Мінск 22:52

Юрыст: З кейса Верамейчыка важна выцягнуць вонкі ўсё, што не было зроблена

Дзмітрый Мікалаевіч
Ганна Маціеўская
Фота:" "Позірк"

Паведамленне пра тое, што В’етнам выдаў Беларусі былога байца палка Каліноўскага Васіля Верамейчыка, устрывожыла многіх суайчыннікаў, якія сёння знаходзяцца за мяжой праз пагрозу палітычных рэпрэсій.

Чаму беларускім уладам удалося займець Верамейчыка, як трэба дзейнічаць у падобных сітуацыях, якія краіны для беларусаў найменш бяспечныя — гэтыя і іншыя тэмы карэспандэнт “Позірку” абмеркаваў з юрыстам юрыдычнай фірмы WKB Lawyers (Польшча), сузаснавальніцай ініцыятывы Partyzanka (інфадапамога для беларусаў і ўкраінцаў, якія вымушана пакінулі радзіму і знаходзяцца ў Польшчы) Ганнай Маціеўскай.

“Трэба было зладзіць экстранны кансіліум па абмеркаванні шляхоў выхаду”

— Зусім нядаўна дэ-факта завяршылася сербская эпапея рэжысёра Андрэя Гнёта, якога вы абаранялі. І вось “прыляцела ў адказ“: В’етнам выдаў Беларусі былога байца палка Каліноўскага Васіля Верамейчыка.

— Магу дакладна сказаць, што ні мяне, ні маю калегу Марыю Колесаву-Гудзіліну да гэтага кейсу не падключалі. Пытанні, чаму гэта здарылася, трэба ставіць у першую чаргу тым людзям, якія гэтым займаліся.

— Менавіта каму?

— Як я разумею, гэтым займаўся офіс Святланы Ціханоўскай. Я наогул даведалася пра гэта з сацыяльных сетак прыкладна ў 17 гадзін 20 лістапада, а ўжо ў 20 гадзін таго ж дня стала вядома, што чалавек знаходзіцца ў Беларусі, прычым ужо досыць даўно. Таму незразумелая храналогія падзей. Офіс 20-га дае каментар, што кантактуе з В’етнамам — спачатку з маці, потым з сябрамі, а высвятляецца, што Васіль ужо тыдзень знаходзіцца ў Беларусі.

— Справа Гнёта таксама была няпростай. Што ў сітуацыі з Верамейчыкам вам здаецца дзіўным?

— Узгадваючы справу Андрэя Гнёта, магу адзначыць, што нам “прылятала” пастаянна: навошта столькі эмоцый, навошта столькі ўвагі… Але наша каманда акрамя руцінных юрыдычных мерапрыемстваў рабіла ўсё, каб гэтая тэма знаходзілася на парадку дня, каб яна была на слыху. Вынік вядомы: Андрэй пакінуў Сербію. Таму ў мяне пытанне: ці былі зробленыя ўсе неабходныя крокі, каб паўплываць на рашэнне в’етнамскіх уладаў і пазбегнуць экстрадыцыі альбо дэпартацыі? Падазраю, што менавіта другі механізм быў задзейнічаны (інтэрв’ю адбылося да таго, як стала вядома, што пра дэпартацыю Верамейчык паспеў паведаміць жонцы. — “Позірк”.).

У мяне складваецца ўражанне, што справа Гнёта магла б завяршыцца аналагічна, калі б мы з Марыяй Колесавай-Гудзілінай не казалі публічна пра яе, не прыцягвалі б да яе ўвагу.

Ну і трэба разумець, што любая справа аб экстрадыцыі або дэпартацыі вельмі спецыфічная. Могуць быць любыя сцэнары: што праходзіць у адной краіне, зусім не абавязкова пройдзе ў іншай. Таму ў любым выпадку трэба дзейнічаць хутка, падключаць усе сілы, задзейнічаць усе магчымасці. Асабліва калі няма інфармацыі, гэта дэпартацыя або экстрадыцыя. Бо калі гаворка ідзе аб экстрадыцыі, часу на дзеянні ў адказ звычайна трохі больш.

На дадзены момант я не ведаю, што датычна кейса Верамейчыка рабілася палітыкамі.

— Афіцыйны Ханой сябруе з рэжымам Лукашэнкі. Ці варта беларусам, абвінавачаным у “экстрэмізме”, ляцець у В’етнам?

— Ніхто не спрачаецца, што В’етнам — няпростая краіна. Мне здаецца, што, як толькі з’явілася інфармацыя пра магчымую выдачу беларуса, трэба было зладзіць экстранны кансіліум па абмеркаванні шляхоў выхаду.

Вось цяпер пішуць, што не маглі знайсці адваката. Але ніхто, да прыкладу, ні да мяне, ні да Марыі Колесавай-Гудзілінай не звяртаўся. Хоць мы і працуем у міжнародным полі і ў нас ёсць кантакты ў тым ліку в’етнамскіх адвакатаў.

Бяспечных краін для беларусаў становіцца ўсё менш. Таму сёння важна выцягнуць вонкі ўсё, што не было зроблена, для недапушчэння выдачы беларусаў рэжыму.

“Вайскоўцы з баявым досведам — вельмі неабароненая група”

— Байцы ПКК, мяркуючы па ўсім, знаходзяцца ў вельмі ўразлівым становішчы, асабліва пасля таго, як перастаюць ваяваць.

— Пра гэта яны гавораць на ўсіх пляцоўках. У іх праблемы з легалізацыяй у той жа Польшчы. Часцяком гэта людзі з паламанай псіхікай, якія не могуць адразу працаўладкавацца…

Ды і наогул гэта людзі ваенныя з баявым досведам. І асцярогі краін, дзе яны спрабуюць легалізавацца, цалкам зразумелыя: раптам яны паспрабуюць свой досвед выкарыстаць супраць іх. Таму так, гэта вельмі неабароненая група, і кейс Верамейчыка — таму пацверджанне. Калі б не было рашэння Літвы [аб прызнанні Верамейчыка пагрозай нацыянальнай бяспецы], не было б, магчыма, і гэтай паездкі ў В’етнам. Калі б не было фатальнай памылкі пры спробе падачы заявы на абарону ў Польшчы — хутчэй за ўсё таксама не было б гаворкі пра В’етнам.

У мяне ёсць таксама пытанні з нагоды рэкамендацыі пакінуць Літву і выехаць у Грузію — кожны выезд за межы ЕС спалучаны з рызыкай нядопуску назад.

Таму такія рэкамендацыі вельмі рэдкія і павінны мець сур’ёзнае абгрунтаванне. Выезд з Літвы ў Польшчу наземным транспартам — звычайна значна больш бяспечны варыянт, а ў сувязі са статусам “пагроза нацыянальнай бяспецы” патрабуе кваліфікаванай дапамогі. Дарэчы, такую дапамогу можна бясплатна атрымаць у нас.

“Краіны, пазначаныя жоўтым, чалавек павінен бачыць у чырвоным”

— Што можна параіць беларусам, якія вымушана пакінулі радзіму і сёння падарожнічаюць па свеце?

— Неабходна перад кожным выездам не проста зайсці на сайт pashpart.org і паглядзець, з якім значком краіна вашага візіту — чырвоным, жоўтым або зялёным, але і пацікавіцца, ці не змяніўся ў краіне палітычны клімат. А яшчэ лепш пракансультавацца з юрыстамі, таму што могуць быць розныя нюансы.

На апошняй канферэнцыі АБСЕ мяне вельмі моцна ўразіла сітуацыя ў Венгрыі, дзе пад асаблівым прыцэлам знаходзяцца незалежныя медыя. Таму, умоўна, абараняць беларускага журналіста, якога па спісе афіцыйнага Мінска затрымалі ў гэтай краіне, будзе няпроста.

Ёсць таксама краіны, якія пазначаныя жоўтым, але, на маю думку, чалавек павінен іх бачыць у чырвоным, таму што колер на сайце не гарантуе яму свабоду ў рэальнасці.

Я разумею, што людзям хочацца простых рашэнняў — паглядзеў на колер і паляцеў. Але трэба разумець: калі чалавек знаходзіцца ў базе вышуку Беларусі ці Расіі, ён можа быць затрыманы ў небяспечных краінах.

— Як яшчэ мінімізаваць рызыкі?

— Базавы алгарытм — індывідуальная кансультацыя з юрыстам, які займаецца такімі пытаннямі. Перад паездкай зрабіце прэвентыўны запыт у Інтэрпол. Падчас паездак не размяшчайце ў сацыяльных сетках фота- і відэаматэрыялы з вашай геалакацыяй ў небяспечных краінах. Калі хочаце паказаць сваім сябрам прыгожыя фота, зрабіце гэта пасля вяртання, калі будзеце ў бяспецы.

— Акрамя Венгрыі ці ўсе краіны Еўрасаюза сёння бяспечныя для наведвання?

— Венгрыю і Славакію я не раіла б наведваць. Ёсць пытанні па Балгарыі — гэта, напрыклад, кейс Андрэя Сарома (дызайнер і мастак, прадстаўнік ЛГБТ-супольнасці, у 2014 годзе заключыў шлюб у Даніі з расійскім журналістам Аляксеем Бачынскім; у Балгарыі абодва з 2022 года, Бачынскі атрымаў прытулак, Сарому адмоўлена. — “Позірк”.).

Але трэба разумець, што экстрадыцыйныя працэдуры ў Еўропе працуюць так, што вас могуць арыштаваць і ў Польшчы, і ў Літве. І дзеянні ўладаў гэтых краін будуць абсалютна легітымнымі, таму што краіна, якая атрымала запыт, павінна яго праверыць. Таму яшчэ адна рэкамендацыя: няхай вашы блізкія ведаюць, дзе вы знаходзіцеся. Крыху інакш выглядае перспектыва дэпартацыі, якая, хутчэй за ўсё, і была ўжытая ў кейсе Верамейчыка. Тут вельмі важна дзейнічаць хутка, бо рашэнні могуць быць неадкладна выкананыя, у прамым сэнсе кожная хвіліна пад лік.

Гл. таксама:

Каардынацыйная рада прапанавала абмяняць Верамейчыка на беларускіх грамадзян, асуджаных у Літве і Украіне за шпіянаж

Падзяліцца: