Мінск 19:39

“Пагібельнае месца”. Прапагандысты прагаварылі свае страхі перад інтэрнетам

Віктар ІВІЦКІ, аглядальнік “Позірку“

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 3 снежня 2025 года ў 10:32

Ілюстрацыя: pixabay.com

Ідэолагі з Акадэміі кіравання, якія рыхтуюць матэрыялы да штомесячнага “адзінага дня інфармавання насельніцтва”, не толькі захапляюцца мудрасцю свайго правадыра. Аўтары, рэгулярна цытуючы Аляксандра Лукашэнку, прапісваюць уласныя страхі і комплексы перад “калектыўным Захадам“, які нібыта толькі і марыць працягнуць у Беларусь чужыя каштоўнасці, падарваць асновы, зладзіць мяцеж.

У лістападзе ўпершыню за доўгі час ідэолагі звярнуліся да прыкладной тэмы — кібербяспекі і прафілактыкі кіберзлачыннасці. Але і тут не абышлося без тэорый змовы і шкодных англасаксаў, якія з дапамогай інтэрнету ў літаральным сэнсе ловяць кожны погляд беларускіх прапагандыстаў. На гэтым фоне нават Лукашэнка здаецца носьбітам больш прагрэсіўных поглядаў.

Падначаленыя больш рэтраградныя за начальніка

Кароткая даведка. Матэрыяламі да “адзінага дня інфармавання” карыстаюцца інфармацыйна-прапагандысцкія групы, куды ўваходзяць “государевы люди“* — чыноўнікі з усіх трох галін улады (дэ-факта складовыя часткі персаналісцкага рэжыму) і супрацоўнікі дзяржСМІ. Тэксты рыхтуе НДІ тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання: асобна для рабочых, моладзі і інтэлігенцыі. Яны знаходзяцца ў вольным доступе на сайце ўстановы разам з мультымедыапрэзентацыямі (у савецкія часы гэта называлася нагляднай агітацыяй).

Больш страшылак апошнім часам укладваецца ў тэксты для інтэлігенцыі. Пра прычыны раней разважаў у каментары “Позірку” медыяаналітык Паўлюк Быкоўскі. Лістападаўскія метадычкі не сталі выключэннем.

“Давайце сёння пагаворым пра Інтэрнет, як пра месца, у якім можна згубіцца, і ў якім рэальна знікаюць многія людзі. А бывае, і цэлыя краіны”, — палохаюць прапагандысты ўжо ў першых радках (тут і далей арфаграфія арыгінала захаваная).

Наступная прапанова выбару не пакідае, інфармаванне будзе пра жыццё і смерць: “Згубнае месца Інтэрнет“ — такая тэма, пагадзіцеся, гучыць прывабней, чым калі проста сказаць: “Кібербяспека і прафілактыка кіберзлачыннасці”. Хоць сэнс размовы ўсё адно будзе менавіта такі”.

Чым жа правініўся інтэрнэт перад пужлівымі беларускімі ідэолагамі, калі нават правадыр рэжыму, якога яны абслугоўваюць, разважае пра сусветную сетку з меншай нервовасцю і рэтраграднасцю? З аднаго боку, у яго разуменні гэта “сметнік“ (характарыстыка гучала ў 2007, 2009, 2011, 2012, 2020 гадах, магчыма, і часцей) і “памыйніца“ (2007, 2018, 2023). З іншага боку (часцяком у адной фразе справа альбо злева ад “памыйніцы“), інтэрнет — “вялікае тэхнічнае дасягненне чалавецтва“ (2007), “вялікая гэта справа“ (2023), “даброты цывілізацыі“ (2011), “сур’ёзная частка нацыянальнай эканомікі“ (2011), “пры ўсіх недахопах <…> у ім шмат станоўчага“ (2012), “адкрывае бліскучыя перспектывы“ (2012) і нават з’яўляецца “ідэальнай пляцоўкай для зносін улады і грамадзян“ (2012).

Ідэолагі ж нібыта не чыталі выслоўяў свайго патрона. У метадычцы яны прапануюць узгадаць (хоць сумнеўна, што хтосьці, акрамя вузкага кола аматараў інтэрнет-гісторыі, наогул у курсе), што інтэрнэт “ствараўся ў амерыканскіх ваенных лабараторыях — і з тых часоў усё з ім звязанае так ці інакш і вырабляецца, і працуе як зброя. Як зброя супраць нас”.

Атрымліваецца, калі ўсё з ім, інтэрнэтам, звязанае — гэта зброя, то і сам сайт Акадэміі кіравання, і самі выкладзеныя на ім прапагандысцкія метадычкі таксама з’яўляюцца “зброяй супраць нас“.

Паўсюль ворагі: спадарожнікі, спадарожнікі, крыптавалюта

Аўтары тэксту выбралі для прыкладу тры віды “зброі”: “скажам, спадарожнікавы інтэрнет забяспечвае сувязь на поле бою. Сацыяльныя сеткі дазваляюць збіраць групы людзей і ананімна кіраваць імі на адлегласці. Крыптавалюты — неадсочвайма аплачваць куратараў такіх сетак і любых тэрарыстаў у прынцыпе“ (тлустым шрыфтам выдзелена ў метадычцы). Больш за тое, “трэба памятаць, што большая частка сацыяльных сетак не толькі створаная англасаксамі, але і курыруецца англасаксонскімі спецслужбамі наўпрост”.

Да ўсіх трох прыкладаў ёсць пытанні.

Спадарожнікавы інтэрнет на полі бою — Беларусь з кімсьці наўпрост ваюе ці збіраецца ваяваць? Ці беларускія ідэолагі ўпісаліся за расійскую армію, якой “узяць Кіеў за тры дні“ ўжо чацвёрты год перашкаджаюць у тым ліку “старлінкі ад Маска“?

Сацыяльныя сеткі — паводле выразу Лукашэнкі, гэта такія ж “даброты цывілізацыі“, як і інтэрнэт агулам. Больш за тое, у важнасці сацсетак ён калісьці пераконваў нават былых савецкіх салдат — удзельнікаў ваеннай кампаніі СССР у Афганістане: “Лічу, што вы проста абавязаныя авалодаць новымі інфармацыйнымі тэхналогіямі: інтэрнетам, сацыяльнымі сеткамі, з дапамогай якіх вы зможаце данесці свае ідэі ў грамадства і тым самым спрыяць узмацненню патрыятычнага выхавання моладзі“ (2012).

Свежы прыклад згадкі кіраўніком гэтага віду “зброі“ — на нарадзе, якая прайшла 14 лістапада, аб “выніках працы БелАЭС, павелічэнні электраспажывання і прапановах аб будаўніцтве новых атамных магутнасцяў”. Лукашэнка заявіў аб праблеме “ўціснуцца ў гэтую маршрутку смярдзючую”, спаслаўшыся як раз на скаргі людзей у сацсетках.

Ну і крыптавалюты — на гэтай жа нарадзе правадыр заявіў пра “майнінг крыптавалют” як адзін з кірункаў развіцця электраэнергетыкі і звязаных галін. Цытата: “Я тут усялякія запіскі прачытаў і меркаванні. У адной з запісак пішуць, што майнბнг крыптавалют можа быць нестабільным. Дзесьці вышэй, дзесьці ніжэй. У нас цяпер увесь свет хварэе на глабальную праблему — сысці ад залежнасці ад адной валюты — долара. І гэты працэс будзе нарастаць. І крыптавалюта з’яўляецца, напэўна, адным з варыянтаў сыходу. Дык чаму ж мы ўжо так перажываем? Валацільнасць нейкая… Ну, напэўна, будзе. Але ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць”.

Ідэолагі ў лес хадзіць баяцца. І іншым не раяць. Застрэляць з інтэрнет-зброі.

Англасаксы зазіраюць у замочную шчыліну

Далей па тэксце метадычкі ўжо незразумела, ці то ў страху аўтараў вочы ўсё шырэй, ці то гэта сцёб такі: “Любы націск на любы клавіятуры — гэта адначасова яшчэ і ліст англасаксам, бо ты можаш што хочаш рабіць і хоць як экранавацца, але клавіша ёсць клавіша. Плюс кожны сучасны гаджэт справаздачыцца “ў цэнтр“ (або ў Лэнглі, або ў “вашынгтонскі абкам“) пра ўсё, што адбываецца не толькі ўнутры яго, але і навокал“ (Лэнглі — раён размяшчэння ЦРУ, “вашынгтонскі абкам” — адміністрацыя прэзідэнта ЗША альбо/і Кангрэс, якія нібыта раздаюць ўказанні апанентам рэжыму, як у часы СССР абласныя камітэты КПСС — падначаленым партыйцам і народу агулам. — Аўт.).

І далей выснова, якая амаль у прамым сэнсе распранае дагала саміх прапагандыстаў: “Такім чынам заходнікі — пры жаданні — могуць ведаць усё пра інтарэсы беларускага, напрыклад, прапагандыста. Аж да таго, дзе той ці тая праводзіць выходныя, куды спачатку глядзіць на легкадумных малюнках (выдзелена аўт.), пра што менавіта размаўляе ў курылцы і на што пераважна выдаткоўвае заробленыя контрпрапагандай ганарары“.

Фіксацыя прапагандыстаў на інтымнай сферы даўно не навіна. Апанентаў яны выстаўляюць вычварэнцамі, праваднікамі “нетрадыцыйнай арыентацыі“, сябе ж, любімых — абаронцамі “сямейных каштоўнасцяў“. А тут, атрымліваецца, пад прыкрыццём “баявога дзяжурства“ — прагляд “легкадумных малюнкаў”. Яшчэ і курылкі, да таго ж жаночыя (ЗЛЖ, які прапагандуюць дзяржСМІ, нервова паліць на узбочыне).

Зрэшты, ідэолагі могуць расслабіцца, “там“ ім не “тут”: Захад абыякавы да іх сэксуальных інтарэсаў, а судзіць па справах эфірных.

Міна ў кішэні

Яшчэ адна страшылка навеяная леташняй спецаперацыяй Ізраіля супраць баевікоў “Хезбалы“ ў Ліване і Сірыі, калі ў іх кішэнях масавага выбухнулі пейджары (у метадычцы названая “гісторыяй араба-ізраільскіх пейджараў”).

“Трэба разумець, што любое чужое праграмнае забеспячэнне можа быць першапачаткова заражанае закладкай з магчымасцю аддаленага, скажам так, падрыву, — заклікаюць ідэолагі. — А яшчэ закладка можа быць закладзеная апаратна, на этапе канфігуравання чыпаў прылады. І калі пра Віндаўс, напрыклад, мы звычайна не думаем, як пра міну запаволенага дзеяння, то любы сучасны смартфон тэарэтычна можа такой мінай стаць у любую хвіліну“.

“Баяцца гэтага кожны дзень, напэўна, не трэба, але памятаць пра гэта варта“, — прапануюць аўтары метадычкі. Праўда, не тлумачаць, у якія дні тыдня трэба баяцца і чым так правініліся суграмадзяне, што замежныя спецслужбы толькі і думаюць, як падкласці выбухоўку ў іх гаджэты.

“Вікіпедыя” ад ФБР / ЦРУ і “непісьменнае” насельніцтва

“Кібератакі сёння сталі геапалітычным інструментам і выкарыстоўваюцца для шпіянажу, дэстабілізацыі абстаноўкі, уплыву на выбары і нанясення шкоды крытычнай інфраструктуры без абвяшчэння адкрытай вайны“, — слушна адзначаюць у метадычцы, прадбачліва не канкрэтызуючы, што да гэтых метадаў актыўна звяртаюцца дыктатарскія рэжымы. Вінаватымі ў “дадатковай небяспецы кібератак і іншых высокатэхналагічных злачынстваў” вызначаныя “ўсеахопная цыфравізацыя” і “даступнасць інструментаў разам з невысокім узроўнем кампутарнай пісьменнасці грамадзян”.

Асобна згаданая “Вікіпедыя”. Аказваецца, праз яе “Інтэрнэт (уласнай персонай. — Аўт.), паколькі мы ўсе да яго бесперапынна звяртаемся, укладвае нам у галовы свае сэнсы”. Інтэрнэт-энцыклапедыя “як мінімум з 2008 года рэдагуецца Федэральным бюро расследаванняў і Цэнтральным разведвальным упраўленнем”.

Вось так і ствараецца “доказная база“ для крымінальнага пераследу беларускіх аўтараў “Вікіпедыі”. Добра, што ў “здрадзе дзяржаве” не абвінавацілі. Але гарантый ніякіх.

Дык што, цяпер вяртацца да паштовых экіпажаў, правадных сетак, папяровых носьбітаў і валізак гатоўкі?

Адказ ідэолагаў прама процілеглы чаканаму: “Трэба прызнаць: нас прывучылі, а мы з вамі, як і ўсе астатнія жыхары Зямлі, прызвычаіліся і да Інтэрнэту, і да смартфонаў, і да сацыяльных сетак, і да крыптавалют. І не збіраемся ні ад чаго адмаўляцца. І да продажаў асабістых даных прывыклі, і да пастаяннага кантролю геалакацыі, і да праслухоўвання навакольнай прасторы…“

Атрымліваецца, салодасць плода пераважвае рызыкі ад яго спажывання. І да чаго было агарод гарадзіць?

Рэцэпт жа бяспекі ў інтэрнеце, паводле версіі ідэолагаў, просты: “Давайце хоць бы інфагігіену выконваць, хоць бы сваю галаву ў чысціні трымаць”.

Галоўнае, каб “легкадумныя карцінкі” заўсёды пад рукой былі. На адлегласці аднаго кліку.

* Вызначэнне, якое дала ў 2016 годзе на той момант намеснік прэм’ер-міністра Наталля Качанава (потым кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі, цяпер спікер Савета Рэспублікі) маладым трэнерам, якія скардзіліся на нізкі заробак; у шырокім сэнсе залежныя ад дзяржавы і асабіста Лукашэнкі атрымальнікі заробку з бюджэту.

Падзяліцца: