Мінск 15:37

Вучыся ў сваіх. Журналісту Уладзіміру Глоду — 80

Уладзімір Глод (справа) бярэ інтэрв'ю, 1980-я гады
Фота: архіў Ірыны Сідорскай

…Ён заўсёды прыходзіў у БелаПАН у касцюме і з дыпламатам. Ну, можа пару разоў у швэдры. Заўсёды ў настроі, са свежым інсайдам з палітычных кулуараў і абавязкова з анекдотам. Офіс БелаПАН тады, у канцы 90-х, размяшчаўся на пятым паверсе інстытута “Гіпрасувязь” на мінскай вуліцы Сурганава. Трэба было прайсці па доўгім сумным калідоры і звярнуць налева ў прыёмную, а адтуль — направа ў вялікі пакой, дзе працавалі журналісты (тады гэта яшчэ не называлі модным запазычаннем з англійскай “ньюсрум”).

Самым вясёлым быў далёкі кут. Менавіта там стаяў кампутар рэдактара аналітычнай службы БелаПАН Уладзіміра Глода.

У працы ён умеў выбудоўваць камунікацыю з усімі па-за залежнасцю ад рангу — пры гэтым быў разборлівы ў сувязях, а таксічнасць тых ці іншых персанажаў на яго не пераходзіла ніколі. Тэксты пісаў ці надыктоўваў хутка, не губляючы сэнсавай ніткі. Гэта менавіта тое, што называюць адзінкавым таварам.

Сёння Уладзіміру Глоду спаўняецца 80 гадоў. Ва ўраджэнца Вілейкі, кандыдата філалагічных навук дзве дачкі. Кожная дамаглася сур’ёзных поспехаў у сваёй сферы. Малодшая, Каця — эксперт у пытаннях еўрапейскай бяспекі і замежнай палітыкі нядаўна створанага ў Вашынгтоне Цэнтра новых еўразійскіх стратэгій (блізкі да расійскага прадпрымальніка і апазіцыйнага палітыка Міхаіла Хадаркоўскага). Старэйшая, Ірына, — медыяэксперт, доктар філасофскіх навук, дзесяць гадоў загадвала кафедрай тэхналогій камунікацыі на факультэце журналістыкі Белдзяржуніверсітэта.

Ірына Сідорская, дачка Уладзіміра Глода
Фота: архіў Ірыны Сідорскай

З Ірынай Сідорскай “Позірк” і паразмаўляў пра яе знакамітага бацьку — як з любячай дачкой, так і з дасведчаным экспертам у сферы СМІ.

— Калі мы дамаўляліся з вамі пра інтэрв’ю, вы сказалі: “Мне б хацелася, каб маладыя журналісты пра яго ведалі — як пра частку гісторыі беларускай журналістыкі, раз такіх падручнікаў усё адно няма”. Калі абстрагавацца ад роднаснага фактару, чаму маладым журналістам карысна ведаць пра такіх людзей, як Уладзімір Глод?

— Напэўна, каб ведаць гісторыю айчыннай журналістыкі, а не шукаць прыклады для пераймання толькі дзесьці далёка — на Усходзе ці на Захадзе. Адчуваць пераемнасць. Не вынаходзіць ровар — карыстацца вынайдзеным.

Тата пачынаў з “Физкультурника Белоруссии”, асвятляў як спартыўныя спаборніцтвы еўрапейскага маштабу, так і звычайныя гульні мясцовых каманд. Сапраўды гэтым захапляўся, абараніў кандыдацкую дысертацыю на спартыўным матэрыяле (“Жанравая спецыфіка інфармацыйных публікацый у прэсе”, 1987 год. — “Позірк”.). Наколькі я ведаю, яна так і засталася адзіным даследаваннем жанраў спартыўнай журналістыкі. Абараніў дысертацыю, па сутнасці, для сябе: ён ніколі не працаваў у ВНУ або ў дзяржарганізацыі, дзе б за навуковую ступень плацілі. Затое папрацаваў ва ўсіх відах СМІ, акрамя тэлебачання. На пачатку 1980-х сышоў працаваць уласным карэспандэнтам ТАСС па Мінскай вобласці, потым — у БелТА адказным сакратаром, пазней — у БелаПАН. А потым зрабіў выбар на “карысць Свабоды” — памятаю пра яго такі матэрыял у газеце “Имя”, які так і называўся: “Выбар на карысць Свабоды”. Больш месца працы не мяняў. Скончыў працаваць на “Свабодзе” ў 2019-м, якраз перад кавідам — нібыта адчуваў (усміхаецца). (Апошні матэрыял Уладзіміра Глода на РС можна пачытаць тут. — “Позірк”.)

Уладзімір Глод у чарговай камандзіроўцы
Фота: архіў Ірыны Сідорскай

— Чым ён адрозніваецца ад іншых журналістаў? Што яму ўдавалася лепш за ўсё ў прафесійнай дзейнасці?

— Апошнія 15-20 гадоў, калі ён займаўся грамадска-палітычнай тэматыкай, ён умеў атрымліваць каментары ад усіх бакоў — і разумеў, чаму яны неабходныя. Яшчэ ён вельмі добра ведаў кантэкст: адкуль ногі растуць у таго ці іншага рашэння, прызначэння, звальнення. І паказваў гэта ў сваіх матэрыялах. Гэта значыць, у яго была вельмі насычаная аналітыка, але адначасова і простая для ўспрымання.

Яшчэ ён умеў нікога не абразіць — і ў той жа час напісаць крытычны матэрыял, не “апускаючы” тых, каго крытыкуе. “Жаўцізны” ў яго матэрыялах ніколі не было, быў разбор па сутнасці — з не вядомымі большасці абставінамі, не складаны для ўспрымання. Снабізму, нейкага псеўдаінтэлектуалізму ў яго дакладна не было — быў па-добраму зразумелы людзям сэнс.

— Чаму Уладзімір Глод навучыў асабіста вас?

— Па-першае, бачыць інфанагоды ў паўсядзённым жыцці. Памятаю, мы ішлі па праспекце Скарыны, ён на нешта звярнуў маю ўвагу — ужо не памятаю, на што канкрэтна, а на наступны дзень я ўбачыла пра гэта публікацыю яго аўтарства ў медыя. І я потым гэта транслявала сваім студэнтам, якіх вучыла на спецыяльнасці “інфармацыя і камунікацыя” на журфаку: што такое навіны, як важна бачыць інфанагоду ў звычайным жыцці, як разбірацца, што будзе цікава аўдыторыі, а што не.

Уладзімір Глод, 1990-я гады
Фота: архіў Ірыны Сідорскай

Па-другое, і гэта галоўнае: паважаць прафесію журналіста і журналісцкую супольнасць. Разумець, які гэта нялёгкі хлеб, бачыць грамадскую місію, пакліканне і служэнне журналістаў. Гэта павага да журналістаў, да СМІ ў мяне ад таты.

Мы абмяркоўвалі, ці трэба журналістам абавязкова сканчаць журфак альбо можна любы іншы факультэт. Ён прыхільнік пункту гледжання, што журналісту — зусім не абавязкова, а вось медыяменеджару — так, трэба, каб разумець, як працуе медыясістэма, як яна ўплывае на грамадства, а грамадства — на яе.

— Але ён сам журфак скончыў.

— Так, завочна. Там, дарэчы, і пазнаёміўся з маёй мамай, Людмілай Фёдараўнай Шылавай, яна была яго выкладчыцай. Ставіў перад ёй складаныя пытанні, гэтым і звярнуў на сябе ўвагу. Так што я нарадзілася дзякуючы журфаку — і таму магла там і не вучыцца (усміхаецца). Мама ўсё прафесійнае жыццё прапрацавала на кафедры радыё і тэлебачання журфака — гэта значыць у бацькоў да журналістыкі фундаментальны падыход.

— А бацька нарадзіўся праз 13 дзён пасля перамогі над гітлераўскай Германіяй.

— Так, адразу пасля вайны. Яго мама працавала медсястрой, выхавальніцай у садку, потым — ужо калі была маёй бабуляй — загадчыцай дзіцячымі яслямі. Яна тату гадавала адна. Думаю, менавіта ад яе ў таты ўменне размаўляць з людзьмі і ўменне іх разгаварыць. У журналістыцы гэта вельмі важна.

“Позірк” далучаецца да віншаванняў свайго былога калегі Уладзіміра Глода з круглай датай.

Уладзімір Глод з жонкай Людмілай Шылавай у Музеі гісторыі польскіх яўрэяў у Варшаве, 2023 год
Фота: архіў Ірыны Сідорскай
Падзяліцца: