Прагноз-2025 ад Паўла Латушкі: пазбаўленне ад памылковых надзей, санкцыйны ціск на рэжым, раздражненне Крамля
Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, член Каардынацыйнай рады, надзвычайны і паўнамоцны амбасадар — спецыяльна для “Позірку“
У першай частцы свайго артыкула для “Позірку” Павел Латушка падсумаваў вынікі 2024 года. Сёння— пра планы і прагнозы на год, што наступіў.
Рэжым не вернецца ў 2019 год
На мой погляд, неабходна прагматычна глядзець на рэчы і пазбавіцца ілюзій, што рэжым Лукашэнкі здольны нас вярнуць у давыбарны 2019 год. Я не веру, што ён вызваліць усіх палітвязняў: у яго сур’ёзная псіхалагічная траўма, якую ён атрымаў у 2020 годзе, калі большасць беларусаў сказала яму “не”. І сацыялогія яму даказвае, што думка народа не змянілася. Таму ён не спыняе рэпрэсіі. У яго страх, але гэта не значыць, што мы не павінны змагацца за лёсы палітвязняў. Ён не адновіць апазіцыйныя партыі, 11 з якіх ліквідаваў. Ён не адновіць незалежныя СМІ, якія таксама цалкам ліквідаваў на тэрыторыі Беларусі. І ён не адновіць 1.700 няўрадавых арганізацый, якія ліквідаваў за апошнія гады. Ён не рэабілітуе сотні тысяч незаконна рэпрэсаваных беларусаў, не верне канфіскаваную ўласнасць. Гэта не рэалістычная гісторыя.
Ці можа рэжым пайсці на касметычныя змены? Можа, але толькі пад ціскам, разумеючы, што кошт таго прэсінгу і наступствы таго прэсінгу, які здзяйсняецца на яго, перавышаюць ахоўную рэакцыю ўнутры краіны. Гэта даказвала практыка. У дачыненні да Лукашэнкі такія дзеянні ўжываліся пяць разоў. Санкцыі ўплывалі, і ён вызваляў палітычных зняволеных, хай касметычна, але мяняў палітыку. Цяпер сітуацыя значна больш складаная. Вайна ва Украіне, міграцыйная вайна, захоп самалёта, дзясяткі тысяч крымінальных спраў, тысячы палітычных зняволеных, пазбаўленне ўласнасці, завочныя прысуды. Вялікая колькасць учыненых злачынстваў супраць чалавечнасці. Забітыя, закатаваныя ў турмах. І тут узнікае пытанне: ці мы гатовыя пагадзіцца з тым, што гэта даруем і рухаемся далей? Ці гатовыя забыцца на забітых і закатаваных? Я — не. Наша каманда — не. Наша кааліцыя ў Каардынацыйнай радзе — таксама не. Мы лічым, што толькі палітычная ліквідацыя рэжыму Лукашэнкі створыць умовы дэмакратычных зменаў у нашай краіне.
Трэба таксама разумець, што любы ўмоўны крок дыктатара ў бок Еўропы заўсёды будзе выклікаць раздражненне і негатыўную рэакцыю ў Маскве. Лукашэнка сам, менавіта ён, а не нехта іншы, стварыў максімальную за ўсю гісторыю свайго існавання залежнасць ад Расіі. Любыя спробы ўмоўнай нармалізацыі стасункаў з Захадам будуць сутыкацца з незадаволенасцю Крамля. Ён ужо публічна апраўдваўся за вызваленне палітычных зняволеных. Гэтым незадаволены яго гаспадар. І гэта будзе і надалей здзяйсняць стрымліваючы ўплыў на ўнутрыпалітычныя змены ў Беларусі. Ці мы можам сабе ўявіць больш ліберальную Беларусь, чым Расію? Расію, якая ідзе такім жа шляхам, да такога ж рэжыму, які стварыў Лукашэнка.
Непрызнанне “выбараў”, прыцягненне Лукашэнкі да адказнасці
Нашы галоўныя задачы на найбліжэйшыя месяцы ў 2025 годзе:
— Дамагацца непрызнання таго фарсу, які Лукашэнка арганізуе ў Беларусі пад выглядам выбараў. Не дазволіць Лукашэнку аднавіць сваю міжнародную суб’ектнасць.
— Прыцягненне да адказнасці Лукашэнкі і ягоных саўдзельнікаў, уключаючы выдачу ордэраў на арышт у рамках як міжнароднага права, так і заканадаўства канкрэтных краін, што ўжо прадэманстравалі ў рамках нацыянальнага права Польшча, выдаўшы тры ордары на арышт асоб, якія падазраюцца ў захопе грамадзянскага самалёта Ryanair, і Літва, перадаўшы беларускую сітуацыю ў Міжнародны крымінальны суд. Выдача ордара на арышт Лукашэнкі— гэта таксама частка стратэгіі абнулення суб’ектнасці дыктатара і аснова хай не заўтра, але ў будучыні для расколу элітаў.
— Гарантаваць улік пазіцыі дэмакратычнай Беларусі ў выпадку правядзення перамоў аб Украіне, адначасова не дапусціўшы ўдзелу ў іх Лукашэнкі.
Гэта тры задачы, якія хацеў бы цяпер пазначыць, але іх больш, хоць мы абмежаваныя як арганізацыйнымі і чалавечымі рэсурсамі, так і часам воляй нашых партнёраў.
У ходзе бліжэйшага пасяджэння ПАСЕ (27-31 студзеня) важна дамагчыся рашэння аб непрызнанні так званых выбараў. Таксама будзем лабіяваць падтрымку ПАСЕ па прыцягненні Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць беларускага народа і па садзейнічанні вызваленню палітычных зняволеных.
Ці будзе выдадзены ордар на арышт Лукашэнкі? Я не празорлівец, і няправільна было б гадаць. Мы ведаем алгарытм дзеянняў. Цяпер наша задача — пакласці на стол пракурору Міжнароднага крымінальнага суда максімальную колькасць сведчанняў, доказаў учыненых злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа. Над гэтым працуе НАУ, працуюць вельмі многія арганізацыі. Гэта аб’ёмная задача. У нас, напрыклад, на гэтым напрамку задзейнічана група з сямі юрыстаў і супрацоўнікаў НАУ. Гэта трэба зрабіць у бліжэйшы месяц-два. Пасля гэтага пракурор можа прыняць рашэнне аб пачатку расследавання, а затым ужо можа быць накіраваны запыт у Палату папярэдняга вытворчасці № 1 МУС аб выдачы ордэра на арышт. Гэты алгарытм, гэтую стратэгію трэба прайсці. Вядома, важна, каб як мага больш краін падтрымала зварот Літвы. Пакуль мы бачым толькі палітычную падтрымку. І тут пытанне лабізму не сыходзіць з парадку дня. Важнай ёсць роля ўсіх дэмакратычных інстытутаў, нашай дыяспары, грамадзянскіх і іншых дэмакратычных ініцыятыў у працы з нашымі саюзнікамі. Перакананы, што дэмакратыя пераможа ў Беларусі толькі тады, калі наступіць адказнасць.