Мінск 12:15

Інтэграцыя прапагандыстаў. Як беларускія дзяржСМІ кансалідаваліся з расійскімі ў адзіным парыве ачарніць Украіну

Аглядальнік "Позірку"

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 21 красавіка 2025 года ў 10:50

Праўладны прапагандыст Рыгор Азаронак
Фота: СТБ

У 2020 годзе рэжым Аляксандра Лукашэнкі, сутыкнуўшыся з масавымі пратэстамі і заходнім санкцыйным ціскам, знайшоў паратунак у Расіі. Расцягнутая да гэтага ледзь не на дзесяцігоддзі інтэграцыя з суседняй краінай паскорылася, а наратывы аб саюзніку і “брацкім народзе” сталі ўсё больш частымі і агрэсіўнымі.

На гэтым фоне адбылася і іншая “інтэграцыя”: беларускія дзяржСМІ сталі глядзець на падзеі ў свеце праз прызму расійскіх калег. У прыватнасці, гаворка пра вайну ва Украіне і стварэнне вобразу ўкраінцаў як найгоршых ворагаў.

Праз прызму расійскага парадку дня

Пасля пачатку поўнамаштабнай ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны беларуская прапаганда ахвотна скапіравала метады маніпуляцый, адпрацаваныя расейскімі “журналістамі”. Усе тры з лішнім гады дзяржпрапаганда асвятляе вайну ва Украіне праз прызму расійскага парадку дня, падтрымліваючы наратывы Крамля, дыскрэдытуючы Украіну і Захад. Дастаецца пры гэтым і прадэмакратычна настроеным беларусам.

Так, прапагандысты выкарыстоўваюць крамлёўскі эўфемізм “спецыяльная вайсковая аперацыя” замест “вайна”, падкрэсліваюць, што Расія “вымушаная абараняцца ад НАТО”, паўтараюць наратыў пра “неанацыстаў”. Украіна часта выстаўляецца як “марыянетка Захаду”, а яе дзеянні — як правакацыі супраць Расіі і Беларусі.

Пры гэтым прапаганда гуляе на эмоцыях, выкарыстоўваючы беспадстаўныя, але гучныя абвінавачанні ўкраінцаў у прыхільнасці нацысцкай ідэалогіі, у здзяйсненні страшных злачынстваў або распаўсюджваючы інфармацыю пра пагрозу вайны (“ці мы іх — ці яны нас”). Абвінавачанні знаходзяць слухача і надоўга ўразаюцца ў падсвядомасць беларусаў, фармуюць адмоўны вобраз суседзяў, нягледзячы на ўсе лагічныя абвяржэнні.

Беларускія ўлады з бачным задавальненнем рапартуюць пра паступленне ў войска новых відаў узбраенняў і педаліруюць тэму размяшчэння ў краіне расійскай ядзернай зброі.

Адбываецца таксама дэманізацыя Украіны, якую абвінавачваюць у абстрэлах “мірнага насельніцтва Данбаса” і “генацыдзе рускамоўных”. Законныя ўлады Украіны ўпарта называюцца “кіеўскім рэжымам”, а прэзідэнт Уладзімір Зяленскі падаецца як нелегітымны, бо ўкраінскія ўлады не сталі праводзіць прэзідэнцкія выбары, пакуль ідзе вайна. Гэта стала падставай для расійскіх уладаў, а затым і СМІ, заяўляць, што Зяленскі больш не можа быць паўнамоцным кіраўніком дзяржавы. Наратыў быў таксама падхоплены беларускімі прапагандыстамі. Выбары не праводзяцца ў поўнай адпаведнасці з украінскай Канстытуцыяй, але гэта яны лічаць за лепшае замоўчваць.

Уяўная пагроза і рэальнае запалохванне

Асобна беларуская прапаганда выкарыстоўвае і свой уласны наратыў пра пагрозу нападу з тэрыторыі Украіны. Для гэтага дэманізуецца полк Каліноўскага. Прапаганда не проста ганьбіць гонар служачых там людзей, якія абараняюць Украіну, але і выклікае думку, што яны рыхтуюць напад на Беларусь. На руку гэтаму тэзісу адыграў уваход украінскіх вайскоўцаў у Курскую вобласць РФ для скоўвання войскаў агрэсара.

У прапагандысцкім фільме “Дэманы: як хочуць захапіць Беларусь”, які выйшаў у лістападзе 2024 года, прапагандысты выкарыстоўвалі наратыў пра тое, што “найміты” рыхтуюць напад на Беларусь з тэрыторыі Украіны, а таксама еўрапейскіх краін-суседзяў.

Пры гэтым прапаганда чаргуе кадры жахлівых крывавых карт, якія паказваюць захоп тэрыторыі Беларусі, з кадрамі мірнага жыцця, чыстых гарадоў і роўных дарог, а таксама выступленняў Аляксандра Лукашэнкі, дзякуючы якому ў Беларусі, на думку прапаганды, мір і захоўваецца. Хоць менавіта Лукашэнка ў 2022 годзе даў Расіі тэрыторыю Беларусі для атакі на Украіну і працягвае падтрымліваць ваенную агрэсію “старэйшага брата” супраць суверэннай краіны.

Стоп-кадр: "Позірк"

Для ачарнення палка Каліноўскага прапаганда таксама выкарыстоўвае і ўкраінскіх вайскоўцаў агулам, і былых байцоў гэтага падраздзялення асобна. Напрыклад, экстрадаванага з В’етнама былога байца палка Васіля Верамейчыка і затрыманага на мяжы пры вяртанні з Польшчы ў Беларусь Максіма Ралько. Апошняга прапаганда выкарыстала ў сваіх сюжэтах не аднойчы, і кожны раз яго змушалі казаць альбо пра планы палка Каліноўскага ўварвацца на тэрыторыю Беларусі (сюжэт ад 20 лістапада 2024 года, АНТ), альбо казаць пра тое, што ваюючыя на баку Украіны беларусы — наркаманы і злачынцы (праграма ад 6 красавіка 2025 года, АНТ).

Экстрадаваны на запыт беларускага КДБ Верамейчык у прапагандысцкім сюжэце (25 студзеня 2025 года, “Беларусь 1”) паўтарае тэзісы прапаганды аб нібыта распрацоўванай стратэгіі вызвалення Беларусі, якая прадумвалася, у прыватнасці, з дапамогай спецслужбаў Літвы, Польшчы і Украіны: узброены захоп часткі Беларусі ў раёне Брэста і Маларыты (Брэсцкая вобласць) пасля заходу з тэрыторыі Украіны.

Такія заявы, зробленыя на камеру прапагандыстаў, нельга ўспрымаць сур’ёзна і расцэньваць як сапраўдную інфармацыю, бо падобныя сюжэты здымаюцца пад прымусам, а затрыманыя знаходзяцца ў бязвыхадным становішчы, сутыкаючыся ў няволі не толькі з ціскам, але і катаваннямі.

Прыклады маніпуляцый і адкрытых фэйкаў

Варта адзначыць пэўную неразборлівасць беларускай прапаганды ў выбары тэм для маніпулявання: часцяком пры перадруку інфармацыі расійскіх калег па цэху яна рэтранслюе не проста сумнеўныя звесткі, а адкрытую хлусню.

“Пазірк” выявіў нямала фактаў выкарыстання тэмы Украіны, дзе беларуская прапаганда стала пасярэднікам у распаўсюдзе адкрытай хлусні расійскіх СМІ. Часцяком тэмы выкарыстоўваліся для высмейвання або выстаўлення Украіны ў непрывабным святле.

У лістападзе 2024 года мясцовая прапаганда паведаміла аб выдаленні Дональда Трампа з украінскай базы “Міратворац”. Інфармацыя, якую першапачаткова распаўсюдзіла прадстаўніца МЗС РФ Марыя Захарава, трапіла ў выніку і ў беларускія дзяржаўныя СМІ.

“Украінскае пытанне Трамп абяцаў вырашыць ці ледзь не за суткі: “Патэлефаную, дамоўлюся”. Але, вядома, абяцаць — гэта адно. Загадаць Кіеву можна, тым больш што там ужо спешна прыбралі Трампа са спісу “Міратворац”, куды заносяць ворагаў Украіны”, — заявіў у праграме “Контуры” супрацоўнік АНТ Анатоль Занковіч.

Аднак інфармацыю аб унясенні Трампа ў базу раней распаўсюджвалі тыя ж расійскія прапагандысцкія СМІ яшчэ ў 2018 годзе. Сам “Міратворац” гэта тады абвяргаў, слядоў існавання старонкі аб амерыканскім палітыку знайсці не ўдалося.

Летась у снежні беларуская прапаганда заявіла аб планах Украіны павялічыць мабілізацыю, пра што раней таксама паведамілі прапагандысцкія СМІ РФ.

“Ужо вядома, што Украіна прыняла новы павялічаны план па мабілізацыі на 2025 год. Хутчэй за ўсё, Зяленскі хоча працягваць вайну пры Трампе, пакуль на гэта хопіць рэсурсаў, каб максімальна аддаліць выбары. Альбо ж дамагчыся ад Трампа ўступлення ў НАТО, каб хутка завяршыць вайну і пайсці на выбары “пераможцам Расіі”, — заявіла вядучая праграмы “Тыдзень” на СТБ Вольга Коршун.

Аднак мабілізацыя і ваеннае становішча ва Украіне былі планава падоўжаныя яшчэ 10 лістапада на чарговыя 90 дзён — да 7 лютага 2025 года. Адначасова з гэтым у краіне ішла дыскусія аб магчымасці зніжэння прызыўнога ўзросту.

Ачарненне Украіны, з якой прапаганда спрабуе рабіць агрэсіўнага вонкавага ворага без прынцыпаў, выявілася і тым, што беларускія дзяржСМІ ўслед за расійскімі заявілі пра ўкраінскі след у катастрофе азербайджанскага самалёта 25 снежня 2024 года паблізу казахстанскага горада Актау (на борце пасажырскага Embraer-190 “Азербайджанскіх авіяліній”, які накіроўваўся з Баку ў Грозны, знаходзілася 67 чалавек, 38 з іх загінула).

“На фюзеляжы самалёта Embraer-190 “Азербайджанскіх авіяліній” выяўленыя сляды ад аскепкаў. На гэтым фоне рабочай застаецца версія з атакай украінскіх беспілотнікаў. Пра гэта паведамляюць СМІ. Раніцай Грозны сапраўды падвергнуўся нападу некалькіх дронаў”, — заявіў вядучы праграмы “Навіны. 24 гадзіны” на СТБ Ігар Пазняк.

Уладзімір Пуцін прынёс прабачэнні азербайджанскаму боку, але адмовіўся прызнаваць, што борт быў падбіты расійскай СПА. Незалежныя эксперты, чыё меркаванне публікуюць расійскія ліберальныя медыя, сышліся ў меркаванні, што самалёт быў падбіты, магчыма, зенітнай ракетай, а значыць, віна Украіны практычна выключаная.

У студзені беларуская прапаганда прадракала сур’ёзныя праблемы Еўропе пасля спынення транзіту расійскага газу праз Украіну. Гэты пасыл часта выкарыстоўваюць і расійскія СМІ, якія пераконваюць у тым, што без газу з РФ замерзне ўся Еўропа.

“Хутка не толькі непрызнанаму Прыднястроўю, але і прасунутым еўрапейскім эканомікам давядзецца вырашаць: пераплачваць, тапіць дровамі або мерзнуць”, — сцвярджала расійская супрацоўніца АНТ Святлана Карульская.

Варта адзначыць, што кошты на газ цяпер сапраўды вышэй за даваенныя, гэта дрэнна для эканомікі Еўропы, а ва Украіны скараціліся даходы. Аднак ніводная еўрапейская краіна не засталася без газу пасля спынення транзіту, Еўрасаюз практычна адмовіўся ад расійскага газу: з 40% у 2021 годзе яго доля на рынку ў 2023-м скарацілася да 8%, а цяпер і да 5%. Па расійскім “Газпраме” балюча ўдарыла страта высокапрыбытковага еўрапейскага рынку. Кампанія ў 2024 годзе атрымала чыстую страту, там ідуць скарачэнні.

19 лютага дзяржпрапаганда рэтранслявала ілжывую інфармацыю аб продажы ўкраінскіх земляў. “Каля 30% усёй тэрыторыі Украіны не належыць Кіеву. Яе ўжо купілі”, — заявіла супрацоўніца “Першага інфармацыйнага” Вольга Давідовіч.

Такім чынам яна паўтарыла фэйк, які прыдумалі ў Расіі ў 2024-м: ворныя землі ва Украіне нібыта распрадалі замежнікам. На самой справе продаж сельскагаспадарчых зямель замежным інвестарам ва Украіне забаронены законам. У дзясятцы найбуйнейшых уладальнікаў — толькі ўкраінскія прадпрыемствы.

Пазней у тым жа месяцы беларуская прапаганда вырашыла паведаміць пра нейкія “камерцыйныя інтарэсы” ЕС ва Украіне, патлумачыўшы іх інсайдамі “ўкраінскіх тэлеграм-каналаў”. Аднак і гэта выявілася фэйкам.

Крамлёўскія лейцы “ўкраінскіх” каналаў

“Цяпер Еўропа, якая абмяркоўвае, а ці не адправіць на Украіну 30 тыс. міратворцаў, абараняе не Украіну, а свае камерцыйныя інтарэсы. І ў якасці аплаты за паслугі запатрабуе долю ва ўкраінскіх актывах, паведамляюць інсайдэрскія тэлеграм-каналы Украіны”, — сцвярджала супрацоўніца “Першага інфармацыйнага” Кацярына Ціхамірава.

Гэтыя заявы яна падмацавала скрыншотам паведамлення з тэлеграм-канала “Легитимный”. Але яшчэ ў 2021 годзе СБУ заявіла пра выкрыццё сеткі каналаў, якія стварылі расейскія спецслужбы. Сярод іх быў і “Легітымны”, адміністратары якога на той момант базаваліся ў самаабвешчаным Прыднястроўі. Адпаведна фэйк пра “камерцыйныя інтарэсы ЕС” транслююць з Крамля.

У канцы лютага дзяржпрапаганда абвінаваціла Уладзіміра Зяленскага ў спробе сарваць перамовы ЗША і РФ з дапамогай “беларускай пагрозы”.

“Трэці самы дзіўны варыянт зрыву перамоваў — гэта спроба пераканаць Трампа, што Беларусь уяўляе сабой патэнцыйную пагрозу”, — заявіў супрацоўнік СТБ Андрэй Лазуткін.

Адным з аргументаў ён назваў тое, што ў атацы дрона на саркафаг ЧАЭС “украінцы абвінавацілі Расею і Беларусь, затым стварылі фэйкавае інфармацыйнае відэа і літаральна з гэтай навіны Зяленскі пачаў выступ у Мюнхене”.

Аднак выявілася, што Лазуткін паўтарыў версію расійскай прапаганды, якая з’явілася адразу ж пасля ўдару па ЧАЭС. З адным нюансам: нават у крыніцах РФ Беларусь як адказны або зацікаўлены бок не згадваецца.

Паводле звестак Украіны, якія яна пацвярджае здымкамі, удар быў нанесены расійскім беспілотнікам. Пажар на ЧАЭС тушылі тры тыдні.

Такім чынам, беларускія прапагандысты з экранаў тэлевізараў у выніковых тыднёвых навінавых праграмах на ўсю краіну паўтараюць абсалютную хлусню, якую прыдумляюць у Расіі, каб маніпуляваць свядомасцю людзей у пытанні ўспрымання Украіны.

Украіна як вечная інфанагода

У апублікаваным у канцы 2024 года дакладзе “Мэпінг беларускай прапаганды” (аўтары: Марат Лясноў, Леся Руднік, рэалізавана пры падтрымцы Фонда імя Фрыдрыха Эберта) гаворыцца пра тое, што ці не палова кантэнту праўладных крыніц інфармацыі прысвечаная Украіне.

Як сведчыць аналіз “Позірку”, у тэлеграм-канале найбуйнейшага праўладнага СМІ, газеты “СБ. Беларусь сёння”, за ўвесь час Украіна згадваецца 10,3 тыс. разоў, брацкая, на думку афіцыйнага Мінска, Расія — крыху больш за 11 тыс. разоў, Лукашэнка толькі трохі больш — 12,2 тыс., Беларусь — 33,2 тыс. разоў. Для рэсурсу, які, здавалася б, павінен рабіць куды большы акцэнт менавіта на ўнутранай палітыцы, “украінскае пытанне” з’яўляецца адной з найбольш папулярных тэм: трохразовая розніца паміж колькасцю згадак Беларусі і Украіны — гэта занадта мала.

Толькі з 1 па 10 красавіка тэма Украіны падымалася ў названым тэлеграм-канале больш за 40 разоў.

Інфаграфіка: "Позірк"

Пры гэтым не абыходзіцца без падмены паняццяў і адкрытай хлусні нават у тэмах эканамічных. Так, 9 красавіка “СБ” паведаміла: “Украіна раскрадае беларускую ўласнасць. Але калісьці за гэта давядзецца плаціць… Чужым дабром падавіцца можна… Днямі Украіна чарговы раз паказала свой сапраўдны твар: там прададзеная партыя канфіскаваных угнаенняў “Беларуськалія” на суму блізу мільёна даляраў”.

Аднак яшчэ 6 лютага 2023 года паведамлялася, што Генеральная пракуратура Украіны наклала арышт на 170 чыгуначных вагонаў з мінеральнымі ўгнаеннямі коштам каля 100 млн грыўняў (на той момант больш за 2,7 млн долараў). Адзначалася, што груз належыць беларускаму ААТ “Беларуськалій“ і расійскай кампаніі “Уралкалій“.

Сцвярджалася, што беларускі і расійскі калій перавозіўся “ў трэція краіны для продажу і атрымання мільённых прыбыткаў“, пры гэтым частка выручкі “ў выглядзе падаткаў пайшла б на фінансаванне вайны РФ супраць Украіны“. Пазней было заяўлена, што калій будзе прададзены, а грошы накіраваны на ўмацаванне эканомікі і абараназдольнасці Украіны.

Пры гэтым ва Украіне таксама неаднаразова заяўлялі, што беларускае прадпрыемства сваімі дзеяннямі “спрыяе вядзенню вайны супраць Украіны праз фінансава-гаспадарчыя ўзаемаадносіны з прадпрыемствамі вайскова-прамысловага комплексу Расейскай Федэрацыі і акупацыйнымі адміністрацыямі самаабвешчаных “ДНР“ і “ЛНР“. Аднак беларуская прапаганда, распавядаючы пра “сапраўдны твар” Украіны, гэтыя факты замаўчала.

Агулам Украіна стала адной з найважнейшых інфанагод для СМІ Лукашэнкі. Тэма вайны, карупцыі, ваеннай дапамогі, перамога Трампа і яго звязаныя з Украінай заявы дапамагаюць прапагандзе ствараць кантэнт, які распальвае варожасць, варажнечу, фармуе нянавісць да суседняй краіны і яе народа. Гэта робіцца па аналогіі з расійскімі СМІ, якія пачалі “расчалавечваць” украінцаў куды ранней — яшчэ да анэксіі Крыма ў 2014 годзе.

Для стварэння неабходнага вобразу ворага, нямоглай, залежнай ад Захаду слабой краіны прапаганда звяртаецца таксама да дапамогі “экспертаў”, якія альбо паўтараюць тэзісы сваіх расійскіх “калег”, альбо, уласна, і з’яўляюцца расійскімі “аналітыкамі”. Пры гэтым іх праца заключаецца ў аднабокім аналізе сітуацыі і пераказе фейкаў.

Такім чынам, тэма Украіны ў Беларусі, дзе больш няма незалежных СМІ, а за “нязручныя” тэмы можна сесці ў турму, асвятляецца максімальна аднабока. Пры гэтым падтрымка Украіны для беларусаў небяспечная ў літаральным сэнсе слова.

Паводле няпоўных звестак праваабарончага цэнтра “Вясна”, агулам па стане на 24 лютага 2025 года (г.зн. на працягу трох гадоў поўнамаштабнай агрэсіі) за падтрымку Украіны ў Беларусі асуджана як мінімум 209 чалавек, сярод якіх 38 жанчын. 41 чалавек асуджаны за данаты, за жаданне ваяваць на баку Украіны — як мінімум 30.

Інфаграфіка: "Позірк"

“Сітуацыя спадарожнікаў”: Media IQ пра зліццё беларускай і расійскай прапаганды

У каментары “Позірку” старэйшы аналітык праекта Media IQ Паўлюк Быкоўскі спаслаўся на справаздачы маніторынгаў Media IQ і свой раздзел “A Loss of Media Sovereignty: Synchronization of Belarusian and Russian Propaganda after 2020” у калектыўнай манаграфіі Russian Policy towards Belarus after 2020: At a Turning Point?

“Назіранні, прыведзеныя ў матэрыяле “Позірку”, шмат у чым пацвярджаюць нашы высновы, — адзначыў Быкоўскі. — У 2022 годзе мы ў Media IQ зафіксавалі ўстойлівую сінхранізацыю беларускай і расійскай прапагандысцкіх машын. Гаворка, аднак, не ідзе аб прамым падначаленні адной іншай. Гэта хутчэй сітуацыя спадарожнікаў: калі інтарэсы супадаюць ці хаця б не супярэчаць, беларускі рэжым ахвотна падтрымлівае і рэтранслюе крамлёўскія наратывы, асабліва ў частцы ідэалагічнага абгрунтавання вайны супраць Украіны”.

“Пасля спрэчных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і масавых пратэстаў афіцыйны Мінск адмовіўся ад раней дэклараванага курсу на інфармацыйны нейтралітэт і пачаў больш актыўна інтэгравацца ў расейскую інфармацыйную прастору. Гэта асабліва выразна выявілася ў асвятленні падзей, звязаных з поўнамаштабным уварваннем Расіі ва Украіну ў 2022 годзе. Беларускія дзяржаўныя СМІ фактычна адмовіліся ад нейтралітэту і пачалі выкарыстоўваць рыторыку і методыкі расійскай прапаганды, што, з нашага пункту гледжання, з’яўляецца адной з прыкмет страты інфармацыйнага суверэнітэту”, — падкрэсліў эксперт.

“Тым не менш, — адзначыў ён, — у шэрагу выпадкаў беларуская прапаганда ўсё ж дэманстравала асцярожную дыстанцыю ад ваеннага трэка — робячы акцэнты, напрыклад, на гуманітарных тэмах або няўдзеле беларускага войска ў баявых дзеяннях. Гэта пацвярджае, што нават ва ўмовах сінхранізацыі беларускі бок захоўвае асобныя лініі, зыходзячы з уласных тактычных інтарэсаў”.

“Вельмі важным застаецца і тое, хто менавіта фармуе ўспрыманне вайны ў вачах грамадства. Паводле звестак Chatham House і iSANS, 94% аўдыторыі незалежных медыя выступаюць супраць вайны, тады як сярод спажыўцоў дзяржСМІ 61% падтрымліваюць расійскую агрэсію. Гэты кантраст паказвае, наколькі крыніцы інфармацыі становяцца вызначальным фактарам стаўлення да пытанняў міру і бяспекі”, — падкрэсліў Быкоўскі.

Інфаграфіка: "Позірк"
Падзяліцца: