Мінск 00:38

Вынікі-2024. Кіраўнік фонду By_Help: На нас пачалося паўнавартаснае паляванне

Аглядальнік "Позірку"

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 4 студзеня 2025 года ў 11:11

Аляксей Лявончык
Фота: сацсеткі Аляксея Лявончыка

Нягледзячы на тое, што летась улады пачалі выпускаць палітвязняў, рэпрэсіі ў краіне не спыняюцца. Праваабаронцы штодня паведамляюць пра новыя затрыманні, суды і прыгаворы, якія маюць палітычны падтэкст.

Грамадства працягвае адказваць салідарнасцю з вязнямі, хоць у сучаснай Беларусі гэта пагражае калоніяй — прызначэнне тэрмінаў за ахвяраванні суддзі паставілі на паток, прыраўноўваючы іх да “фінансавання экстрэмісцкай дзейнасці”.

Важную ролю ў дапамозе пацярпелым маюць фонды, адным з якіх з’яўляецца By_Help.

Пра змены ў працы, новыя выклікі і планы на новы год “Позірк” пагаварыў з заснавальнікам і кіраўніком фонду Аляксеем Лявончыкам.

1 млн еўра ў год на рэабілітацыю былых палітвязняў

Падсумоўваючы вынікі 2023 года, вы сказалі: “Галоўнае, мы захавалі каманду, засталіся ўнутры краіны. Захаваная сетка ў Беларусі, нікога не арыштавалі, нашыя магчымасці для дастаўкі сродкаў павялічыліся”. Ці можна сказаць тое ж самае па выніках 2024-га з улікам некалькіх нападаў на By_Help і вашых калег?

— Ціск на нас не спыняўся ніколі, і мінулы год не стаў выключэннем. Аднак, нягледзячы на атакі з боку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, мы працуем па ўсіх заяўленых напрамках.

Працягваем рэабілітацыю былых палітвязняў. Гэты кірунак сярод прыярытэтаў і ў новым годзе.

Ёсць задумка павялічыць колькасць відаў дапамогі. У прыватнасці, надаваць вочную псіхалагічную падтрымку. Некаторыя нашы калегі праводзяць анлайн-кансультацыі, але мне здаецца, што неабходна пераходзіць да вочнага фармату.

У тэст-рэжыме мы пачалі прапанаваць псіхалагічную падтрымку беларускім добраахвотнікам, якія ваявалі ва Украіне. У 2025 годзе плануем ёй надаць больш увагі, стварыць поўнафарматную сістэму.

— Летась, паводле вашых слоў, у праграме рэабілітацыі былых палітвязняў удзельнічала каля 200 чалавек. Якая лічба зараз?

— За апошнія два гады была праведзена рэабілітацыя больш за 400 чалавек. У новым годзе разам з партнёрамі збіраемся ахапіць 200-250 чалавек. Мы заўсёды каардынуем працу, каб не дубляваць дапамогу.

Гэты кірунак у нас развіваўся, як і раней. Спадзяюся, і ў 2025-м усе планы ажыццявяцца. Плануем дапамагаць у рэабілітацыі былых палітвязняў, якія знаходзяцца не толькі ў Літве ці Польшчы, але і ў некаторых іншых краінах Еўрасаюза.

— Яшчэ адна ваша цытата: “Калі Лукашэнка не здохне, то год будзе горшы, бо попыт [на нашу працу] будзе павялічвацца, людзей працягнуць саджаць і мы будзем прыкладаць больш намаганняў, каб нашу каманду не пасадзілі”. Прагноз, трэба меркаваць, цалкам спраўдзіўся?

— На жаль, я меў рацыю. Стала горш. Даводзіцца прымаць больш захадаў бяспекі, таму што на нас пачалося паўнавартаснае паляванне.

— Вы казалі, што ў 2023-м сума дапамогі, выдаткаванай на рэабілітацыю, прытулак, інтэграцыю, была сямізначнай. Ці ўдалося захаваць такія аб’ёмы?

— У 2024 годзе лічба таксама сямізначная. Толькі на рэабілітацыю мы выдаткавалі за два гады 2 млн еўра.

“Гранты на вырашэнне гуманітарных пытанняў мала хто выдаткоўвае

— Арганізацыі, у прыватнасці СМІ, апошнім часам сутыкаюцца з недахопам грошай. Як ідуць справы ў вашым сектары?

— Гуманітарная сфера настолькі спецыфічная, што гранты на развязанне пытанняў выдаткоўвае мала хто.

У сваёй працы мы ніколі не спадзяваліся толькі на гранты. Мы арыентаваліся на зборы на розных пляцоўках, у тым ліку на платформе BySol, якая таксама стала істотным інструментам надання дапамогі. У прыватнасці, на ўсе гэтыя пляцоўкі можна было накіраваць “нефарматныя” выпадкі, гэта значыць тыя, дзе мы не ў стане дапамагчы.

Да прыкладу, чалавек сур’ёзна пацярпеў, але не прызнаны палітвязнем, таму што паспеў выехаць з краіны. Ці ў бацькоў такіх людзей узніклі сур’ёзныя праблемы. Падкрэслю: справа не ў тым, што мы не хочам яму дапамагчы, проста гэта не мандат By_Help.

Так было з маці праваабаронцы Ірыны Траццяковай, якой патрабавалася тэрміновая аперацыя на сэрцы. Каб атрымаць адпаведную медыцынскую дапамогу, у Беларусі трэба было доўга чакаць чаргі. Мы падтрымалі гэты зварот, таму што маці Ірыны пацярпела праз яе дзейнасць у Беларусі, патрапіўшы пад маральны прэс. У выніку сума была сабраная, аперацыя прайшла ў Германіі.

Так, грошай стала менш. Але каманда By_Help настолькі кампактная, што мне ўдаецца знаходзіць сродкі на яе працу. Калегі скардзіліся, што грошай на дзейнасць каманд сапраўды не хапае.

— Колькі цяпер чалавек у камандзе By_Help?

— Па ўсіх напрамках у нас працуе 11 чалавек. Гэта людзі, якія знаходзяцца за мяжой. Зразумела, я не буду распавядаць, колькі нашых працуе ў Беларусі.

— У жніўні 2023 года ў інтэрв’ю нам, адказваючы на пытанне аб маштабах нададзенай дапамогі, вы прывялі такія лічбы: агульная сума каля 5 млн еўра, выплаты атрымала прыблізна 18 тыс. чалавек, з іх за траўмы — прыкладна 1,5 тыс. Астатнія сродкі пайшлі на штрафы і адвакатаў. Якія лічбы актуальныя цяпер?

— Агульная сума складае 5,5 млн еўра. Лічба тых, хто атрымаў траўмы, не змянілася, таму што першапачаткова па выплаты звярталіся тыя, хто пацярпеў непасрэдна ў 2020 годзе. Колькасць заявак каля 19 тыс., гэта значыць за год дадалася прыкладна 1 тыс. — палова з іх была звязаная з аплатай альбо штрафаў, альбо адвакатаў.

“Пры Лукашэнку ніякай адлігі не будзе”

— Працэс, які ўлады называюць “выбарамі прэзідэнта”, неяк паўплываў на працу?

— З абвяшчэннем “выбараў” рэпрэсій стала больш. Такім чынам, павялічылася нагрузка на нас і партнёраў. Той жа рост збораў паказвае, наколькі павялічылася гэтая хваля.

— Ёсць людзі, як унутры краіны, так і за мяжой, якія сцвярджаюць, што “не трэба злаваць дзеда”, хай перапрызначыцца, і тады палітвязняў пачкамі будуць выпускаць.

— “Дзед” выпускае не таму, што нехта яго злуе. Ён робіць гэта, каб прыцягнуць да сябе ўвагу. У маім разуменні гэта такі сігнал Захаду, што, маўляў, ён гатовы да перамоваў. І ёсць людзі, якія лічаць, што варта рэагаваць на гэтыя сігналы і ісці яму насустрач.

Аднак не варта забываць, што колькасць палітвязняў рэгулярна расце, што толькі сведчыць пра адно: рэпрэсіі не спыняюцца. У гэтую “гульню” можна гуляць бясконца: адных выпускаць, а на іх месца саджаць іншых.

Безумоўна, добра, што людзі выходзяць на волю, але дрэнна, што за кратамі аказваюцца новыя. Тут пытанне трэба ставіць не пра тое, варта ці не злаваць “дзеда”. Мэта павінна быць наступнай: рабіць усё для таго, каб “дзед” перастаў саджаць. Бо менавіта з яго падачы ўсе гэтыя людзі апынуліся ў няволі. Для яго яны тавар, які на таргах можна прапанаваць Захаду.

— Што чакаеце ад 2025 года?

— Цяжка нешта прадказваць. Але, думаю, пры Лукашэнку ніякай адлігі ў Беларусі не будзе.

Не выключана, што людзей, якіх выпусцілі ці збіраюцца выпускаць, пагражаючы паўторнай пасадкай, улада будзе выкарыстоўваць для пошуку каналаў дапамогі, якую мы завозім у Беларусь.

Не думаю, што гэтыя кропкавыя “акты міласэрнасці”, як прапаганда называе памілаванне палітвязняў, паўплываюць на Захад пазітыўна для Мінска. Наўрад ці з ім хтосьці пойдзе на перамовы, таму што няма падставы для іх — кардынальна ў Беларусі нічога не змянілася. Баюся, будзе яшчэ горш.

Падзяліцца: