Мінск 00:35

“Уключала даследчыцу, хрысціянку, назіральніцу”. Палітзняволеная Ларыса Шчыракова пра тое, як ратавалася ў калоніі

Аглядальнік "Позірку"

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 17 верасня 2025 года ў 09:23

Ларыса Шчыракова пасля вызвалення
Фота: Андрэй Павук

Былая гомельская журналістка Ларыса Шчыракова адна з 52 вязняў, якія былі вызваленыя 11 верасня ў межах чарговай здзелкі адміністрацыі Дональда Трампа і Аляксандра Лукашэнкі.

У 2021 годзе яна сышла са СМІ ў фатаграфію, але гэта не выратавала: 6 снежня 2022 года яе затрымалі падчас фотасесіі. Сына Святаслава, якому на той момант было 15 гадоў, змясцілі ў гомельскі прытулак. Бацька, які прыехаў з Расіі, змог забраць падлетка на пяты дзень пасля звароту ва ўстанову. Яму не дазвалялі сустрэцца з сынам, запатрабаваўшы шэраг дакументаў, у тым ліку даведку з працы. Акрамя таго, бацька як грамадзянін РФ павінен быў аформіць у Беларусі рэгістрацыю.

31 жніўня 2023 года Гомельскі абласны суд прыгаварыў Шчыракову да 3,5 года пазбаўлення волі паводле арт. 3691 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь), ч. 1 і 2 арт. 3614 (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці і тое ж дзеянне, якое здзейснена паўторна) Крымінальнага кодэкса. Суддзя Мікалай Доля разглядаў справу ў закрытым рэжыме.

У чэрвені 2023 года ў Шчыраковай памерла маці, але на пахаванне яе не адпусцілі.

У жніўні 2024 года нарвежскі фонд Fritt Ord Foundation паведаміў аб узнагароджанні былой журналісткі прэміяй Free Media Award “за доблесную і незалежную дзейнасць у Беларусі”.

Тры ролі для выжывання

“У калоніі я трымалася ў тым ліку дзякуючы таму, што уключала розныя ролі: даследчыца, хрысціянка, назіральніца. Мне дапамаглі трываць правільныя псіхалагічныя ўстаноўкі, добрае здароўе і забяспечаны тыл. Я атрымлівала ад сваякоў грошы на “атаварку”, мела перадачы, часам — спатканні. Была ўпэўненая, што з маім татам, сынам усё добра.

У зняволенні я чытала Віктара Франкла “Сказаць жыццю “Так!. Кожная старонка мела сэнс. Асабліва ўразіў Рэмарк, і не толькі мяне. Ён заходзіў у няволі не толькі мне — многім. Я не перажывала наконт эміграцыі, але думала пра людзей, якіх выштурхнулі са сваёй краіны. Як мы — сядзелі ў турме ні за што”.

Шахматы — маленькая перамога

“Я ў дзяцінстве гуляла ў шахматы, але з 15 гадоў пакінула гульню. У камерах дзяўчаты таксама хацелі гуляць, але не памяталі правілы. Яны сунулі ў кармушку дошку і пыталіся ў прадольных (дзяжурныя супрацоўнікі ў калідоры. — “Позірк”.): “А як ходзіць гэтая фігура, а гэтая?”

Усё змянілася, калі ў камеру трапіла дзяўчына, затрыманая за прастытуцыю. Яна “працавала” ў Турцыі. Там усе гуляюць у шахматы, і яна навучыла нас. Мы з захапленнем зноў адчулі, што можам выйграць хоць у маленькай гульні”.

Спевы як порцыя святла

“Вельмі ратавалі спевы. Я спявала, сукамерніцы таксама. Навучылі адна адну. Спявалі ў камеры, на шпацыры, у ду́шы. Прадольныя не сварыліся, толькі казалі часам: “Ну, вы там цішэй”.

Аднаго разу прадольны падышоў і спытаў: “А падайце мне кіраўніка вакальна-інструментальнага ансамбля”. Я падышла да “кармушкі”.

Ён: “А што напісана ў правілах унутранага распарадку?”

Я: “Шмат чаго”.

Ён усміхнуўся: “Вядома, але ўжо позна для спеваў”.

Асабліва кранула песня “Земля в иллюминаторе”. Я думала пра сына. І інтрыга была: заплачу на першым куплеце ці на другім, на словах “як сын сумуе па маці”.

“Брацтва паўночнай Шамбалы” і “Куриный потрох”

Гумар — яшчэ адна форма выжывання. У атрадзе мы, некалькі дзяўчат, стварылі “Брацтва паўночнай Шамбалы”.

Нехта прыцягнуў у атрад кнігу пра паўднёвую Шамбалу, і мы жартавалі, што мусіць быць і паўночная, і зрабілі сцёб. Кожная атрымала мянушку: Куриный потрох, Соколиный глаз, Тополиный пух. І звярталіся толькі па мянушках. Я была, дарэчы, Куриный потрох.

Мы ладзілі сімвалічныя малітвы: браліся за рукі, дзякавалі за сяброў, сваякоў, прасілі за сясцёр. Хтосьці маліўся да Бога, хтосьці — да Сусвету, хтосьці — проста да таго, да каго хацеў.

Калонія як псіхалагічная лабараторыя

“Я была даследчыкам. Перад затрыманнем вывучала псіхалогію. У калоніі было столькі прыкладаў сацыяльнай псіхалогіі — людзі, як жывыя кнігі. Я брала кнігі ў бібліятэцы, сваякі дасылалі, і назірала ўсё ў сукамерніцах. Тут можна было пабачыць усе псіхалагічныя разлады. Напрыклад, жанчына ў калоніі раве, упала ў гістэрыку, але я не ўключаюся эмацыйна, а думаю: “Так, так, гэта псіхапатыя, але які менавіта тып?”

Кармічныя пазыкі і рызыкі

“У маладосці я была сангвінік-халерык, рэзкая і катэгарычная, нецярпімая да чалавечых слабасцяў, шмат людзей пакрыўдзіла такім стаўленнем. Тут, у калоніі, я аддавала “кармічныя пазыкі”: была максімальна карэктнай, шмат увагі надавала людзям, была да іх не катэгарычнай, як раней, а міласэрнай.

Я рызыкавала, калі дзялілася пячэннем ці зефірам. Але працягвала дапамагаць людзям як магла”.

Мовы і літаратура

“Да зімы 2024 года я вучыла мовы: іспанскую, італьянскую, французскую. Потым падручнікі забаранілі, і пасля парады Марыны Золатавай я ўзялася за “Вайну і мір”, дзе частка тэксту на французскай з падрадковым перакладам.

Італьянскую прыйшлося вывучаць самастойна. Спачатку мне дапамагала адна зняволеная, але потым я, відаць, проста надакучыла ёй, і яна адмовілася дапамагаць. Чытала складнікі шампуняў, знаходзіла вялікія этыкеткі на італьянскай і радавалася — як шмат новых слоў можна вывучыць”.

Без музыкі, з маленькімі радасцямі

“Музыка — асаблівы боль для мяне як для меламана, аматара добрай музыкі. Радыё грала толькі прымітыў: “Туман, падман, дурман”. Мы слухалі, як зачараваныя, калі ў клубе пры праглядзе аднаго фільму прагучаў Моцарт.

Неяк мы выходзілі са сталоўкі, і па радыё заспяваў Чэлентана. Мы адмыслова спыніліся і слухалі яго. Па ўсіх тварах было відаць, які гэта кайф — добрая музыка”.

Штодзённасць і фізкультура

“Фізкультура, спевы, здароўе, правільныя ўстаноўкі, забяспечаны тыл, кантакты з добрымі людзьмі — усё гэта трымала. Сон быў добры: з шостай раніцы на фабрыцы, падаеш спаць без задніх ног. Я як магла, пры вольнай хвілінцы, займалася фізкультурай, гэта таксама дапамагала”.

Страх і рашэнне заставацца

“Вяртаючыся ў 2022 год, калі мяне затрымалі. Я прадчувала затрыманне і свядома засталася ў Беларусі. Думала: калі паеду ў эміграцыю, не вярнуся, а калі сяду — куплю сабе права жыць дома. Памылялася.

Працуючы журналісткай, я адчувала экзістэнцыяльны крызіс, я проста выгарала ў прафесіі. Але ў момант затрымання была на ўздыме: я пачала ладзіць этнафотасесіі, у мяне з’явіліся падпісчыкі, я паступіла ва ўніверсітэт, каб атрымаць псіхалагічную адукацыю. Гэты драйв дапамог трохі прыбіць страх. Хаця сабака забрэша — тахікардыя, машына праедзе — страшна”.

Пракачаны скіл пакоры

“Я дала сабе ўстаноўку і правіла: ніякага абурэння, раздражнення, максімум пакоры. Калі хацела абурацца, казала сабе: “Табе яно трэба, табе яно карысна, нешта дае?”

Нават пры мыцці туалетаў думала: “Такім чынам раблю свет чысцейшым”.

Суд, прысуд і страты

“6 снежня 2022 года — затрыманне і ператрус. Сына Святаслава адразу забралі ў прытулак.

16 студзеня 2023-га — суд не задаволіў скаргу. Чэрвень 2023-га — справа перададзеная ў Гомельскі абласны суд.

Абвінавачанні: дыскрэдытацыя дзяржавы, садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці. Пагражала да сямі гадоў.

7 чэрвеня 2023-га — памерла маці, мяне не адпусцілі на пахаванне.

27 ліпеня — пачаўся закрыты працэс, 31 жніўня — тры з паловай гады калоніі і штраф, этап у ПК-4, унесеная ў “спіс экстрэмістаў”.

Вызваленне

“11 верасня 2025-га — 52 палітвязняў прымусова перамясцілі ў Літву, сярод іх і я. На мяжы ў аўтобус зайшлі прадстаўнікі ЗША. Адзін сказаў: “Мне вельмі шкада, праз што вы прайшлі. Ці патрэбна меддапамога?” — і гэта расчуліла нас ўсіх. Нарэшце чалавечае стаўленне. У калоніі мне часта было ніякавата, калі супрацоўнікі звярталіся на “ты”: “Эй, Шчыракова, ідзі сюды”.

Нас пасля мяжы пасадзілі ў прыгожыя машыны. А мы — зэкі, немытыя, абы як апранутыя. Было няёмка. Але гэта быў новы этап”.

Падзяліцца: