
У Беларусі створаная адзіная ў маштабах усёй краіны, стройная і кіраваная з адміністрацыі прэзідэнта сістэма прафсаюзаў. Яна ахоплівае ўсе працоўныя калектывы ў дзяржаўным сектары эканомікі, бюджэтнай сферы. Прафсаюзы сталі інструментам кантролю ўлады над грамадствам.
С дакладам да Лукашэнкі
На першы погляд, інфармацыю пра тое, што 17 ліпеня Аляксандр Лукашэнка сустрэўся са старшынёй Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі (ФПБ) Юрыем Сянько, можна лічыць руціннай. Кантакты з кіраўніком адзінага прафцэнтру краіны — здавалася б, звычайная з’ява для кіраўніка любой дзяржавы.
Але ў беларускім выпадку важныя нюансы, якія высвечваюць не толькі спецыфічны статус і тутэйшых прафсаюзаў, але і асаблівасці дзяржаўнай улады, тып палітычнага рэжыму.
Афіцыйныя СМІ паведамілі, што Лукашэнка прыняў Сянько з дакладам. У перакладзе на зразумелую мову гэта азначае, што падначалены справаздачыўся перад начальнікам. У самім гэтым факце ў поўнай меры адлюстраваўся рэальны статус прафсаюзаў у Беларусі.
ФПБ — арганізацыя, якая засталася ў спадчыну з савецкай эпохі (тады яна называлася Беларускім рэспубліканскім саветам прафесійных саюзаў). Як і ўсе грамадскія арганізацыі таго часу, яна была прыдаткам дзяржаўнага апарату, дадатковым інструментам кантролю над грамадствам. Старшыня прафкама падпісваў характарыстыкі грамадзян на роўных з кіраўніком прадпрыемства і сакратаром парткама.
На двух крэслах
Пасля краху камуністычнага ладу, на пачатку 1990-х перад ФПБ, як у былінах і казках, адкрыліся два шляхі.
Першы — захаванне статус-кво. Федэрацыя магла застацца адзяржаўленым бюракратычным інстытутам, які ў пэўнай ступені дублюе Міністэрства сацыяльнай абароны. Гэтае становішча вельмі камфортнае: не патрабуе ад штатных работнікаў ФПБ ніякіх зменаў, да і вялікіх намаганняў.
Другі шлях — трансфармацыя ў сапраўдныя прафсаюзы, якія дзейнічаюць у дэмакратычных краінах.
Гэта азначала б сапраўдную рэвалюцыю ў прафсаюзным руху. Гэты шлях надзвычай драматычны, паколькі ператварае жыццё прафсаюзных функцыянераў у пастаянную барацьбу з наймальнікамі (у нашым выпадку — з дзяржавай як асноўным працадаўцам) за выгадныя ўмовы продажу працы наёмнымі работнікамі.
ФПБ тады абрала чыста беларускі варыянт: сядзець на двух крэслах. Але ўсё ж такі цэнтр цяжару прыпадаў на дзяржаўнае крэсла.
Прадзяржаўная сутнасць федэрацыі праяўлялася разнастайна: у практычна пагалоўным членстве ў прафсаюзах работнікаў дзяржсектара з аўтаматычным адлічэннем прафсаюзных унёскаў праз бухгалтэрыі; у жорсткім кантролі адміністрацый дзейнасці прафкамаў; у членстве ў прафсаюзах кіруючых работнікаў усіх узроўняў ажно да міністраў.
Сядзець на двух крэслах атрымлівалася таму, што ў Беларусі не адбыліся рынкавыя рэформы, прыватызацыя, у значнай меры захавалася старая сацыяльная мадэль з дамінаваннем дзяржаўнай уласнасці.
ФПБ выконвала функцыі стабілізатара існуючай сістэмы. Гэта задавальняла дзяржаву, бо пазбаўляла яе неабходнасці выдаткоўваць сілы на пошук кампрамісу з прафсаюзамі.
Аляксандр Бухвостаў, адзін з тагачасных лідараў незалежнага прафсаюзнага руху (пра гэта крыху ніжэй), у 1997 годзе даў такую ацэнку дзейнасці ФПБ: “[Афіцыйныя] прафсаюзы, на жаль, у цяперашнім становішчы не столькі абараняюць, колькі адыгрываюць ролю буфера, які гасіць незадаволенасць працоўных і дапамагаюць ураду ў яго бяздзейнасці, заахвочваюць няздольнасць штосьці змяніць”.
Як правіцель разумее ролю прафсаюзаў
Невядома, як бы эвалюцыяніраваў прафсаюзны рух, калі б не пачалося фармаванне аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі.
Уяўленні аўтакрата пра месца і ролю прафсаюзаў былі выкладзены ім на сустрэчы з прафактывам 23 лістапада 1994 года — праз чатыры месяцы пасля прыходу да ўлады.
Прафсаюзныя арганізацыі, паводле думкі Лукашэнкі, павінны дапамагаць ураду ў выкананні эканамічных праграм, наладзіць кантроль за выкарыстаннем дзяржаўнай уласнасці, змагацца з карупцыяй, сачыць за маральным абліччам сваіх членаў (барацьба з п’янствам). Іншымі словамі, павінны стаць пятым колам у дзяржаўным возе.
На пачатку 1990 х з’явіліся і незалежныя прафсаюзы. Яны былі малалікія, але пры ўмове дэмакратычных рэформаў мелі б някепскія перспектывы.
Лукашэнка дэманстраваў рэзка адмоўнае стаўленне да свабодных прафсаюзаў. Такая пазіцыя была абумоўлена тым, што яны займаліся сапраўднай прафсаюзнай дзейнасцю, то бок спрабавалі паслядоўна бараніць правы наёмных работнікаў, апаніравалі адміністрацыям прадпрыемстваў і дзяржаве як асноўнаму гаспадару сродкаў вытворчасці.
Такую дзейнасць прэзідэнт назваў “палітычнай”, накіраванай на “дэстабілізацыю” сітуацыі ў краіне. Прафсаюзам, на думку Лукашэнкі, можна ажыццяўляць толькі дзяржаўную палітыку і ніякую іншую.
Таму незалежныя прафсаюзы былі загнаныя ў паўпадполле, яны страцілі магчымасць рэальна ўплываць на рабочы рух.
Сядзенне ФПБ на двух крэслах таксама не задавальняла Лукашэнку. Логіка функцыянавання аўтарытарнага рэжыму вымагала ўзяць усе грамадскія структуры пад жорсткі дзяржаўны кантроль. Нават адносная незалежнасць асобных арганізацый ад уладаў выклікала ў правіцеля дыскамфорт.
Паміж рэжымам і ФПБ сталі ўзнікаць канфлікты. Улады пачалі ўмешвацца ў дзейнасць федэрацыі, спрабавалі замяніць кіраўніцтва некаторых галіновых прафсаюзаў.
Апошняй кропляй, якая перапоўніла чашу цярпення Лукашэнкі, стаў удзел старшыні ФПБ Уладзіміра Ганчарыка ў прэзідэнцкіх выбарах 2001 года ў якасці адзінага кандыдата дэмакратычных сіл.
“Генералаў былых не бывае”
Пасля выбараў уладная вярхушка вырашыла ўзяць прафсаюзы пад поўны кантроль.
Пад грубым ціскам ФПБ змяніла кіраўніцтва. У якасці дэманстратыўнага прыніжэння прафсаюзаў кіраўніком федэрацыі быў прызначаны (фармальна абраны) намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Леанід Козік.
Выступаючы на з’ездзе ФПБ у 2002 годзе, Лукашэнка сказаў: “Мы можам дакладна ўманціраваць вас у працэсе абнаўлення ў сістэму дзяржаўнай улады”.
Такім чынам, ФПБ, зрабіўшы поўны разварот, вярнулася да нулявой кропкі адліку, да свайго першапачатковага стану, да таго, ад чаго яна імкнулася сысці на пачатку 1990-х. То бок да ролі прыдатку дзяржаўнай машыны.
Гэта класічная карпаратыўная мадэль, характэрная для ўсіх недэмакратычных рэжымаў. Камунікацыя ў ёй ажыццяўляецца строга ў кірунку зверху ўніз.
Адзначым, што пасада кіраўніка ФПБ уваходзіць у кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы. Членства ў афіцыйных прафсаюзах фактычна абавязковае для работнікаў бюджэтных арганізацый і прадпрыемстваў дзяржсектара. Адмова ад уступлення ў ФПБ разглядаецца як дэманстрацыя палітычнай нелаяльнасці і пагражае вялікімі непрыемнасцямі.
Прафсаюзы не абышла тэндэнцыя прызначаць на кіруючыя пасады сілавікоў. Цяперашні старшыня ФПБ Сянько раней быў кіраўніком Дзяржаўнага мытнага камітэта. Прымаючы даклад прафсаюзнага лідара, Лукашэнка шматзначна заўважыў: “Генералаў былых не бывае”.
Незалежныя прафсаюзы ліквідаваныя, забароненыя. Іх лідары і актывісты (Аляксандр Ярашук, Генадзь Фядыніч, Вольга Брыцікава і іншыя) знаходзяцца за кратамі.
Дзяржаўныя прафсаюзы не здольныя быць амартызатарам сацыяльнага пратэсту
Міжнародная арганізацыя працы (МАП) ужыла да Беларусі “параграф 33”. Гэта найбольш жорсткая мера, якую МАП можа прыняць у дачыненні той ці іншай краіны.
Беларусь была ўключаная ў спецыяльны параграф як краіна, якая сістэматычна парушае правы працоўных і прафсаюзаў. Такое рашэнне прымянялася толькі да М’янмы, што падкрэслівае яго выключнасць. На практыцы гэта азначае рэкамендацыю краінам — членам МАП перагледзець супрацоўніцтва з Беларуссю.
Некалькі разоў Лукашэнка патрабаваў стварыць структуры ФПБ у прыватных фірмах. То бок ён спрабуе надаць дзяржаўным прафсаюзам функцыю кантролю за працадаўцамі ў недзяржаўным сектары. Гэта спроба стварыць для прыватных структур яшчэ адзін кантрольны орган.
Паказальна, што задача кантролю працадаўцаў у дзяржаўным сектары не ставіцца. Тут правы прафсаюзаў абмежаваныя.
Сістэма функцыянавання прафсаюзаў, якая створана ў Беларусі, нібыта зручная ўладам, але мае з пункту гледжання іх інтарэсаў адзін істотны недахоп. Яна не здольная быць амартызатарам сацыяльнага пратэсту, які ў такім выпадку з вялікай верагоднасцю набывае неінстытуцыянальныя формы. Што і паказаў 2020-ы год.
Фармальна найбольш масавая арганізацыя, якая аб’ядноўвае болей за 4 млн чалавек, апынулася ў тыя дні па-за гульнёй. Гэта стала адной з прычынаў, чаму ўлады змянілі старшыню ФПБ (Сянько паставілі на месца Міхаіла Арды).
Падзеі 2020 года лішні раз пацвердзілі вядомую ісціну, што на балота абапірацца нельга, нават калі яно і вельмі вялікае.