Мінск 05:21

“Сціплае чырвона-зялёнае свята”. Экс-генсакратар НАК — пра Гульні краін СНД у Беларусі і навошта яны Лукашэнку

З 4 па 14 жніўня Беларусь прыме II Гульні краін СНД. Ва ўмовах амаль поўнай міжнароднай ізаляцыі дзяржаўныя СМІ называюць іх галоўнай спартыўнай падзеяй года.

Даведка: II Гульні краін СНД

  • Спаборніцтвы пройдуць у 11 гарадах — Мінску, усіх абласных цэнтрах, Барысаве, Салігорску, Маладзечне, Жлобіне і Оршы. У праграме — 20 відаў спорту, заяўляецца аб удзеле атлетаў з 24 краін. Акрамя каманд з дзяржаў СНД (Беларусь, Расія, Казахстан, Азербайджан, Арменія, Кыргызстан, Узбекістан, Таджыкістан і Малдова) на арэнах чакаюць прадстаўнікоў “дружалюбных” Егіпта, ААЭ, Кітая, Ірана, Манголіі, Кубы і інш.

  • Абяцана, што за медалі будуць змагацца каля 5 тыс. спартсменаў, пры гэтым 2 тыс. з іх будуць прадстаўляць гаспадароў. Дзяржагенцтва “Мінск-Навіны” ўдакладняе: “У кожнай дысцыпліне свой узрост”. Напрыклад, у лёгкай атлетыцы на старты выйдуць дзеці 14-15 гадоў, у гандбол згуляюць 18-19-гадовыя, у турніры па тайландскім боксе выступяць дзяўчаты 17-20 гадоў. Не ўтойваюць узровень спаборніцтваў і арганізатары: “У большасці відаў спорту выступіць моладзь і рэзерв асноўных каманд”.

  • Ужо з гэтага можна зрабіць выснову, што Гульні не карыстаюцца папулярнасцю ў спартоўцаў. Наўрад ці яны натхняць і балельшчыкаў, нягледзячы на ўведзены для замежных аматараў спорту бязвіз. Відавочна, што менавіта з гэтай прычыны ўваход на ўсе арэны будзе бясплатным.

  • Цырымонія адкрыцця II Гульняў краін СНД пройдзе 5 жніўня на “Мінск-Арэне”. Відавочна, на ёй будзе прысутнічаць Аляксандр Лукашэнка. З досведу мінулых гадоў лёгка выказаць здагадку: улады выкарыстоўваюць гэтую спартовую нагоду, каб як мага больш пераканаўча паказаць перавагі “моцнай і квітнеючай Беларусі”.

Аб палітычным падтэксце і спартыўнай сутнасці маючай адбыцца падзеі “Позірк” пагаварыў з былым генеральным сакратаром Нацыянальнага алімпійскага камітэта, экс-супрацоўнікам адміністрацыі Лукашэнкі, кіраўніком міжнароднага аддзела Беларускага фонду спартыўнай салідарнасці Анатолем Котавым.

руководитель  международного отдела Белорусского фонда спортивной солидарности Анатолий Котов
Анатоль Котаў
Фота: Еўрарадыё

“Рэжыму важна паказаць у спорце хоць нешта з адценнем міжнароднасці”

— II Гульні краін СНД — чарговае спартыўнае мерапрыемства дзяржаўнай важнасці?

— Сапраўды, для рэжыму яно такім з’яўляецца. Рэжыму Лукашэнкі сёння важна паказаць у спорце хоць нешта з адценнем міжнароднасці. З гэтай мэтай на спаборніцтвы запрасілі атлетаў не толькі з СНД, але і з некаторых экзатычных спартыўных дзяржаў. Аднак як на першых Гульнях у Казані два гады таму канкурэнцыя была “ніякая”, так і ў Беларусі яна будзе “ніякай”. На сур’ёзнае прадстаўніцтва разлічваць не даводзіцца. Гэтыя старты дрэнна ўпісваюцца ў міжнародны каляндар, плюс шэраг спартсменаў зусім нядаўна ўдзельнічалі ў Еўрапейскіх гульнях у Польшчы (беларускія і расійскія спартсмены туды дапушчаны не былі. — “Позірк”.).

Тым не менш для Лукашэнкі гэта нагода прадэманстраваць, што краіна хаця б у спорце вырываецца з ізаляцыі. Нават такое другагатунковае мерапрыемства можна выкарыстоўваць для паляпшэння іміджу.

У гэтым сэнсе цікава паглядзець, хто з лідараў краінаў СНД прыедзе ў Беларусь. Магчыма, спецыяльна пад Гульні будзе арганізаваны які-небудзь нефармальны саміт Садружнасці, каб прыбыўшыя палітыкі палюбаваліся сваімі спартсменамі. Уласна, гэта і стане галоўным поспехам спаборніцтваў. У астатнім гэта вельмі няўдалая спроба адрадзіць Спартакіяду народаў СССР.

— Чаго чакаць простым беларусам? Іх добраахвотна-прымусова пацягнуць на трыбуны?

— Вось менавіта — пацягнуць на трыбуны. Рэальнай спартыўнай вагі гэтыя Гульні не маюць. Яны цікавыя хіба што самім спартоўцам і іх сваякам. Значыць, стадыёны будуць запаўняць па разнарадцы.

— Тым больш за квіткі плаціць не трэба, а для замежнікаў увялі бязвіз.

— Бязвіз уводзілі і ў 2019-м перад Еўрагульнямі, але тады было разуменне, што ў Мінск прыедуць топавыя спартсмены, цікавыя гледачам. Цяпер гэтага не будзе, таму людзям, якія капіруюць тэкст нарматыўных дакументаў, часам варта задумвацца над іх сэнсам. Цяпер бязвіз можа прыцягнуць хіба што патэнцыйных нелегальных мігрантаў.

— Аргкамітэтам Гульняў кіруюць персоны пры партфелях — віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка і міністр спорту Сяргей Кавальчук. Пра што гэта сведчыць?

— Гэта традыцыя, характэрная і для менш значных падзей. Высокапастаўлены чыноўнік у аргкамітэце спартыўнага мерапрыемства — даніна сістэме, у якой без такога чалавека вырашаюцца не ўсе пытанні. Тым самым падкрэсліваецца статут спаборніцтваў. А адказныя кіраўнікі потым будуць дакладваць галоўнаму заўзятару Беларусі, што ў іх усё гатова.

Сергей Ковальчук
Сяргей Кавальчук (справа)
Фота: grodnoplustv.by

“За кошт фэйкавай тэлекарцінкі стварыць ілюзію аншлагу”

— Навошта такія сціплыя спаборніцтвы размяркоўваць паміж 11 гарадамі?

— Ёсць такая стратэгія — спартыўнае свята ў кожны беларускі дом. [Культурна-спартыўны фестываль] “Вытокі” ўжо некалькі гадоў спрабуе прасоўваць такую гісторыю. Іншая справа, што гэта не ад добрага жыцьця.

Трэба разумець, што сталічнай публіцы гэтыя Гульні нецікавыя ад слова “зусім”. Максімум — цырымонія адкрыцця, але, хутчэй за ўсё, на яе выдзеляць максімальна абмежаваны бюджэт. Сабраць людзей на стадыёны ў Мінску цяжка яшчэ і таму, што зараз сезон водпускаў, канікулаў. Таму разлік на тое, што ў іншых гарадах глядач акажацца больш актыўным і атрымаецца пазбегнуць пустых трыбун.

Плюс трэба падзяліць з рэгіёнамі фінансавы цяжар. Разгрузіць сталічны бюджэт. Да таго ж — я практычна ўпэўнены, што гэта ідэя Кавальчука — пад маркай спаборніцтваў пастараюцца выбіць грошы на кропкавы рамонт спартыўных аб’ектаў у рэгіёнах. Сістэмна праблему інфраструктуры гэта не вырашыць, але можна хаця б нешта падфарбаваць, падлатаць, падшаманіць, пабяліць.

— Цырымонія адкрыцця пройдзе на “Мінск-Арэне”. Чаму не на стадыёне “Дынама”?

— Тут усё лагічна. “Мінск-Арэна” намнога менш умяшчальная і яе неабавязкова запаўняць цалкам. Можна задзейнічаць траціну пасадачных месцаў і за кошт фэйкавай тэлекарцінкі стварыць ілюзію аншлага, бачнасць усенароднага яднання.

— Паўгода таму ініцыятыва ByPol паведаміла, што на Гульні з бюджэту будзе выдзелена 35 млн рублёў. Лічба праўдападобная?

— Усё залежыць ад стандартаў правядзення [спаборніцтваў]. Калі гэта першынство лесапільні з бясплатнымі квіткамі і без неабходнасці рабіць прыгожую карцінку, то ў прынцыпе такіх грошай дастаткова. На сціплае чырвона-зялёнае свята хопіць.

“Запрашаць Z-публіку рызыкоўна”

— Наплыву замежных заўзятараў на Гульнях сапраўды не будзе, але наконт залётных расіян заракацца не варта. Праваенны Z-патрыятызм гэтай публікі можа праявіцца на стадыёнах?

— На афіцыйным узроўні гэтага пастараюцца не дапусціць. Не таму, што ў рэжыма іншая пазіцыя — проста на коне ўдзел беларусаў у паўнавартасных міжнародных турнірах. У той жа Алімпіядзе. Я ўпэўнены, што расияне з Z-сімволікай ці георгіеўскімі стужачкамі з’явяцца на трыбунах — а можа, і ў трэнерскім асяроддзі. Аднак тэлевізіёншчыкі будуць рабіць так, каб яны не пападалі ў кадр трансляцыі.

Гэта адна з сур’ёзных рызык Гульняў для беларускага боку. Запрашаць да сябе Z-публіку рызыкоўна з пункту гледжання далейшых верыфікацыйных працэдур пры допуску на міжнародныя спаборніцтвы. Нават у Расіі на спартыўных арэнах сёння імкнуцца пазбягаць такіх праяваў. Усе разумеюць, што зараз не люты, сакавік ці красавік 2022 года. На позве больш сур’ёзныя задачы, Z-патрыятызм трэба зменшыць.

— Ваш прагноз: беларускіх спартсменаў у нейтральным статусе дапусцяць да Алімпіяды-2024?

— Думаю, з боку Міжнароднага алімпійскага камітэта для гэтага будзе зроблена ўсё магчымае. Іншая справа, што ў гэтым забаўным танга не надта хоча ўдзельнічаць іншы бок. Ад рэжымаў у Расіі і Беларусі можна чакаць чаго заўгодна, за што [прэзідэнту МАК Томасу] Баху давядзецца чырванець і адмяняць свае ж рашэнні. Ад нападу на краіны ЕС ці правакацый на межах з імі да выбуху тактычнай ядзернай зброі. Гэта, мякка скажам, пахавае ўсе мірныя ініцыятывы ў спорце.

Але пакуль МАК настроены на тое, каб нейкая колькасць расіян і беларусаў прыехала ў Парыж. Тэарэтычныя шанцы на Алімпіяду ёсць. Хаця МАК падвесіў гэтую гісторыю да кастрычніка, і гэта азначае, што акно магчымасцяў звужаецца. Кваліфікацыйныя спаборніцтвы працягваюцца, а статус расійскіх і беларускіх спартоўцаў застаецца нявызначаным. Гэта не дадае аптымізму і дэматывуе.

“Шкоду беларускаму спорту давядзецца адпрацоўваць некалькі дзесяцігоддзяў”

— Чаму амаль праз тры гады пасля выбараў і пратэстаў рэпрэсіі ў беларускім спорце не спыняюцца?

— Яны і не спыняцца. Вясёлая камісія па допуску да спаборніцтваў праз пакаянне яшчэ нават не пачала працаваць. Праблема ў тым, што сама па сабе наяўнасць ці адсутнасць рэпрэсій мала на што ўплывае. За гэтыя тры гады беларускаму спорту быў нанесены такі ўрон, што яго некалькі дзесяцігоддзяў давядзецца адпрацоўваць. Адлучаныя ад прафесіі спартсмены ўнутры краіны страчваюць форму і матывацыю. Агулам сітуацыя толькі пагаршаецца.

Вельмі важныя пазітыўныя прыклады адваротнага толку. Крысціна Ціманоўская сёння — адзін з лідараў зборнай Польшчы, не самай апошняй у свеце лёгкаатлетычнай краіны. Гэта цалкам разбурае міф, што яна была неперспектыўнай і нікому не патрэбнай, з куляй у галаве і, маўляў, добра, што яе пазбавіліся, ёй нічога не свеціць.

Вольга Сафронава ў конным спорце заваявала алімпійскую ліцэнзію, таксама ў складзе Польшчы. Беларусь яе на Алімпіяду не пускала, чыноўнікі казалі, што гэта немэтазгодна. Наколькі ведаю, не страціла шанцы на Парыж лучніца Карына Казлоўская. Топавыя батутысты з’ехалі выступаць у Cirque du Soleil.

Усе гэтыя прыклады даказваюць, што на правільным баку жыццё толькі пачынаецца. Што гэта правільны не толькі маральны, але і прафесійны выбар — замест таго каб заставацца ў Беларусі на сярэдняй незразумелай зарплаце з незразумелымі перспектывамі.

Выбар ёсць. Калі ў 2020-2021 гадах хтосьці яшчэ верыў балачкам міністра спорту, што ўсё гэта ненадоўга і хутка нармалізуецца, а хто з’ехаў — той вораг і трэцягатунковы спартовец… Але вось прайшло тры гады, і ўжо відавочна, хто прыняў дакладнае рашэнне.

Адзінае, мы з 2020 года спрабавалі знайсці нейкую формулу, якая б дазволіла спартсменам, якія эмігравалі, прадоўжыць выступленні пры захаванні беларускага грамадзянства. На жаль, нашыя аргументы не былі ўспрынятыя, міжнародныя спартовыя чыноўнікі не пагадзіліся, што такая сітуацыя надоўга і неабходна нейкае рашэнне. У выніку атлеты, якія выехалі з краіны па палітычных матывах, вымушаны запускаць балючую працэдуру змены грамадзянства. Гэтыя людзі не будуць страчаныя для сусветнага спорту, а спорт беларускі іх ужо адназначна страціў.

— У канцы мінулага года Лукашэнка прыгразіў Кавальчуку адстаўкай, калі ён “праваліць” Гульні краін СНД. Гэтыя словы можна ўспрымаць сур’ёзна? У міністра на носе момант ісціны?

— Момантаў ісціны для міністра па прозвішчы Кавальчук было вельмі шмат. Ніводзін кіраўнік галіны не “выжываў” пасля такіх правальных выступленняў на міжнародных турнірах. Дзве апошнія Алімпіяды — самыя няўдалыя за ўсю гісторыю Беларусі. Поўная дэградацыя. Сёння Кавальчуку нават выгадна спісваць адсутнасць перамог на санкцыі. Медалёў няма, бо нас нікуды не пускаюць.

Словы Лукашэнкі я б успрымаў як чарговую страшылку, а не нейкі іспыт. Правальныя Алімпійскія гульні — не іспыт, пытанне па допуску да міжнародных спаборніцтваў — не іспыт. Кавальчук на сваёй пасадзе як студэнт, якому любымі спосабамі ставяць залік, хаця там даўно “неуд” і варта было б памяняць чалавека. Думаю, ён увойдзе ў гісторыю як чалавек, які дабіў беларускі спорт.

З іншага боку, я не ўпэўнены, што ў кагосьці іншага — нават аўтарытэтнага, дасведчанага спецыяліста — атрымалася б лепш. Таму што корань праблем значна глыбей. Сістэма з 2014-2017 гадоў “даязджае” на астатках савецкай спадчыны і нейкага падмурка ў асобных відах спорту, закладзенага ў гады незалежнасці. Мастацкая гімнастыка, веславанне на байдарках, у лёгкай атлетыцы новыя твары. Ну і фрыстайл, але фрыстайл ужо забілі. У такой сітуацыі цяжка знайсці чалавека, які на чале міністэрства змог бы нешта выправіць.

Делегация Таджикистана на Играх в Минске
Дэлегацыя Таджыкістана на Гульнях у Мінску
Фота: belarus2023games.by
Падзяліцца: