
Упершыню з пачатку шырокамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Мінск і Масква праводзілі ў Беларусі вялікія сумесныя манеўры. Яны дэманстравалі адзінства ва ўмовах, калі любы рух войскаў у гэтым месцы ўспрымаецца міжнароднай супольнасцю праз прызму прэцэдэнту — у 2022 годзе пасля падобных вучэнняў расійскі агрэсар выкарыстаў беларускую тэрыторыю для паходу на Кіеў.
Вучэнні ў Беларусі прайшлі з 12 па 16 верасня. Для кіруючага рэжыму гэта была задача з зорачкай: пацвердзіць сябе ў ролі адданага саюзніка Расіі, але не справакаваць рэальную ваенную эскалацыю ў рэгіёне і панічныя настроі ва ўласнага насельніцтва.
Праект Media IQ прааналізаваў, як два беларускія дзяржаўныя СМІ — інфармагенцтва БелТА і вайсковая газета “Во славу Родины“ — асвятлялі падрыхтоўку і правядзенне вучэнняў. Аналіз паказвае складаную стратэгію кіравання грамадскімі настроямі. За тры месяцы, з ліпеня па верасень, танальнасць паведамленняў змянялася ад трывожнай драматызацыі да спакойнай гераізацыі, ад дыпламатычных запэўненняў да дэманстрацыі сілы.
Гэтыя змены не выпадковыя. Яны адпавядаюць пэўнай логіцы, якую сацыёлагі называюць пераключэннем культурных рэгістраў — спосабаў падачы падзей, якія ўплываюць на эмацыйнае ўспрыманне аўдыторыі.
Летняя падрыхтоўка розумаў: ад пагроз да міралюбнасці
Яшчэ 1 ліпеня Аляксандр Лукашэнка выступіў з заявай, якая павінна была апусціць градус напружанасці: “Мы знізілі колькасць войскаў практычна ўдвая, перанеслі месца іх размяшчэння ўглыб сваёй тэрыторыі. Далей ад мяжы на сотні кіламетраў”. Пры гэтым ён згадаў пра вучэнні НАТО “Абаронца Еўропы — 2025“ паблізу беларускай мяжы. Логіка падавалася простая: мы зніжаем градус напружанасці ў адказ на вашыя манеўры.
БелТА паслядоўна праводзіла гэтую лінію, выбудоўваючы наратыў “разумнай міралюбнасці”. У рамках гэтай генеральнай лініі 10 верасня міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў абвінаваціў еўрапейскіх палітыкаў у спробах “ператварыць ЕС у нейкую абложаную крэпасць“, супрацьпаставіўшы гэтаму “адкрытасць і транспарэнтнасць” беларуска-расійскіх вучэнняў. 12 верасня начальнік Генштаба Павел Муравейка падкрэсліў, што вучэнні не накіраваныя “супраць нейкай канкрэтнай краіны або краін“, а раёны правядзення размешчаныя “ўдалечыні ад заходніх і паўднёвых межаў“.
Газета “Во славу Родины” працавала ў зусім іншай танальнасці. Яшчэ 24 ліпеня на яе старонках з’явіўся артыкул з красамоўным загалоўкам “Сцярвятнікі рыхтуюцца да вайны”. У ёй аналізавалася заява камандуючага арміяй ЗША ў Еўропе і Афрыцы і сухапутнымі войскамі НАТО генерала Крыстафера Донах’ю. Той казаў пра планы альянсу стварыць “лінію стрымлівання на ўсходнім флангу“ з магчымасцю “сцерці з твару зямлі” Калінінградскую вобласць.
Сказанае Донах’ю падаецца як падрыхтоўка да агрэсіі. Аўтар “Во славу Родины” заклікае да прэвентыўных мер Саюзнай дзяржавы, а тон артыкула адкрыта трывожны.
Такі падзел роляў невыпадковы. БелТА як дзяржаўнае інфармагенцтва арыентавалася на міжнародную аўдыторыю і адукаваныя слаі беларускага грамадства, транслюючы сігналы адказнасці і міралюбнасці. “Во славу Родины” працавала з вайскоўцамі і казённымі патрыётамі, выконваючы функцыю эмацыйнай мабілізацыі.
Калі БелТА гаварыла з міжнароднай супольнасцю мовай дыпламатычных працэдур, то ваеннае выданне звярталася да ўнутранай аўдыторыі, фармуючы пачуццё гонару і гатоўнасці да выпрабаванняў.
Вераснёўскі “пад’ём па лесвіцы”: хроніка становіцца эпасам
З пачаткам актыўнай фазы вучэнняў 12 верасня танальнасць беларускіх дзяржСМІ прыкметна змянілася. Сацыёлаг Філіп Сміт апісваў падобны працэс як рух па “лесвіцы жанраў” — паступовы пераход ад нейтральнага інфармавання да эмацыйна насычанага гераічнага апавядання. Гэты ўздым дазваляе аўдыторыі ўспрымаць падзеі не проста як факты, а як частку значнай гісторыі з героямі і злыднямі.
Спачатку БелТА публікавала стрыманыя зводкі: “вучэнне (дзяржСМІ ўслед за вайскоўцамі няправільна выкарыстоўваюць гэтае слова ў адзіночным ліку. — П.Б.) працягваецца ў інтэнсіўным рэжыме“, “у Мінскай вобласці перамяшчаюць камандныя пункты ў запасныя раёны“. Затым з’явіліся справаздачы аб тым, як “адпрацоўваюць адбіццё нападаў з паветра“, як адбываецца “штурм аб’екта і ліквідацыя надзвычайнай сітуацыі“, як лётчыкі “перахопліваюць цэлі, вядуць паветраную разведку і агнявую падтрымку”.
Кульмінацыяй стаў матэрыял ад 14 верасня з загалоўкам “Высокі ўзровень зладжанасці. Падчас “Захаду-2025″ у баевікоў адбілі прадпрыемства”. Тут ужо няма нейтральнага інфармавання — ёсць кароткая формула гераічнага эпасу: адзінае дзеянне сіл дабра, вызваленне захопленага аб’екта, зладжанасць як калектыўная доблесць.
15 верасня БелТА паведаміла пра “ключавы розыгрыш“ на 227-м палігоне, дзе адпрацоўваліся “агнявыя паражэнні (тут, наадварот, слушней адзіночны лік. — П.Б.) праціўніка з ужываннем авіяцыі, БПЛА, манеўраных агнявых груп, СПА і рабатызаваных платформаў“. За вучэннямі назірала больш за 150 журналістаў з 15 краін і прадстаўнікі НАТО. Міністр абароны Віктар Хрэнін падкрэсліў беспрэцэдэнтную адкрытасць вучэнняў, якую “цяжка сабе ўявіць”.
Тым часам на старонках ваеннай газеты беларускія і расійскія вайскоўцы з пафасам апісваюцца як “прафесіяналы і абаронцы Радзімы“, якія дэманструюць “найвышэйшы ўзровень узаемадзеяння“. 13 верасня газета пісала пра вайскоўцаў як пра спадчыннікаў “пакалення пераможцаў“, падкрэсліваючы сувязь з традыцыямі Вялікай Айчыннай вайны.
Гэты пераход ад штодзённай хронікі да гераічнага апавядання не выпадковы. Такая “ўзгонка пачуццяў” — класічны прыём мабілізацыйнай рыторыкі. Аўдыторыі паказваюць не проста факты, а ўзоры для пераймання, ператвараючы “звычайных“ вайскоўцаў у герояў штодзённасці.
Апагей эскалацыі: “ад стралковай зброі да атамных боегаловак“
Апагеем наратыўнай эскалацыі сталі заявы Лукашэнкі 16 верасня на цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод.
Гэта быў якасны скачок у танальнасці. Калі раней акцэнт рабіўся на “абарончым характары“ і “транспарэнтнасці”, то цяпер семантыка сілы транслявалася гранічна ясна. Лукашэнка заявіў, што беларускія вайскоўцы трэніруюцца “ад стралковай зброі да атамных боегаловак“, а апраўдвацца перад суседзямі больш не варта — пазіцыя Беларусі “ясная і зразумелая“.
Гэта пераход ад драмы да эпасу — калі дабро (сваё) атрымлівае права ўжыць любую сілу супраць зла, якое пераступіла межы. Формула застаецца абарончай, але падтэкст чытаецца адназначна: мы моцныя, гатовыя і не абавязаныя ні перад кім нешта тлумачыць.
Паралельна БелТА працягвала падмацоўваць гэты вобраз сілы тэхнічнымі дэталямі. Паведамленні аб “разгортванні сістэм спадарожнікавай сувязі новага пакалення“, прымяненні сучасных БПЛА, “філіграннай” працы СПА стваралі ўражанне тэхналагічнага перавагі. 16 верасня агенцтва нават паведаміла пра пасадку вайсковых самалётаў на аўтамабільную дарогу — дэманстрацыі здольнасці дзейнічаць у нестандартных умовах.
А “Во славу Родины” ў гэты перыяд дасягнула піка мабілізацыйнай рыторыкі. Тут не было дыпламатычных агаворак — толькі чысты эпас сілы і гатоўнасці.
Зварот да нормы: “усе задачы выкананыя“
Да 17 верасня наратыўны цыкл пачаў замыкацца. Міністэрства абароны лаканічна паведаміла: “На вучэнні “Захад-2025″ адпрацаваныя ўсе пастаўленыя задачы”. Тон рэзка змяніўся з эпічнага на працэдурны — класічны крок уніз па “лесвіцы жанраў”.
БелТА вярнулася да дыпламатычнай рамкі. 17 верасня агенцтва падрабязна асвятляла выступленне беларускай дэлегацыі на Форуме па супрацоўніцтве ў галіне бяспекі АБСЕ ў Вене. Беларусь “прадставіла інфармацыю пра вучэнне “Захад-2025“ і “заклікала да аднаўлення добрасуседскіх стасункаў“. Падкрэслівалася, што ўсе 56 краін АБСЕ былі апавешчаныя загадзя, назіральнікам былі накіраваныя запрашэнні, але дзяржавы НАТО і ЕС іх праігнаравалі.
13 верасня выйшаў аглядны матэрыял “Нарэшце, як і павінна быць, мы разам. Як праходзілі першыя беларуска-расейскія вучэнні “Захад“. У ім цяперашнія манеўры ўпісваліся ў кантэкст “Шчыта Саюза — 2006“ і “Захаду-2009“, а вынесеная ў загаловак цытата Лукашэнкі прадстаўляла саюзныя вучэнні не як экстраардынарную падзею, а як вяртанне да нормы вялікай гісторыі беларуска-расійскага ўзаемадзеяння.
Такі зварот ад высокага пафасу сілы да мовы працэдур і міжнародных нормаў быў важны. Ён дэманстраваў, што вайсковая гатоўнасць кантраляваная, убудаваная ў міжнародную архітэктуру, а значыць — не падстава для панікі ва ўнутранай аўдыторыі. Ваенная моц ёсць, яна прадэманстраваная, але яна цывілізаваная і прадказальная.
“Во славу Родины“ таксама знізіла градус гераізацыі, засяродзіўшыся на тэхнічных аспектах: “зладжанасць і каардынацыя“, “сучасныя тэхналогіі кіравання“, “высокі ўзровень узаемадзеяння”. Эпас застаўся, але стаў больш стрыманым, тэхнічным.
Падвойнае пасланне народу
Аналіз трохмесячнага цыклу асвятлення вучэнняў “Захад-2025″ выяўляе складаную стратэгію кіравання грамадскімі настроямі. БелТА транслявала “заспакойлівыя” сігналы, паралельна “Во славу Родины” выконвала мабілізацыйную функцыю.
Такое падвойнае кадаванне асабліва ярка выявілася ў пікавы момант 16 верасня. У той жа дзень, калі Лукашэнка заявіў аб здольнасці нанесці “непрымальную шкоду” агрэсару, БелТА працягвала падкрэсліваць “беспрэцэдэнтную адкрытасць” вучэнняў і прысутнасць міжнародных назіральнікаў. Адна і тая ж рэальнасць падавалася ў розных рэгістрах для розных аўдыторый.
Вынікам стала фармаванне таго, што можна назваць “мабілізаваным спакоем“. Беларусам транслявалі: баяцца не трэба (драма адказнасці), трэба ганарыцца (эпас паўсядзённага гераізму), мы моцныя і не абавязаныя апраўдвацца (жорсткая эпіка лідара), але пры гэтым гуляем паводле міжнародных правілаў (вяртанне да драмы).
Гэта было рытмічнае перамяшчэнне па “лесвіцы жанраў”, якое адначасова зніжае трывогу і павышае гатоўнасць да далейшай мілітарызацыі — без прамога абвяшчэння ваеннай пагрозы.