Алег КЛІМОВІЧ, аглядальнік “Позірку“

Рэпрэсіі і крыміналізацыя працы журналістаў, блакаванне сайтаў і выгнанне незалежных СМІ з Беларусі не прывялі да спынення іх працы. Сёння само існаванне непадкантрольных рэжыму Аляксандра Лукашэнкі медыя — адна з найбуйнейшых крыніц раздражнення для афіцыйнага Мінска.
“Позірк” вывучыў, у якія спосабы прапаганда, што абслугоўвае рэжым, спрабуе дыскрэдытаваць незалежныя СМІ і ці можна лічыць гэтую дзейнасць паспяховай.
Не саромеючыся ў выразах
За пяць гадоў пасля эпахальных выбараў-2020 прапаганда перажыла істотнае абнаўленне. Яе галоўныя прыкметы — радыкалізацыя, узмацненне расколу грамадства, прамыя абразы палітычных апанентаў, парушэнне заканадаўства. Уявіць яшчэ ў нядаўнім мінулым узровень дэградацыі, які дзяржаўныя СМІ дасягнулі ў 2020 годзе, было немагчыма.
Галоўнымі аб’ектамі нападак для дзяржпрапаганды сталі палітыкі, праваабаронцы і незалежныя СМІ. Апошнія — перш за ўсё таму, што захоўваюць даволі значны ўплыў на грамадзян і рэгулярна руйнуюць карціну свету, якую малююць праўладныя медыя.
“Беларусы жыва абмяркоўваюць будучыя святы і пашыраны асартымент крам, спрачаюцца аб новых мадэлях аўтамабіляў і іншай тэхнікі, будуюць планы на будучыя адпачынкі, іранічна каментуюць сусветныя падзеі і, калі запарушыць, дружна выходзяць на ўборку снегу. Найбольшая праблема — нейкі лянівы сусед не расчысціў гурбы вакол сваёй машыны. А гэтыя, якія захраснулі ў мінулым, спрабуюць галасіць: заробкі ў Беларусі падаюць, рубель вось-вось абрынецца, медыцына стагнуе, заводы стаяць… Ды адкуль вы бераце гэтую дзічыну?!” — абураўся ў 2023 годзе рэдактар аддзела журналісцкіх расследаванняў у газеце “СБ. Беларусь сегодня” Раман Рудзь.
“У праплочаных Захадам платформах усё часцей натыкаешся на заявы “прыхільнікаў пераменаў“, маўляў, “у Беларусі страшна гаварыць на мове, за гэта адпраўляюць за краты”. Або “афіцыйны Мінск у сваім імкненні стварыць Саюзную дзяржаву ігнаруе беларускую культуру, гістарычныя і нацыянальныя традыцыі беларусаў“, — распавядала сёлета ў траўні сувядучая “Галоўнага эфіру“ на “Першым інфармацыйным“ Вікторыя Сянкевіч.
“І гэта ў момант, калі беларусы, якія не здрадзілі сваёй “спадчыне“, рэканструююць Крэўскі замак, узнаўляюць слуцкія паясы, закупляюць калекцыі Радзівілаў, падтрымліваюць беларускамоўныя школы, пераводзяць законы на беларускую, ставяць спектаклі. Навошта далёка шукаць мову, калі яна шыльдамі на тым жа праспекце Незалежнасці“, — дадаў яе калега Павел Лазовік. Пры гэтым прапаганда для дыскрэдытацыі незалежных СМІ часта выкарыстоўвае беларускую мову ў рускамоўных тэкстах. Прыклады тут (“мова” па-беларуску ў рускамоўным тэксце Лазовіка) і ніжэй.
Агулам дзяржаўная прапаганда мае абмежаваную аўдыторыю і магчымасць уплыву за яе межамі. Але для верных гледачоў і чытачоў інструментар інфармацыйна-маніпуляцыйнага ўздзеяння разгортваецца ў поўнай ступені, у тым ліку і дзеля таго, каб яны не пераарыентавалі лаяльнасць і не шукалі інфармацыі “на баку“ — у незалежных СМІ.
Перш за ўсё прапаганда спрабуе адбудавацца ад канкурэнтаў з дапамогай абраз і прыніжальных цэтлікаў. Незалежныя СМІ называюць у матэрыялах “інфапамыйкамі“, “збеглымі“, “экстрэмісцкімі“, “збеглай медыйкай“ (на адрас, дарэчы, аднаго з матэрыялаў “Позірку“), “рэсурсамі збеглых“, “праплочанымі Захадам платформамі“ і нават “антыбеларускімі”.
“Тым, хто рваў ветразь на караблі нашай Радзімы на працягу доўгіх дзесяцігоддзяў. Не даваў плыць наперад“, — маляўніча апісвае шкоду ад незалежных СМІ загадчык кафедры сацыяльнай палітыкі і ідэалогіі Акадэміі кіравання пры прэзідэнце, пастаянны аўтар “Мінскай праўды” Вадзім Ялфімаў.
“Чым жыве сусед, на якія шышы і куды ездзіць адпачываць? Пагадзіцеся, надзённая тэма, таму яе пастаянна абсмоктваюць і на рэсурсах збеглых“, — піша палітычны аглядальнік “СБ. Беларусь сегодня“ Алена Яско.
Іншая сітуацыя з прапагандыстамі. Агулам слова мае негатыўную афарбоўку, але толькі не ў групы падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі.
“Так, мы займаемся прапагандай і агітацыяй. Гэта натуральна. Мы прапагандуем сваё лепшае. Мы агітуем людзей на тое, каб гэта лепшае стварыць, вырабіць. У нас ёсць і павінна быць свая ідэалогія. Ідэалагічны кірунак, ідэалагічная праца“, — сказаў у 2023 годзе Лукашэнка, які сам меў досвед прапагандысцкай працы ў савецкім таварыстве “Веды”.
Часам у дзяржСМІ збіваюцца і таксама называюць незалежных журналістаў “прапагандыстамі”, але гэта хутчэй выключэнне з правіла. Бо правадыр сваю пазіцыю пазначыў, а з ёй у абслуговага яго інфармацыйнага апарата спрачацца не прынята.
Незалежных журналістаў дзяржпрапаганда любіць вінаваціць у здрадзе Радзімы — хоць гаворка ідзе ўсяго толькі пра крытычную ацэнку імі рэжыму.
Акрамя “інфапамыек“ у ход ідуць і іншыя вызначэнні, напрыклад “інфасвінні“, якія “выплюхнулі на сваю краіну і яе грамадзян цэбар памыяў”.
А спецкор “СБ. Беларусь сегодня” Дар’я Гатоўка ні многа ні мала абвінаваціла радыё “Свабода“ ў распадзе СССР: “Радыё Свабода” паводле тых жа метадычак і лякалаў разгойдвала сацыялістычныя рэспублікі. Але калі СССР распаўся, не спыніліся”.
Ёсць у дзяржпрапаганды прэтэнзіі і да народа, які працягвае чытаць “забароненку“. “Апазіцыйныя ж медыя Беларусі і Расіі нахабна хлусяць на грошы ЗША на карысць ЗША, а ўжо сапраўды не незалежна адлюстроўваюць рэчаіснасць, як было калісьці заяўлена. А яшчэ вялікая праблема тое, што людзі вядуцца на гэтую нахабную хлусню“, — скардзілася ў сакавіку рэдактар аддзела рэгіянальных СМІ “Мінскай праўды“ Марына Субота.
Далей яна развівае думку, апускаючыся да абразы грамадзян: “Вось, уласна, прынцыпы пабудовы сучаснай хлусні ва ўсім свеце. Чым яна больш жахлівая, тым у яе больш ахвотна вераць недалёкія абывацелі“.
Пагрозы і запалохванне
Дзяржаўная прапаганда з 2020 года шмат у чым зраслася з сілавым апаратам. Здаецца, што на кожным з асноўных інфармацыйных рэсурсаў і тэлеканалаў ёсць свой Ігар Тур (супрацоўнік АНТ і член пула Лукашэнкі), які выкарыстоўвае злівы КДБ так часта, як можа, і ганарыцца гэтым, гатовы ўдзельнічаць у аператыўных распрацоўках і пастаноўках.
Гэта прывяло яшчэ да аднаго агулам заканамернага наступства: супрацоўнікі дзяржаўных інфармрэсурсаў пагражаюць апанентам, хоць у большасці выпадкаў самастойна не маюць для выканання пагроз ні ўплыву, ні рэсурсаў.
Як прыклад — заява калумністкі “СБ. Беларусь сегоня” Алёны Красоўскай: “Але ёсць усё ж такі надзея: беларускія следчыя хутка даходліва ўсё растлумачаць — Гарэцкага (Барыс Гарэцкі — намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў. — В.К.) як раз у міжнародны вышук абвясцілі. І адшукаюць жа абавязкова. Спадзяюся, хоць гэта-то збеглыя цяпер разумеюць”.
Спекуляцыі на крыніцах і наяўнасці фінансавання
Негатыўнае стаўленне да грантаў і праектнага фінансавання ў любой форме выпрацоўвалася ў беларусаў дзесяцігоддзямі. Пара “добра-дрэнна” ў дадзеным выпадку выглядае, паводле версіі дзяржпрапаганды, наступным чынам: дзяржаўнае фінансаванне — гэта добра, гранты — дрэнна.
Таму пытанні фінансавання выкарыстоўваліся супраць незалежных СМІ заўсёды. А сёння не мае значэння, ці ёсць гэта фінансаванне. Ёсць, значыць, дзяржпрапаганда абвінавачвае ў прадузятасці. Не — радуецца хуткаму закрыццю апанента.
“Наконт выслізвання фінансавання замітусіўся і “незалежны медыярынак” (па-беларуску ў рускамоўным тэксце. — “Позірк”.) збеглых. Гэта яны самі сябе гучна медыярынкам завуць, насамрэч на тым “рынку“ засталася пара-тройка “выданняў“, якія даходзяць, і столькі ж тэлеграм-каналаў, якія даўно пераключыліся на расійскія навіны“, — пісалі ў студзені 2025 года Красоўская і Алег Карповіч у “СБ. Беларусь сегодня“.
Аўтар гэтага ж выдання Юрый Церах абураны, што пасля выціскання з Беларусі для “так званых апазіцыйных СМІ, якія пасля ўсе як адно апынуліся экстрэмісцкімі“, “не змянілася наогул нічога“. Зрэшты, яго радуе, што пры гэтым дзесьці “вырашылі, што далейшае фінансаванне ўсёй гэтай “суполкі“ (гэтае слова па-беларуску ў рускамоўным тэксце. — “Позірк”.) немэтазгодна“. “Дакладных лічбаў мы пакуль не ведаем, але тым шуме, які падняўся, відавочна, што скарачэнне бюджэтаў адбылося больш чым сур’ёзнае“, — ацаніў сітуацыю Церах.
“Збеглыя ўсяго за тыдзень значна знізілі сваю актыўнасць у памыйніцах, таму што Трамп прыкруціў фінансавы кранік, а бясплатна змагацца з “рэжымам“ (гэтае слова па-беларуску ў рускамоўным тэксце. — “Позірк”.) — дурных няма (выраз таксама па-беларуску. — “Позірк”.). Затое стогны аб будучай галечы чутныя па ўсёй празаходняй медыйцы”, — злараднічаў у студзені Раман Рудзь.
“А ў іх на гарэлку не хапае (закрэслена) гранты ўразаюць, інфапамойкі закрываюць“, — пісаў яшчэ адзін калумніст “СБ. Беларусь сегодня“ Андрэй Мукавозчык.
“Калі перавесці гэта на рускую мову, то падобныя заявы азначаюць адну: неўзабаве колькасць фэйкаў пра Беларусь (альтэрнатыўная інфармацыі на мове прапагандыстаў. — В.К.) значна паменшыцца“, — прагназавалі на “Першым інфармацыйным“ у лютым.
Зрэшты, пра “фінансавы калапс” тая ж Алёна Красоўская пісала яшчэ ў 2024 годзе, толькі тады звязвала яго са скарачэннем фінансавання некалькіх незалежных СМІ ў Польшчы.
Няма таксама розніцы для дзяржпрапаганды, ці дапамагаюць незалежнай крыніцы інфармацыі чытачы. Дапамагаюць — значыць, СМІ жабруе, не знайшоў сродкаў. Не — значыць, чытачы яго не падтрымліваюць.
“Наогул, каб выдурыць у людзей грошы, а потым падставіць іх, змагары (гэтае слова па-беларуску ў рускамоўным тэксце. — “Позірк”.) выкарыстоўваюць розныя заманухі, не толькі будучыя выбары. Вось просяць, напрыклад, падтрымаць грашыма сваю “напружаную працу”, — запэўнівала Красоўская ў лістападзе 2024-га.
Атака на давер аўдыторыі
“Рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае комплексную сістэму метадаў для падрыву даверу да незалежных СМІ, заснаваную на шматгадовым досведзе аўтарытарных практык. Наўпрост ўжываецца татальная крыміналізацыя — незалежныя журналісты і медыя абвяшчаюцца экстрэмісцкімі рэсурсамі, арганізацыямі і г.д., некаторыя абвешчаныя тэрарыстамі. Гэта аўтаматычна робіць любыя кантакты з імі крымінальна каральнымі. Гэта стварае атмасферу страху не толькі сярод саміх журналістаў, але і сярод іх аўдыторыі“, — пракаментаваў сітуацыю “Позірку“ старэйшы аналітык праекта Media IQ Паўлюк Быкоўскі.
На яго думку, не менш важна прапагандысцкае ўздзеянне. “Тут асноўнай стратэгіяй з’яўляецца атака на давер аўдыторыі — галоўны сацыяльны капітал незалежных СМІ”, — адзначыў эксперт.
Сярод інструментаў ён назваў стварэнне спецыфічных наратываў: незалежныя СМІ выстаўляюцца марыянеткамі, кіраванымі заходнімі спецслужбамі і донарамі, прадузятымі і антыбеларускімі; ствараецца вобраз журналістаў як “ворагаў народа“, “здраднікаў“, “дэструктыўных элементаў“, а ў дачыненні да журналістыкі агулам узмацняецца негатыўны стэрэатып як пра “другую найстаражытную прафесію“ — прастытуцыю.
“Для аўтарытарнага рэжыму не так важны ўласна давер грамадства да кантраляваных рэжымам крыніц інфармацыі, гэтым збольшага можна грэбаваць. Важна разбурыць давер да альтэрнатыўных ім крыніц інфармацыі”, — падкрэсліў Быкоўскі.
Асабліва эфектыўным метадам ён лічыць падмену паняццяў: “Рэжым ставіць знак роўнасці паміж журналістыкай і прапагандай, сцвярджаючы, што на Захадзе таксама ёсць прапаганда, толькі называюць яе піярам”. Гэта, на думку Быкоўскага, размывае разуменне прафесійных журналісцкіх стандартаў і этыкі. Пры гэтым прасоўваецца наратыў аб інфармацыйнай вайне, дзе беларускія дзяржаўныя СМІ нібыта супрацьстаяць фэйкам.
“Сістэма дапаўняецца стварэннем інфармацыйнага шуму — патоку супярэчлівай, скажонай інфармацыі, калі адрозненне паміж праўдай і хлуснёй становіцца няўлоўным. У такім асяроддзі нават якасная журналістыка ўспрымаецца як “яшчэ адно меркаванне“, а не як крыніца дакладных фактаў”, — адзначыў старэйшы аналітык Media IQ.
Мэта ўладаў — поўны кантроль інфаполя
“Дыскрэдытацыя незалежных СМІ служыць некалькім стратэгічным мэтам аўтарытарнага рэжыму. Адна з галоўных — усталяванне поўнага кантролю над інфармацыйнай прасторай і недапушчэнне альтэрнатыўных поглядаў на тое, што адбываецца ў краіне. Калі грамадзяне пазбаўленыя доступу да незалежнай інфармацыі, улада атрымлівае манаполію на інтэрпрэтацыю падзей і фармаванне грамадскай думкі“, — патлумачыў Быкоўскі мэту дыскрэдытацыі незалежных СМІ.
Ён адзначыў, што “поўнай манаполіі дзякуючы інтэрнету не атрымліваецца, але доступ да альтэрнатыўных крыніц інфармацыі ўскладнены, а ўнутры Беларусі іншадумцы пазбаўленыя магчымасці публічна дэманстраваць свае погляды праз рэпрэсіі”. Стаіць задача “пераканаць грамадзян адвярнуцца ад незалежных СМІ”.
“Важнай мэтай з’яўляецца легітымацыя рэпрэсій супраць журналістаў і грамадзянскай супольнасці. Калі СМІ прадстаўленыя як “экстрэмісты“ або “тэрарысты“, то іх пераслед выглядае як абарона нацыянальнай бяспекі, а не як парушэнне правоў чалавека і свабоды слова”, — падкрэсліў эксперт.
Пры гэтым, паводле яго слоў, паколькі незалежныя СМІ часта асвятляюць дзейнасць апазіцыі, іх дыскрэдытацыя аўтаматычна аслабляе і палітычных праціўнікаў рэжыму.
“Нарэшце, важная мэта — дэмабілізацыя грамадства шляхам стварэння атмасферы безвыходнасці і недаверу. Інфармацыйныя атакі фармуюць адчуванне, што “праўды ўсё адно не даведаешся”. Гэта прыводзіць да грамадзянскай апатыі і адмовы ад удзелу ў грамадскім жыцці“, — лічыць Быкоўскі.
“Дзіўная ўстойлівасць даверу да незалежнай журналістыкі“
Эксперт ацэньвае эфектыўнасць прапагандысцкіх нападаў на незалежныя СМІ ў Беларусі як “тактычна паспяховую, але стратэгічна абмежаваную”.
“Унутры краіны рэжыму сапраўды ўдалося фізічна выцесніць незалежныя медыя з інфармацыйнай прасторы — большасць незалежных выданняў закрытая, журналісты рэпрэсаваныя або вымушаныя працаваць у эміграцыі. Крыміналізацыя стварыла сур’ёзны бар’ер для доступу да інфармацыі — грамадзяне вымушаныя шукаць складаныя абыходныя шляхі, выкарыстоўваць VPN і зашыфраваныя каналы сувязі. Аднак, як паказваюць даследаванні, гэта не прывяло да поўнага разрыву сувязі паміж выгнанымі СМІ і беларускай аўдыторыяй“, — заявіў Быкоўскі.
Паводле яго слоў, даследаванні дэманструюць дзіўную ўстойлівасць даверу да незалежнай журналістыкі.
“Як мінімум чвэрць насельніцтва Беларусі рэгулярна спажывае кантэнт незалежных медыя. Больш за тое, незалежныя СМІ захавалі здольнасць уплываць на палітычныя працэсы — іх расследаванні працягваюць выклікаць рэакцыю ўлады і міжнароднай супольнасці. Парадаксальна, але забароненыя медыя часам прымушаюць рэжым рэагаваць на свае публікацыі мацней, чым гэта было да іх забароны“, — звярнуў увагу эксперт.
Media IQ адзначыў у гадавой справаздачы, што незалежныя СМІ “гуляюць ключавую ролю ў фармаванні грамадскай думкі па важных пытаннях, у прыватнасці, у дачыненні да вайны ва Украіне“.
“Паводле дасьледаванняў, 94% спажыўцоў незалежных медыя крытычна ставяцца да расійскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны, а сярод аўдыторыі дзяржаўных СМІ 61% цалкам або часткова яе падтрымліваюць. Гэта пацвярджае значнасць незалежных СМІ не толькі як крыніцы альтэрнатыўнай інфармацыі, але і як фактару, які ўплывае на рэгіянальную бяспеку і стабільнасць“, — заявіў суразмоўца “Позірку“.
Гл. таксама:
Добро пожаловать в Zомбилэнд? Пропагандисты Лукашенко пляшут, предвкушая гибель независимых СМИ (на рускай мове)