
Вывучэнне замежнай мовы — працэс цікавы з любога боку. Працягваем раскрываць яго разам са школай польскай мовы Polish for Belarus.
Раней “Позірк” паразмаўляў з дырэктарам школы Хэленай Смоляк пра стэрэатыпы пры вывучэнні польскай і пра тое, як гэта — асвойваць замежную мову ў дарослым узросце. А цяпер адзін са студэнтаў распавёў “Позірку”, як даведаўся пра школу і чаму ўжо трэці год працягвае навучанне там. А яшчэ — пра няёмкія моманты, якія цяпер успамінаюцца з усмешкай.
“Давалі гарбату, але хацеў сертыфікат”
— Увесну 2022 года, праз некалькі месяцаў пасля вымушанай эміграцыі, я задумаўся, дзе і як вучыць мову, таму што разумеў: гісторыя з выездам — гэта надоўга. І вось на адным з мерапрыемстваў прафесійнай супольнасці разыгрывалі карысныя і не вельмі рэчы, у тым ліку два зніжкавыя сертыфікаты на заняткі ў Polish for Belarus. Яшчэ сярод лотаў была гарбата, напрыклад. Памятаю, падумаў: “Навошта мне гарбата? Я маю яе. Хачу сертыфікат!” Так і выйшла.
Да гэтага пра школу ўжо чуў. Добра запомніўся яе лагатып, калі шукаў варыянты.
Досвед вывучэння польскай я ужо меў — аднадзённы (смяецца). У 2017-м, напэўна, годзе я разгарнуў падручнік для пачаткоўцаў і дагартаў да пятай старонкі. Запомніў, што “прывітанне” па-польску — “cześć”. І на гэтым усё. Шчыра кажучы, потым шкадаваў, што так выйшла. Таму што ў Польшчы бываў раз-два на год — у “мінулым” жыцці, у стабільныя часы да кавіду і ўсіх палітычных падзей апошніх гадоў.
Мне, напэўна, пашанцавала: мову я заўсёды нядрэнна разумеў на слых. Таму вучыць і не пачаў. Спрабаваў па-польску адказваць на простыя пытанні, нешта казаць у крамах і кавярнях. Сёння баюся ўявіць, як яно там гучала на самай справе (усміхаецца).
Блізкасць моў падманлівая. Вучыць польскую я тады не пачаў, хоць яна мне сама па сабе падабалася. Але, штопраўда, матывацыяй у той момант магла быць толькі шчырая цікавасць да яго. Практычнай патрэбы было няшмат: эміграваць я не збіраўся.
Хто ж ведаў, што паездка ў 2019 годзе будзе апошняй турыстычнай, а наступная — ужо пераездам.
Чаму менавіта Polish for Belarus? Прапаноў на адукацыйным рынку сапраўды хапае, толькі паспявай гугліць. Сёння я б крыху пафасна адказаў, што выбіраю PfB за правераную некалькімі гадамі якасць і прыемнае кам’юніці, атмасферу на занятках і крэатыўнасць.

Школе Polish for Belarus 8 гадоў, яна займае першае месца ў рэйтынгу Top-100 of Poland сярод усіх моўных школ Польшчы. Заняткі вядуць 33 выкладчыкі, большасць якіх — носьбіты мовы. Дзякуючы школе на польскай загаварыла больш за 8 тыс. чалавек.
Вывучэнне можна пачаць і з нуля, і нават з узроўняў B1–B2 і да ўзроўню С1, які прадугледжвае прафесійнае зносіны і зусім трохі аддзяляе вас ад носьбіта мовы.
На працягу бліжэйшых трох тыдняў, да 18 красавіка, можна запісацца на любы курс, выкарыстаўшы прамакод ПОЗІРК са зніжкай 5%.
“Жывы фармат дазваляе лепш рэагаваць”
І ў школе я далёка не адзін такі, хто меркаваў адно, але абставіны мелі на ўвазе іншае. Таму як ніколі важная падтрымка, асабліва ў першы час. І менеджмент, і настаўнікі вельмі клапатліва ставяцца да вучняў, або, як нас прынята называць у PfB, студэнтаў.
Гэта адчуваецца і падчас урокаў, і ў арганізацыйных момантах.
Напрыклад, школа вельмі ўважлівая да пропускаў заняткаў. Не ў тым сэнсе, што пільна сочыць і грозна патрабуе наведвання. А ў тым, што абавязкова пацікавіцца, ці пасуе на практыцы абраны графік, ці камфортна ў канкрэтнай групе. Можа, мае сэнс зрабіць паўзу і працягнуць навучанне пазней.
Усе дарослыя людзі. Давайце так: навучанне — гэта ваш час і вашы грошы. Усе разумеюць, што слухачы курсаў, як правіла, працуюць, навучаюцца яшчэ нечаму недзе. І не заўсёды атрымліваецца паспець усё.
Першапачаткова, на першым і другім узроўні, я займаўся ў групе. Потым быў досвед індывідуальнага навучання з носьбітам мовы (перадаю прывітанне пані Кінге). Затым — зноў група. Магу сказаць, што апісаны падыход захоўваўся ў розных фарматах.
Карысна, што тэмы заняткаў тычацца практычнага боку жыцця ў Польшчы. Дапамагае і тое, што PfB развівае кам’юніці. Гэта неабавязковы, але прыемны бонус: афлайн-мерапрыемствы ў Варшаве, выезды ў Іншыя гарады. Напрыклад, ездзіў са школай у Гданьск, бываў на сустрэчах гутарковага клуба. Яны і анлайн праходзяць, але жыўцом неяк весялей. Жывы фармат дазваляе лепш рэагаваць, у ім менш бар’ераў. Хоць правілы правядзення тыя ж.
Аднойчы ўсе разам спявалі песні — сустрэча клуба была прысвечаная польскай музыцы. Мы сядзелі ў парку каля Нацыянальнага стадыёна ў Варшаве, а там — нейкі вялікі канцэрт. Але нам гэта не перашкодзіла.
Ведаю, што школа пастаянна прыдумляе нешта новае ў плане актыўнасці. Не здзіўлюся, калі наступным анонсам будзе паход у горы ці сплаў на байдарках.
“За памылку ніхто не заб’е”
Я не моцна пераймаюся наконт памылак, але ўсё ж лепш іх пазбягаць: можна трапіць у вельмі пікантныя сітуацыі. Промахаў хапала. Гэта цяпер смешна ўзгадваць, а тады, пры аналізе постфактум, трохі перакручвала: “Ой, блін…”
Як жа было складана з канчаткамі назоўнікаў у розных склонах… Пачынаю прамаўляць слова, а якім гукам яго скончу — сам не ведаю (смяецца). Часам атрымлівалася нешта сярэдняе паміж “а”, “э” і “у”. Цяпер успамінаць забаўна. Вось гэта дакладна тэма, у якой на пачатковым этапе варта разабрацца раз і назаўжды — дапамога прафесіяналаў лішняй не будзе.
Можа, гэта прыклад ужо хрэстаматыйны, але вельмі добра памятаю, як замест слова “papier” (“папера”) сказаў “papież” (“папа рымскі”). У краме справа была, і паперу набываў не офісную. Так што рэакцыю прадаўца дакладна не забуду.
Так званыя “прытворныя сябры перакладчыка” часам мяшаюцца ў галаве. Напрыклад, “wzrost” па-польску — гэта “рост”, а не “ўзрост”. І такіх слоў досыць шмат. Хоць бы прайдзіце вось гэты тэст — пераканайцеся самі.
Цяпер памыляцца не баюся, хоць і прыемных адчуванняў, вядома, няма. Але не памыляюцца толькі нейрасеткі, і тое не факт. Жывы чалавек і жывая гаворка не можа быць “вымуштраванай”. У гэтым яе хараство.
Мой узровень цяпер B2. Але я б сам сказаў, што польская — трэцяя паўсядзённая мова, пасля рускай і беларускай. З пэўнага моманту яна стала карыснай і ў працы, і ў асабістым жыцці.
Вядома, лёгка сказаць “не баяцца”, спрабуючы падбадзёрыць тых, хто ніяк не вырашыцца пачаць вывучэнне мовы. Па-сапраўднаму перамагчы страх і трывогу складаней. Неяк так наша псіхіка ўладкаваная, што мы баімся вонкавай ацэнкі, нечаму мяркуем, што яна заўсёды ёсць.
Пераканаць самога сябе, што за памылку цябе ніхто не заб’е, важна на самым пачатку. Вас зразумеюць — гэта самае галоўнае. Нават калі не з першага разу. Потым будзе лягчэй. Не заўважыце, як пачнеце размаўляць з суседзямі пра надвор’е. Потым з таксістам. Нехта з іх вас рана ці позна пахваліць за добрую польскую. Хоць, па праўдзе, сустрэць мясцовага жыхара сярод таксістаў — вялікая ўдача. У такія моманты разумееш, што ўсё не дарма. І гэта, урэшце, проста прыемна.
Усе заняткі ў Polish for Belarus праходзяць анлайн на платформе ZOOM. Фармат дазваляе прыцягваць студэнтаў па-за межамі Польшчы, якія толькі рыхтуюцца да пераезду, а магчымасць жывых зносін з выкладчыкам зводзіць да нуля рызыку, што вы некарэктна засвоіце матэрыял.
90% студэнтаў Polish for Belarus займаюцца ў групах. Штомесяц выкладчыкі школы праходзяць спецыяльныя трэнінгі, каб лепш разумець, як працаваць са страхамі і трывогамі студэнтаў. У кошт уваходзяць падручнікі ўласнай распрацоўкі, а заняткі праводзяцца паводле аўтарскай праграмы, напісанай адмыслова для носьбітаў беларускай, украінскай і рускай моваў.
І яшчэ раз: да 18 красавіка паводле прамакоду ПОЗІРК вы атрымаеце зніжку 5% на любы групавы курс у Polish for Belarus.
Гл. таксама:
“Склеп”, “урода”, “блат” — прайдзіце тэст на разуменне польскай!
“Памылкі — гэта нармальна”. Як моўная школа дапамагае імігрантам у Польшчы адольваць страхі
* Партнёрскі матэрыял