакно на самалёт “Белавія”, які наварочваў колы па аэрапорце.

— Як гэта ўвогуле тэхнічна адбывалася? Вось вы прыляцелі, пайшлі на пашпартны кантроль. Як заўважылі, што ёсць праблемы? Яны пачалі кудысьці званіць, глядзець у кампутар?

— Адвялі ў бок і праз 15-20 хвілін выдалі паперкі, што нас не пускаюць у краіну. Я сказаў, што нічога падпісваць не буду. Окей, кажуць, не падпісвайце, наце вам проста гэтую паперку. І нічога не тлумачылі, за што не пусцілі, што ўвогуле здарылася. Вось ёсць адрас Міністэрства замежных справаў, званіце і пішыце туды.

— Як яны рэагавалі, калі ты папрасіў прытулак?

— Першая рэакцыя была: чаму вы за тры гады жыцця ў Грузіі гэтага не зрабілі? Я кажу: я маю права да вас звярнуцца і папрасіць прытулак. На што мне было сказана: не маеце, усё.

“Дачка плакала, што мамы няма, што сястру невядома калі ўбачыць”

— Ці кармілі вас там?

— Наконт кармілі. Пасля маёй першай просьбы нам прынеслі два піражкі і хачапуры, салодкую ваду і пакункавую гарбату. А пасля майго крыку — “гласа вопиющего в пустыне”, — бо дзіцёнак галодны, яны прынеслі такі разнос з бульбай-фры, і Сашка змагла неяк паесці.

— Як дачка ўвогуле пераносіла гэта ўсё, як рэагавала?

— Нармальна, вось тут сядзіць зараз побач, бульбу-фры есць (усміхаецца). Канешне, плакала, што мамы няма, што сястру невядома калі ўбачыць. Зараз больш-менш, але паглядзім, што будзе заўтра.

— Як адбывалася пасадка на самалёт? Вас не канваіравалі?

— Гэта асобная тэма. Нас двойчы спрабавалі пасадзіць на самалёт. Першы раз прыйшлі і сказалі: збірайце рэчы, пойдзем. Ну, окей. Сабраліся, сядзім, чакаем. Кажуць: адкладзена пасадка. І ў гэты момант мы бачым самалёт “Белавія”, які круціцца па аэрапорце. І думаеш, што будзе далей.

Але прыходзіць начальнік і кажа: гэта не ваш самалёт, ваш самалёт на Варшаву. Я пытаюся: а калі наш самалёт на Варшаву? Ён адказвае: чакайце. І потым, дзесьці ў 0:10, кажуць зноў: збірайце рэчы, пойдзем. Куды? У мяне няма нашых дэвайсаў, якія забралі дзесяць гадзін таму, няма пашпартоў. Адказ: усе вашыя рэчы вам аддадуць у самалёце.

Нас правялі праз асобны ўваход, пасадзілі ў асобны аўтобус у суправаджэнні двух супрацоўнікаў і пасадзілі ў самалёт. Гэтыя супрацоўнікі патэлефанавалі камусьці ў авіякампанію, і ім сказалі нумары месцаў. Гэта былі апошнія, 40А і 40В, здаецца.

Я кажу: а пашпарты? Яны: а пашпарты вы атрымаеце, калі прыляціце. Я кажу: ну окей. Прылятаем, я запытваюся ў персаналу, дзе дакументы, без дакументаў нікуды не пайду. Высветлілася, што ў капітана карабля. “Ідзі наперад, у галаву, забірай”. Той аддаў і сказаў ісці ў аўтобус.

На польскім пашпартным кантролі ніякіх пытанняў не было. Едзем далей, усё спакойна, усё добра, нібыта мы і не ляталі ў гэтую Грузію.

Крыніца: фэйсбук-акаўнт Андрэя Мялешкі

— Квіткі ў Варшаву ж набываліся не за ваш кошт?

— Так, не за наш.

— Ці ты казаў ім, што табе пагражаюць пераследам у Беларусі і туды цябе адпраўляць нельга?

— Казаў. Але казаў таварышам, якія нас саджалі на самалёт. Бо яны здзіўляліся: вы ж беларусы, чаму не можаце ляцець у Беларусь? Адказаў, што там мне пагражае крымінальны пераслед і да дзесяці гадоў турмы. Кажуць: ну тады зразумела, чаму вас у Польшчу адпраўляюць. Усе нібыта былі ў курсе, усё разумелі, але… Гэтыя двое, якія садзілі нас у самалёт, былі памежнікамі.

— То бок наўпрост ты ім не казаў, што цябе нельга адпраўляць у Беларусь, але яны, мяркуючы па ўсім, і не збіраліся?

— Так, не планавалі.

— У Беларусі на цябе ёсць крымінальная справа, ці ты толькі дапускаеш яго наяўнасць?

— Я насамрэч не ведаю, што на мяне цяпер у Беларусі. У 2021-м, перад ад’ездам, мяне вы́клікалі ва ўсе канторы, ва ўсе адначасова. І ў падатковую, і ў Следчы камітэт, і у ДФР (дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантроля. — “Позірк”.), яшчэ кудысьці. І я туды проста не пайшоў.

Тады служба эвакуацыі вельмі добра спрацавала, і нас адразу адправілі. Кшталту ў панядзелак мне ісці ў канторы, а ў суботу мяне вывозілі. А наконт крыміналак я не ведаю. Я не залазіў, не глядзеў, але мне сёння паказалі, што ГУБАЗіК пра мяне напісаў у сваім канале.

“Праз год паспрабуем злётаць палячыць зубы, зрабіць акуляры”

— На твой погляд, чаму гэта ўсё адбылося, і ці можна сёння лічыць Грузію бяспечнай краінай для беларусаў?

— Я не ведаю, можна лічыць Грузію бяспечнай ці небяспечнай краінай для беларусаў. Тут пытанне ў тым, што побач са мной у гэтым жа самалёце быў адзін наш калега, беларускі журналіст, і ўсё ў яго было нармальна, ніякіх пытанняў яму ніхто не ставіў. І на пытанне пра тое, што рабіць далей, ён кажа: ну, праз год паспрабуем злётаць палячыць зубы, зрабіць акуляры, што-небудзь яшчэ, таму што там танней.

Наконт небяспекі. Пасля мяне не пусцілі армянскага журналіста (Арсена Харацьяна, заснавальніка грузіна-армянскага выдання AliQ Media, жыў у Грузіі пяць гадоў. — “Позірк”.). Потым я чытаю, што затрымалі азербайджанскага журналіста (Афгана Садыгава, пад вартай з 3 жніўня. — “Позірк”.). Гэта ў іх чарговая зачыстка перад выбарамі, яны хочуць краіну зрабіць стэрыльнай ад “непажаданых элементаў”.

“У іх ёсць нейкі план па журналістах, якія працуюць у краіне”

— Як ты думаеш, ці ёсць у тваім кейсе нацыянальны складнік, ці гэта перш за ўсё звязана з прафесіяй?

— Думаю, найхутчэй звязана з прафесіяй, чым з тым, што гэта беларусы або палякі. Мне ўжо сёння ставілі пытанне, ці можа быць звязаны гэты выпадак з тым, што ў мяне польскія карані. Я не думаю. Лічу, што ў іх ёсць нейкі план па журналістах, якія працуюць у краіне. А як далей гэта будзе разгортвацца, я не ведаю.

— Можа, у цябе ёсць нейкія парады, што рабіць беларусам, якія цяпер думаюць, куды бегчы ад палітычнага пераследу? Ці яшчэ можна разглядаць Грузію як краіну-прытулак?

— Днямі якраз выйшла такая памятка для беларусаў на гэты конт. Я б насамрэч у Сакартвэла не ўцякаў. На дадзены момант ехаў бы лепш у Арменію. Ці праз якія дзіўныя краіны кшталту Казахстана перабіраўся б некуды далей ці дабіраўся б нейкім колам. Ведаю выпадкі: Масква — Кыргызстан — Турцыя, а адтуль ужо ў Еўропу. Падобны варыянт мне падаецца лепшым, чым праз Сакартвэла.

— Ну а калі няма шэнгенскай візы?

— Падавацца і чакаць яе у той жа Турцыі, а не ў Сакартвэла.

“У найбліжэйшыя месяцы будзе жыццё на дзве краіны”

— Якія цяпер планы у цябе самога? Усё ж такі ў вас падзеленая сям’я. Як гэта будзеце вырашаць?

— Мы плануем уз’яднацца, але пакуль не размаўлялі, калі гэта адбудзецца. У найбліжэйшыя месяцы, я так думаю, будзе жыццё на дзве краіны. Саша пакуль вучыцца анлайн у беларуска-украінскай школе, але ў найбліжэйшы тыдзень-два-тры будзем вырашаць пытанне са школай.

— Якія ў цябе высновы з усёй гэтай гісторыі?

— У мяне склаўся такі загаловак: “Я ляцеў у добразычлівы Сакартвэла, а прыляцеў у Грузінскую ССР”. Пакуль што так.

Гл. таксама:

У Савеце Еўропы заклікалі Грузію перагледзець забарону на ўезд беларускаму журналісту Андрэю Мялешку

Сузаснавальнік арганізацыі беларускай дыяспары Аджарыі Яўген Гацак, якога не пусцілі ў Грузію, з сям’ёй пераехаў у Польшчу

Падзяліцца: