Мінск 16:04

“А цяпер чаго баяцца?”, або Чаму зігануў Лукашэнка

Аглядальнік "Позірку"

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 8 лютага 2025 года ў 15:59

Аляксандр Лукашэнка, які ўскінуў руку ў нацысцкім прывітанні
Стоп-кадр відэазапісу прэс-канферэнцыі "Позірк"

Неадэкватныя дзеянні Аляксандра Лукашэнкі, калі на прэс-канферэнцыі 26 студзеня ён, пераймаючы амерыканскага мільярдэра Ілона Маска, ускінуў руку ў нацысцкім прывітанні (сярод простага народа — “зігануў“), выклікалі неадназначную рэакцыю.

І калі афіцыйная прапаганда засяродзілася выключна на словах прамоўцы, які, як заўсёды, крытыкаваў усіх і ўся, у тым ліку Маска, то апаненты рэжыму надалі ўвагу не словам, а ўчынкам.

Вядомы блогер, сябра Каардынацыйнай рады ад блока Пракоп’ева — Ягорава Аляксандр Кныровіч у эфіры “Еўрарадыё“ заявіў, што гэты жэст — “не выпадковасць, гэта ўнутранае стаўленне, якое Лукашэнка стрымлівае ў сабе“.

І агулам, лічыць спікер, нягледзячы на антыфашысцкую рыторыку, Лукашэнку можна назваць “латэнтным нацыстам”.

Сваё меркаванне Кныровіч патлумачыў выказваннямі “ранняга Лукашэнкі”, калі ён хваліў Адольфа Гітлера і нацысцкую Германію.

Даведка “Позірку“:

У 1995 годзе ў інтэрв’ю нямецкай газеце Handelsblatt Лукашэнка, тлумачачы неабходнасць пабудовы ў Беларусі суперпрэзідэнцкай рэспублікі, прывёў прыклад з мінулага: “У свой час Германія была паднятая з руін дзякуючы вельмі жорсткай уладзе. Не ўсё толькі дрэннае было звязана ў Германіі з вядомым Адольфам Гітлерам“.

Паводле яго слоў, нямецкі парадак фармаваўся стагоддзямі, а пры фюрэры гэта фарміраванне “дасягнула найвышэйшай кропкі“. “Гэта тое, што адпавядае нашаму разуменню прэзідэнцкай рэспублікі і ролі ў ёй прэзідэнта… Германія паднялася дзякуючы моцнай уладзе, дзякуючы таму, што ўся нацыя здолела кансалідавацца і аб’яднацца вакол моцнага“, — заявіў Лукашэнка. Пасля ён назваў свае ўласныя словы “фальсіфікацыяй, фальшыўкай самай сапраўднай, сфабрыкаванай у Польшчы”.

“Лукашэнка не разумее, што такое нямецкі нацызм“

“Тое інтэрв’ю выйшла скандальным“, — нагадаў у каментары “Позірку” гісторык і палітычны аналітык Аляксандр Фрыдман, які пражывае ў Германіі.

“Лепш за ўсё прыроду паводзін Лукашэнкі, тых ягоных слоў пра Гітлера патлумачыў Аляксандр Фядута (у 1994 годзе член перадвыбарчага штаба Лукашэнкі, пасля ягонай перамогі — начальнік галоўнага ўпраўлення грамадска-палітычнай інфармацыі Адміністрацыі прэзідэнта, у 1995-м звольнены, цяпер палітвязень. — “Позірк”.). Гэта значыць, у галаве Лукашэнкі сядзеў міф, вядомы яму яшчэ ў бытнасць працы лектарам таварыства “Веды”, пра тое, што ўсе жыхары ФРГ (а газета Handelsblatt менавіта заходнегерманская) нацыстамі захапляюцца. Гэта, вядома, трызненне, але такія наратывы прысутнічалі ў савецкай прапагандзе. І ён, як мяркуе Фядута, хацеў зрабіць прыемнае журналісту. Мне здаецца, гэта адпавядае рэчаіснасці”, — кажа Фрыдман.

Зігаванне 26 студзеня экспэрт тлумачыць тым, што Лукашэнка сёння дазваляе сабе ўсё што хоча: “Гэта раней прапаганда спрабавала “сцерці з памяці“ ягоныя выказванні, зрабіць выгляд, што такога ніколі не было. А цяпер чаго баяцца? Захацелася паэпатаваць — калі ласка. Напэўна, ён лічыць, што гэта дасціпна”.

“Мне здаецца, у Лукашэнкі няма глыбокага разумення нямецкага нацызму. Усё яго ўяўленне пра гэта заснавана на савецкіх фільмах і, можа быць, кніжак, якія ён чытаў. Ён не разумее ні ідэалогію, ні прычынна-выніковыя сувязі ўзнікнення, ні саму эстэтыку нацызму“, — лічыць Фрыдман.

На яго думку, асноўная праблема Лукашэнкі заключаецца ў адсутнасці ідэалогіі: “Калі мы возьмем нацызм Гітлера ці фашызм Мусаліні, то ў іх была ідэалогія. Зараз на Захадзе ідзе дыскусія, што цяперашні пуцінізм — гэта рускі фашызм. У Лукашэнкі ж ёсць толькі абсалютнае імкненне да ўтрымання ўлады, а з ідэалагічнага пункту гледжання сёння — пустышка“.

Лукашэнка, лічыць гісторык, — гэта набор часта пафасных элементаў, якія ён запазычыў у розных кантэкстах. “Гэта і савецкая прапаганда, якую па працы ўбіраў, як губка, і яго стасункі ў 1990-я з ультраправымі расійскімі рэваншыстамі тыпу філосафа Аляксандра Дугіна і пісьменніка Аляксандра Праханава, і цяперашняе расійскае тэлебачанне, якое ён глядзіць“.

“Калі б хто-небудзь з нямецкіх палітыкаў дазволіў сабе падобны жэст, падняўся б велізарны скандал. Хутчэй за ўсё, кар’ера такога палітыка была б завершаная“, — лічыць Фрыдман.

Безумоўна, у Германіі ёсць ультраправыя палітычныя арганізацыі. Аднак, як падкрэсліў суразмоўца “Позірку“, “сярод сур’ёзных палітыкаў няма адкрытых нацыстаў”. Больш за тое, у краіне пад забаронай нацысцкія жэсты і сімволіка.

“Застаўся лектарам савецкага таварыства “Веды”

У выбудаванай Лукашэнкам Беларусі яму нічога не пагражае. Нават нібыта апазіцыйны кандыдат Ганна Канапацкая заявіла 20 студзеня падчас перадвыбарных дэбатаў, што “як прэзідэнт” першае, што зробіць — забяспечыць “выкананне гарантый для прэзідэнта, які страціў свае паўнамоцтвы, і членаў яго сям’і”. Чаго ж яму баяцца, калі галасы электарату не лічаць з 1996 года?

На згаданай вышэй прэс-канферэнцыі Лукашэнка, як звычайна, не саромеўся ў выказваннях. Гэта толькі на ненавісным яму Захадзе палітыкі вымушаныя сачыць за гаворкай, бо сказанае можа адгукнуцца і не толькі на бліжэйшых выбарах.

Дазволіў сабе Лукашэнка і адкрыта расісцкія выказванні. Разважаючы пра Вялікабрытанію, ён узгадаў экс-прэм’ера краіны Рышы Сунака, які мае пенджабскае паходжанне: “Ужо дастукаліся да таго, што [брытанцамі] ужо нядаўна кіраваў індус… Я, калі сустракаўся з англічанамі, казаў: “Ну вы, англічане, малайцы. Калісьці былі імперыяй, а цяпер вашы падапечныя вамі кіруюць“. Дзіўна? Дзіўна“.

Гамафобія, расізм, антысемітызм сталі неразлучныя з Лукашэнкам, як уяўляецца, менавіта з-за беспакаранасці, хоць адпаведныя артыкулы ў Крымінальным кодэксе знайсці лёгка.

“Тое, што выходзіць з яго — гэта самая што ні на ёсць прымітыўнасць, — лічыць Фрыдман. — Гэта паказвае яго погляд на свет. Вось ён глядзіць на людзей габрэйскага паходжання і кажа пра іх як пра габрэяў — пра таго ж Зяленскага, да прыкладу. Гэта проста гратэскава, улічваючы ўсю яго нібыта антырасісцкую рыторыку, што ён, наадварот, выступае супраць англа-саксонскага імперыялізму. А выходзіць наадварот, што менавіта ён не грэбуе бытавым расізмам“, — дзеліцца назіраннямі Фрыдман.

На ягоную думку, Лукашэнка застаўся лектарам савецкага грамадства “Веды“ — “нахапаўся тады стэрэатыпаў і цяпер іх паўтарае”.

Праз гэта, мяркуе гісторык, Лукашэнка на свет глядзіць вельмі вузка: “Усе трэнды, якія з’явіліся ў свеце за гады знаходжання яго ва ўладзе, прайшлі міма яго. Ён ізаляваў Беларусь і публічна навязваў ёй сваё ўяўленне. Разам з тым гамафобія ўлады таксама носіць выбарчы характар: калі трэба, яна актыўна выкарыстоўваецца ў якасці аднаго з элементаў антызаходняй агітацыі, а калі трэба, на яе “забываюцца“, як гэта было ў перыяд некаторага пацяплення стасункаў з Захадам“.

Знайдзіце 14 адрозненняў

У 2003 годзе брытанскі журналіст і палітолаг Лоўрэнс Брыт, прааналізаваўшы рэжымы Гітлера (Германія), Мусаліні (Італія), Франка (Іспанія), Салазара (Партугалія), Пападопуласа (Грэцыя), Піначэта (Чылі) і Сухарта (Інданезія), вывеў 14 прыкмет, уласцівых фашызму:

1. Магутны і працяглы нацыяналізм-фашысцкія рэжымы пастаянна выкарыстоўваюць нацыяналістычныя лозунгі, дэвізы, сімвалы, песні і г.д. Сцягі можна ўбачыць усюды, як і сімвалы сцяга на вопратцы і ў грамадскіх месцах.

2. Грэбаванне агульнапрызнанымі правамі чалавека — з-за страху перад ворагам і пад маркай забеспячэння бяспекі фашысцкія ўлады пераконваюць, што правы чалавека могуць ігнаравацца ў пэўных выпадках дзеля “неабходнасці”. Людзей прымушаюць “думаць па-іншаму” ці нават ухваляць збіццё, забойствы, працяглае пазбаўленне волі затрыманых і г.д.

3. Выяўленне ворага / адкупленчыя ахвяры як аб’яднальная аснова — народы пры фашысцкіх рэжымах гуртуюцца ў патрыятычным руху ў барацьбе супраць агульнай небяспекі або суперніка: расавых, рэлігійных або нацыянальных меншасцяў, лібералаў, камуністаў, сацыялістаў, тэрарыстаў і г. д.

4. Прывілеяванае становішча узброеных сіл — нават калі ў краіне ёсць шмат вострых унутраных праблем, узброеныя сілы атрымліваюць непрапарцыйна вялікае бюджэтнае фінансаванне, а ўнутраныя праблемы застаюцца нявырашанымі. Прапаганда навязвае прывабны вобраз вайскоўцаў і ваеннай службы.

5. Моцная дыскрымінацыя па прыкмеце палавой прыналежнасці — у фашысцкіх урадах дамінуюць мужчыны. Традыцыйныя гендарныя ролі жорстка замацаваныя. Адмоўнае стаўленне да абортаў і гамафобія.

6. Кантроль над СМІ — яны кантралююцца непасрэдна ўрадам або ўскосна праз спачуваючых журналістаў альбо кіраўнікоў СМІ. Распаўсюджана цэнзура — асабліва ў ваенны час.

7. Маніякальнае захапленне нацыянальнай бяспекай — страх выкарыстоўваецца як матывацыйны інструмент урада для ціску на масы.

8. Перапляценне рэлігіі і ўрада — урады фашысцкіх краін выкарыстоўваюць рэлігію як інструмент кіравання грамадскай думкай. Рэлігійная рыторыка і тэрміналогія выкарыстоўваюцца ўрадавымі лідэрамі, нават калі галоўныя прынцыпы рэлігіі дыяметральна процілеглыя дзеянням ці палітыцы ўрада.

9. Абарона карпарацый — прамысловая і дзелавая арыстакратыя ў фашысцкіх дзяржавах часта з’яўляецца адзінай сілай, якая ставіць лідэраў ва ўладу, ствараючы ўзаемавыгадныя дзелавыя стасункі з уладнай элітай.

10. Прыгнёт прафсаюзаў — паколькі прафсаюзы ўяўляюць адзіную рэальную пагрозу для фашысцкіх урадаў, яны альбо цалкам адсутнічаюць, альбо сур’ёзна ўшчэмленыя ў магчымасцях.

11. Пагарда да інтэлігенцыі і мастацтва — фашысцкія дзяржавы заахвочваюць або памяркоўна ставяцца да праяў адкрытай варожасці да вышэйшай адукацыі і навукоўцаў. Часцяком яны падвяргаюцца пераследам ці нават арышту. Свабода самавыяўлення ў мастацтве церпіць адкрытыя нападкі, і ўрад часта адмаўляецца фінансаваць мастацтва.

12. Дакучлівая ідэя злачынства і пакарання — пры фашысцкіх рэжымах паліцыі даюцца амаль неабмежаваныя паўнамоцтвы. Людзі ў імя патрыятызму ў многіх выпадках аддаюць перавагу не заўважаць паліцэйскіх злоўжыванняў, нават парушэнне сваіх грамадзянскіх свабод. Часта ствараецца нацыянальная паліцыя з неабмежаванай уладай.

13. Неўтаймаванае кумаўство і карупцыя — фашысцкімі рэжымамі амаль заўсёды кіруюць кланы прыяцеляў і партнёраў, якія прызначаюць адзін аднаго на ўрадавыя пасады і выкарыстоўваюць ўладу для абароны членаў свайго клана ад адказнасці. Часцяком ўрадавыя лідары прысвойваюць ці нават наўпрост раскрадаюць дзяржаўныя рэсурсы і казну.

14. Ашуканскія выбары — выбары ў фашысцкіх дзяржавах часта ператвараюцца ў фарс. Нярэдка праводзіцца паклёпніцкая кампанія (ці нават забойствы) кандыдатаў ад апазіцыі, заканадаўства выкарыстоўваецца для маніпулявання колькасцю выбаршчыкаў, межамі акругаў, сродкамі масавай інфармацыі. Фашысцкія рэжымы часта выкарыстоўваюць судовую сістэму для маніпулявання выбарамі.

А цяпер паспрабуйце знайсці 14 адрозненняў беларускага рэжыму.

Замест пасляслоўя

Сёння, 8 лютага, паводле рашэння Генеральнай Асамблеі ААН ад 1964 года, традыцыйна адзначаецца Дзень памяці юнага героя-антыфашыста. Выконваючы разнарадку, 6 лютага беларускія школы правялі тэматычныя мерапрыемствы і выставілі аднатыпныя фотасправаздачы. Пра тое, што дзеці вайны аддалі сваё жыццё ў барацьбе з чалавекам, у сімпатыі да якога праз паўстагоддзя прызнаўся Лукашэнка, школьнікам, натуральна, не сказалі.

Крыніца: сайт сярэдняй школы № 25 Гомеля
Крыніца: сайт Бешанковіцкага райвыканкама

Падзяліцца: