
Лідскі бард і грамадскі актывіст Сяргей Чарняк, які спяваў спачатку на юбілеях беларускіх паэтаў, а ў 2020 годзе на вуліцах роднага гораду разам з пратэстоўцамі, пасля доўгай гісторыі пераследу выехаў з Беларусі апынуўся ў польскай Познані.
“Позірк” грунтоўна паразмаўляў з Сяргеем Чарняком пра беларускае адраджэнне, 2020 год у Лідзе, ролю ў гэтых падзеях Вітольда Ашурка, як гэта было — з’ехаць з Беларусі, ці ёсць планы вярнуцца на Радзіму. А таксама — пра працу на ўсходненямецкага правапапулісцкага палітыка Ёрга Дорнау, чыя беларуская фірма “Цыбулька-Бел”, падазраваная ў выкарыстанні працы палітзняволеных, напрыканцы сакавіка 2025 года трапіла пад санкцыі Еўрасаюза.
“Тады нам улада не перашкаджала”
— Чым ты займаўся на радзіме?
— Я працаваў прадпрымальнікам. Надаваў паслугі насельніцтву. Фатаграфаваў, рабіў копіі, раздрукоўваў паперы.
З канца 1980-х у беларускім руху. Прыехаў выпускнік тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў. — “Позірк”.) Алег Усціновіч, які быў у “Талацэ”. Знайшлі паплечнікаў, арганізавалі гісторыка-культурную суполку “Рунь”, якую ў 1988 годзе зарэгістравалі. Нам далі пакой, і там мы кожны чацвер збіраліся.
Так было да 1990 года. Мы шмат чаго паспелі за гэтыя тры гады. А потым пачаліся выбары ў Вярхоўны Савет, і прыйшлі людзі, якія цікавіліся палітыкай, прадпрымальнікі. А ў нас усё ж такі была гісторыка-культурніцкая накіраванасць. Гэтая суполка стала цэнтрам беларускага грамадскага жыцця.
Гэта сёння я магу сказаць, што ў апазіцыі ўладзе — цалкам беларускі народ. У вымушанай апазіцыі, бо ўлада мае яўны антынацыянальны характар. Але так сталася толькі з прыходам Лукашэнкі. А тады нам улада не перашкаджала.
Пасля першага з’езда БНФ нам той жа будтрэст даў бясплатна памяшканне, дзе дэлегаты ад Ліды маглі сустрэцца з людзьмі, якіх прыходзіў поўны зал. Да нас прыходзіў першы сакратар гаркама партыі Домаш (Сямён Домаш, будучы старшыня Гродзенскага аблвыканкама, будучы удзельнік прэзідэнцкіх выбараў 2001 года, які зняўся на карысць прафсаюзнага лідара Уладзіміра Ганчарыка; памёр у 2019 годзе. — “Позірк”.). Я быў здзіўлены: у цябе ж тры тысячы камуністаў у Лідзе, а прыходзіш да нас, якіх каля дзясятка, і размаўляеш.
Карацей, усё, аб чым мы марылі — аб дзяржаўнасці беларускай мовы, аб нацыянальнай сімволіцы, аб бяз’ядзерным статусе Беларусі (а мы ўдзельнічалі ў акцыях “За бяз’ядзерную Беларусь!”), яе незалежнасці — мы атрымалі. Потым гэта было страчана, але гэта ўжо і другая гісторыя.
Тады я пачаў пісаць песні для імпрэз. Першая замова прыйшла ад нашай сяброўкі, настаўніцы гісторыі, якая ладзіла мерапрыемства да юбілею Францішка Багушэвіча (у 1990-м было 150 гадоў з дня нараджэння. — “Позірк”.). Яна сказала: “Ты ж граеш на гітары, то пішы”. Напісаў тры песні, адну з якіх выконваюць і сёння. Гэта вершык з падручніка “Ахвяра” (“Маліся ж, бабулька, да Бога…”).
Потым былі юбілеі Купалы, Коласа, Багдановіча… І да апошняга часу я займаўся тым, што аздабляў музыкай мерапрыемствы, якія шырока ладзіліся Таварыствам беларускай мовы. Бо Ліду ў якасці месца пражывання ў 1994 годзе выбраў ваенны пенсіянер падпалкоўнік Станіслаў Суднік. Сюды ён перанес газету “Наша слова”, якую ўжо не маглі выпускаць менчукі. Ён стаў ладзіць краязнаўчы часопіс “Лідскі летапісец”, літаратурны альманах “Ад лідскіх муроў”.
Вось так мы з ім супрацоўнічалі, ён даручаў мне пісаць песні. Так з’явіліся песні на вершы нашай слыннай зямлячкі Хрысціны Лялько, Ларысы Геніюш.
Да нас прыязджаў Міхась Скобла, даследчык яе творчасці і зямляк. Так і жылі.
“Ведамасная інструкцыя — здзеквацца з людзей”
А ў 2020 годзе я ўжо спяваў на плошчы — 9-га [жніўня], у нядзелю, увечары. Потым — каля помніку Францыску Скарыне, які адкрывалі [ў 1993 годзе] з удзелам [старшыні Вярхоўнага Савета] Станіслава Шушкевіча (запрашалі нават [былога прэм’ер-міністра Вялікабрытаніі] Маргарэт Тэтчар, яна даслала прабачэнні, што не зможа прыехаць.). За тое, што святкаваў там у першую нядзелю верасня Дзень беларускай пісьменнасці і друку, атрымаў ад дзяржавы першую “прэмію” (штраф. — “Позірк”.) у памеры 20 базавых (тады 540 рублёў. — “Позірк”.).
На “суткі” мяне ў першы раз адправілі ў 2021 годзе, другі раз — у 2023-м, трэці — у 2024-м. Дзякуй богу, што палітычных трымалі ў адной камеры, можна было пагаварыць з добрымі людзьмі. Прыходзілі да высновы, што да 2025 года лепей не будзе.
Пасля кожнай адсідкі сябры казалі: з’язджай, што ты там чакаеш? Ну а я чакаў, чакаў… З чарговых “сутак” выйшаў 4 студзеня 2024 года, а 15 лютага мяне ізноў забралі, і тады сябры сказалі: “Рукі ў ногі!” Дапамаглі зрабіць працоўную візу — і вось я тут апынуўся, у Польшчы, у Познані. І так удала: землякі мяне прынялі, пазнаёміўся са “змагарамі”, “абаснаваўся” на розных імпрэзах.
Свае “суткі” я ўспрымаю як піянерскі лагер. Што там два тыдні, туды-сюды, гэта нават не месяцы. Хоць усё роўна непрыемна там, няўтульна. Я смяяўся, калі быў на “сутках” трэці раз, а людзі траплялі ўпершыню і здзіўляліся нечалавечаму стаўленню: “Нават сабакам дзяружку кідаюць, а нам што, на падлозе спаць?”
Гэта ж усё інструкцыя, а не прыдумка нашых мясцовых міліцыянераў. Ведамасная інструкцыя — здзеквацца з людзей. Нас, адміністратыўшчыкаў, у кайданкі бралі. Гэта ж ненармальна. Уявіце сабе, напрыклад, чалавек не прабіў талончык, а яго адразу на падлогу і рукі ў кайданкі. Губазікаўцы ведалі ж, што ідуць затрымліваць па адміністратыўным артыкуле, а пратакол затрымання быў, як у тэрарыста.
“У 2020 годзе ўсе галасавалі за сыход Лукашэнкі: і “вертыкальшчыкі”, і сілавікі, і пенсіянеры”
— Распавядзі пра 2020 год у Лідзе. Што было адметнага? Ты ж, напэўна, сачыў, што было ў іншых гарадах?
— 2020 год у нас пачаўся са збору подпісаў за [Святлану] Ціханоўскую. Зараз чысло не скажу, калі яны прыехалі, але ў цэнтры горада, каля скульптуры ільва з гербам горада яны паставілі чатыры намёты і збіралі подпісы. Гэта было ў нядзелю.
І вось мы сабраліся ўсе, доўгія калейкі (чэргі. — “Позірк”.) былі да кожнага намёта, можна сказаць, на цэлы квартал. Праз дарогу яшчэ стаялі за [Валерыя] Цапкалу, там калейкі не было. За [Віктара Бабарыку] трошкі пастаялі, але таксама калейкі не было. Ля аднаго з намётаў была выява жанчыны, выразаная з кардонкі, гэта была жонка Сяргея Ціханоўскага, якога на той момант ужо пасадзілі. Людзі, маючы права паставіць подпіс за кандыдата, прыйшлі законна яго рэалізаваць.
Недзе ў 12 гадзін прыехалі з Бярозаўкі хлопцы і Вітольд Ашурак (актывіст, палітвязень, які ў 2021 годзе загінуў у турме, адбываючы пяцігадовы тэрмін зняволення. — “Позірк”.), які ўзняў бел-чырвона-белы сцяг каля ільва. І натоўп адразу ператварыўся ў народ. Ужо хто тут стаіць? Беларусы!
Каля дзвюх гадзін дня пачаўся маленькі дожджык, які стаў узмацняцца. І я казаў людзям: вось там ёсць намёты, дзе калейка меншая. На што людзі адказвалі: “Мы не спяшаемся”.
То была дэманстрацыя, што гэтая ўлада, гэты прэзідэнт нас ужо не задавальняе. У 2020 годзе ўсе мы галасавалі за змены, за сыход Лукашэнкі. І “вертыкальшчыкі”, і сілавікі, і пенсіянеры — усе казалі яму: “Сы-ходзь!”
Галасавалі настолькі дружна, што ўсе думалі: яму канец. Але гарант Расія сказала: “Не хвалюйцеся, Аляксандр Рыгоравіч”. І нашы сілавікі разумелі, што бойку з расіянамі-сілавікамі не вытрымаюць, і таму, што называецца, здуліся.
Адзінае, дзякуй богу, прыемна, што з Ліды быў, як Высоцкі спяваў, “один, который не стрелял”. У нашай міліцыі знайшоўся падпалкоўнік [Юрый] Махнач (распавёў пра збіццё людзей і з’ехаў з Беларусі, пазней быў завочна асуджаны на 15 год пазбаўлення волі. — “Позірк”.), знайшоўся лідскі хлопец, які з пракуратуры ў Гародні звольніўся — былі людзі, якім сумленне не дазволіла ўдзельнічаць у сілавым утрыманні ўлады.

“Вось мы, паўдуркі, і кіруем”
— Вядома, што былі моцныя назіральнікі, якія, нягледзячы на ўсе складанасці, рабілі сваю працу. Ля некаторых участкаў, напрыклад каля школы, людзі чакалі вынікаў выбараў і не маглі дачакацца. Выйшаў вартаўнік і кажа: “А што вы іх чакаеце? Яны праз чорны ход ужо з’ехалі”. І людзі пачалі збірацца ў цэнтры,каб запытаць ва ўлады, як мы прагаласавалі.
Жыхары Ліды дамовіліся сустрэцца на плошчы Леніна ў сем гадзін вечара. Дзясяткі, потым сотні, потым тысячы людзей. Сілавікі ўжо прыехалі, але чакалі гарадзенскіх, спецназ ці АМАП. Калі тыя прыехалі, пачалі ўжо затрымліваць людзей. Выявілася, што ставіць пытанне, як мы прагаласавалі, — незаконна. Укінуў паперку і ідзі дахаты, табе скажуць.
Нам не сказалі і праз дзесяць дзён, як мы прагаласавалі. І калі мы трапілі на прыём да “мэра” Сяргея Ложачніка (старшыня Лідскага райвыканкама ў 2019-2024 гадах, зараз генеральны дырэктар Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі. — “Позірк”.), ён сказаў: “А я не в курсе. Это спрашивайте в избирательной комиссии”. Я пытаю: “А вы верыце, што ён набраў 80%?” Той не дурны, усміхнуўся толькі і прамаўчаў.
Добра сказаў іншы мясцовы “вертыкальшчык”: “Ведаеш, дурняў ва ўладу не бяруць, а разумныя самі не ідуць. Вось мы, паўдуркі, і кіруем”. Таму гэта сапраўдныя паўдуркі, якія не ведаюць што робяць, але думаюць, што выйграюць гэтую “латарэю”.
У тую паслявыбарную ноч была затрыманая 21 асоба, і ўвечары панядзелка (10 жніўня. — “Позірк”.) пасля працы да белага дома (будынак райвыканкама. — “Позірк”.) прыйшлі зноў людзі. “Як мы прагаласавалі?” — пытаюцца. У “газэльках” сядзелі мужыкі, кшталту амапаўцы. Потым прыехала два аўтобусы салдацікаў, такіх дробненькіх, у іх начальнік на галаву вышэйшы. І палкамі пачалі нас разганяць. Такім быў адказ улады на нашае пытанне.
А ў аўторак былі ўжо не палкі, а страляніна. Улада плакала, што моладзь разабрала плітку каля герба Ліды і такі ўрон быў моцны, ажно 160 рублёў. І за гэта перажывала ўлада, асабліва [Інэса] Белуш, старшыня райсавета (з 2014 года; былы кансультант ідэалагічнай камісіі Лідскага райкама КПБ. — “Позірк”.), выступала: як так? Грамадзян не шкада, няважна, што збівалі, вока траўмавалі маладому чалавеку палкай, лёгкія прабілі. Пашкадавала плітку на 160 рублёў. За 160 рублёў, канешне, вока не ўставіш.
Улада так плакала, так шкадавала: такі наш горад харошы быў, а што ж вы, людзі, незадаволеныя? Ну дык, бляха-муха, вы ж напісалі Канстытуцыю, паводле якой мы маем права галасаваць і тут кіруем (маецца на ўвазе артыкул 3: “Адзінай крыніцай дзяржаўнай улады (…) з’яўляецца народ”. — “Позірк”.). Гэта ж вашая Канстытуцыя, 1996 года, перапісаная. Не мы ж яе пісалі. Памятаеце, на вёсцы ў туалеце замест паперы на цвічку кніжкі віселі? Вось і Канстытуцыя толькі дзеля таго, “каб была”. Сапраўдная еўрапейская дзяржава стала калгасам.
“Тыя, хто быў за Беларусь, і засталіся за Беларусь”
— Ці захаваўся яшчэ гэты запал з 2020-га? Што там адбываецца з лідскімі актывістамі?
— Зараз у прыхільнікаў Лукашэнкі і стабільнасці кагнітыўны дысананс: мы перамаглі, ура-ўра, мы ўсё робім правільна, але чаму ўсё так дрэнна? Таму што ўсе яны хочуць у іх разуменні дабра, але факты і да іх вушэй даходзяць, якое дабро яны зрабілі. Вось, напрыклад, пасадзілі маці траіх дзяцей. Ці людзі з’язджаюць.
Адзіны, у каго няма дысанансу, мне, здаецца, гэта ГУБАЗіК. Таму што на планёрках ім кожны тыдзень гавораць, што на іх краіна трымаецца, дзякуй героям. Ну, а астатнія, якія хоць трошкі думаюць, бачаць, што нешта не так. Чаму карыстацца беларускай мовай — гэта злачынства?
Тыя, хто быў за Беларусь, і засталіся за Беларусь. Не ўсе ўжо вераць у перамогу, бо хочацца ж, каб атрымалася адразу. Але ўсё адно ў нас ёсць любоў да Радзімы, а ў іх што? У іх няма любові, у іх жаданне ціха жыць, спакойна. Але ім нешта падказвае, што міліцыянтам кветкі ўжо ніхто дарыць не будзе, як ў 2020 годзе. Мы жывем надзеяй, а яны на што спадзяюцца, не ведаю.
Міліцыянты хваліліся, што ім да пенсіі засталося каму год, каму паўтара, шчаслівыя, што хутка сыдуць. Яны разумеюць, што нечым брыдкім займаюцца, бо затрымліваюць не злодзеяў, не алкашоў, не хуліганаў, а простых людзей. За што? За “лайк”.
Настрой прыгнечаны, але як толькі пахан нашага “прэзідэнта” не будзе мець сілы, то хто яго будзе абараняць? Лукашэнка за Пуціна, бо той яму плаціць, а міліцыянты за Лукашэнку, пакуль ім плаціць ён. А як не, дык адразу ўсе яны хочуць быць еўрапейцамі, сесці за стырно гэтай фуры і ездзіць па Еўропе. Таму ідэйна яны не моцныя.
“Генерала нам не хапіла для перамогі, але войска ёсць”
— Што табе асабіста даў пратэст у 2020 годзе? Нейкае разуменне, знаёмствы? Магчыма, нешта далі “суткі”. Ці ёсць што прыгадаць?
— Па-першае, гэта 10 жніўня 2020 года, калі стаялі ў спадзяванні, што ўлада скажа: “Як жа, лідзяне прагаласавалі”. І калі быў першы аўтазак у Лідзе і паспрабавалі аднаго хлопчыка забраць, людзі яго ад “зялёных” вярнулі. І я пачуў, як лідзяне скандзіравалі: “Гэта наш горад!” Вось гэта і ёсць дэмакратыя, калі адказнасць на сябе бяруць людзі.
Калі я не адказваю ні за што, то я раб — гаспадар адказвае. А калі я адказваю, то я тут гаспадар. І таму гэта была заяўка, што ў Лідзе ёсць людзі, гатовыя ўзяць на сябе адказнасць. Ім не патрэбны старшыня калгаса, які будзе прызначаць брыгадзіраў. Па ўсёй краіне людзі паказалі, што могуць без усякіх палітычных лідараў аб’ядноўвацца.
Так, генерала нам не хапіла для перамогі, але войска ёсць. Войска, якое гатовае было змагацца. 17 верасня 1590 года Ліда атрымала магдэбургскае права, і праз стагоддзі лідзяне сказалі, што яны могуць самастойна вырашаць свае праблемы. У нас вытворчасць у сямі галінах прамысловасці, карацей, маем на што жыць.
Людзі гатовыя ўзяць адказнасць на сябе, таму што дэмакратыя — гэта не на адзін дзень і не на два, і не на тры. Гэта — назаўжды.
…А потым была серада, 12 жніўня, калі жанчыны ў белым выйшлі ў 12 гадзін у Менску. А ў 14 — у Лідзе. І ў мяне ёсць жаданне, каб гэты дзень стаў афіцыйным святам жанчын Беларусі. Таму што ў гэтай рэвалюцыі 2020 года жанчыны зыгралі вельмі важную ролю.
У суботу, 15-га, ужо людзей выпусцілі. Карацей, салідарнасць. Незнаёмыя людзі ўсміхаліся адзін адному, збіраліся кожны вечар. Мянты сабе, мы сабе. Яны ў мацюгальнік крычалі, мы хадзілі, нас, пэўна, здымалі на відэакамеру і па сёння судзяць за 2020 год.
Карацей, улада напужалася, і, ведаеце, як у тым серыяле, здаецца, сказаў бы ты праўду і не было б бяды. Але не, яны ўсё больш і больш [ціснулі]. Я казаў гэтаму Ложачніку: “Я хачу, каб у вас крыві на руках не было”. Ён кажа: “І я хачу”. Але так атрымалася, што ўлада сказала: Вітольд Ашурак — злодзей. Ашурак, які не заклікаў да нейкіх сілавых дзеянняў, проста стаяў разам з людзьмі. Аказваецца, скарыстацца сваімі правамі, запытацца, як мы прагаласавалі — гэта злачынства.

“Кроплі крыві ад забойства Ашурка трапілі і на лідзкую ўладу”
— І так атрымалася, што кроплі крыві ад забойства — хоць Ашурак быў забіты ў шклоўскай калоніі — трапілі і на гэтую, лідзкую ўладу. І на гэтага прокурора. І на гэтага суддзю. Які сказаў: спаліць пасведчанне сябра Партыі БНФ, нацыянальныя сімвалы. Гэта — барацьба супраць усяго нашага, беларускага. Яны на сваіх высотках вешаюць свае сцягі. Ну, хай парадуюцца, але нешта ў іх радасці няма. У 2020 годзе радасці ў іх таксама не было.
Хаця гэты ГУБАЗіК, які мяне затрымліваў, глядзеў на мяне пераможна, таму и кажу, што ў іх ніякага дысанансу няма. “Знаете, за что вас задержали?” — “Ведаю. За тое, што беларус”. А наш лідскі амапавец так здзіўлена павярнуўся: “Дык жа ж жыве Беларусь!” Я гляджу ў вочы таму “губазіку” і кажу: “Я вас, хлопцы, разумею. “Тэрмінатар-1” хацеў забіць хлопчыка, а “Тэрмінатар-2″ хацеў яго выратаваць”. Ён сказаў: “Мордой вниз!” Мне ў кайданкі рукі замкнулі, сагнулі мяне. І калі мяне прывялі ўжо ў РАУС, гэты губазікавец, кідаючы мянтам мае скрыншоты, кажа: “Верещал, как свинья, “Жыве Беларусь!”.
Карацей, усе гэтыя ідэйныя закалкі не надта моцныя. Трымаюцца, але сцены Іерыхона ад адных песень разваліліся, так што і яны разваляцца — ад песень. Гэта толькі яны могуць безабаронных біць. Непрыемна гаварыць пра іх.
— Распавядзі, як ты граў пад турмой для Вітольда Ашурка. Гэта вельмі цікавая гісторыя, якую, падаецца, мала хто ведае.
— У Вітольда ў 2020 годзе быў юбілей, 50 гадоў. І вельмі хацелася неяк яго павіншаваць. У Лідзе ЦІП (цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. — “Позірк”.) стаіць у двары сярод пяціпавярховікаў. У мяне была калонка такая добрая, з 15-ватным дынамікам. Я запампаваў песні: “Тры чарапахі”, папулярную ў нас Niech Żyję Wolność, потым пра Нёман нешта, бо Вітольд бярозаўскі, а там Нёман цячэ.
Я паспеў пяць песень пракруціць, а гук быў цудоўны, вельмі гучна. Ён адбіваўся на фасадах, і не было зразумела, адкуль ідзе. Вітольд сядзеў разам з братам Андрэем, якога адпусцілі раней. Ён сказаў: “Мы чулі”. І ў турэмным дзённіку занатаваў.

І калі ўжо прыехала даішная машына, то мы хуценька спыніліся. Хоць і стаялі на вуліцы, не затрымалі, мы паспелі павіншаваць.
Потым дзяўчаты перадалі яму торцік, а ўвечары зрабілі салют. І ўжо салютоўшчыкаў затрымалі, і начавалі яны ў пастарунку.
— Ці было страшна, калі ты стаяў там з гэтай калонкай?
— Жаданне павіншаваць яго было большым за страх. Я вельмі-вельмі хацеў, і божанька мне дапамог, таму што ў мяне самаход (аўтамабіль. — “Позірк”.) зламаны быў, а тут божанька паслаў мне чалавека. Я кажу: “Павіншуем Вітольда?” — “Добра”. Вось і ўсё. Мы з’ездзілі за калонкай і павіншавалі.
Вітольда беларусы паважаюць, і зараз на яго магілу калі людзі едуць пакланіцца, то маршруты мяняюць. Гэта ж была першая зорка, верная Беларусі аж да смерці.
“Зафрахтаваў” гэты самы немец”
— Распавядзі, як адбываюць “суткі” ў Лідзе, і пра гэтую гучную гісторыю з цыбуляй.
— З 2023 года пачалі “тунеядцы”, “прастытуткі”, “наркаманы” не проста сядзець, але яшчэ і працаваць. Пачалося гэта з гарадской звалкі, потым “зафрахтаваў” нас гэты самы немец з “Цыбулька-Бел”, які чамусьці ў сваёй дэкларацыі, будучы палітычнай асобай ў Нямеччыне, не згадаў сваё прадпрыемства, праз што меў непрыемнасці.
Ён адзін раз прыязджаў да нас, я бачыў — ну не да нас, а ў сваю гаспадарку. Мы там цыбулю перабіралі. Мы там сядзелі ў лютым і сакавіку яшчэ. Гэта добра, таму што праца — гэта цудоўна. Можна выехаць, свежым паветрам дыхнуць, на неба паглядзець, выйсці з гэтага душнага памяшкання, дзе неба не відно, а толькі відно, ці дзень, ці ноч — праз дзірачкі, у жалезе пракручаныя. На людзей паглядзець, на алкашоў, якія абавязаныя працаваць і забяспечваць тым сваіх дзяцей.
Алкашы таксама за нас. Дарэчы, на “Цыбульцы” я адзначыў Міжнародны дзень роднай мовы: спяваў громка беларускія песні, за што былі пакараныя я і мае паплечнікі па спевах, бо брыгадзірша вырашыла, што я напіўся, таму і спяваю (смяецца). Ёй жа ж няўцям, што можна і цвярозым спяваць. Простыя людзі, ну што зробіш. Быў скандал, нас не пускалі на працу. Але я ж не мог не спяваць, бо тут у Лідзе столькі дыктовак напісалі, тысячы людзей у лютым кожны год пісалі. Па школах, па бібліятэках. Мо 18 гадоў запар. Таму ў гэты дзень я ўжо не мог стрымацца, хоць і не аб’яўляў, чаго спяваю.
“Цяжар пераследу адчуў толькі тут”
— Ці цяжка далося рашэнне пра ад’езд?
— Ну канешне, цяжка. Ты ж ведаеш, як гэта са сваёй зямлі з’язджаць. Праўда, я тут на лёс паклаўся: калі выпусцяць — паеду, калі пасадзяць — буду сядзець. Канешне, можа быць карысць з таго, што сядзіш, але, мусіць, не я заслугоўваю такога гонару, як Алесь Пушкін (мастак, памёр у зняволенні ў ліпені 2023 года. — “Позірк”.) і Вітольд Ашурак.
Быў маральна гатовы, што мяне на пашпартным кантролі на выезд з Беларусі затрымаюць. Таму не браў гітару сваю з сабой, каб яе не арыштавалі. Але не, выпусцілі, і я ўжо праз пару крокаў у бяспецы. Але з такой радасцю глядзеў на людзей, якія — я бачыў праз шкло — па калідоры вяртаюцца ў Беларусь. Я радаваўся за іх, што яны вяртаюцца.
Ад’язджаў я летась 24 красавіка, быў дождж і холадна. А ў Варшаве сонейка, у Познані сонейка, усё зялёнае, квітнее, усё незнаёмае, прыгожае, як на курорце. Таму, канешне, тут уражанні адпаведныя.
— Якой ты бачыш сваю будучыню ў Польшчы? Ці думаеш, што вернешся ў Беларусь?
— У нас тут і беларускія танцы, і я запісаўся ў познаньскі “Вольны хор”. А там “змагароў” ужо некалькі дзясяткаў, усе таленавітыя, адукаваныя. І некаторыя з іх шырока вядомыя ў вузкіх колах. Дарэчы, збіраюся выступаць і праз інтэрнэт.
Таму, канешне, мне тут зараз спакайней, чым раней. Я гэты цяжар пераследу адчуў толькі тут! Гэтыя трывогі штодзённыя, гэтыя тармазы каля машыны, гэта праход людзей у пагонах — я толькі тут адчуў, пад якім мае землякі бетонным ціскам жывуць. Усе баяцца. “Вертыкальшчыкі” баяцца, мянты баяцца, пракуроры, суддзі баяцца, члены іх сем’яў баяцца, дзеці, жонкі баяцца. Таму што ведаюць: добра, калі будуць разбірацца, але калі будзе такая хваля гневу народнага, калі людзі не будуць разбірацца і ўжо не будуць табе гаўно класці ў заплечнік, як суддзі Філатаву (Максім Філатаў, які вынес шмат палітычных прысудаў, у тым ліку асудзіў Вітольда Ашурка, пазней быў прызначаны суддзёй Вярхоўнага суда. У Лідзе ў заплечнік Філатава, пакуль ён займаўся спортам, падклалі экскрэменты, была ўзбуджаная крымінальная справа. — “Позірк”.), што называецца, у храпу дадуць.
Адметнасць страху ў тым, што, баючыся, страшна нешта рабіць. Адзінае, калі жаданне зрабіць большае за страх. Тады робіш, як сказаў адзін чалавек, які прасоўвае беларускую культуру, на пытанне “А вы не баіцеся?” — “Баімся, але робім”. Ёсць такія адважныя людзі. Таму жыве Беларусь і жыць будзе.
Дзякуй людзям, якія не даюць забыцца на тое, што адбываецца сёння, на тых, хто там застаўся і на ўмоўнай волі, а тым больш за кратамі, таму што здзек ідзе вельмі подлы. Людзі, якія выйшлі, апавядаюць, што кожны месяц іх пераводзілі ў ШІЗА.
“Хацеў бы пабачыць на лаве падсудных гэтых суддзяў, якія нас судзілі”
— Пры першай магчымасці я вярнуся. Ну што мне тут рабіць? Канешне, я трапіў на курорт. Але з курортаў звычайна вяртаюцца дахаты. А калі гэта будзе? Як мне сказаў польскі памежнік: “Можа, ён (Лукашэнка. — “Позірк”.) нас яшчэ перажыве”. Я адказваю: “Бронь божа”. І ён за мной паўтарае: “Бронь божа”. Таму надзея ёсць.
І анекдот ёсць дарэчы: “Апошнім часам працягласць жыцця ў Беларусі рэзка павялічылася. Усім цікава, чым гэтае б…ва скончыцца”. Будзем жыць, ёсць спартыўны інтарэс перажыць.
Як адзін габрэй, калі ў яго спыталіся, як ён у канцлагеры нямецкім гэта ўсё вытрымаў. А ён кажа: “Я глядзеў на гэтых усіх нацысцкіх афіцэраў і ўяўляў сабе, што сведчу на судзе супраць іх”. Вось такі ён аптыміст быў, калі паміраюць людзі кожны дзень, а ён марыць, як ён будзе на судзе стаяць і сведчыць супраць гэтых прыгожых афіцэраў у чыстым адзенні. І ў яго атрымалася, ён сведчыў супраць іх.
Таму, канешне, я б хацеў пабачыць на лаве падсудных гэтых суддзяў, якія нас судзілі. Мне не трэба іх кроў, але я б хацеў, каб яны пасядзелі і адказалі. Калі яны сумленныя людзі, то будуць радыя, што іх асудзілі. Калі несумленныя, то больш атрымаюць. Таму што не можна нам будаваць дзяржаву і проста дараваць. Вінаваты — трэба адказваць. Вельмі строга ці менш строга — ужо няважна. Мне здаецца, лепей мякка.
Але злачынствы мусяць быць пакараныя. Інакш як мы можам жыць спакойна? Пакалечаныя лёсы тысяч людзей, і гэтыя злачынствы маюць свае прозвішчы. Калі ўмоўна будуць асуджаныя — якая праблема? Хай сядзяць у хаце і смяюцца. Але будзе сам факт, што чалавек судом прызнаны зла-чын-цам. Яны ж будуць казаць: мы баранілі свае сем’і, там у іх нехта хворы, тое-сёе. Нібыта яны хворых не садзілі. І нібыта у людзей, якіх яны пасадзілі, няма сем’яў.
“Як толькі Лукашэнка скажа “ідзем вайной”, то адразу гэтае войска разваліцца”
— То ты лічыш, што ў беларусаў ёсць надзея?
— (гучна смяецца) А як ёй не быць? Паглядзі, нас не знішчылі за 300 гадоў ні імперская, ні савецкая ўлада. Мы ўсе адметнасці дзяржавы маем. Мы маем сваё войска. Дарэчы, для мяне сённяшняе войска — сапраўдная палітычная сіла, таму што вайскоўцы беларускія моцна заявілі ўладзе, што гэта не наша вайна з Украінай, мы ў ёй удзельнічаць не будзем.
У гэтай вайне ўдзельнічаюць беларускія вайскоўцы-добраахвотнікі. То бок Лукашэнка дазволіў: хто хоча, сам ідзе. А войска цалкам беларускае пасля таго, як мы паглядзелі, якія рускія браты, паглядзелі, што і не надта ўжо яны і сваякі, і таму гэта новая сіла, якая маўчыць толькі таму, што ёсць згода: Лукашэнка не аддае загад ваяваць з Украінай, а яны гатовыя трымаць статус-кво. Але як толькі Лукашэнка скажа “ідзем вайной”, то адразу гэтае войска разваліцца. Таму што пасіўныя пойдуць у турму і ў адстаўку, а актыўныя, што называецца, пойдуць супраць гэтай улады, а не Украіны. Таму што ўжо усе паўдуркі, якія за “русский мир”, там ваююць.
Таму як не быць надзеі, калі ў нас ёсць дзяржава — раз, людзі — два, ёсць жаданне пабудаваць краіну на справядлівасці і праўдзе — тры. У тых скалечаных, убогіх людзей ёсць толькі жаданне захаваць тое, што ёсць. А яно трухлее. А наша надзея расце.