“Лістамі мы ціснем на людзей, якія працуюць у сістэме”. Чаму варта пісаць палітвязням, нягледзячы на перашкоды
Пытанне падтрымкі палітвязняў, колькасць якіх шмат месяцаў застаецца рэкордна высокай (каля 1,5 тыс.), — адно з найбольш праблемных. Шмат хто з іх знаходзіцца ў пастаянным рэжыме інкамунікада — абсалютнай блакіроўкі любых кантактаў са знешнім светам. Інкамунікада — гэта парушэнне не толькі нават таталітарнага беларускага заканадаўства, але і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Тым не менш у беларусаў замежжа працяглы час працуюць ініцыятывы па напісанні лістоў палітвязням. Нават у сітуацыі, калі ліставанне з вязнямі амаль немагчымае, беларусы лічаць напісанне лістоў важным.
Алена Панамарова, мадэратар ініцыятывы “Напішы ліст палітвязню” ў Беларускім моладзевым хабе, распавяла “Позірку”, навошта пісаць лісты ў калоніі і турмы.
“Усё больш жорсткія рамкі ліставання — матывацыя для нас пісаць яшчэ больш”
— Калі ўзнікла ініцыятыва “Напішы ліст палітвязню”, як яна працуе? Ці можна ацаніць колькасць людзей, якія стала бяруць удзел у напісанні лістоў?
— Ініцыятыва існуе ўжо два гады і ўзнікла на адной з акцый беларусаў Варшавы, якія трываюць дагэтуль кожную нядзелю. Мы з актывістамі выказалі жаданне пісаць палітвязням. Акурат у гэты час з’явілася інфармацыя, што ў шклоўскай калоніі зняволеным забаранілі адказваць на лісты з-за мяжы і пачалі караць штрафным ізалятарам. Мы вырашылі паказаць цэнзарам, як шмат падтрымкі і лістоў ідзе з-за мяжы. Спачатку пісалі лісты на акцыях, пазней, калі хаб атрымаў памяшканне, пачалі збірацца там кожны тыдзень. Зараз — штосераду.
Кожны раз выбіраем адну калонію ці турму, друкуем спіс палітвязняў з сайта dissidentby.com і пішам усім запар палітвязням, якія там утрымліваюцца. Потым пачкамі адпраўляем гэтыя лісты. У кожнай установе сядзіць па-над 100 палітвязняў, таму лісты прыходзяць туды адразу ў вялікай колькасці. Такім чынам мы ціснем на людзей, якія працуюць у сістэме.
Мы робім так, каб яны бачылі: людзі за мяжой усё яшчэ памятаюць і хочуць падтрымліваць тых, хто сядзіць за кратамі. Мы хочам, каб на іх гэта паўплывала.
За гэтыя два гады людзі змяняліся, з’явілася кола валанцёраў, якія прыходзяць амаль штотыдзень. Цяжка палічыць, колькі агулам чалавек узялі ўдзел у ініцыятыве. У сярэднім збіраецца 10-12 чалавек, амаль кожны раз прыходзіць хаця б адзін новы чалавек. Некаторыя з намі застаюцца, некаторыя — не. За два гады ў нас адбылося 100 сустрэч, гэта значыць, што мінімум 100 новых людзей даведалася пра праблему.
— Пра што валанцёры пішуць палітвязням?
— Тэмы розныя, у асноўным гэта словы падтрымкі, вядома. Але мы раім не абмяжоўвацца банальнымі і аднатыпнымі пажаданнямі найхутчэйшага вызвалення, хаця, канешне, гэтага людзі чакаюць больш за ўсё.
Раім пісаць смешныя гісторыі, аповеды пра свае прыгоды і вандроўкі, расказваць, як пабудавана Польшча і яе інфраструктура, навіны свету (якія можна), тэксты песень і вершаў, распавядаць пра сваіх хатніх гадаванцаў і свае захапленні. Людзі пішуць пра сябе і сваё жыццё. Мы спрабуем патлумачыць, што там, за кратамі, цікава ўсё, што адбываецца на волі.
— Як уплывае ўстанаўленне ўсё больш жорсткіх рамак ліставання для тых, хто сядзіць за кратамі? Ці не стала з-за гэтага менш ахвочых пісаць лісты?
— Так, наконт рамак тэндэнцыя ёсць, але нас гэта матывуе пісаць яшчэ больш лістоў. Мы хочам паказаць, што салідарнасць існуе, мы спрабуем дагрукацца да людзей, якія працуюць у сістэме. І мы дакладна ведаем, што лісты даходзяць. Можа, не вельмі шмат, але калі нават гэта будзе адзін-два лісты, значыць, мы падтрымалі гэтых людей, для нас гэта — вялікая справа. За два гады мы адправілі каля 3.200 лістоў. Прычым у другі год у параўнанні з першым іх колькасць не скарацілася. То бок ніхто не спыняецца, ахвота пісаць лісты, хоць неяк дапамагаць тым, хто знаходзіцца за кратамі, у людзей ёсць.
“Ніякая салідарнасць не з’яўляецца бессэнсоўнай”
— Усё ж ці вы маеце звесткі, які працэнт лістоў даходзіць?
— Мы дакладна не можам падлічыць колькасць лістоў, якія дайшлі. Статыстыка цяпер наогул не працуе, бо немагчыма нават падлічыць, колькі людзей сядзіць з палітычных матываў. Шмат сваякоў баяцца інфармаваць пра гэта праваабарончыя арганізацыі. Ніхто нам не паведамляе, колькі лістоў дайшло і колькі людзей іх атрымала. Але мы атрымалі некалькі адказаў. Таксама ад людзей, якія выходзілі з-за кратаў, мы чулі, што лісты даходзяць. Нават калі гаворка пра адзінкі, для нас важны кожны чалавек, які знаходзіцца за кратамі.
— Крытыкі кажуць пра бессэнсоўнасць напісання лістоў палітвязням, асабліва з-за мяжы, маўляў, справа становіцца хутчэй сымбалічным мерапрыемствам.
— Ніякая салідарнасць для нас не з’яўляецца бессэнсоўнай. Да нас прыходзяць людзі, якія былі вымушаны з’ехаць і зараз адчуваюць патрэбу дапамагаць, але не ведаюць, што рабіць. Ім вельмі важна браць удзел у акцыях салідарнасці. Па-другое, гэта вельма важна для інфармацыйных нагод, ўздымае праблему Беларусі і нагадвае пра вязняў, забыцца на якіх падчас войнаў і іншых страшных падзей вельмі проста.
Хто, калі не мы, будзем падтрымліваць нашых палітзняволеных?
Паўтаруся: мы дакладна ведаем, што некаторыя лісты даходзяць. А “некаторыя” не роўнае таму, што не даходзяць ніякія. Гэта важная справа.
— Ці падтрымлівае ініцыятыва кантакты з дэпутатамі еўрапейскіх парламентаў — сымбалічнымі хроснымі палітвязняў? Можа, ёсць абмен досведам з іншымі падобнымі ініцыятывамі за мяжой і ўнутры краіны?
— Мы назіраем за працай іншых ініцыятыў, імкнемся пры любой магчымасці “закалабіцца”. Можна сказаць, што нашы ініцыятывы існуюць паралельна. Напрыклад, добрыя вынікі мае “Майстэрня паштовак салідарнасці”, якая прымае заяўкі і падпісвае паштоўкі анлайн, дыяспары розных гарадоў пішуць лісты. У нас няма суперніцтва, мы робім адну справу рознымі спосабамі.
Мы некалькі разоў супрацоўнічалі з еўрапейскімі парламентарыямі ў напісанні лістоў палітвязням. Мы заўсёды рады супрацоўніцтву.
У нас ёсць досвед супрацоўніцтва з dissidentby.com: на сайце ёсць банк лістоў, куды мы заахвочваем людзей запампоўваць напісаныя лісты. Яны не вісяць на сайце ў адкрытым доступе, але палітвязні, калі выходзяць з турмы, могуць пацвердзіць сваю асобу і прычытаць лісты на іх адрас. Там таксама бачна, колькі лістоў напісана чалавеку за кратамі, і ягоныя сваякі могуць перадаць яму інфармацыю, напрыклад праз адваката, аб падтрымцы, пра колькасць напісаных лістоў.
“Напісаць ліст — самае простае, што можна зрабіць дзеля падтрымкі”
— Ці ёсць просьбы з боку сваякоў, сяброў зняволеных “не турбаваць” іх лістамі, каб не выклікаць жаданне з боку адміністрацый СІЗА, калоній дадаткова іх пакараць?
— Такіх просьб мы не атрымлівалі ні разу. Наадварот, сваякі, з якімі мы размаўляем, вельмі дзякуюць нам, што мы займаемся гэтай справай. Некаторыя самі прыходзяць да нас пісаць лісты сваім блізкім, ім патрэбныя падтрымка і парады. Шмат прыходзіць тых, у каго сядзяць сябры. Наша ініцыятыва выклікае толькі станоўчыя эмоцыі ў сваякоў, яшчэ ні разу не было просьбы, каб мы не пісалі лістоў.
— Што кажуць пра ініцыятыву самі былыя палітвязні?
— Заўсёды атрымліваем толькі станоўчыя водгукі, нават калі людзі не атрымлівалі нашыя лісты. То бок людзі дакладна ведаюць, дакладна разумеюць, як працуе гэтая сістэма, калі яны яе прайшлі. Мы атрымлівалі інфармацыю ад жанчын, што да іх часам даходзілі лісты. Магчыма, на іх не так моцна ціснуць у гэтым пытанні.
Негатыўныя водгукі мы атрымліваем ад людзей, якія проста расчараваліся ў тым, што агулам адбываецца, якім вельмі цяжка сабрацца і нешта рабіць. Былі выпадкі, калі людзі да нас прыходзілі і казалі, што мы робім непатрэбную справу. Але пасля нашых тлумачэнняў 90% такіх людзей далучаюцца да нас, каб напісаць ліст ці паштоўку. Часам людзям проста неабходная падтрымка, таму нашы сустрэчы маюць яшчэ і тэрапеўтычны сэнс.
— Рэзюмуючы: чаму варта пісаць лісты палітвязням? Што б вы сказалі людзям, якія гэтага ніколі не рабілі, маюць сумневы ў тым, што лісты дойдуць?
— У кожнага свая матывацыя. Для мяне яна ў тым, што я не магу сабе дазволіць таго, каб мае знаёмыя і сябры выйшлі з турмы, а я пагляджу ім у вочы і скажу: нічога не рабіла, бо думала, што лісты не даходзяць.
Для мяне гэта справа змагання, магчыма, не відавочная, не з хуткім вынікам, але гэта нашая кропля, якую мы кладзем у агульную салідарнасць беларускага народа.
Абсалютна нармальна, калі чалавек мае сумневы. Я бачыла людзей, якія доўгі час пісалі лісты, а потым прыходзілі і казалі, што больш пісаць не будуць, бо не атрымліваюць адказаў і матывацыі пісаць няма. Я заўсёды раю ім адпачыць, бо вельмі важна захаваць сябе, каб дапамагчы іншым.
Напісаць ліст — найпрасцейшае, што можна зрабіць дзеля падтрымкі і салідарнасці. Добра, што нашая ініцыятыва ёсць. Калі не можаце напісаць ліст, можаце падпісаць паштоўку. Калі не можаце падпісаць паштоўку, можаце падпісаць канверт. Калі не можаце падпісаць канверт, можаце зрабіць ахвяраванне, каб лісты дайшлі да палітвязняў.
Дапамагчы ініцыятыве “Напішы ліст палітвязню” можна тут.
* Партнёрскі матэрыял