Мінск 00:28

Аляксандр Дабравольскі: Беларусы ў сваёй большасці захавалі пачуццё ўласнай годнасці

Аляксандр Дабравольскі
Фота: "Позірк"

5 лістапада ў французскім Страсбургу адкрыўся чарговы Сусветны форум за дэмакратыю. Пра каштоўнасць такіх мерапрыемстваў і прысутнасць на іх беларусаў “Позіркпагутарыў на палях форуму з адным з яго ўдзельнікаў — старшым палітычным дарадцам Святланы Ціханоўскай і дырэктарам Усходнееўрапейскай Школы палітычных даследаванняў Аляксандрам Дабравольскім.

Навошта праводзіць Сусветны форум за дэмакратыю, ці мусяць тут быць беларусы?

— Сусветны форум за дэмакратыю ў Страсбургу праводзіцца ўжо 13-ы раз. І актуальнасць яго ў тым, што дэмакратыя ўжо нават у дэмакратычных краінах успрымаецца як нешта, што знаходзіцца пад пагрозай.

Некаторыя кажуць, што гэта адбываецца з-за сацыяльнай няроўнасці, іншыя — з-за таго, што новыя тэхналогіі дазваляюць сачыць за людзьмі, яшчэ некаторыя — з-за палярызацыі і радыкалізацыі грамадства. Але, як мне здаецца, гэтыя пагрозы былі і заўсёды будуць.

Могуць мяняцца кантэкст і інтэнсіўнасць пагроз, з’яўляцца новыя пагрозы. Проста галоўны сэнс у тым, што дэмакратыю патрэбна абараняць, каб яна існавала.

Ёсць шмат людзей, якія хочуць прапанаваць свае паслугі і кіраваць лёсамі іншых, і не заўсёды яны з’яўляюцца адказнымі. Дык вось сэнс таго, што вельмі часта абмяркоўваецца на Сусветным форуме за дэмакратыю, — якія захады трэба зрабіць, каб захаваць дэмакратыю. Бо калі ты не змагаешся за сваю свабоду, ты яе не атрымаеш.

А калі ты не змагаешся за дэмакратыю, калі б беларуская грамадства, напрыклад, не змагалася за дэмакратыю, то нават і гаворкі б пра гэта не было.

А так, калі паглядзець на тое, як зараз самаарганізуецца беларускае грамадства, то я думаю, што мы маем вялікі шанец на тое, што ў нашай краіне дэмакратыя ўсё ж будзе.

Якія падставы для аптымізму?

— Я проста гляджу на тое, што зараз адбываецца з беларусамі. З аднаго боку, здаецца, што падстаў для аптымізму няма, бо ў краіне дыктатура і нават тэрор. Захопленая дзяржава ваюе супраць грамадства і баіцца яго, таму што ў адваротным выпадку не патрэбныя былі б рэпрэсіі. Беларусаў вымушаюць з’язджаць за мяжу.

Аднак з іншага боку, людзі ў сваёй большасці захавалі пачуццё ўласнай годнасці, якое ў іх было ці прабудзілася ў 2020 годзе. Яны хочуць зменаў, і нават тыя “крывыя”, скажоныя страхам сацыялагічныя даследаванні паказваюць гэта.

Беларусы самаарганізуюцца. Напрыклад, да мяне як да прадстаўніка офіса Святланы Ціханоўскай і да дырэктара Усходнееўрапейскай Школы палітычных даследаванняў звярнуліся грузіны (канкрэтна мой калега, дырэктар Тбіліскай школы палітычных даследванняў), каб мы правялі мерапрыемства і распавялі ім, як у беларусаў атрымліваецца арганізаваць дзейнасць грамадства так, каб працавалі незалежныя медыя, праваабаронцы, людзі, якія займаюцца беларускай культурай. Каб сотні няўрадавых арганізацый неяк камунікавалі паміж сабой, каб былі палітычныя цэнтры, якія б удзельнічалі ў адвакацыі беларусаў за мяжой.

І вось тое, што цяпер у беларусаў фактычна атрымліваецца “рэспубліка без дзяржавы” — гэта тое, чаму зайздросцяць і рускія, і іншыя, чым цікавяцца. І тое, што мы здольныя да самаарганізацыі, да адказнасці за сваю краіну, надае мне аптымізму.

Адначасова МЗС Эстоніі прапанавала арганізаваць сустрэчу грузінаў і беларусаў, каб мы абмеркавалі гэтае пытанне. А Эстонія — гэта краіна, якая даказала, што здольная ўсталяваць трывалую дэмакратыю. І адначасова бачыць, што на былой постсавецкай прасторы ёсць нацыі, якія змагаюцца за дэмакратыю і ў іх атрымліваецца гэта па-рознаму: калі беларусы больш арганізаваныя як грамадства, але фактычна страцілі сваю дзяржаву, то грузіны зараз таксама могуць страціць сваю. І эстонцы прапанавалі нам параіцца. Дарэчы, гэтая канферэнцыя адбудзецца ў Таліне 21 лістапада.

Колькі беларусаў сёння на форуме?

— 11 беларусаў з Усходнееўрапейскай Школы палітычных даследванняў, уключаючы і мяне, яе кіраўніка, і журналісты. Наша школа — гэта праект Савета Еўропы, такіх школ зараз каля дваццаці. Гэты праект быў скіраваны на тое, каб сфармуляваць развіццё новай дэмакратычнай палітычнай культуры ў былых краінах сацыялістычнага лагеру ці рэспубліках былога СССР.

Але праект пашырыўся, і такая школа зараз ёсць нават у Грэцыі — краіне, дзе нарадзілася дэмакратыя. Таксама ўжо яны ёсць у Турцыі, Тунісе. Гэта праект, накіраваны на развіццё дэмакратычнай палітычнай культуры.

Падзяліцца: