Мінск 22:12

Світа Лукашэнкі і барацьба з дыктатурай. Дзесяць найбольш самых уплывовых жанчын-палітыкаў Беларусі — ва ўладзе і ў дэмсілах

Беларусь здабыла незалежнасць 34 гады таму, і ўвесь гэты час у айчыннай палітыцы дамінуюць мужчыны. Іх больш ва ўладзе і на высокіх дзяржаўных пасадах. Іх больш на чале дэмакратычных структур і апазіцыйных палітычных партый. Патрыярхат — магчыма, адзінае падабенства паміж прадстаўнікамі двух супрацьлеглых лагераў.

Аднак час ідзе, і сітуацыя мяняецца. Хутчэй — у табары прыхільнікаў дэмакратычных пераменаў, дзе жанчыны выходзяць на вядучыя ролі. Павольней — у атачэнні Аляксандра Лукашэнкі, які ўсё ж дапускае да кіравання тых, каму раней прапаноўваў у першую чаргу быць “маці і захавальніцай хатняга ачага”.

Блог “Дыпламат” вывучыў беларускі палітыкум па абодва бакі барыкад і склаў дзясятку найбольш уплывовых персон жаночага полу — па пяць ад аўтакратыі і дэмруху.

Улада: чым бліжэй да Лукашэнкі, тым большая наменклатурная вага

5. Лілія Ананіч

Былы міністр інфармацыі, 65 гадоў

Фота: sb.by

Выпускніца журфака БДУ, яна толькі на пачатку дарослага жыцця — у познесавецкія гады — спрабавала працаваць па спецыяльнасці. Але вельмі хутка перакваліфікавалася ў чыноўнікі сумежных дзяржаўных ведамстваў, дзе яе кар’ера імкліва пайшла ў гару.

Гаворым “Лілія Ананіч” — маем на ўвазе”Міністэрства інфармацыі”. Менавіта там ураджэнка Барысаўскага раёна знайшла сабе працяглае прымяненне. Пік яе наменклатурнай біяграфіі — 16 гадоў на кіруючых пасадах у Мінінфарме. Апошнія тры гады (2014–2017) яна ўзначальвала ведамства.

Міністэрства інфармацыі ў сістэме Лукашэнкі — гэта не пра свабоду слова, а пра цэнзуру і ідэалогію. Ананіч гэта выдатна разумела. Яе час у бытнасць членам урада — гэта ціск на незалежныя СМІ, выдача афіцыйных папярэджанняў рэдакцыям, блакаванне інтэрнэт-рэсурсаў. Стаўленне чыноўніцы да медыя вычарпальна характарызуе яе вядомае выказванне: “Гэта не чацвёртая ўлада, гэта партнёры ўлады”.

Яна відавочна не падманула чаканняў працадаўцы, аднак восенню 2017-га была адпраўленая ў адстаўку. Паводле адной з версій, пасады Ананіч каштавала гісторыя з пераследам публіцыстаў “Регнума “— расійскага агенцтва, якое прапагандавала ў Беларусі ідэі “рускага свету”. Тая гісторыя напружыла стасункі паміж Мінскам і Масквой, і Лукашэнка, гася жарсці, быў вымушаны ахвяраваць фігурай міністра-цэрбера.

Аднак па-за гульнёй пасля звальнення Ананіч не засталася. У 2019 годзе яе зрабілі дэпутатам Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання. У парламенце яна займалася добра знаёмым рамяством: была намеснікам старшыні камісіі па правах чалавека, нацыянальных стасунках і СМІ, працавала над законапраектамі аб “супрацьдзеянні экстрэмізму”, “недапушчэнні рэабілітацыі нацызму”, “сродках масавай інфармацыі”.

Таксама экс-міністр узначаліла Рэспубліканскую экспертную камісію па “ацэнцы інфармацыйнай прадукцыі на прадмет наяўнасці (адсутнасці) у ёй прыкмет праявы экстрэмізму”. СМІ паведамлялі, што толькі ў 2022 годзе гэтая камісія выявіла прыкметы “экстрэмізму” ў 1.379 з 1.400 вывучаных публікацый — 98,5%.

Службовая стараннасць дэпутата Ананіч цалкам адпавядала духу часу. Пасля падзей 2020 года ўлады пачалі пагромную палітыку ў дачыненні да незалежных СМІ, і спецыялісты гэтага профілю вельмі шанаваліся. Тым не менш пасля завяршэння кадэнцыі мандат гэтаму байцу ідэалагічнага фронту вырашылі не працягваць. З 2024 года значных пасад Ананіч не займае.

4. Лідзія Ярмошына

Экс-старшыня ЦВК, 72 гады

Фота: sb.by

У 1996 годзе Лукашэнка даверыў жанчыне найважнейшую пасаду старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі. Не лічыць галасы, але забяспечваць элегантныя перамогі на выбарах і рэферэндумах на месца Віктара Ганчара , які ўзняў бунт, была пастаўленая ўраджэнка Слуцка, выпускніца Калінінградскага дзяржаўнага ўніверсітэта Лідзія Ярмошына.

На адказнай пасадзе яна заставалася чвэрць стагоддзя — да снежня 2021-га. І ніколі не падвяла, не схібіла, ні на крок не адышла ад генеральнай лініі. Нават на прэзідэнцкіх выбарах 2020-га, калі і прыхільнікам Лукашэнкі было відавочна, што большасці галасоў ён не набраў, ЦВК Ярмошынай звонка пстрыкнуў абцасамі і абвясціў перамогу галоўнага кандыдата з зашкальвальваючым паказчыкам 80,1%.

Насуперак усім правілам Ярмошына асабліва і не хавала, на каго працуе. Называла сябе “членам каманды прэзідэнта”. Кляйміла апазіцыйных кандыдатаў. Казала, што жанчынам, якія пратэставалі супраць фальсіфікацый у 2010-м, трэба “сядзець дома і варыць боршч”.

У жніўні 2020-га працоўны кабінет Ярмошынай стаў месцам, дзе высокапастаўленыя сілавікі запалохвалі Святлану Ціханоўскую, якая прыйшла ў ЦВК падаць скаргу на афіцыйныя лічбы галасавання. У выніку літаральна з гэтага кабінета палітык была вывезеная спецслужбамі ў эміграцыю.

За гады бездакорнай службы кіраўнік ЦВК адбудавала такую сістэму выбараў і “падліку галасоў”, якая без збояў выдае патрэбны вынік. Ніводная з праведзеных ёю выбарчых кампаній не была прызнаная міжнароднай супольнасцю. Ацэнкай дзейнасці Лідзіі Міхайлаўны можна лічыць заходнія санкцыі, з якімі яна вымушаная ўжывацца з 2004 года (з перапынкам на адлігу ў адносінах паміж Мінскам і ЕС).

Сістэма працуе і сёння, калі яе стваральніца выйшла на пенсію, перадаўшы прафесійныя сакрэты праўладнаму камуністу Ігару Карпенку. Той аказаўся годным пераемнікам: на выбарах 2025-га ЦВК аформіў Лукашэнку рэкордныя 86,8%.

Пяць гадоў таму ў інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву БелаПАН (у 2021 годзе, праз 30 гадоў працы, прызнанае “экстрэмісцкім фарміраваннем”) Ярмошына падзялілася планамі на старасць — “чакаць сыходу з жыцця”. Жыццё працягваецца, і з поля зроку прапаганды экс-старшыня Цэнтрвыбаркама не выпадае.

Пра сваю сённяшнюю занятасць яна распавяла зусім нядаўна, у чэрвені, у эфіры тэлеканала “Беларусь 1”. “У мяне вельмі шмат грамадскіх спраў, — сказала 72-гадовая пенсіянерка Ярмошына. — Асабліва ў гэты год, звязаны з выбарамі прэзідэнта. Было шмат сустрэч з рознымі працоўнымі і студэнцкімі калектывамі. Плюс у мяне шмат праектаў у Беларускім саюзе жанчын. Да мяне па-ранейшаму прыходзяць мае калегі. Таму ў мяне вельмі актыўнае жыццё. Я яе (пенсію. — “Дыпламат”.) не заўважаю”.

Яна насамрэч рэгулярна выступае ў дзяржСМІ, звыкла ўсхваляючы дзейную ўладу і лаючы яе апанентаў. Была і сапраўды ўцягнутая ў агітацыю за Лукашэнку падчас падаўжэння паўнамоцтваў на сёмы тэрмін. Заяўляла, што той набярэ больш за 90% галасоў, называла яго “сапраўдным мужыком”, казала, што шматгадовая праца на чале ЦВК прыносіла ёй задавальненне і толькі выбары 2020 года яе “надламалі”.

3. Наталля Качанава

Старшыня Савета Рэспублікі, экс-кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, 64 гады

Фота: Савет Рэспублікі

Усе гады на дзяржслужбе гэтая жанчына дэманструе асабістую адданасць Лукашэнку. Называе яго “глыбокапаважаным”, заяўляе, што з “прэзідэнтам” застанецца “да канца сваіх дзён”. На думку экспертаў, уменне ліслівіць вышэйстаячаму начальніку з’яўляецца адным з драйвераў кар’еры ўраджэнкі Полацка.

Кар’ера ў Качанавай ўражвае, хоць паводле некаторых прыкметаў хіліцца да заходу.

У Мінск чыноўніцу вырвалі ў 2014-м з крэсла старшыні Наваполацкага гарвыканкама. У сталіцы яна не згубілася: два гады была віцэ-прэм’ерам, тры гады ўзначальвала Адміністрацыю прэзідэнта (АП), са снежня 2019-га — спікер Савета Рэспублікі.

Прызначаючы яе ў склад урада, Лукашэнка шматзначна заявіў, што прапанова ўвесці Качанаву ў вышэйшыя эшалоны ўлады “зыходзіла ад сілавых структур”. У АП яна адказвала сярод іншага за кадравую палітыку і атрымала разгромную характарыстыку ад былога галоўрэда “Советской Белоруссии” (цяпер “СБ. Беларусь сегодня”) Паўла Якубовіча. “Яе эпоха — гэта эпоха дэкадансу. <…> Пры ёй была разваленая кадравая праца, не самыя лепшыя кадры замяняліся горшымі. І гэта практычна на ўсіх узроўнях: старшыні аблвыканкамаў, не кажу ўжо пра райвыканкамы”, — заявіў падчас пратэстаў 2020-га экс-кіраўнік вядучага органа дзяржпрапаганды.

Перавод у Савет Рэспублікі, безумоўна, стаў для Качанавай паніжэннем, па сутнасці, камфортнай сінекурай перад сыходам на пенсію. Аднак фармальна гэтая пасада застаецца адной з самых высокіх у іерархіі (менавіта спікеру СР НС пераходзяць паўнамоцтвы прэзідэнта, калі з ім нешта здараецца), і яе ўладальніца па-ранейшаму не сыходзіць са старонак і экранаў дзяржСМІ, працягвае нахвальваць Лукашэнку і ягоную палітыку.

Ментальна яна так і засталася чалавекам з савецкай эпохі, чаму сведчаннем — шматлікія выказванні ў духу газеты “Правда”. Горача падтрымліваючы ўсе рэпрэсіўныя практыкі рэжыму, трапіла пад санкцыі ЕС, ЗША і яшчэ дзясятка дэмакратычных краін. Страціўшы ранейшы ўплыў, з усіх сіл даказвае, што яе рана спісваць з высокіх наменклатурных рахункаў.

2. Наталля Пяткевіч

Віцэ-прэм’ер, былы першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, 52 гады

27 чэрвеня 2024 года яна вярнулася ў сістэмны палітыкум з амаль дзесяцігадовага нябыту. Многія і думаць перасталі, хто такая і кім была Наталля Пяткевіч. Ну, працавала прэс-сакратаром Лукашэнкі, была першым намеснікам кіраўніка яго адміністрацыі, а затым і непасрэдна яго памочнікам. Але пасля звальнення ў 2014-м прайшло так шмат часу, здарылася столькі ўсякіх падзей, што былыя заслугі выпускніцы юрфака БДУ згаслі, пакрыліся тлустым пластом пылу.

Пасля адстаўкі Пяткевіч і сама крута змяніла жыццё. Выйшла замуж за пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры ААН Валянціна Рыбакова, жыла ў Нью-Ёрку як жонка дыпламата, нішто не паказвала на тое, што яе веды могуць быць зноў запатрабаваныя ўладай.

Аднак сітуацыя з кіраўнічымі кадрамі ў Лукашэнкі, відаць, настолькі дрэнная, што не схаваешся нават за акіянам. Ён вярнуў Пяткевіч адразу ў крэсла першага намесніка кіраўніка АП, але ўжо менш чым праз год — 22 траўня 2025-га — перасунуў на месца віцэ-прэм’ера, на якім яе папярэднік Уладзімір Каранік пратрымаўся менш за тры месяцы. З тых часоў яна адказвае ва ўрадзе за сацыяльны блок — вельмі важны напрамак ва ўмовах пагаршэння эканамічных паказчыкаў, гнятлівай сітуацыі на рынку працы і трывожных дэмаграфічных працэсаў. У прыватнасці, Пяткевіч прызначаная адказнай за правядзенне ўступнай кампаніі, аддзімаецца перад кіраўніком рэжыму за жаласны стан айчыннага кінематографа, надзеленая паўнамоцтвамі прадстаўляць Мінск у ЕАЭС і СНД.

Некаторыя эксперты лічаць, што перавод з АП на “сацыялку” ў Савет міністраў стаў паніжэннем па службе для вядомай чыноўніцы. Сама яна ў дзяржСМІ сцвярджае адваротнае: “Гэта чэлендж, пэўны выклік, таму што гэта не проста сацыяльная сфера (адукацыя, ахова здароўя, культура) — гэта велізарная эканоміка. Прэзідэнт паставіў вялікія задачы і ўскладае вялікія надзеі на выніковасць. Сацыяльны блок-гэта самае галоўнае для нашых людзей. У сацыяльна арыентаванай дзяржаве <…> гэта, вядома, найважнейшая тэма”.

Кім была Пяткевіч у сваю першую бытнасць у сістэме, усе ўжо ўзгадалі. Жорсткая, уплывовая чыноўніца, набліжаная да галоўнай асобы, якой даручаліся сур’ёзныя справы накшталт гандлю палітвязнямі з Захадам. Кім стане Пяткевіч 2.0 — пакуль пытанне адкрытае, але наўрад ці яе вярталі на ролю безыніцыятыўнага статыста.

1. Наталля Эйсмант

Прэс-сакратар Лукашэнкі, 41 год

Відэазапіс: СТБ / Стоп-кадр: "Позірк"

Аўтар выказвання “Дыктатура — наш брэнд” у палітыцы з 2014 года, Увесь гэты час яна займае адну пасаду — асабістага прэс-сакратара Лукашэнкі.

З усіх жанчын ва ўладзе Эйсмант найбольш набліжаная да кіраўніка. Яна побач ледзь не кожны працоўны дзень. Адпаведна вялікая і яе ўплывовасць, якая вызначаецца ў беларускай дзяржсістэме менавіта “доступам да цела”.

Ураджэнка Мінска, былая супрацоўніца Белтэлерадыёкампаніі, некалі яна называла сябе “памочнікам прэзідэнта”. Практыка паказвае, што функцыянал у такой ролі вельмі шырокі. І аднымі толькі прэс-сакратарскімі абавязкамі не абмяжоўваецца.

Разам з іншымі набліжанымі старлеткамі Эйсмант збірае кавуны ў рэзідэнцыі свайго боса. Коле дровы. Косіць траву. Падносіць Лукашэнку бліны падчас інтэрв’ю расійскай прапагандыстцы Наіле Аскер-задэ. У перыяд масавых пратэстаў аб’язджае з зондэркамандай начныя мінскія двары, дзе зразае бел-чырвона-белую сімволіку.

Пасля аднаго з такіх рэйдаў 11 лістапада 2020-га загінуў Раман Бандарэнка. Прысутнасць Эйсмант у той вечар на менскай “Плошчы пераменаў” можна лічыць даказанай. Ужо таму, што ўлады так і не абверглі ні адпаведныя высновы аб’яднання ByPol, заснаваныя на білінгу нумароў мабільных тэлефонаў, ні сапраўднасць аўдыёзапісу размовы прэс-сакратара з Дзмітрыем Баскавым. Па тэлефоне Эйсмант і на той момант старшыня хакейнай федэрацыі абмяркоўваюць дэталі рэйдаў па дварах: згадваюць імёны і прозвішчы датычных, ужыванне “інструмента баявога” і задачы не толькі “ставіць на месца” апанентаў, але і “пакаваць”.

Характэрна, што неўзабаве пасля таго, як Эйсмант атрымала допуск у рэзідэнцыю Лукашэнкі, рэзка пайшла ў гару медыйная кар’ера яе мужа. Спачатку Іван Эйсмант узначаліў Агенцтва тэлевізійных навін (дэ-факта прапагандысцкі аддзел НГТРК), а затым быў пастаўлены і на чале Белтэлерадыёкампаніі. Ужо адно гэта сведчыць пра тое, наколькі вялікія сёння магчымасці прэс-сакратара.

Пры гэтым у яе працы поўна правалаў, асабліва пасля 2020 года. Пасля публікацыі ў тэлеграм-канале “Пул першага” недасціпнага стыкерпака на падтрымку Лукашэнкі ў народ сышло сумніўнае вызначэнне “ябацька”. Шмат смеху было ў сацсетках пасля спробы прадставіць правадыра “моцным арэшкам” у вядомай байцы пра Ніка і Майка. Яшчэ больш — пасля публікацыі ў 2023-м фота хворага Лукашэнкі, адфоташопленага да стандартаў музея васковых фігур. Пад гэты смех праз кароткі час выява “містара Цюсо” была выдаленая, але гэта ўжо ні на што не ўплывала.

Калі зірнуць шырэй, то на прэс-службе ляжыць немалая адказнасць за дэградацыю агулам медыйнага вобразу нязменнага кіраўніка. Катастрафічная рыторыка падчас пандэміі COVID-19, правальнае перадвыбарчае пазіцыянаванне ў 2020-м, бездапаможнасць дзяржСМІ як інстытута, які фармуе імідж першай асобы… У тым ліку і гэтыя фіяска ледзь не прывялі да падзення рэжыму пяць гадоў таму. І дагэтуль улады тушаць тыя пажары. Перафарматуюць дзяржаўныя медыя, душаць незалежную журналістыку. Не шкадуюць ні сіл, ні сродкаў на ўсхваленне свайго куміра, скаціўшыся ўжо фактычна да фармавання культу асобы.

Іншага пры такім спісе няўдач даўно б звольнілі, але Эйсмант не толькі застаецца пры пасадзе, але і не робіць уражанне чыноўніцы, пад якой хістаецца крэсла. Відавочна, што Лукашэнка вельмі шануе свайго прэс-сакратара, нягледзячы на некаторую службовую неадпаведнасць. Што таксама падкрэслівае важнасць гэтай фігуры ў сённяшняй сістэме ўлады.

Апазіцыя: ва ўмовах рэпрэсій, ціску, эміграцыі

5. Таццяна Караткевіч

Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2015 года, 48 гадоў

Крыніца: "Вікіпедыя"

Першая жанчына — кандыдат у прэзідэнты Беларусі. Ужо адзін толькі гэты факт ставіць Таццяну Караткевіч на месца ў нашым рэйтынгу.

Яна балатавалася на выбарах у 2015-м, калі апазіцыйна настроеныя беларусы яшчэ не забыліся на жорсткі разгон Плошчы-2010. На фоне рэпрэсій тых гадоў кампанія не адрознівалася ні вострай палітычнай барацьбой, ні мабілізацыяй грамадзянскай супольнасці. Тым не менш дэмакратычны кандыдат ад кампаніі “Гавары праўду” ў бюлетэнях прысутнічаў, і ўладам даводзілася з гэтым лічыцца.

Палітык ішла на выбары пад слоганам “За мірныя перамены”. Заяўляла, што Беларусь мае патрэбу ў канстытуцыйнай рэформе і павінна стаць парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікай. Падкантрольны Лукашэнку Цэнтрвыбаркам не праявіў шчодрасці да Караткевіч, абвясціўшы, што за яе прагаласавала ўсяго 4,44% выбаршчыкаў. Міжнародная супольнасць традыцыйна не прызнала выбары празрыстымі і дэмакратычнымі.

Ураджэнка Мінска з дыпломам педагога-псіхолага, яна адышла ад палітыкі пасля тых падзей. Аднак у 2020-м узначаліла ініцыятыўную групу па вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты сустаршыні “Гавары праўду” Андрэя Дзмітрыева. Той пасля быў асуджаны на 1,5 года паводле “народнага” 342-га артыкула КК, быў прызнаны палітвязнем. Караткевіч восенню 2024-га правяла пад арыштам 15 сутак за “дэструктыўнае” фота ў сацсетках.

Пасля падзей 2020 года палітыкай зноў не займаецца, што натуральна для чалавека, які пражывае ў Беларусі. Цяпер сфера яе інтарэсаў — сацыяльная падтрымка дзяцей з інваліднасцю і сірот.

4. Анжаліка Мельнікава

Былы спікер Каардынацыйнай рады, 37 гадоў

Фота: PACE TV

Яна нарадзілася ў Нясвіжы (Мінская вобласць), працавала ў Мінску, у эміграцыі пражывала ў Варшаве, а дзе знаходзіцца цяпер — невядома. Загадкавае знікненне Анжалікі Мельнікавай — адна з галоўных таямніц беларускай апазіцыі ў выгнанні.

Пакуль гэтая таямніца не разгаданая, складана даваць адназначныя ацэнкі былому спікеру Каардынацыйнай рады і супрацоўніцы Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Паплечнікі характарызуюць яе як пісьменнага арганізатара — гэтыя ўменні набытыя ў гады кіраўніцкай працы ў беларускім падраздзяленні кампаніі “Кока-кола”. Кажуць, яна была паспяховым, крэатыўным перагаворшчыкам з міжнароднымі партнёрамі і донарамі — тут адбілася адукацыя па кірунку “PR-камунікацыі” ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце. Веданне англійскай, ініцыятыўнасць, дэмакратычныя перакананні і малады ўзрост — пазіцыя спікера КР пры такіх даных магла б стаць добрай стартавай пляцоўкай у палітыцы.

Але ўжо не стане. У Каардынацыйнай радзе цяпер новы спікер, а месцазнаходжанне Мельнікавай не ведаюць ні дэмсілы, ні незалежныя СМІ, ні польскія праваахоўныя органы. Журналісты-следчыя выявілі ў знікненні палітыка след беларускіх спецслужбаў, але гэты след абрываецца дзесьці ў раёне Кубы, Шры-Ланкі і Дубая. Застаюцца толькі версіі, але ніводная не выглядае пераканаўчай.

3. Івонка Сурвілла

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР), 89 гадоў

Фота: radabnr.org

Эміграцыя цяперашняга пакалення беларускіх палітыкаў — імгненне ў параўнанні з жыццём па-за Беларуссю Івонкі Сурвіллы. Яе сям’я пакінула радзіму ў 1944 годзе, падчас Другой сусветнай вайны. Будучай кіраўніцы Рады БНР тады было ўсяго восем гадоў. У Беларусі з тых часоў яна была ўсяго аднойчы — у 1992-м, калі СССР ужо распаўся, а Лукашэнка да ўлады яшчэ не прыйшоў.

Яна нарадзілася ў Стоўбцах (Мінская вобласць), да замужжа насіла прозвішча Шыманец. Жыла ў Францыі, Даніі, Іспаніі, цяпер у Канадзе. Скончыла ў Парыжы вышэйшую мастацкую школу і Сарбону. Акрамя беларускай, валодае англійскай, французскай, іспанскай і дацкай мовамі. Раней прафесійна карысталася нямецкай, нарвежскай, польскай і латынню.

Працавала на радыё, выкладала, займалася перакладамі і жывапісам. І пры гэтым ніколі не губляла сувязі з Беларуссю.

Шмат гадоў Сурвілла была адным з лідараў беларускай дыяспары ў Канадзе, абіралася ў гэтай краіне старшынёй Беларускага інстытута навукі і мастацтва, з’яўлялася сузаснавальнікам канадскага фонду дапамогі ахвярам чарнобыльскай аварыі. Аднак справай жыцця для палітыка стала дзейнасць у Радзе БНР, якую ўзначальвае з 1997 года.

Рада пазіцыянуе сябе як найстарэйшы палітычны інстытут Беларусі, які дзейнічае з дня абвяшчэння БНР у 1918 годзе. Падтрымлівае імкненне беларусаў да дэмакратыі, выступае супраць рэжыму Лукашэнкі, асуджае расійскую агрэсію ва Украіне. Дзейнасць арганізацыі з’яўляецца ў значнай меры асветніцкай, сімвалічнай, якая падкрэслівае сувязь беларусаў з нацыянальнымі каранямі і барацьбой за незалежнасць.

У 2020 годзе Рада БНР падтрымала пратэсты ў Беларусі, Сурвілла выступіла з шэрагам заяваў з гэтай нагоды. Рада заклікала беларусаў да ўдзелу ў нацыянальным страйку, а заходнія краіны — да ўвядзення санкцый супраць уладаў у Мінску. Узнагароджвала медалём “Пагоня” палітвязняў і беларускіх добраахвотнікаў, якія загінулі на вайне ва Украіне.

У красавіку 2024-га Сурвілла дамовілася са Святланай Ціханоўскай аб правядзенні рэгулярных сустрэч паміж прадстаўнікамі Рады БНР і Аб’яднанага пераходнага кабінета. У адрозненне ад шэрагу прадстаўнікоў “старой апазіцыі” яна прыязна ставіцца да цяперашняга лідара дэмсіл, называючы яе “выдатнай асобай”.

У інтэрв’ю “Радыё Свабода” ў сакавіку 2023-га Сурвілла падкрэсліла важную ролю жанчын у беларускай апазіцыі. “Магчыма, гэта адлюстроўвае ролю жанчыны ў Беларусі. У гісторыі поўна выдатных, вялікіх жанчын, якія зрабілі шмат для Беларусі. Думаю, нам [з Ціханоўскай] было дадзена шчасце працягваць гэтую працу”, — сказала кіраўнік Рады.

У кастрычніку 2023 года стала вядома, што Генеральная пракуратура Беларусі распачала крымінальную справу ў дачыненні да кіраўнікоў і сябраў Рады БНР, абвінавачанне складаецца з сямі артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Некалькімі месяцамі раней арганізацыя была абвешчаная “экстрэмісцкім фарміраваннем”. Верагодна, 89-гадовая Сурвілла з’яўляецца найстарэйшай “экстрэмісткай” у доўгіх спісах беларускай дыктатуры.

2. Марыя Калеснікава

Кіраўнік штаба Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкіх выбарах 2020 года, палітвязень, 43 гады

Фота: belsat.eu

Выпускніца Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, яна доўгі час жыла на дзве краіны — Беларусь і Германію — і пры ўсёй сваёй сацыякультурнай актыўнасці ніколі не выяўляла цікавасці да палітычнай дзейнасці.

Усё змянілася ў 2020-м, калі пра намер балатавацца на выбарах заявіў банкір Віктар Бабарыка.

Марыя Калеснікава ўзначаліла перадвыбарчы штаб наваяўленага палітыка. Акрамя яе, у каманду ўвайшлі юрысты, тэхнары, медыйшчыкі. Іх праца забяспечыла хуткае прасоўванне Бабарыкі ў рэйтынгу электаральных сімпатый. Усяго за месяц ініцыятыўная група сабрала больш за 400 тыс. подпісаў за вылучэнне экс-кіраўніка “Белгазпрамбанка” кандыдатам у прэзідэнты. Інтэрнэт-апытанні паказвалі яго ўпэўненае лідарства ў перадвыбарнай гонцы з вынікам, які перавышаў 50%. Усё казала пра тое, што менавіта былы банкір — фаварыт выбарчай кампаніі, і гэтага ўлады стрываць, натуральна, не змаглі.

18 чэрвеня 2020-га Бабарыка быў затрыманы разам з сынам Эдуардам, і з тых часоў абодва знаходзяцца за кратамі ў статусе палітвязняў. Калеснікаву не спыніў такі паварот, разам з Веранікай Цапкала яна падтрымала Святлану Ціханоўскую, і гэта таксама стала паспяховай палітычнай тэхналогіяй.

Знакамітае жаночае трыа хутка аб’яднала галасы пратэстных беларусаў. Калеснікава вылучалася ў трыумвіраце ўсмешлівасцю, пазітывам і яркай рыторыкай падчас публічных выступаў. Яе “дзяўбці, дзяўбці, дзяўбці” абляцела не толькі беларускія СМІ і тэлеграм-каналы.

Што было далей, занадта добра вядома, каб прыпамінаць у падрабязнасцях. Калеснікаву затрымалі 7 верасня 2020-га на фоне масавых пратэстаў, у якіх яна актыўна ўдзельнічала. Спроба ўладаў у літаральным сэнсе выкінуць палітыка з краіны правалілася — яна парвала свой пашпарт на мяжы з Украінай. Далей былі затрыманне, палітычна матываваны прысуд — 11 гадоў зняволення, этапаванне ў гомельскую жаночую калонію.

У няволі яе не пакінулі ў спакоі. Ціск, ШІЗА, рэжым інкамунікада даўжынёй у паўтара года, тэрміновая аперацыя з-за ускладненняў прабадной язвы. З нядобрых выказванняў Лукашэнкі на яе конт можна зрабіць выснову, што невыноснымі ўмовамі ўтрымання ўлады дамагаюцца ад Калеснікавай “пакаяння” за неіснуючыя грахі — прызнання “віны” і падачы хадайніцтва аб памілаванні. Вядомая практыка мсцівага рэжыму. Мяркуючы па ўсім, пакуль Калеснікава на такія ўмовы не пагадзілася.

1. Святлана Ціханоўская

Кандыдат у прэзідэнты на выбарах 2020 года, лідар дэмакратычных сіл у выгнанні, 42 гады

Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Першым днём яе палітычнай кар’еры можна лічыць 15 траўня 2020 года. Нікому не вядомая Святлана Ціханоўская падала тады ў ЦВК заяву аб рэгістрацыі сваёй ініцыятыўнай групы на прэзідэнцкіх выбарах. Крок выглядаў спантанным і нават сімвалічным. Балатавацца збіраўся яе муж, блогер Сяргей Ціханоўскі, але ён у тыя дні адбываў адміністрацыйны арышт, і яму ў рэгістрацыі было адмоўлена. І тады жонка падтрымала мужа, даўшы старт падзеям, якія ледзь не пакінулі Лукашэнку без улады.

Пяць гадоў прайшло з тых падзей, але нішто не забылася. Вялізныя чэргі на пікетах па зборы подпісаў. Шматтысячныя перадвыбарчыя мітынгі ў буйных гарадах. Дзень галасавання з натоўпамі прыхільнікаў пераменаў на выбарчых участках. Фальсіфікацыя іх волевыяўлення. Вымушаная эміграцыя пасля запалохвання ў кабінеце Ярмошынай. Шматмесячныя маштабныя пратэсты, якія вынялі Лукашэнку бегаць з аўтаматам па тэрыторыі сваёй рэзідэнцыі. Гвалт, рэпрэсіі, тысячы палітвязняў.

У эміграцыі Ціханоўская і яе каманда адбудавалі дэмакратычныя структуры. Усталявалі міжнародныя кантакты, наладзілі дыпламатычную працу. Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, вызваленне палітвязняў, інтарэсы дыяспары — гэтыя і іншыя пытанні палітык абмяркоўвае з лідарамі дэмакратычных дзяржаў і Еўрасаюза. Яна сустракалася з Джо Байдэнам, Урсулай фон дэр Ляен, Ангелай Меркель, Эманюэлем Макронам, Джорджай Мелані, Барысам Джонсанам, Анджэем Дудам, Джасцінам Трудо і іншымі вядучымі заходнімі палітыкамі.

Аб эфектыўнасці гэтых сустрэч і візітаў можна спрачацца, сувымяраючы жаданні і магчымасці. Можна наракаць на тое, што дыктатура ў Беларусі нікуды не дзелася, а перспектывы дэмакратызацыі краіны па-ранейшаму ў густым тумане. Можна казаць пра канфлікты, праколы і расколы ўнутры дэмакратычных сілаў. Аб персанальных няўдачах экс-кандыдата ў прэзідэнты і яе паплечнікаў. Аб фрустрацыі, стагнацыі і шмат чым іншым. Але праз пяць гадоў гэтая барацьба яшчэ не скончаная, і ўзначальвае яе чалавек з педагагічнай адукацыяй, былая хатняя гаспадыня, маці двух дзяцей, якая ніколі не збіралася займацца палітыкай.

Загалоўны калаж (Святлана Ціханоўская і Наталля Эйсмант): “Позірк“. Фота для калажа: Офіс Святланы Ціханоўскай. Відэазапіс: БелТА. Стоп-кадр для калажа: “Позірк“

Падзяліцца: