Мінск 13:01

Латушка: Расследаванне беларускай сітуацыі офісам пракурора Міжнароднага крымінальнага суда — абсалютны прыярытэт для нас

Фота: "Позірк"

Роўна год таму, 30 верасня 2024-га, урад Літвы перадаў у офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС) у Гаазе матэрыялы пра “трансгранічныя злачынствы супраць чалавечнасці, уключаючы дэпартацыю, пераслед і іншыя бесчалавечныя акты, учыненыя вышэйшымі службовымі асобамі рэжыму Лукашэнкі супраць сваіх грамадзян“. Гэта было зроблена паводле просьбы і на падставе дакументаў, падрыхтаваных Народным антыкрызісным ўпраўленнем.

Аб бягучай сітуацыі па звароце Літвы і магчымых варыянтах яе развіцця “Позірк“ пагутарыў з кіраўніком НАУ Паўлам Латушкам і юрыдычным дарадцам Цэнтра глабальнага правасуддзя і правоў чалавека M.A.R.A., які пажадаў захаваць ананімнасць.

Дадатковыя доказы

— Нагадайце, калі ласка, што менавіта адбылося год таму і што папярэднічала звароту Літвы ў Міжнародны крымінальны суд.

Латушка: Роўна за год да гэтага, у 2023-м, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне звярнулася да Міністэрства юстыцыі Літвы з просьбай рэалізаваць працэдуру па артыкуле 14 Рымскага статута і перадаць у Офіс пракурора МУС інфармацыю аб дэпартацыі грамадзянскага насельніцтва з Беларусі на тэрыторыю краін — удзельніц Рымскага статута, а таксама аб наступным экстэрытарыяльным пераследзе дэпартаваных.

Міністэрства юстыцыі адрэагавала станоўча. Былі запушчаныя неабходныя ўнутрыдзяржаўныя працэдуры, запрошаныя незалежныя міжнародныя эксперты. НАУ са свайго боку таксама надавалаала падтрымку.

Як вынік, 30 верасня 2024 года ўрад Літвы афіцыйна звярнуўся ў офіс пракурора МКС, перадаўшы сабраную інфармацыю аб дэпартацыі і экстэрытарыяльным пераследзе беларусаў.

У той жа дзень офіс адкрыў папярэдні разгляд сітуацыі ў Літве і Беларусі, а ўжо 2 кастрычніка прэзідыум МУС прызначыў Палату папярэдняй вытворчасці № 1 адказнай за нагляд і прыняцце працэсуальных рашэнняў па ўсіх далейшых этапах гэтай справы, уключаючы магчымую выдачу ордэраў на арышт.

Папярэдні разгляд — першы і неабходны крок, у рамках якога пракуратура вызначыць, ці выкананыя крытэры для пачатку поўнага расследавання. У прыватнасці, на гэтым этапе Офіс пракурора выключае сітуацыі, якія відавочна не падпадаюць пад юрысдыкцыю суда, якія не могуць быць прынятыя да вытворчасці ў адпаведнасці з Рымскім статутам ці не з’яўляюцца дастаткова сур’ёзнымі, каб апраўдаць далейшае расследаванне з боку суда.

У рамках папярэдняга разгляду Офіс пракурора не толькі збірае і аналізуе доказы, але і цесна супрацоўнічае з арганізацыямі грамадзянскай супольнасці, якія могуць перадаць дадатковую інфармацыю — так званыя камунікацыі — у Офіс пракурора. Як мінімум чатыры такія камунікацыі, што ўтрымліваюць доказы дэпартацыі і пераследу беларусаў за мяжой, былі перададзеныя за гэты год ад імя шэрагу беларускіх і міжнародных арганізацый, а таксама арганізацыі “Рэпарцёры без межаў“ пры падтрымцы Беларускай асацыяцыі журналістаў, Міжнароднай платформы па адказнасці для Беларусі.

Першы арыенцір — канец года

— Паводле вашых прагнозаў, калі можна чакаць завяршэння стадыі папярэдняга расследавання?

Латушка: Датычна часовых рамак працы Офіса пракурора трэба адзначыць, што ў Рымскім статуце не прадугледжаныя тэрміны завяршэння стадыі папярэдняга разгляду, аднак ён абавязаны дзейнічаць без неапраўданых затрымак. У перыяд кадэнцыі Карыма Хана ў якасці пракурора МКС можна звярнуць увагу на досыць хуткую рэакцыю яго офіса па іншых сітуацыях. У прыватнасці, па Украіне расследаванне было распачатае ў дзень сумеснага звароту 38 дзяржаў, а па Палестыне — на працягу месяца з моманту заняцця пасады пракурора Карымам Ханам на падставе больш ранняга звароту самой палестынскай дзяржавы.

Так, у “беларускай сітуацыі” рэакцыя пры прыняцці рашэння аб пераходзе да расследавання не настолькі маментальная, што выклікана яе складанасцю, у прыватнасці ў вызначэнні дакладных юрысдыкцыйных параметраў. Кантэкст транснацыянальных рэпрэсій як злачынстваў супраць чалавечнасці ў некаторай ступені з’яўляецца новым прэцэдэнтам. Такія абставіны заўсёды патрабуюць больш часу.

Аднак ўяўляецца магчымым звярнуць увагу на тое, што ў апошні час сур’ёзныя рашэнні ў МКС прымаюцца напярэдадні Асамблеі дзяржаў — удзельніц Рымскага статута, якая штогод праводзіцца ў снежні. Уяўляецца магчымым чакаць “знамянальнага рашэння” да канца гэтага года.

Тэрыторыя юрысдыкцыі

— Знамянальнае станоўчае ці адмоўнае рашэнне?

Цэнтр М.А.R.А.: Сёння дастаткова падстаў чакаць станоўчага рашэння офіса пракурора МКС аб пачатку расследавання беларускай сітуацыі. Аднак у выпадку прыняцця такога рашэння ў цяперашні час няма яснасці наконт таго, як офіс пракурора МКС будзе вызначаць сваю юрысдыкцыю. Беларуская сітуацыя дэ-факта ахоплівае дзясяткі дзяржаў — удзельніц Рымскага статута. Застаецца незразумелым, ці будзе расследаванне ў далейшым ахопліваць усе краіны, дзе знаходзяцца ахвяры гэтага кантэксту, ці яно абмяжуецца Літвой/Беларуссю.

Калі расследаванне будзе ахопліваць толькі Літву/Беларусь, гэта можа прывесці да праблемы фрагментацыі ўсяго кантэксту, выяўляючыся галоўным чынам у выбарчым правасуддзі, праблеме недаацэнкі крытэра сур’ёзнасці злачынстваў, у той час як доступ ахвяр да правасуддзя стане нераўнамерным. Прасцей кажучы, дадзенае расследаванне не зможа ўлічыць інтарэсы абсалютнай большасці ахвяр, якія сёння знаходзяцца ў Польшчы і іншых краінах ЕС, а таксама ў Вялікабрытаніі, Швейцарыі, Канадзе і Аўстраліі.

Зварот урада Польшчы і іншых краін у Офіс пракурора, які будзе выразна раскрываць геаграфію транснацыянальных рэпрэсій і дэпартацыі грамадзянскага насельніцтва з Беларусі, можа развязаць гэтую праблему. Важна звярнуць увагу на тое, што звыш 70% усіх ахвяр гэтых злачынстваў сёння знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы і адсутнасць звароту з боку Польшчы ў офіс пракурора можа быць не толькі крокам бяздзейнасці, але ўспрымацца судом як адсутнасць палітычнай падтрымкі расследаванню беларускай сітуацыі. Пры гэтым такая падтрымка вельмі важная, паколькі праца Міжнароднага крымінальнага суда будуецца на ўзаемадзеянні з нацыянальнымі праваахоўнымі органамі і органамі правасуддзя.

У тэорыі ў пракурора ёсць права запытаць згоду Палаты папярэдняй вытворчасці, каб пашырыць расследаванне на іншыя краіны, уключаючы Польшчу. Аднак гэта азначае, што Офіс пракурора павінен ініцыятыўна пайсці паводле больш складанай працэдуры, не маючы разумення аб падтрымцы дадзенага працэсу з боку краін, на якія распаўсюджваецца кантэкст гэтых злачынстваў. Сёння цяжка ўявіць такі сцэнар на практыцы.

Таму зварот Польшчы і іншых краін у Офіс пракурора МКС застаецца вельмі актуальным.

Латушка: Расследаванне беларускай сітуацыі Офісам пракурора Міжнароднага крымінальнага суда з’яўляецца абсалютным прыярытэтам для нас. Сёння гэта рэальная магчымасць прыцягнуць Лукашэнку і ягоных саўдзельнікаў да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя супраць беларусаў. Падтрымка Міжнароднага крымінальнага суда мае вырашальнае значэнне. Мы будзем рабіць усё магчымае, каб правы ўсіх беларусаў, якія сталі ахвярамі гэтых злачынстваў, былі адноўленыя.

Падзяліцца: