Паводле звестак, якія прыводзіў вядомы беларускі гісторык, літаратуразнаўца, пісьменнік і журналіст Адам Мальдзіс (1932-2022), Беларусь войнаў і іншых катаклізмаў страціла да 99% сваіх культурных каштоўнасцяў і 95% кніжных фондаў. Лічбы страт узгадвалі падчас адкрытай дыскусіі “Ці трэба збіраць беларускія культурныя каштоўнасці за мяжой?”, якую зладзіла ў Варшаве майстэрня думак “Наша візія”.
Нагодай для дыскусіі стала навіна пра тое, што сёлета ў кастрычніку ў межах працы па вяртанні беларускіх каштоўнасцяў ініцыятыва Maldzis выкупіла Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 года (Трэці Статут) у выданні 1648 года, надрукаваны ў Вільні ў 1693 годзе на польскай мове.
У дыскусіі ўзялі ўдзел кіраўнік праекта Maldzis, старэйшы даследчык Цэнтра новых ідэй Павел Мацукевіч, кіраўнік Беларускай рады культуры Сяргей Будкін і гісторык, журналіст, былы дырэктар Музея гісторыі Магілёва Аляксей Бацюкоў.
Статут ВКЛ чакае ў сейфе
Паводле слоў Паўла Мацукевіча, вяртанне беларусам аднаго з выданняў Трэцяга Статута ВКЛ — гэта гісторыя, якая натхняе не столькі тым, што ўдалося знайсці такі дакумент, бо ў свеце ёсць шмат страчаных беларускіх культурных каштоўнасцей, колькі тым, што знайшліся людзі, якія адгукнуліся і дапамаглі рэалізацыі праекта.
Адным з напрамкаў дзейнасці праекта Maldzis спікер назваў вяртанне гістарычных каштоўнасцяў беларусам, у тым ліку праз іх выкуп на розных спецыялізаваных аукцыёнах. Іншым з’яўляецца папулярызацыя беларускай спадчыны: створана і дапаўняецца так званая мапа беларускіх каштоўнасцяў, перш за ўсё ў заходніх краінах, а таксама мапа замежных слядоў у гісторыі Беларусі. “Мы рыхтуем артыкулы, прысвечаныя беларускім слядам у замежжы, у нас існуе ютуб-серыял “Гэта топ!”, у рамках якога выйшла ўжо шмат серый”, — адзначыў Мацукевіч.
Адказваючы на пытанне мадэратара дыскусіі аб месцы захавання набытага Статута ВКЛ, спікер зазначыў, што ён пакуль “знаходзіцца ў сейфе”, што было адным з пажаданнем ахвярадаўцаў, якімі сталі чатыры беларусы-бізнэсоўцы. Адначасова яны згадзіліся на ўмову прадстаўнікоў Maldzis, што экспанат будзе ў выніку накіраваны ў Беларусь.
На радзіме дэфіцыт старажытнасцяў
У гэтым кантэксце Мацукевіч падкрэсліў, што вяртанне той ці іншай каштоўнасці менавіта ў Беларусь заўсёды з’яўляецца ўмовай, з якой Maldzis ідзе да ахвярадаўцаў, якія пагаджаюцца ўкласці грошы ў набыццё таго ці іншага экспанату, пры гэтым зусім неабавязкова гаворка ідзе пра “вольную Беларусь”.
“У нас няма мэты ствараць тут нейкую калекцыю, мы шукаем рэчы, каб вяртаць іх у Беларусь. Але калі гэта будзе немагчыма праз зразумелыя прычыны, то не выключана, што з часам праект Maldzis прыйдзе да неабходнасці стварэння нейкай часовай экспазіцыі”, — распавёў кіраўнік праекта. “Але мы таксама падтрымліваем стварэнне калекцый тут: ёсць прыклад так званага “архіва-музея”, які стварае ў Варшаве вядомы мовазнаўца і навукоўца Віктар Корбут і якому Maldzis дапамог набыць некалькі беларускіх артэфактаў”, — паведаміў Мацукевіч.
“Але гэтыя каштоўнасці патрэбныя Беларусі, там іх дэфіцыт. Калі весці размову пра Статут ВКЛ, то ў Кракаве ёсць нават яго рукапісны экзэмпляр”, — адзначыў ён.
Паводле слоў Мацукевіча, Беларусь пакутуе праз тое, што каштоўнасці згубленыя, практычна ўсе яны знаходзяцца за мяжой. “Тэхнічна няма праблемы перадаць нешта ў Беларусь. Ёсць пэўныя перасцярогі ў сэнсе бяспекі людзей, якія будуць займацца гэтым. Цікава нават, што, калі мы абвясцілі пра выкуп Статута і пра планы перадаць яго ў Навагрудак, у мясцовы краязнаўчы музей, нам напісалі з іншага беларускага музея і прапанавалі перадаць Статут ім, бо ў іх большая колькасць наведвальнікаў і гэтак далей”, — падзяліўся Мацукевіч.
Ён адзначыў, што ў Maldzis ёсць пэўны ліст беларускіх артэфактаў за мяжой, які праект хацеў бы атрымаць. Пры гэтым спікер падкрэсліў, што вельмі часта музеі ў Беларусі ведаюць месцазнаходжанне тых ці іншых артэфактаў, якія яны хацелі б вярнуць. “У іх няма сродкаў для гэтага, але інфармацыю яны маюць”, — сказаў ён, выказаўшы шкадаванне з нагоды таго, што ў Maldzis пакуль не наладжаны трывалыя сувязі з такімі ўстановамі.
Бліжэйшым часам Maldzis плануе прэзентаваць набыты ім Статут ВКЛ, каб “натхніць людзей на іншыя здабыткі”.
Ці чакаць “адпаведнай сітуацыі”
Аляксей Бацюкоў, адказваючы на пытанне мадэратара, што можна зараз рабіць беларусам замежжа з экспанатамі падобнага кшталту, адзначыў, што ў ідэале павінен існаваць нейкі нацыянальны музей ці архіў. У сучасных умовах даводзіцца казаць пра тое, што такія ўстановы могуць існаваць толькі за мяжой, таму выступоўца прапанаваў ствараць іх, напрыклад, на базе беларускіх устаноў, што ўжо функцыянуюць. Да прыкладу ён назваў Беларускую бібліятэку і музей імя Францішка Скарыны ў Лондане, Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча, Музей вольнай Беларусі ў Варшаве.
Паводле інфармацыі Бацюкова, прыкладна месяц таму на адным з аукцыёнаў у Варшаве прадаваўся прадмет, які ўмоўна можна назваць “поясам слуцкага тыпу”. Таксама праводзяцца штомесячныя аукцыёны, на якіх прадаюцца артэфакты, звязаныя адначасова з беларускай і польскай гісторыяй, напрыклад арыгіналы дакументаў XVI-XVII стагоддзяў, якіх у Польшчы ў прыватных руках вельмі шмат. Нядаўна на адным з аукцыёнаў за “шалёныя грошы” быў прададзены Статут ВКЛ 1744 года выдання. Дакладней, за 18,5 тыс. еўра, у дзевяць разоў даражэй за ацэначны кошт (estimated price), чаму паспрыяла ў тым ліку ўвага з боку беларускіх СМІ, адзначыў Бацюкоў.
Пры гэтым падчас згаданага аукцыёна “беларусы перабівалі беларусаў”, і магчыма, у выніку дакумент набыў беларускі пакупнік, дапоўніў Сяргей Будкін.
Кіраўнік Беларускай рады культуры таксама адзначыў, што ў супольнасці мецэнатаў, якія гатовыя ўкладацца ў набыццё адпаведных экспанатаў, ставяць пытанне пра іх далейшы лёс. Разглядаюцца розныя варыянты: часовае захоўванне ў прыватных калекцыях, польскіх ці замежных беларускіх музеях і г.д. з далейшай перадачай у Беларусь, калі там будзе “адпаведная сітуацыя”.