Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 29 сакавіка 2026 года ў 10:30

Падзеі 2020 года і рэпрэсіі, якія працягваюцца, прывялі да сур’ёзных сацыяльных наступстваў: у адукацыі ўзмацнілася цэнзура, мноства выкладчыкаў звольнена, актыўныя студэнты выключаныя з ВНУ. Якасць акадэмічнага асяроддзя пагоршылася. У медыцыне ж з-за ад’езду спецыялістаў абвастрыўся брак кадраў.
Дэмаграфічная сітуацыя трывожная: вырасла эміграцыя працаздольнага насельніцтва, скарацілася нараджальнасць, паскорылася старэнне грамадства і сацыяльная фрагментацыя.
Працаваць няма каму
За апошнія дзесяць гадоў колькасць занятых у беларускай эканоміцы скарацілася на 291,9 тыс. Паводле даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, гэты паказчык па выніках студзеня 2026 года знізіўся на 1,4 тыс. чалавек да 4 млн 162,8 тыс. У студзені 2016 года ў эканоміцы было занята 4 млн 454,7 тыс. чалавек.
Гэта звязана з шэрагам прычын: нізкая нараджальнасць, старэнне насельніцтва і эміграцыя, якая стала найбольш відавочным наступствам падзей 2020 года.
Паводле звестак Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, ад 200 да 500 тыс. чалавек уцякло з Беларусі пасля жніўня 2020 года. Упраўленне вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека называе меншую лічбу — 100 тыс., у той жа час сукупныя даныя Еўрастата даюць прыкладна 600 тыс.
Праблема нарэшце прызнаная на дзяржаўным узроўні. Напрыклад, у часопісе Мінфіна “Финансы. Учет. Аудит“ за верасень 2025 года прагучала меркаванне, што, “улічваючы патрэбы прадпрыемстваў і значную колькасць працоўных за мяжой беларусаў, РБ патрабуецца стымуляваць вяртанне кваліфікаваных і высокакваліфікаваных спецыялістаў“, якіх “не трэба адаптаваць да мясцовых рэалій, часта яны сур’ёзныя прафесіяналы”.
“Таму аддача ад рэпатрыяцыі можа быць вышэйшай, чым ад замежніка, нават з аналагічным узроўнем ведаў“, — гаворыцца ў артыкуле.
Аднак Аляксандр Лукашэнка неаднаразова выказваўся супраць вяртання ў краіну суайчыннікаў, якія не падтрымліваюць яго рэжым. У красавіку 2025 года ён выказаў гатоўнасць прыняць на працу 100–150 тыс. пакістанскіх спецыялістаў “тых галін, пра якія мы папросім“. Лукашэнка наўпрост патлумачыў гэта палітычнымі меркаваннямі: “У 2020 годзе тут каля Палаца незалежнасці не пакістанцы бегалі”.
Выкарыстоўваючы лексіку беларускага кіраўніка, бегалі каля яго палаца медыкі, педагогі, студэнты. У выніку барацьбы з імі, у тым ліку зачысткі сфер адукацыі, медыцыны ад непажаданых, атмасфера ў грамадстве застаецца напружанай. А маштабы і ўзровень падрыхтоўкі спецыялістаў не кампенсуюць колькасныя і ўжо тым больш якасныя страты.
Чалавечы капітал працягвае бегчы
Беларускае грамадства ў выніку запушчаных у 2020-м працэсаў страціла і працягвае губляць гады свайго развіцця, адзначыў у каментары “Позірку“ сацыёлаг, сузаснавальнік даследчай ініцыятывы “Беларуская сацыялагічная група“ Генадзь Коршунаў.
“У той час як нашы суседзі, асабліва заходнія, хутка развіваюцца, мы насамрэч адстаем, — падкрэслівае эксперт. — Найперш мы губляем людзей. Чым менш іх застаецца ў Беларусі, тым менш магчымасцяў для развіцця. Другі фактар — страта цэлых сектараў эканомікі і грамадскай інфраструктуры. Мы губляем у пэўным сэнсе сваё месца ў лічбавай інфраструктуры рэгіёну, што катастрафічна для развіцця краіны. Мы губляем чалавечы, прафесійны капітал. Гэта сапраўдная катастрофа”.
Коршунаў спасылаецца на меркаванні спецыялістаў у ахове здароўя, праца якога наўпрост звязана з захаваннем чалавечага капіталу, і сцвярджае, што Беларусь знаходзіцца “на мяжы вялікага краху“ гэтай сістэмы.
Яе паступовае разбурэнне адбывалася даўно, адзначае сацыёлаг. Цяпер жа відавочнай прыкметай надыходзячага калапсу стала скарачэнне медыцынскай інфраструктуры ў рэгіёнах.
“Колькасна яна памяншаецца на тэрыторыі ўсёй краіны. У вялікіх гарадах гэта не так прыкметна, але скаргі людзей на вялікія чэргі, неабходнасць самастойна закупляць лекі ў бальніцу або аплачваць працэдуры паказваюць, што бясплатная медыцына на мяжы калапсу“, — кажа Коршунаў.
Ад’езд медыкаў — адна з прычын, якія прывялі да такой сітуацыі. Агулам жа пасля 2020 года праблемы кіравання сферай аховы здароўя падобныя з іншымі сацыяльнымі сектарамі: структурныя функцыі замяняюцца ідэалагічнымі. У выніку сістэма не выконвае сваё прызначэнне: не надае паслугі, не навучае, не лечыць, а толькі дэманструе лаяльнасць рэжыму.
“Эміграцыя — толькі адзін з фактараў, якія прывялі да сітуацыі, што складваецца цяпер у дэмаграфічным, медыцынскім, адукацыйным і іншых напрамках. Галоўная прычына ўсяго гэтага: рэжым Лукашэнкі вядзе краіну аўтарытарнаму, таталітарнаму шляху. Рэпрэсіі — складнік гэтага рэжыму”, — кажа сацыёлаг.
Ён падкрэслівае, што сістэма адукацыі выконвае функцыю кантралёра, а не выхавальніка асобы. Галоўная задача не перадача ведаў, а фармаванне лаяльнага рэжыму чалавека.
Наколькі выпалена адукацыйнае поле?
Гэта робіцца з ужываннем розных сродкаў, напрыклад ідэалагізацыі і мілітарызацыі.
Згодна з дакладам “Дзеці без будучыні: мілітарызацыя дзяцінства ў Беларусі“, які ў кастрычніку 2025 года прадставілі аб’яднанне BelPol і Народнае антыкрызіснае ўпраўленне (НАУ), у краіне на дзяржаўным узроўні сфармаваная сістэма выхавання, якая “знішчае асобу дзіцяці і фармуе абсалютна адданага і паслухмянага раба дзяржавы”.
У агульнаадукацыйных школах масава адкрываюцца т.зв. ваенна-патрыятычныя класы. Толькі ў Мінску да 2024 года іх колькасць дасягнула 173.
Для вучняў 10-х і 11-х класаў ёсць спецыяльны прадмет “дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка“. Вывучаецца тэма “Асновы ваеннай справы”, на якую адведзена 42 вучэбныя гадзіны. У 2024/2025 навучальным годзе іх колькасць была павялічана ўдвая.
Каб арганізаваць навучанне вайсковай справе, гаворыцца ў дакладзе, Міністэрства адукацыі да 2024/2025 навучальнага года закупіла для сярэдніх школ 191 мультымедыйны цір, каб кожны вучань мог трэніравацца ў стральбе.
Пасады кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні уведзеныя ў кожнай установе агульнай сярэдняй, а таксама сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
БРСМ у кожнай школе, заідэалагізаваныя падручнікі, прапаганда каштоўнасцяў рэжыму і рускага свету — такія сёння рэаліі беларускай адукацыі. Ствараецца ўражанне, што ў краіне няма ніякай вольнай думкі, усё зачышчана. І занадта шмат прагрэсіўных людзей, якія працавалі ў сферы, з’ехала. На гэтым фоне не даводзіцца чакаць высокай якасці падрыхтоўкі школьнікаў і студэнтаў.
Улады пракручваюць праз свае формы адукацыі і выхавання вялікія масы людзей і глядзяць на рэакцыю бацькоў, саміх дзяцей, адзначае ў каментары “Позірку“ экспэрт у сферы адукацыі Святлана Мацкевіч.
Выкарыстоўваюцца няхітрыя тэхналогіі савецкай сістэмы адукацыі “з мэтай адключыць мозг, рэфлексію і прымусіць хадзіць строем”. Мілітарызацыя ж — адзін з інструментаў, з дапамогай якога дзецям “забіваецца ў галаву ўстаноўка, што трэба рыхтавацца да вайны“.
Аднак пры гэтым эксперт перакананая: “Колькі б беларусам ні ўдзёўбвалі савецкую ідэалогію, на ўзроўні падсвядомасці, генетыкі ў іх прысутнічае адчуванне беларускасці“.
“Беларусы прайшлі праз этап незалежнасці, — кажа Мацкевіч. — Самаідэнтыфікацыя адбылася толькі па факце самой незалежнасці. У тых, хто ў 2020 годзе выходзіў на пратэсты або сачылі за імі, гэта ёсць. Так, цяпер людзі жывуць у атмасферы гвалту. І разуменне, што гэта дрэнна, у іх ёсць“.
Прычым ёсць нават у тых, хто ў 2020 годзе быў дзіцём.
Напрыклад, маладым людзям, абвінавачаным у стварэнні анархісцкай ячэйкі “Чорныя салаўі” і асуджаным на працяглыя тэрміны пазбаўлення волі, ад 10 да 13 гадоў, на момант затрымання КДБ у сакавіку 2024 года было 16–17 гадоў. Адпаведна ў 2020-м яны былі дзецьмі і прайшлі праз лукашэнкаўскую ідэалагічную школьную праграму. Відавочна, што яна не змагла іх перарабіць на свой капыл, бо фармаванне светапогляду не абмяжоўваецца школай, падкрэслівае Мацкевіч.
Дзе фармуецца аўтаномнае мысленне
Яна лічыць неабходным улічваць, што каля траціны насельніцтва Беларусі дэманструе нейтральнае стаўленне да рэжыму і прыкладна столькі ж — адмоўнае. Апошнія супрацьпастаўляюць лукашэнкаўскай адукацыі лад жыцця сваёй сям’і, сямейнае выхаванне, размовы “на кухні“.
На думку эксперта, Лукашэнка ўсведамляе, што яго метады не прымае значная частка грамадства, таму і не спыняе рэпрэсіі і праводзіць грубую палітыку ў сферы адукацыі, накіраваную на ўніверсальнасць, масавасць.
Акрамя ціхага сямейнага пратэсту захаваць асобу і не стаць марыянеткай сістэмы дапамагаюць розныя формы пазашкольнай, культурнай адукацыі, у тым ліку ў выглядзе адукацыйных анлайн-платформаў.
“У асяроддзі беларускай дыяспары больш за 100 арганізацый займаюцца праектамі ў сферы адукацыі за мяжой“, — кажа Мацкевіч. Аднак, прызнае яна, рэжым выйграе ў рэгулярнасці.
Тэарэтычная база ёсць, у тым ліку рэформа адукацыі, распрацаваная ў рамках еўрапейскіх праектаў, аднак як такога адукацыйнага суб’екта адукацыі няма. Стаіць задача “стварыць педагагічную суб’ектнасць, правесці аналіз сітуацыі і задаць арыентацыю на альтэрнатыву”.
У любым выпадку адказ на пытанне, як супрацьстаяць лукашэнкаўскай сістэме, а таксама імперскай адукацыі, беларусам трэба шукаць самім ва ўмовах разгрупавання грамадзянскай супольнасці па многіх краінах, лічыць Мацкевіч. Паводле яе пераканання, гэта неабходна для захавання не толькі сваёй ідэнтычнасці, адаптацыі, але і прасторы свабоды.
“У нас гіперзадача — вярнуцца ў Беларусь. Такую задачу не вырашала ніводная еўрапейская нацыя. Украінцы ў вайне не страцілі сваю краіну, у іх яна ёсць. Мы страцілі, гэта наша беларуская задача: яе вярнуць у тым ліку з дапамогай адукацыі“, — кажа Мацкевіч.
Незалежныя эксперты сыходзяцца ў меркаванні: тое, што адбываецца ў Беларусі пасля 2020 года, сведчыць аб структурным крызісе — аслабленні грамадзянскіх інстытутаў, страце чалавечага капіталу і замяшчэнні прафесійных крытэрыяў ідэалагічнымі.
Ад таго, ці змогуць альтэрнатыўныя адукацыйныя ініцыятывы, сямейныя, культурныя прасторы, якія падтрымліваюць аўтаномнае мысленне, выжыць і развівацца, шмат у чым залежыць магчымасць вяртання Беларусі беларусам.



