Мінск 11:48

“Задача — захаваць доказы для будучых судоў”. Праваабаронца аб працы камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі

Виктория Федорова
Вікторыя Фёдарава
Фота: protivpytok.org

Праз тры гады пасля прэзідэнцкіх выбараў-2020 у Беларусі не спыняюцца масавыя палітычныя рэпрэсіі. І ўвесь гэты час працягвае працу Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў.

Каманда праваабаронцаў дакументуе факты здзекаў з апанентаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, многія з іх кваліфікуюцца як злачынствы супраць чалавечнасці. Адначасова на падставе сабранай інфармацыі камітэт дамагаецца ўзбуджэння за мяжой крымінальных спраў супраць асоб, якія маюць дачыненне да катаванняў. Для гэтага выкарыстоўваецца прынцып універсальнай юрысдыкцыі, што дазваляе расследаваць правапарушэнні, учыненыя ў іншых дзяржавах.

Прадстаўніца камітэта супраць катаванняў Вікторыя Фёдарава расказала “Позірку” аб стварэнні арганізацыі, яе дзейнасці і надзеях на трыумф справядлівасці ў нявызначанай будучыні.

“Пацярпелыя шукалі дапамогу, паступалі сотні званкоў”

— Як ствараўся Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў?

— Усё пачалося пасля выбараў 2020 года і першай хвалі гвалту ў дачыненні да пратэстоўцаў. Людзі траплялі ў ізалятары, многія аказваліся ў бальніцах. Нашы валанцёры адправіліся іх інтэрв’юяваць. 14-15 жніўня на Акрэсціна (Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў і ізалятар часовага ўтрымання ў 1-м завулку Акрэсціна ў Мінску. — “Позірк”.) вызвалілі першую партыю затрыманых, з імі мы таксама праводзілі інтэрв’ю.

Валанцёры прадстаўлялі розныя праваабарончыя арганізацыі — “Прававую ініцыятыву”, “Звяно”, “Яе правы”, Human Constanta. Былі праваабаронцы з Украіны. У выніку з’явілася ідэя аб’яднаць намаганні. Так быў створаны Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі — адзіная структура, якая працуе па адзінай метадалогіі фіксавання злачынстваў. Камітэт збірае інфармацыю з дапамогай інтэрв’ю пацярпелых і ўносіць яе ў базу. Цяпер у нашай камандзе каля 20 чалавек.

— Памятаеце свае тагачасныя ўражанні ад зносін з пацярпелымі?

— Людзі, якія хадзілі на інтэрв’ю ў бальніцы, былі ў поўным жаху. У Беларусі такое адбылося фактычна ўпершыню. Было падобна не проста на катаванні ці жорсткае абыходжанне, а хутчэй на вайну. Вайну супраць уласных грамадзян — настолькі цяжкія былі траўмы ў людзей.

Я ў той пэрыяд працавала як юрыст. Улады заблакавалі тэлефоны праваабарончага цэнтру “Вясна”, а мае кантакты былі ў адкрытым доступе. Пацярпелыя пасля вызвалення шукалі прававую дапамогу і па сутнасці маглі звярнуцца толькі да мяне. І я была ў шоку ад колькасці званкоў. Сотні за дзень… Часам я кансультавала чалавека, і прама падчас размовы бачыла, як паралельна паступае чатыры-пяць званкоў. Маштабы гвалту жахалі.

концлагерь Беларусь
Плакат на мітынгу каля мяжы Літвы і Беларусі, 8 чэрвеня 2021 года
Фота: Imago stock and people / East News

“Задакументавана пад чатыры тысячы выпадкаў катаванняў”

— Нядаўна вы сказалі, што беларусы працягваюць жыць у “бясконцым жніўні 2020-га”. Як мянялася дзейнасць камітэта на працягу гэтых трох гадоў?

— Яна кардынальна памянялася ў сакавіку 2021 года. Да таго часу мы працавалі ў Менску, пацярпелыя ад гвалту прыходзілі прама да нас у офіс. Але пасля аднаго з супрацоўнікаў затрымалі, і наша каманда была вымушаная эвакуіравацца з краіны. За два дні з’ехалі ўсё. Хто куды — ва Украіну, Польшчу, Літву.

Сёння мы працягваем працу за мяжой. У першую чаргу гэтым гарантуецца бяспека ахвяр. У Беларусі такога кшталту камунікацыя небяспечная.

Вядома, зваротаў зараз менш, чым у жніўні 2020-га. Тым не менш людзей працягваюць затрымліваць па палітычных матывах. Складанасць у тым, што калі раней затрыманыя выходзілі пасля 15 ці 30 сутак арышту і маглі даць інтэрв’ю, то цяпер часта іх не адпускаюць, заводзячы крымінальныя справы. Адбіваецца і атмасфера страху. Большасць гатова сведчыць толькі пасля выезду з Беларусі.

— Колькі катавальных кейсаў камітэт задакументаваў цалкам?

— Толькі ў нашых арганізацый такіх кейсаў каля 1.800. Дакументаванне таксама праводзіць “Вясна”, у яе прыкладна такая ж колькасць. Гэта значыць, усяго зафіксавана пад чатыры тысячы выпадкаў катаванняў. Мы з “Вясной” аб’ядналі намаганні, сумесна ўваходзім у International Accountability Platform for Belarus — міжнародную платформу па прыцягненню вінаватых да адказнасці.

— На якой стадыі зараз справа, распачатая па ўніверсальнай юрысдыкцыі ў Літве?

— Гэтая справа была адкрыта па заяве дастаткова вядомага чалавека — Максіма Хорошина (уладальнік кветкавага магазіна, збіты ў 2020 годзе да страты прытомнасці ва УУС Першамайскага раёна Мінска. — “Позірк”.). Наша арганізацыя дапамагае дадаваць у гэтую справу новых пацярпелых. Цяпер, паводле інфармацыі літоўскай генпракуратуры, іх ужо 44.

На жаль, у іншых краінах узбудзіць справу ў рамках універсальнай юрысдыкцыі пакуль не ўдалося. Па шэрагу прычын — гэта і адсутнасць палітычнай волі ў дзяржавы, і адсутнасць такой нормы ў заканадаўстве, і немагчымасць фізічнага траплення падазраваных на тэрыторыю ЕС. Таму, акрамя Літвы, ніхто не працуе ў гэтым напрамку. Ёсць справа ў Польшчы, яе распачалі ў жніўні 2020-га, але яна тычыцца збіцця і катаванняў на Акрэсціна польскіх журналістаў.

Наш камітэт працягвае працаваць над тым, каб справы былі адкрытыя і ў іншых краінах. Але пакуль што гэта вельмі складана. Тут вельмі дарэчы была б дапамога дыяспары і дэмакратычных сіл, каб прасоўваць гэты працэс на высокім палітычным узроўні.

Задержания в Беларуси
Фота: ТАСС

“Калі рэжым пачне разбурацца, доказы злачынстваў пастараюцца знішчыць”

— Пра што кажа нежаданне еўрапейскіх краін заводзіць справы ў рамках універсальнай юрысдыкцыі?

— Гэта не кажа пра тое, што ім пляваць на Беларусь. У іх няма строгіх абавязацельстваў расследаваць злачынствы, учыненыя на тэрыторыі іншых дзяржаў. Гэта значыць, у першую чаргу важнае пытанне юрысдыкцыі. Злачынствы ўчыняліся ў Беларусі беларускімі грамадзянамі ў адносінах да беларускіх грамадзян. Прававая логіка такая, што займацца гэтым мусяць адпаведна беларуская Генпракуратура, Следчы камітэт.

Так, палітычная воля таксама грае ролю, але ў некаторых краінах няма нават тэхнічнай магчымасці запусціць такі працэс — адсутнічае адпаведная норма ў заканадаўстве.

А, напрыклад, у Германіі такая норма ёсць. І нават ёсць практыка паспяховых спраў ва ўніверсальнай юрысдыкцыі — вынесены шэраг прысудаў. Але яны датычацца грамадзян Сірыі, якія ладзілі катаванні ў сваёй краіне, а затым прыехалі ў Германію як уцекачы. Пацярпелыя іх апазналі, і яны былі затрыманыя. Падазраваныя з Беларусі, паўтаруся, у Еўразвязе апынуцца не могуць. Многія з іх у санкцыйных спісах. Тут вельмі складаная сітуацыя, але яна не звязана тым, што нехта не хоча прыцягнуць вінаватых да адказнасці.

— Атрымліваецца, калі ў Літве расследаванне па справе завершыцца, то вынікам у лепшым выпадку стане завочны суд?

— Завочны суд тэарэтычна магчымы, але маё асабістае меркаванне: гэта не панацэя. Па-першае, беларускім бокам гэта будзе ўспрынята як палітычная калька з тых спраў, якія ўлады праводзяць у адносінах да сваіх апанентаў. Па-другое, мы праваабаронцы і стаім на пазіцыі захавання правоў чалавека, нават калі гэты чалавек абвінавачваецца ў катаваннях. Завочнае судаводства ўсё ж пазбаўляе магчымасці справядлівага разбору. Права на такое разбіральніцтва маюць усе — у тым ліку тыя, хто нам не падабаецца, супрацоўнікі беларускіх сілавых структур, АМАПу, пракуратуры і г.д.

— Значыць, сэнс у тым, што вінаватыя будуць пакараныя калі-небудзь у будучыні — бо яны здзейснілі злачынствы супраць чалавечнасці, якія не маюць тэрміну даўнасці?

— Абсалютна так. На сёння наша асноўная задача — сабраць і захаваць базу. Мы ўпэўненыя, што, калі рэжым пачне разбурацца, доказы злачынстваў пастараюцца знішчыць. Можна сказаць, што гэта ўжо адбываецца. Калі ў 2020 годзе пацярпелыя ад катаванняў звярталіся ў следчыя органы, ва ўзбуджэнні крымінальных спраў супраць сілавікоў ім было адмоўлена. Ім нават не далі азнаёміцца з матэрыяламі праверкі — гэтыя даныя фактычна засакрэцілі, зрабілі інфармацыяй для службовага карыстання. Што і як там праводзілася — незразумела. У такой сітуацыі толькі тая праца, якую праводзім мы, дазволіць стоадсоткава захаваць доказы для будучых працэсаў.

Автозак
Фота: Белсат

“У адрозненне ад 2020 года, зараз беспакаранасць дэманструецца”

— Беларускія ўлады не могуць не ведаць аб дзейнасці камітэта супраць катаванняў. Наколькі ім ад гэтага дыскамфортна, ці ёсць зваротная сувязь?

— Усе нашы сацсеткі прызнаныя “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. Сайт “Прававой ініцыятывы” заблакаваны і не адкрываецца ў Беларусі. Смешны прыклад: пасля публікацыі ў чэрвені нашага расследавання аб катаваннях ва УУС Савецкага раёна Мінска на мой тэлефон (ён пазначаны на сайце) пачалі паступаць званкі з беларускіх нумароў. Я пачула шмат нецэнзурных выразаў на адрас нашай дзейнасці і дзейнасці дэмсіл. Такі тэрарыстычны спам. У расследаванні былі названы імёны каля 20 сілавікоў, якіх апазналі пацярпелыя. Відавочна, у Беларусі з матэрыяламі азнаёміліся і камусьці яны не спадабаліся.

— Вядома, што камітэт узаемадзейнічае з Саветам ААН па правах чалавека. Што новага тут?

— Савет ААН па правах чалавека — гэта орган, куды ўваходзяць 47 дзяржаў. Мы ўзаемадзейнічаем з ім не наўпрост, а праз заснаваную гэтым саветам місію. Сітуацыя ў Беларусі вывучаецца на ўзроўні Упраўлення вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека. Для гэтага прызначаны следчыя, эксперты. І ўжо трэці год яны будуць збіраць паказанні пацярпелых, на іх падставе рыхтаваць справаздачы.

Мы з імі супрацоўнічаем — даем доступ да інтэрв’ю з ахвярамі катаванняў. У апошняй справаздачы — ён выйшаў у красавіку — місія пацвердзіла падставы, якія даюць права казаць аб здзяйсненні ў Беларусі злачынстваў супраць чалавечнасці.

Для нас, канешне, гэта вялікая перамога. Упершыню на высокім міжнародным узроўні органам, створаным ААН, дадзена такая прававая кваліфікацыя. Злачынствы супраць чалавечнасці — гэта не проста парушэнні правоў чалавека. Гэта міжнародныя злачынствы. Гэта сістэматычны масавы шырокамаштабны напад на грамадзянскае насельніцтва, які пачаўся ў 2020 годзе і працягваецца да гэтага часу.

— Праблемай катаванняў вы займаліся і да 2020 года, але цяпер размах рэпрэсій зусім іншы. Па-чалавечы вас дзівіць, што людзі ў пагонах і пры чынах апынуліся здольныя на такое?

— Безумоўна. Маштаб гвалту ў 2020-м быў абуральным. Гэта шакуе любога разважнага чалавека, у тым ліку праваабаронцаў, якія займаюцца тэмай катаванняў на працягу дзесяцігоддзяў. Але я б адзначыла іншае. Калі тры гады таму сілавікі і пракуратура спрабавалі прадставіць катаванні як легітымны адказ на гвалт з боку пратэстоўцаў, то зараз сітуацыя адваротная. ГУБАЗіК і звязаныя з ім тэлеграм-каналы нават не хаваюць, што катуюць людзей. Яны выкладаюць відэазапісы, на якіх бачна, што затрыманыя збітыя, што з іх здзекуюцца. Сляды гвалту, нейкія налепкі на лбе, павязаныя сцягі… Атмасфера беспакаранасці адкрыта дэманструецца і, магчыма, заахвочваецца. Усяляк паказваецца, што сілавым структурам дадзены карт-бланш на беззаконне.

Падзяліцца: